Вы тут

Стужку «Здаровы чалавек» сустракалі аншлагам, а праводзілі апладысментамі


Рушым далей па праграме ігравога кіно XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Сённяшняга госця нашай падрубрыкі — расійскую стужку «Здаровы чалавек» (не блытаць з серыялам «Добры чалавек» з тым жа акцёрам на галоўнай ролі!) — у сталіцы сустракалі аншлагам, а праводзілі працяглымі апладысментамі. Упадабалі карціну і члены журы, не толькі адзначыўшы яе ў намінацыі «Найлепшая мужчынская роля», але і прысудзіўшы рабоце Пятра Тадароўскага галоўную ўзнагароду форуму — Гран-пры «Золата “Лістапада”». Акрамя таго, малады пастаноўшчык быў удастоены спецыяльнага прыза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За гуманізм і духоўнасць у кіно».


Мікіта Яфрэмаў у ролі тэлевядучага Ягора Ціханава.

Спадчыннасць

Мы ўжо пісалі пра гістарычную падаплёку гэткай фестывальнай развязкі, ды не лішнім будзе сёе-тое нагадаць. Рашэнне журы аддаць перамогу фільму «Здаровы чалавек» бачыцца глыбока сімвалічным ужо таму, што мае пад сабой трывалую аснову і стаіць на падмурку іншага рашэння амаль 25-гадовай даўнасці. Гісторыя, пра якую ідзе гаворка, мела месца ў 1998 годзе. Гран-пры фестывалю «Лістапад» тады дасталася фільму «Краіна глухіх», цёпла сустрэтаму як мінскімі гледачамі, так і профільнай беларускай прэсай. Адпаведна, узнагароду атрымаў пастаноўшчык — бацька сёлетняга лаўрэата Валерый Тадароўскі. У 1998-м ён быў нямногім старэйшы за свайго сына цяпер.

Удастоіўшы Тадароўскага малодшага «Золатам “Лістапада”», дырэкцыя і журы фэсту досыць элегантным чынам засведчылі сімвалічнае «вяртанне да каранёў», якое было анансавана яшчэ на прэс-канферэнцыі напярэдадні першых мерапрыемстваў і аб якім падчас цырымоніі закрыцця казаў старшыня форуму Аляксандр Яфрэмаў. Удвая сімвалічней узнагароджанне выглядае ў святле фестывальнага слогана «Сапраўдныя каштоўнасці». Праграма, падрыхтаваная сёлета, пераконвае: не апошнія месцы сярод такіх каштоўнасцей займаюць традыцыя і спадкаемства. Тут дарэчы будзе згадаць, што Пятром звалі і дзеда — савецкага кінарэжысёра («Ваенна-палявы раман», «Інтэрдзяўчынка»).

Спрачацца не станем, гісторыя прыгожая, ды на карысць фільму нічога не кажа. Наадварот, яна дае падставы лічыць, нібыта рашэнне аб перамозе «Здаровага чалавека» прымалася не ў апошнюю чаргу з аглядкай на яго багаты бэкграўнд. Само сабой, гэта ні ў якім разе не прыніжае мастацкіх вартасцей фільма-лаўрэата (ён якраз атрымаўся вельмі дастойны), але непрыемны асадак усё ж застаецца. У рэшце рэшт у конкурсе былі і іншыя моцныя работы (некаторыя больш радыкальныя, некаторыя — менш). Можна нават западозрыць журы на чале з рэжысёрам Дзмітрыем Астраханам у тым, што яно, асабліва не мудруючы, пайшло па лініі найменшага супраціўлення.

