Вы тут

Яўген Карняг упершыню прадставіў дзіцячы спектакль «Прададзены смех»


Ну, як дзіцячы... Пры тым, што ўзроставая катэгорыя пазначана як «6+», гісторыя, прыдуманая пісьменнікам Джэймсам Крусам і ўвасобленая ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, кранула дарослых не менш, чым дзяцей. А хто ведае, можа і больш, бо акрамя сюжэту на спелую свядомасць накладваюцца яшчэ і алюзіі ды адсылкі, закладзеныя рэжысёрам па ходу спектакля — такая інтэлектуальная гульня з бацькамі, якія прывялі дзяцей у тэатр, каб нікому не было сумна. А калі дарослыя яшчэ і дасведчаныя тэатралы, знаёмыя з творчасцю аднаго з самых адметных рэжысёраў Беларусі, то іх наогул чакае інтрыга. Першы! Дзіцячы! Спектакль Карняга! Таго самага, хто аддае перавагу чорнаму колеру і праз яго стварае непадобны ні на каго стыль, а тут фактычна — казачная гісторыя. Ну-ну...


Хлопчык Цім Талер умеў яскрава смяяцца. Яго дзіўны смех запальваў радасцю сэрцы тых, хто быў побач. Але Цім не адчуваў шчасця, асабліва калі пасля смерці таты застаўся з мачахай, якая яго не любіла. А любому дзіцяці хочацца, каб яго любілі. Любяць, напэўна, тых, хто багаты. І аднойчы Цім знаходзіць грошы, з якімі ідзе на іпадром. Вось дзіва: яго стаўка выйграе! Цім радуецца, яшчэ не разумеючы, што патрапіў у пастку. Бо загадкавы барон Трэч ужо пачаў сваю гульню. Яго стаўка значна больш высокая — ён хоча атрымаць смех Ціма, пазбавіўшы яго назаўсёды асаблівага дару. А ў хлопчыка ўзамен з’явіцца магчымасць выйграваць любую спрэчку. Праўда, ён цяпер будзе заўсёды сумным. Затое багатым. Але дзе тое жаданае шчасце?.. Адна скруха. Бедны, бедны маленькі Цім, ён стаў зусім няшчасны...

У казцы сапраўды можа быць страшна — папярэджвае адна з трох апавядальніц, якія ўводзяць у сюжэт і час ад часу правакуюць на адвольныя эмоцыі. Нават па выгляду зразумела: дамачкі непрадказальныя, страшнае яны могуць ператварыць у камічнае. Такія гламурныя паненкі-лялечкі — паглядіш на іх, і падсвядома разумееш: усё будзе добра, бо яскравае на гэты раз перамагае чорнае. І зноў дзякуючы мастачцы Таццяне Нерсісян, з якой рэжысёр Яўген Карняг паставіў не адзін спектакль. Але такое буйства фантазіі і колераў яны бераглі, відаць, менавіта для дзіцячай пастаноўкі, дзе павінна панаваць радасць нягледзячы ні на якія сюжэтныя выкрутасы. Паколькі інсцэніроўку рэжысёр ствараў сам, то адаптаваў яе так, каб не моцна абцяжарваць гледача, калі той паглыбляецца ў сюжэтную лінію. Сюжэт тут не проста распавядаюць, яго ў большай ступені паказваюць і абазначаюць сімвалічна ды нават музычна.

