Сёлетні год стаў для турыстычнай сферы часам частковага аднаўлення пасля пандэмійных лакдаўнаў. Спецыялісты адзначаюць узрослую цікавасць беларусаў да ўнутранага турызму. Істотна ўзрасла ў нашай краіне колькасць гасцей з Расіі. Многія турысты адкрылі для сябе Беларусь, прычым сёлета да нас прыехала шмат гасцей, якія аддавалі перавагу прэміум-адпачынку са SPA-гатэлямі, наведваннем гандлёвых цэнтраў і аквапаркаў. Жыхарам маладых расійскіх гарадоў цікавыя беларускія замкі, прадстаўнікам паўночных і паўднёвых рэгіёнаў — наш клімат і прырода. Ёсць цікавасць да нашай краіны ў гасцей з краін ШАС і Сярэдняй Азіі, у прыватнасці — Узбекістана, Індыі і Кітая. Развіваць гэтыя напрамкі мяркуецца ў перспектыве.
Як адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык, турыстычны сезон 2022 года быў дынамічным і развіваўся. Пасля пандэміі турыстычная сфера пачала актыўна набіраць ход. Сярод станоўчых вынікаў намеснік міністра вызначыў вялікі паток айчынных турыстаў. Іх колькасць па ўнутраных маршрутах за 9 месяцаў узрасла амаль на 200 тысяч у параўнанні з 2021-м (116 % да ўзроўню мінулага года). У рамках арганізаваных тураў па нашай краіне цягам года падарожнічала звыш мільёна беларусаў.
Адметна, што ўзрасла колькасць замежных турыстаў. За 10 месяцаў Беларусь наведала 1 мільён 163 тысячы замежнікаў (122 % да ўзроўню мінулага года), нягледзячы на скарачэнне авія- і чыгуначных зносін. Лідарамі па-ранейшаму з'яўляюцца расіяне — 393 тысячы турыстаў. У 7 разоў больш турыстаў прыехала сёлета з Літвы і Латвіі. Колькасць палякаў засталася на ўзроўні 2021-га. «Бязвізавы рэжым з Літвой, Латвіяй і Польшчай паказвае сваю эфектыўнасць — нашу краіну наведваюць суседзі», — адзначае Алег Андрэйчык.
Павялічыўся аб'ём экспарту турыстычных паслуг. За 10 месяцаў ён склаў каля 150 мільёнаў долараў (139 % да ўзроўню мінулага года). Асноўным экспарцёрам з'ўяляецца Расія — расіяне пакінулі ў нашай краіне 119 мільёнаў долараў, прычым гэта лічба сёлета ўзрасла удвая. Госці з Турцыі, Латвіі, Кітая пакідаюць у Беларусі ад 2 да 3 мільёнаў долараў. Захавалася станоўчае сальда турыстычных паслуг, яно складае 85 мільёнаў долараў.
Сёлета каля двух мільёнаў турыстаў спыняліся ў беларускіх гатэлях — на 600 тысяч больш, чым летась. Такім чынам, адчуваецца запатрабаванасць гасцінічнага бізнесу, як і неабходнасць удасканалення сэрвісу.
Санаторна-курортныя ўстановы летась павялічылі загрузку амаль на 8 %. Мяркуецца, што ў сярэднім па годзе яна складзе 81-82 %. Такім чынам, амаль 1,5 мільёна чалавек сёлета прайшлі аздараўленне, амаль 200 тысяч з іх — замежнікі.
— Летам мы адчулі, што санаторна-курортныя ўстановы і гасцініцы, асабліва ў абласных цэнтрах і сталіцы, былі перагружаны. Турыстам было складана трапіць да нас. Гэта красамоўны факт, што турызм развіваецца, і часам нам не хапае аб'ектаў, каб прыняць усіх ахвотных, — падкрэсліў намеснік міністра.
