Вы тут

Што прадугледжвае канцэпцыя па лічбавізацыі лясной галіны?


Сёлета перад леснікамі стаяла задача папоўніць пасадкамі каля 640 пашкоджаных непагодай гектараў і высадзіць каля 40 тысяч гектараў новага лесу. Леснікі таксама намагаюцца аднавіць лагістычныя ланцужкі і знайсці новых партнёраў, а таксама новыя рынкі збыту, сярод якіх разглядаюцца азіяцкі і часткова афрыканскі напрамкі. А яшчэ рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белдзяржлес» распрацоўвае канцэпцыю па лічбавізацыі лясной галіны. Што ўжо робіцца і яшчэ адбудзецца ў гэтым кірунку, расказаў Аляксандр Драгун, першы намеснік міністра лясной гаспадаркі.


Гаворачы пра лічбавізацыю, леснікі маюць на ўвазе перавод у электронны выгляд многіх працэсаў, якія і так ужо ажыццяўляюцца сёння, то-бок, можна казаць, што разрознена лічбавізацыя адбываецца даўно, падкрэсліў спецыяліст:

— Дзейнічае, напрыклад, адзіная дзяржаўная аўтаматызаваная сістэма ўліку драўніны і здзелак з ёй. А таксама супрацьпажарная сістэма назірання за лясамі «Лясны вартавы», пад наглядам якой сёння знаходзіцца амаль 100 % тэрыторыі лясоў (больш за палову працуе ў аўтаматычным рэжыме). Для аховы лесу выкарыстоўваюцца фотапасткі і відэакамеры. Асабліва на месцах бураломаў, дзе былі сканцэнтраваны склады драўніны, каб захаваць яе ад крадзяжу. У пілотным варыянце існуе аўтаматызаваная сістэма лесааднаўлення, куды ўносяцца звесткі аб маладых лясах, наяўнасці пасадачнага матэрыялу. Лесарубныя білеты таксама выпісваюцца з выкарыстаннем розных праграмных прадуктаў. Праўда, пералічаныя праграмы напісаны на розных платформах, таму сёння думаем, як аб'яднаць іх у адзінае цэлае.

Працуе геаінфармацыйная сістэма лясной гаспадаркі, так што лічбавізацыя галіны адбываецца і з пункту гледжання картаграфічнага матэрыялу, а таксама таксацыйных апісанняў зялёных насаджэнняў (указваюцца высечаныя, перасаджаныя расліны і кампенсацыйныя мерапрыемствы). Пачынаюць прымяняцца лічбавыя сістэмы і ў паляўнічай гаспадарцы. Некаторыя з іх функцыянуюць ужо год і больш. Таму адна з задач ляснога ведамства — аб'яднаць усе гэтыя лічбавыя пачынанні на адной платформе. А ў перспектыве — пасля распрацоўкі канцэпцыі па лічбавізацыі галіны стварыць адзіны геапартал лясной гаспадаркі Беларусі.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.