Гісторыя захворвання

Пра што кіно? Матэрыяльна забяспечаны і ў меру шчаслівы Ягор Ціханаў (ролю выконвае нашчадак яшчэ аднаго славутага кінематаграфічнага роду Мікіта Яфрэмаў), вядучы спартыўных навін і ўзорны сем’янін, рызыкуючы ўласным жыццём, выратоўвае незнаёмую дзяўчыну ад гвалту на вуліцы. Улічваючы медыйны статус героя, выпадак шырока асвятляецца ў СМІ. Аднак лёс падкідвае новае выпрабаванне. Убачыўшы праз пару дзён труп уратаванай ім дзяўчыны на месцы іх першай сустрэчы, Ягор знаходзіць сябе на краі экзістэнцыяльнай прорвы. Выйсце адшукваецца нетрывіяльнае: пад цяжарам пякучай віны мужчына запісваецца ў валанцёры, каб дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

Акцёры Дар’я Балабанава і Мікіта Яфрэмаў падчас здымак фільма.

У вольны ад працы час Ягор разам са спецыяльнымі атрадамі шукае зніклых людзей па лясах і закінутых будынках, а таксама наведвае хоспіс для анкахворых дзяцей, стрымліваючы рвотныя патугі перад страхам смерці. Тут ён знаёміцца з жыццярадасным Лёхам, які ўражвае галоўнага героя сваім аптымізмам. Акцёру Алегу Чугунову на момант здымак было ўсяго 16 гадоў (на мінскім фестывалі ён атрымаў прыз за найлепшую мужчынскую ролю). І ўсё б нічога, ды, як ні парадаксальна, валанцёрская дзейнасць аказвае разбуральны эфект на асабістае жыццё тэлевядучага, аддаляючы яго ад цяжарнай (ужо другі раз) жонкі (Ірына Старшанбаўм), дачкі (Паліна Айнутдзінава) і сяброў.

І гаворка нават не пра тое, што герой меў неасцярожнасць зблізіцца з маладой напарніцай па валанцёрстве (Дар’я Балабанава), і не пра тое, што, занадта захапіўшыся сваім «хобі», ён забыў пра эфір і ў канчатковым выніку вылецеў з працы. Не, хутчэй разлад паміж ім і блізкімі носіць ідэалагічны, светапоглядны характар. Сябры і калегі абвінавачваюць героя Мікіты Яфрэмава ў паказным альтруізме, спробе за кошт добрых спраў выставіць сябе святым, пакутнікам і такім чынам прысароміць сваіх таварышаў. Або дакараюць яго за тое, што ён асмеліўся агульнае паставіць вышэй за асабістае, што аддана дапамагае незнаёмцам (чытай: «чужым»), забываючы пра блізкіх (чытай: «сваіх»).

Працяканне захворвання

Пагадзіцеся, як для сюжэтнай завязкі, дык вельмі небанальна! Праблемы, узнятыя аўтарамі (сцэнарый рэжысёр Пётр Тадароўскі напісаў уласнаручна), безумоўна, вартыя пільнай увагі, і, што самае цудоўнае, дазваляюць ствараць цікавыя драматычныя калізіі. Гледачоў чакаюць разважанні (зразумела, завуаліраваныя, вырашаныя драматургічнымі сродкамі) і аб прыродзе альтруізму, за якім неадчэпна цягнецца эгаізм, і аб ачышчэнні, якое прыносіць самаахвяраванне, і, канешне ж, аб зайздрасці і рызыках, якія такой дзейнасці спадарожнічаюць. Словам, тут і на самай справе ёсць дзе разгарнуцца.

Ірына Старшанбаўм у ролі жонкі галоўнага героя Маі Ціханавай.

Разам з тым, нягледзячы на тое, што перад намі — толькі ўдумайцеся! — усяго другая поўнаметражная работа пастаноўшчыка (а на ніве аўтарскага кіно — дык наогул першая), гісторыя пададзена вельмі прафесійна, пераканаўча. Нават возьмем на сябе смеласць сказаць: «Здаровы чалавек» — няхай у раскладзе і стаяў трэцім — першы «сапраўдны» фільм у праграме сёлетняга «Лістапада». Стужка дорыць паўнавартасны кінематаграфічны вопыт, не развальваецца па дарозе і, што не менш каштоўна, прапануе спажыву для розуму.

