Вы тут

Шукаць і знаходзіць, або Фібула, крэсіва, гісторыі змесціва...


Калі ўсё сыходзіць у гісторыю, то гісторыя — гэта ўсё, мяркуе рускі паэт Канстанцін Кушнер. Такую глабальную гуманістычную моц адлюстроўвае і Год гістарычнай памяці, які крочыць па нашай краіне. Ідэю шанавання мінулага і захавання традыцый засведчваюць шматлікія рэспубліканскія маштабныя праекты і ініцыятывы. Ды ёсць і прыватныя, няхай на першы погляд меней заўважныя, але іх каштоўнасць відавочная ў кантэксце спазнання свайго гістарычнага мінулага, а значыць, умацавання нацыянальнай ідэнтычнасці і адзінства.


Максім Котаў і Леў Казлоў.

«Беларускі скарбашукальнік» — гісторыка-краязнаўчы клуб, які адкрыўся як праект прыватнай ініцыятывы 23 верасня 2008 года. Спачатку гэта выглядала як першая ў Беларусі суполка аматараў прыборнага пошуку з дапамогай металашукальніка або металадэтэктара. Але хутка хобі, якое атрымала назву скарбашукальніцтва і бум якога пачаўся за мяжой з 1970-х гадоў, перарасло ў прафесійную справу, бо члены клуба сталі разумець, што прыборны пошук як такі — знайшоў, адкапаў — павярхоўны: галоўнае тут — судакрананне з гісторыяй. І таму пайшлі далей — пачалі арганізоўваць экспедыцыі па Беларусі, маючы на мэце захаваць тое, што нам дасталася ў спадчыну, і перадаць маладому пакаленню.

Заснавальнік клуба Максім Котаў, які з 2007 года з’яўляецца членам Беларускага геаграфічнага таварыства, лічыць, што, вывучаючы знойдзенае, воляйняволяй становішся краязнаўцам:

— Надзвычай плённай выдалася экспедыцыя ў 2010 годзе па Віцебскай вобласці — Глыбоцкім і Полацкім раёнах, калі мы паехалі па зніклых населеных пунктах і вёсках, якія адшуквалі па картах. Нашу ўвагу прыцягнула ўзаранае поле каля возера Вялец і вёскі Ханякова Глыбоцкага раёна. Месца не з’яўляецца помнікам археалогіі і побач няма ахоўных зон. І менавіта тут прыйшла ўдача. Пасля пошуку металадэтэктарам я трымаў у руках скарб, яшчэ не ведаючы, што гэта. Ачышчаны ад зямлі, паўстаў дзіўны прадмет: на першы погляд простая жалязяка. Ды ў ходзе індэнтыфікацыі аказалася, што гэта знаходка, якая стала ўнікальнай для Беларусі, — бронзавая фібула, зробленая ў тэхніцы выемчатых эмаляў, датаваная рымскім часам ІІ—ІІІ стст. новай эры. Фібула — адначасова і ўпрыгожанне, і прадмет гардэроба — шпілька з замком. На тэрыторыі Беларусі вядомы лічаныя адзінкі аналагічных знаходак такога тыпу.

Знаходка Максіма Котава — бронзавая фібула ІІ—ІІІ стст. новай эры.

Што было далей? Даследаванне! Максім Котаў даведаўся, што тэматыкай такога роду знаходак займаецца археолаг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Зоя Харытановіч. І атрымалася супраца — навуковы артыкул у профільным выданні Інстытута гісторыі НАН Беларусі «Матэрыялы па археалогіі Беларусі». Так адна знаходка дала глебу для даследаванняў не аднаму навукоўцу. А галоўнае — не стала страчанай для гісторыі, а ўвайшла ў навуковы зварот.

