Вы тут

Сусвет унутры нас: як павялічыць сваю энергію. Адказвае спецыяліст


Што падрывае сілы сучасных людзей? Як папаўняць свае энергетычныя запасы і абараняць сябе ад стрэсаў і адмоўных эмоцый? Пра гэта наша размова з кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры інавацыйнага ўпраўлення Інстытута бізнесу БДУ, практыкуючым псіхолагам, коучам Наталляй Плаўнік.


Што дае нам сілы

— Ад нараджэння людзі надзелены рознай энергіяй. Але часам вельмі стэнічныя асобы ўпадаюць у апатыю, адчуваюць бяссілле, нічога не жадаюць рабіць. А ёсць тыя, хто пры сціплых першапачатковых рэсурсах шмат паспявае і не ведае, што такое «энергетычныя дзіркі». Што дае і што адбірае ў нас энергію?

— Перш за ўсё жыццёвая энергія звязана са станам арганізма, псіхічнымі і фізічнымі рэсурсамі. З узростам гэтыя запасы ва ўсіх (нават у вельмі стэнічных асоб) змяншаюцца, і наш стан залежыць перш за ўсё ад таго ладу жыцця, які мы вядзем. Выкананне рэжыму працы і адпачынку, паўнавартаснае харчаванне, дастатковы сон, фізічная актыўнасць — абавязковыя ўмовы для захавання энергіі.

— Але часам быццам нармальна сілкуешся, высыпаешся, рухаешся, а пад канец дня адчуваеш спустошанасць і стомленасць...

— Апроч фізічнай ёсць яшчэ і ментальная энергія. Яна звязана з той інфармацыяй, якую мы спажываем з самых розных крыніц. Ролю іграе як яе якасць, так і колькасць. Ужо даказана: за 2 гадзіны да сну лепш адключаць усе каналы навін. І раніцай 2 гадзіны пасля таго, як прачнуліся, не трэба грузіць сябе такой інфармацыяй. Дайце мозгу магчымасць спакойна прачнуцца. У мяне была кліентка, якая выпадкова выдаліла Інстаграм, і за некалькі дзён без яго вярнула сабе душэўную раўнавагу! Перад сном лепш чытаць мастацкія кнігі, прычым на традыцыйным папяровым носьбіце. Унікаючы ў сюжэт, у перажыванні герояў, гартаючы старонкі, мы супакойваемся. «Раніца за вечар мудрэй», «пераспаць з праблемай» — гэта пра тое, што рашэнні лепш прымаць пасля адпачынку, на свежую галаву. Пакуль чалавек спіць, ён не грузіць сябе новай інфармацыяй. Левае паўшар’е мозгу (якое працуе днём, аналізуючы тое, што адбываецца) адключаецца, а правае «збірае» цэласную карціну і часта падказвае дакладнае бачанне сітуацыі і правільную стратэгію дзеянняў.

— Мне здаецца, з узростам сілы сыходзяць не толькі з прычыны натуральнага старэння арганізма, але і з-за таго, што жыццё многіх дарослых становіцца значна бяднейшым на зносіны, падзеі, жаданні.

— Вельмі важная крыніца энергіі — сістэма нашых сэнсаў. Калі чалавек усведамляе, што яго дзеянні служаць рэалізацыі важных жыццёвых мэт і задач, то ён хутка пераадолее фізічную і ментальную стомленасць. Мяне часта пытаюцца: «Як зразумець, што мае дзеянні маюць сэнс?» Адказ вельмі просты: калі вы адчуваеце ўнутранае задавальненне, ганарыцеся тым, што робіце на працы, у сям’і, для родных і сяброў — значыць, гэта адназначна напоўнена сэнсам. На мой погляд, менавіта сэнсы ствараюць тую апору, якая забяспечвае ўстойлівасць і выратоўвае ў складаныя перыяды. На жаль, нас не вучаць знаходзіць сэнсы і канцэнтравацца на іх. У многіх да таго ж няма часу, каб іх самастойна адшукаць і ўсвядоміць.

Не застравайце 

— Наша жыццё поўнае стрэсаў, і яны вельмі вымотваюць. Як ім супрацьстаяць, як абараніцца?

— Ёсць вельмі эфектыўная тэхніка «50 на 50». У стрэсавай сітуацыі малюем кола: у адной частцы запісваем тое, што знаходзіцца ў зоне нашага кантролю, а ў іншай — тое, што па-за ёй. Сваяк патрапіў у лякарню. Аперацыя, лячэнне — гэта па-за зонай нашага ўплыву. Візіты, перадачы, маральная падтрымка — тое, што нам па сіле. Калі разумееш, што ёсць рэчы, якія нам непадуладныя, градус эмацыйнай напругі змяншаецца, мы пераходзім да пэўных дзеянняў. Эмоцыі звычайна накрываюць у стане разгубленасці, калі не ведаем, што рабіць. У такія моманты пачынаецца ментальная жуйка, застраванне на дэструктыўных эмоцыях.

— Якія эмоцыі найбольш дэструктыўныя?

— Насамрэч дэструктыўных эмоцый няма. Любая можа стаць такой, калі ў ёй завіснуць. Напрыклад, калі вельмі захапіцца адчуваннем радасці з нагоды ўласных поспехаў, то можна не заўважыць пэўныя небяспечныя сігналы, а значыць, гэтая эмоцыя дэструктыўная. Як спявалася ў песеньцы «У дзяцінства ўпадаць выдатна, дзён так на пяць, на сем. Далей ужо небяспечна — можна застацца зусім». Вельмі важна разумець, якая патрэба стаіць за кожнай эмоцыяй. Напрыклад, за гневам мамы ці бацькі, які абвальваецца на дачку ці сына і ўспрымаецца імі з велізарнай крыўдай, насамрэч можа быць шмат кахання. Бацькі могуць бурна рэагаваць на нейкія дзеянні дзяцей, бо вельмі непакояцца, перажываюць за іх. Часам начальнік гарлапаніць на сваіх падначаленых не з-за дрэннага характару або жадання абразіць, а таму што жадае хутчэй дамагчыся найлепшага выніку ў працы.