«Прададзены смех» — усё ж глыбокая гісторыя сама па сабе, а спектакль даволі працяглы — на два акты. Трымаць увагу гледача (асабліва маленькага) ўвесь час на адным узроўні было б складана, калі б не рваны рытм спектаклю. Сачыць даводзіцца не столькі за сюжэтам — яго расповед падмацаваны метафарычным увасабленнем (напрыклад, тыя ж перамогі коней на іпадроме непадобная адна на другую ды інш.), таму тут усё зразумела і даходліва. Акрамя таго, градус зацікаўленасці і ўцягнутасці ў дзею падтрымліваюць то звароты да публікі з простымі пытаннямі, то акцёрскі інтэрактыў у самой залі, калі кожны глядач становіцца ўдзельнікам таго, што адбываецца — напрыклад, перадае ліст, каб Цім паспеў збегчы з-пад варты барона. То сапраўдныя жахі ды цуды (тут барон Трэнч узнікае там, дзе яго не чакаеш, тут і лятаючы трамвай ды жудасныя лапы, якія раптоўна вылазяць з цемры). Тут і песні, якія дазваляюць гледачам перавесці дух, паспачуваць ці парадавацца разам з героямі (за музычную частку адказвала Кацярына Аверкава).

Ды і самі героі вельмі розныя. Некаторыя ролі выконваюць толькі самі акцёры, а некаторыя ўвасоблены акцёрамі з дапамогай лялек. І яны таксама здзіўляюць. Вось вам мачаха — ну, сапраўдная змяя, здольная ўкусіць сваім зубам, што тырчыць навідавоку — ніякіх варыянтаў нармальнага жыцця побач з такой у Ціма не будзе. Фрау Бербер надзімаецца ў пышку на нашых вачах — зразумела, што па торт Цім пойдзе да гэтай цётачкі. Крашымір з яркімі вачыма — гэта яго асабістая ўласцівасць, якая таксама прыцягнула ўвагу барона Трэнча. А вось Рыкерт — наадварот, успрымаецца як абсалютна чалавечны чалавек. Таму што не павінна быць так, каб у няшчаснага сіраты не было на каго абаперціся ў жыцці.

Але галоўны, безумоўна, сам Цім. Малы Цім, як яго называюць. Сапраўды, лялька, якая яго ўвасабляе, самая маленькая на сцэне. Нават рыбкі, якія ўсяго толькі абазначаюць водную стыхію, і тое здаюцца больш прыкметнымі. Але толькі вонкава. Бо лялька Ціма такая мілая, крохкая і рэальна завадная — асабліва, калі ён радуецца, то ў яго бадзёра ўздымаюцца ручкі. І гэта цуд, бо ў самыя пікавыя моманты акцёр Дзмітрый Чуйкоў сыходзіць у цень. Лялька нібыта ажывае, становіцца самастойнай і вельмі прывабнай — што ні кажы, а гэты малы ўмее радаваць. І сапраўды адчуваеш, што смех Ціма здольны рабіць шчаслівымі іншых. Ну рэальна!..

І як жа цудоўна, што Цім знайшоў магчымасць зноў стаць сабой. Мараль аповесці Круса, падобнай на прыпавесць, скіраваная, канешне, у большай ступені на падлеткаў, якія шукаюць сябе і пачынаюць задумвацца пра каштоўнасці гэтага свету. Прынамсі, менавіта ў гэтым цудоўным узросце я пазнаёмілася з Цімам Талерам. А потым яшчэ паглядзела савецкі фільм — ён не быў надта простым, прыцягнуў увагу якраз сур’ёзнасцю падачы і запрашэннем да разваг (што ўласціва падлеткам). Спектакль Яўгена Карняга на пару гадзін прымусіў вярнуцца ў той дзіўны ўзрост, калі разважаеш пра ісціны чалавечага свету. І калі хочацца, каб яны адкрываліся як цуды. Дакладна гэта гісторыя для дарослых дзецей. І для дзяцей, якія не паспелі стаць дарослымі. Цяжка ўявіць сябе зусім маленькай (на 6+), але, напэўна, візуальны шэраг і гульнявы падыход — тое, што будзе чапляць і такіх гледачоў. Пры ўмове, што астатняе пасля дапоўняць таты з мамамі, якім дакладна будзе пра што паразмаўляць з дзеткамі пасля спектаклю. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота прадастаўлена тэатрам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?