За больш чым 10-гадовую дзейнасць клуб назапасіў кантакты са скарбашукальнікамі-краязнаўцамі іншых краін, у прыватнасці з расійскім клубам «Рарытэт», які ў наступным годзе адзначыць 30-годдзе. Сярод маскоўскіх сяброў — пісьменнік Мікалай Салаўёў, археолаг Андрэй Станюковіч, які дапамог у станаўленні клуба. З айчынных даследчыкаў падтрымку клубу аказвае Леў Казлоў, доктар гістарычных навук, аўтар шматлікіх работ па гісторыі картаграфіі, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі:

— Я ўжо знаходжуся ў такім узросце, што разумею: нічога з сабой не возьмеш — трэба ўсё знойдзенае аддаваць дзяржаве, бо яна адзіная, хто трымае гэта ўсё. Хтосьці радуецца дарагім рэчам, золату, срэбру — не гэта галоўнае. Галоўнае — каб мы наступнаму пакаленню перадавалі свае традыцыі, каб былі не горшыя, каб ведалі не толькі пра нас, але і мы — пра ранейшых. Дзякуючы таму, што людзі шукаюць, знаходзяць у зямлі і аддаюць дзяржаве, робіцца вялікая справа, — лічыць Леў Раманавіч. — У 1974 годзе я быў у Лондане ў айца Надсана. Жыў у яго цэлы месяц, мы хадзілі ў госці. І ў кожнай сям’і бачылі старажытную карту, адкуль хто паходзіць. На жаль, гэта не распаўсюджана ў нас. Хоць бы хто сказаў: “Я паходжу адтуль або адтуль, я хачу ведаць карані”».

Крэсіва XIX ст.

Такое жаданне, бясспрэчна, меў Мікалай Ціханавіч Міхей, народны настаўнік Беларусі, кіраўнік атрада «Пошук» 104-й сярэдняй школы Мінска. Ён унёс значны ўклад у пошукавы рух Беларусі. Яго намаганнямі канцэнтрацыйны лагер «Дразды» каля Мінска быў прызнаны нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, адзначае Максім Котаў: «Праз паўгода, пасля таго, як мы ўручылі яму знак за актыўную шматгадовую працу, у ліпені 2011-га, Мікалай Ціханавіч быў удастоены нагруднага знака «За актыўны пошук», уручаны ваенным камісарыятам Мінска. Дзякуючы Мікалаю Ціханавічу мы заспелі тую эпоху — ён пражыў 83 гады».

Плён клуба — цікавыя знаходкі ўдзельнікаў, у прыватнасці Васіля Карціновіча, які апантаны любімай справай:

— Я не асабліва цікавіўся пошукам да таго моманту, пакуль не захацеў сабраць металадэтэктар сваімі рукамі. Да гэтага паяў розныя рэчы, радыёпрыёмнікі. Зайшоў на форум скарбашукальнікаў і натрапіў на схему металадэтэктара, ды, паўтараючы яе, зразумеў, што яна недасканалая, — зрабіў сваю. Так, маючы ўласны інструмент, паехаў у лес, дзе будавалі дамбы, і знайшоў штосьці незразумелае — сэрца так трапятала, што проста выскоквала з грудзей. Першая мая знаходка значыць вельмі шмат. Каб зразумець, што я знайшоў, паехаў у музей глядзець на стэндах, ці ёсць падобнае. Знайшоў. Гэта аказалася крэсіва XIX ст. Так я стаў цікавіцца гісторыяй. Хацеў знойдзенае крэсіва аддаць у музей, ды, сказалі, працэдура вельмі складаная. Я гатовы аддаць таму, каму спатрэбіцца.

Пры ўсіх радасцях знаходак існуе ў гэтай справе і асноўны камень спатыкнення — калізіі з законам. Справа ў тым, што нараўне з законапаслухмянымі захопленымі скарбашукальнікамі ёсць тыя, хто грэбуе агульнамаральнымі каштоўнасцямі і законам. Такія людзі разбураюць помнікі, праводзяць пошукі на забароненых тэрыторыях. Іх называюць ЧА — чорнымі археолагамі, яшчэ — чорнымі капальнікамі.

