Вы тут

Адну з самых вялікіх навагодніх калекцый можна пабачыць у Заронаве


З кожным днём подых Новага, 2023, года адчуваецца ярчэй. Хтосьці ўжо паспеў упрыгожыць галоўны сімвал свята — лясную прыгажуню — пацеркамі, шарыкамі і гірляндамі, а тым, хто яшчэ знаходзіцца ў ідэйных пошуках, раю зазірнуць па навагодняе натхненне ў Заронаўскі музей, дзе сабрана адна з самых вялікіх у Беларусі навагодніх калекцый.


У музеі можна загадаць жаданне.

Штогод народны комплексны музей «Гісторыя Заронаўскага краю», што ў Віцебскім раёне, напярэдадні навагодніх свят становіцца абласным цэнтрам навагодняга настрою, і нездарма, бо менавіта тут захавальніца музейных каштоўнасцяў Людміла Нікіціна больш чым за 30 гадоў сабрала звыш дзвюх тысяч экспанатаў: навагодніх цацак і ўпрыгожванняў, паштовак і дзядоў марозаў. Прасачыць гісторыю станаўлення свята Новага года ад самага пачатку і да сённяшніх дзён можна за паўгадзіны, дакрануўшыся да кожнага гістарычнага артэфакта.

Драўляны Дзед Мароз і яго калегі

Белабародых чараўнікоў на музейнай паліцы сёння каля 60 штук: розныя знешне і па памерах, але аднолькавых няма. З ваты, гумовыя, з цыраты і нават драўляныя — кожная з цацак унікальная, з асабістай гісторыяй. Напрыклад, драўлянага дзеда прынеслі ў музей у не вельмі прывабным стане наведвальнікі, аднак з лёгкай рукі Станіслава Нікіціна цацка набыла свой першапачатковы выгляд і стала ў экспазіцыі цэнтральным аб'ектам увагі. Дарэчы, рэстаўрацыі патрабуюць многія прадметы, якія з цягам часу згубілі сваю прыгажосць, але не згубілі каштоўнасць, таму захавальнікі музейных каштоўнасцяў з авантурызмам падклейваюць і фарбуюць казачных герояў, даючы ім другое жыццё. Многія наведвальнікі, якія даўно сталі сябрамі музея, перадаюць у калекцыю дзядоў марозаў сваёй сям'і, на якіх вырасла не адно пакаленне.

Побач з дзядамі на паліцы размясціліся снягуркі. Цікавы факт: толькі ў рускага Дзеда Мароза ёсць памочніца — іншыя замежныя чараўнікі ходзяць да дзяцей адны. Акрамя звычайных гумовых цацак, у калекцыі прадстаўлена Снягурачка ў футры з рамонкаў, а спадніцу ўнучкі ўпрыгожваюць галінкі туі.

Каля нашага белавалосага чараўніка знайшлі прапіску і замежныя госці: Санта Клаус, французскі Пэр-Наэль, фінскі Ёўлупукі, Наталі з Апенінскага паўвострава, якая хадзіла да дзяцей не з падарункамі, а з розгамі і лупцавала непаслухмяных.

Гісторыя ў шклярусе

У 1935 годзе ў СССР аднавілі святкаванне Новага года, таму першыя ёлачныя цацкі былі самаробнымі, у нязвыклай для нас форме. Спачатку садавіну і гародніну, а пасля жывёл дзеці рабілі разам з бацькамі з ваты і клею: з дроту скручвалі каркас будучай цацкі, пасля слой за слоем наносілі вату, у некаторых выпадках для бляску дадавалі шклярус. Менавіта гэтыя першыя цацкі па сёння застаюцца ўнікальнымі, вырабленымі ў адзіным экзэмпляры.

Пры Мікіце Хрушчове на ёлках з'явілася шкляная садавіна і гародніна, а цэнтральнае месца, вядома, адводзілася царыцы палёў — кукурузе. Пасля выхаду фільма «Карнавальная ноч» у кожным доме на зялёныя галінкі вешалі гадзіннікі, якія спыніліся на «без пяці хвілін 12». Іх у музейнай калекцыі каля дзесяці, ёсць мініяцюрныя і вялікія. Кожная знакавая падзея ў краіне знаходзіла адлюстраванне ў ёлачных упрыгожваннях: пасля палёту Юрыя Гагарына ў космас з'явіліся фігуркі касманаўтаў, дырыжабляў і касмічных караблёў. Шышкі, якія ў савецкі час былі неад'емным навагоднім элементам, прадстаўлены на музейнай паліцы шырока: розных колераў і формы, ад самых маленькіх да такіх, якія не змяшчаюцца ў далоні (такія, як правіла, упрыгожвалі гарадскія ёлкі).

Прыцягваюць увагу наведвальнікаў цацкі інтэрнацыянальнай тэматыкі, а яшчэ — казачныя персанажы Аляксандра Пушкіна, выпушчаныя да 150-годдзя з дня нараджэння паэта. Прадстаўлены і шкляныя сімвалы мінулых навагодніх свят.

Ёлкі і паштоўкі

Як жа абысціся без галоўнага сімвала Новага года — ёлкі? Іх у калекцыі больш за дзесяць, кожная адметная не толькі выглядам, але і матэрыялам. Каляровыя прыгажуні з макароны і гароху, з сурвэтак, фаціну, цукерак, папяровых трубачак, тканіны і так званыя «ёлкі-тапатушкі».

«Некаторыя з гэтых самаробных ёлачак рабілі вучні былой Заронаўскай школы, ім ужо звыш дзесяці гадоў. Асобныя дрэўцы дораць сябры музея і наведвальнікі, якія вяртаюцца да нас зноў і зноў. Унікальнасць гэтых твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва заключаецца не толькі ў бязмежнай фантазіі майстроў, але і ў энергетыцы — дзіцячай і дарослай», — расказвае Людміла Нікіціна.

А галоўную савецкую ёлку экспазіцыі са срэбнымі галінкамі ўпрыгожваюць саламяныя цацкі-павучкі, якія па беларускіх павер'ях збіралі ў сябе ўсю негатыўную энергію, што назапашвалася ў хаце.

У багатай калекцыі паштовак, якія трапілі ў Беларусь напрыканцы ХІХ стагоддзя, ёсць асобнікі, датаваныя 1912, 1916, 1919 гадамі. Унікальныя сярод іх — паштоўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1942-1943 гадоў, навагоднія, прысвечаныя артыстам і зоркам эстрады, дзяржаўным святам.

Галоўнай адметнасцю Заронаўскага музея з'яўляецца магчымасць узяць кожны прадмет у рукі і сфатаграфавацца — адным словам, дакрануцца да сведкаў гісторыі. Таму і едуць сюды няспынна зацікаўленыя турысты, каб зарадзіцца навагоднім настроем і адчуць подых чарговага Новага года.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Больш фота на сайце  zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».