Рэжысёр карціны Пётр Тадароўскі дае ўказанні

Дапамог і ўдзел творчага гуру Пятра Тадароўскага (відавочна трэцяга пасля бацькі і дзеда) — Барыса Хлебнікава, які пагадзіўся стаць мастацкім кіраўніком праекта.

Уплыў флегматычнага, трохі адцягненага почырку пастаноўшчыка «Арытміі» (між іншым, стужкі адкрыцця XXIV кінафестывалю «Лістапад») праступае на целе фільма тут і там. Безумоўна, прысуды выносіць рана, але, мяркуючы па папярэднім праекце Тадароўскага малодшага — камерцыйным «Лаўсторы», яго асабісты творчы тэмперамент усё ж такі крыху больш імпульсіўны. Як бы там ні было, а кіно працуе! Адзіная заўвага: па вялікім рахунку, рэальных нагод злавацца і крыўдаваць на галоўнага героя ў іншых няма. Шчыра, нічога асабліва страшнага і непапраўнага з імі не адбываецца і дзеянні Ягора на іх жыццё кардынальна не ўплываюць (прынамсі, напачатку).

Эпікрыз

Так, кіно, канешне, працуе, але хіба гэтага дастаткова? Камусьці — напэўна, ды, на нашу думку, крытэрыі павінны быць больш строгімі. На гонар рэжысёру, яго твор пакідае прастору для спрэчак і інтэрпрэтацый: заўсёды прыемна, калі ёсць з кім паспрачацца, каму апаніраваць, з кім не пагадзіцца. Уласна, пытанне да фільма такое: тэма хрысціянскага самаахвяравання дзеля незнаёмых людзей хоць і не збітая, але ўжо была даведзена да розуму іншым аўтарам — Юрыем Быкавым у цудоўнай стужцы «Дурань» 2014 года (асобныя рэплікі паўтараюццца амаль даслоўна). Але ці змог рэжысёр і аўтар сцэнарыя навінкі сказаць у межах гэтай тэмы штосьці новае?

Увогуле, што ён, па сутнасці, сказаў і чаму паставіў кропку там, дзе паставіў? Карціна прэтэндуе на канцэптуальнасць, поўную падпарадкаванасць адной ідэі (гэта ясна з назвы і пастаянна прагаворваецца ў рэпліках), але якую ідэю яна нясе?.. Вось ёсць, умоўна кажучы, фільмы пра каханне, што ўмудраюцца паралельна ахапіць яшчэ мноства розных праблем.

Сцэна з фільма:  на заднім плане акцёры Дар’я Балабанава і Алег Чугуноў.

Такія нават не спрабуюць адказваць на нейкія пытанні. Якія пытанні, прабачце, могуць быць да найсвятлейшага пачуцця ў свеце? Згадаем тут карціну «Міжсезонне» (рэж. Аляксандр Хант, 2021), паказаную на фестывалі ў рамках Дзён расійскага кіно, запамінальную, вялікую, амаль што бязмежную.

А ёсць іншыя фільмы: яны задаюць пытанні ўжо ў самой назве. Аднак ці здольныя адказаць на іх? Сюды ж аднясём і «Здаровага чалавека». Так, фармальна пытальнік у назве апушчаны, але ён, тым не менш, маецца на ўвазе. Пацвярджэннем служыць і той факт, што ў фільме адпаведная рэпліка гучыць (героі напаў сур’ёзна пачынаюць сумнявацца ў адэкватнасці Ягора Ціханава), і рэжысёр ледзь не ў кожным інтэрв’ю вымушаны ад яе ўхіляцца… У астатнім жа ў здымачнай групы атрымалася добрае кіно. Зроблена яно ладна, прафесійна, па-майстэрску. Сваім фільмам Пётр Тадароўскі засведчыў: ён у прафесіі — чалавек невыпадковы і, верагодна, застанецца ў ёй надоўга. На наша шчасце!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.