— Наша ж супольнасць аматараў прыборнага пошуку разумее, што любы разважлівы чалавек павінен несці адказнасць за свае дзеянні, разумець наступствы і сачыць за тым, каб не парушаць закон і не выклікаць парушэнне спакою. Гэта значыць, падыходзіць да справы ўсвядомлена.

Мы супрацоўнічаем з навукай, — гаворыць Максім Котаў.

Членам клуба з’яўляецца кіраўнік Інстытута Следчага камітэта Юрый Камянецкі, які падтрымаў жаданне свайго калегі і сябра:

«З Максімам Котавым, заснавальнікам клуба, знаёмы даўно. У 2004 годзе я прыйшоў на службу ў Маскоўскі раённы аддзел унутраных спраў, і ў следчым аддзеле мы пазнаёміліся з Максімам, ён служыў следчым. Многа з гэтай прафесіі Максім вынес для сябе, каб арганізаваць клуб, бо работа складаная, з людзьмі, і галоўнае тут — знаходжанне ісціны. Мы заўсёды хочам разабрацца ў складаных момантах. Мне здаўна было цікава краязнаўства, якое дазваляе спазнаць сваё, роднае. Ты дазнаешся, адкуль ты, шануеш продкаў, іх справу. Так чалавек, па-першае, ідэнтыфікуе сябе ў грамадстве. Па-другое, гэта дае магчымасць прадбачання: ведаеш, што было, і тады зразумееш, спрагназуеш — што будзе.

Энтузіясты, якія працуюць на адну мэту, яднаюцца, перакананы Юрый Камянецкі: «Людзі, блізкія па менталітэце, якія жывуць падобнай ідэяй, але пакуль не ведаюць адзін пра аднаго, — з’ява часовая: яны ўсё роўна знойдуцца, пазнаёмяцца, бо іх звядзе ўнутраны агонь, гарэнне». Так сталася і з Леанідам Івановым, сярод знаходак якога — манеты часоў праўлення Аляксандра ІІ — Мікалая ІІ наміналам 1/2, 1, 2, 3, 5 капеек.

Дзіўна, як з хобі скарбашукальніцтва нараджаецца любоў да краязнаўства і даследаванняў. «Я звярнуў увагу на вёску Дружба Маскоўскага раёна Мінска, — дзеліцца Максім Котаў.

— На той момант яна ўжо пачынала забудоўвацца, ды я паспеў пакантактаваць з жыхарамі. Удалося даведацца шмат важнага, што зараз увасобілася ў нарыс пра мікрараён Брылевічы. Таксама працягваю шматгадовую працу па даследаванні гісторыі мястэчка Радашковічы».

Аматары прыборнага пошуку Беларусі.

Супрацоўнічае клуб і з арнітолагамі. «У нас была знаходка — кальцо ад птушкі. Я рабіў запыт, адкуль яно. Беларускі цэнтр кальцавання птушак даў адказ: якая птушка, адкуль, калі была запушчана», — расказвае Максім Котаў.

Як відаць, запалу ў працы членам клуба «Беларускі скарбашукальнік» не займаць! Аднак цяпер клуб не мае свайго інтэрнэт-рэсурсу. У планах — аднавіць калісьці адкрыты ў 2008 годзе першыінтэрнэт-форум аматараў прыборнага пошуку Беларусі, які быў закрыты больш за 10 гадоў таму, але, як аказалася, сёння неабходны. Менавіта сумесныя зносіны і камунікацыя супольнасці адыгрываюць значную ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў. Ды клубу — праекту прыватнай ініцыятывы, некамерцыйнаму — без падтрымкі развівацца няпроста. Знойдзеная спадчына і гуманістычныя памкненні, заснаваныя на патрыятызме і любові да Радзімы, вартыя яе.

Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».