— А якая, уласна кажучы, розніца, што стаіць за эмоцыяй? Важна, як чалавек сябе паводзіць, а што ім рухае  яго асабістая справа.

— Калі разумееш, што за агрэсіяй стаіць каханне ці зацікаўленасць у выніках справы, можна многія канфлікты звесці да нуля. Калі ацэньваць чужыя эмоцыі скрозь прызму эфектыўнасці, то зваротныя дэструктыўныя эмоцыі сыходзяць, і можна сітуацыю павярнуць на сваю карысць.

— Ну і як правільна рэагаваць на крык родных ці начальніка, калі за ім бачыш каханне ці зацікаўленасць?

— Універсальнага адказу няма. У кожным канкрэтным выпадку правільнай будзе розная рэакцыя. Часам найбольш канструктыўна — моўчкі выслухаць, а зрабіць па-свойму. Часам — удакладніць пазіцыю суразмоўцы і ўступіць у спрэчку, абараніць свой пункт гледжання, а бывае, лепш за ўсё выслухаць і сысці. Усё залежыць ад таго сэнсу, які мы бачым у гэтым канфлікце, і ад таго, які вынік нас задавальняе.

— Калі дэструктыўных няма, то якія эмоцыі найбольш энергетычна затратныя?

— Пачуццё віны і сораму. Усе маніпуляцыі людзьмі пабудаваны як раз на тым, каб выклікаць менавіта іх. Калі адчуваеш віну ці сорам, трэба браць адказнасць на сябе і думаць, што з імі рабіць. У адных выпадках варта праявіць велікадушнасць, спачуванне, у іншых, разгледзеўшы маніпуляцыю, абараніць свае асабістыя межы, умацаваць упэўненасць у сабе.

Фіксуйце шчаслівыя моманты 

— Сёння мы пераконваемся, як часта нашы лёсы залежаць не ад нашых памкненняў, намаганняў, а ў вялікай ступені — ад знешніх падзей. У выніку ў многіх людзей фармуецца так званая вывучаная бездапаможнасць. Што з ёю рабіць?

— Вонкавыя падзеі, якія не залежаць ад нашай волі, безумоўна, правакуюць вывучаную бездапаможнасць. Але ўсё ж не ва ўсіх і не заўсёды. У 2016 годзе я апынулася ў Турцыі як раз у той час, калі там здарылася спроба дзяржперавароту. На наступны дзень я мусіла вяртацца дадому. Але ўжо ўвялі ваеннае становішча, ніводны аэрапорт не працаваў. Падзеі разгортваліся якраз побач з маім гатэлем. Што будзе заўтра — незразумела. Што я магла рэальна зрабіць? Толькі выспацца, адпачыць. Так я і зрабіла. І потым шмат разоў пераконвалася, што мела рацыю.

— Прыклад пераканаўчы, але гэта кароткачасовая сітуацыя. А калі складаны перыяд зацягваецца, калі штодня даводзіцца жыць у некамфортнай сітуацыі, і з-за назапашанай ментальнай стомленасці няма сіл нават выйсці ўвечар на шпацыр? Што рабіць у такім выпадку, каб не давесці сябе да клінічнай дэпрэсіі?

— Я б прапанавала 2 практыкаванні. Першае — запісваць самыя шчаслівыя моманты кожнага дня. Калі наш мозг засяроджваецца толькі на праблемах, радасць жыцця губляецца. А калі мы станем фіксаваць шчаслівыя імгненні, мозг аўтаматычна пачне канцэнтравацца на іх у анлайн-рэжыме. Тым самым нашы ўнутраныя рэсурсы ўзрастуць. Прычым пры адсутнасці прыкметных падзей трэба навучыцца атрымліваць асалоду ад дробязяў: ад сузірання сонечнага зімовага дня, камплімента калегі, смеху дзіцяці. Таксама можна запісваць, за што вы сёння сабе ці камусьці іншаму ўдзячныя. Як правіла, такія «дзённікі пазітыўных эмоцый» рэальна дапамагаюць пераадолець апатыю, маркоту, вывучаную бездапаможнасць.  Другая тэхніка таксама простая. Ставім таймер, і па званку фіксуем, што мы зараз адчуваем. Можна і без таймера засяроджвацца на імгненнях жыцця і на тым, што адчуваем, калі п’ем раніцай каву, ідзем на працу, едзем у транспарце, рыхтуем для сям’і вячэру і г. д.

— Многім людзям уласціва «завісаць» на сваіх крыўдах, страхах і т. п. Як з імі лепш працаваць: выцясняць, замяняць пазітыўнымі эмоцыямі?

— На выцясненне адмоўных эмоцый сыходзіць шмат сіл. На доўгатэрміновую перспектыву больш эфектыўная іншая стратэгія. Любая эмоцыя перажываецца звычайна 8-9 хвілін, а далей мы яе пачынаем «падмацоўваць» праз няправільнае ўзаемадзеянне з ёй. Каб пазбегнуць гэтага, важна назваць эмоцыю, якую адчуваем. Потым спытаць у сябе: што гэтая крыўда (сум, злосць, зайздрасць) хоча мне сказаць, на якія дзеянні мяне падахвочвае? А потым вырашыць, што найболей прадуктыўна зрабіць у гэтай сітуацыі.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Наталлі Плаўнік

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».