Эфектыўна працавалі і суб'екты турызму (сёння іх 3 150), і аб'екты паляўнічага турызму (іх 133), іх загрузка складала 90 %. Асноўныя стратэгічныя рынкі, якія разглядаюцца для супрацоўніцтва ў 2023 годзе — 15-20 рэгіёнаў Расіі. З імі мяркуецца прапрацаваць узаемадзеянне ў сферы турызму. Маюцца і нядрэнныя напрацоўкі з краінамі СНД, плануецца, што і дапандэмійныя сувязі з Кітаем будуць адноўленыя.
Як расказаў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычынй індустрыі Філіп Гулы, у 2022-м годзе Беларусь убачыла іншых турыстаў з Расіі, у якіх запатрабаваныя гатэлі прэміум-класа і SPA-комплексы. Гэта людзі сярэдняга ўзросту з дзецьмі, якія жывуць у пяцізоркавым гатэлі і наведваюць гандлёвыя цэнтры і аквапаркі. У людзей больш старэйшага ўзросту па-ранейшаму запатрабаваны адпачынак у беларускіх санаторыях і экскурсійныя праграмы.
— У Расіі большасць гарадоў, якія размяшчаюцца ніжэй за Ніжні Ноўгарад, — адносна маладыя. Для іх жыхароў нашыя палацы — глыбокая старажытнасць. Для гасцей з поўдня Расіі і краін Сярэдняй Азіі нашы балоты і прырода — сапраўдны цуд. Сярэдні клас любіць прыязджаць у туры выхаднога дня. Для расіян у нас шмат адкрыццяў, — расказвае памочнік генеральнага дырэктара кіруючай кампаніі холдынга «Гасцінічны холдынг кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» Аляксей Стрэльчанка.
Ён адзначае, што сёлета намеціўся новы трэнд — чатырох- і пяцізоркавыя гатэлі сталі карыстацца большай папулярнасцю, чым гасцініцы эканом-класа.
— Першы квартал у прадстаўнікоў гасцінічнай індустрыі не выклікаў аптымізму і не дазваляў спадзявацца на выканенне паказчыкаў. А затым усё змянілася — да нас прыехалі турысты з Расіі. У падпарадкаванні мы маем гасцініцы рознага ўзроўню сэрвісу: «Планета», «Юбілейная», «Мінск» і «Прэзідэнт-гатэль». І калі параўноўваць іх загрузку з 2021-м, то сёлета яна значна вырасла. Калі ж параўноўваць з самым паспяховым 2019-м, то яго паказчыкаў пакуль не дасягнём. У 2019-м загрузка складала амаль 55 %, то цяпер 43-45 %. Затое пяцізоркавы «Прэзідэнт-гатэль» пераўзышоў усе паказчыкі паспяховага 2019-га. Калі ў 2019-м высокай загрузкай вызначаліся трохзоркавыя «Планета» і «Юбілейная», то цяпер акцэнт перамясціўся на больш камфлртныя гатэлі, — адзначае Аляксей Стрэльчанка. — Прыязджаюць людзі з грашыма, якія шмат пабачылі. Яны гатовы плаціць, але патрэбны бездакорны сэрвіс.
На Новы год сталічныя гатэлі даўно распрадалі большасць месцаў. У першы тыдзень студзеня, калі ў расіян будуць калядныя канікулы, загрузка гасцініц складае да 95 %. У навагоднюю ноч «Прэзідэнт-гатэль» заняты на 95 %, гасцініца «Мінск» — да 85 %, іх рэстараны — на 100 %.
Аляксей Стрэльчанка адзначыў, што ёсць добрыя перспектывы ў развіцці аўтобусных тураў з Паволжскіх рэгіёнаў Расіі. Ёсць цікавасць да Беларусі ў турыстаў з Індыі, і прамы авіярэйс мог бы істотна паспрыяць росту колькасці гасцей з гэтай краіны. Нягледзячы на новыя ўспышкі каранавіруса ў Кітаі, цяпер назіраецца дзелавая актыўнасць прадстаўнікоў кітайскіх кампаній у нашым рэгіёне, якія збіраюцца выйсці на беларускі рынак.
Алена КРАВЕЦ
У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.
«Адно немагчыма без другога».
Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.