Вы тут

«Дзяўчыне-катастрофе горад зразумець не дадзена…»


Нездарма творчы гурток аматараў мастацкага слова ў Беларускім дзяржаўным універсітэце носіць назву «КЛУмБА». На ўрадлівай глебе галоўнай ВНУ краіны сапраўды вырастаюць смелыя і яркія кветкі талентаў.


Не абдзелена талентам і Таццяна Купрыянец. Удзельніца «КЛУмБА», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўны рэдактар студэнцкага альманаха «аБДУмана», аўтары якога друкаваліся і на старонках «Літаратуры і мастацтва». Аўтарка піша на рускай мове, а асноўнай крыніцай натхнення бачыць для сябе гісторыю Радзімы.

Сёлета ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў серыі «Бібліятэка Мінскага гарадскога адзялення СПБ» выйшаў зборнік вершаў маладой паэтэсы пад назвай «Дом з белай цэглы». Як адзначаецца ў анатацыі: «У паэтычны зборнік Таццяны Купрыянец ўвайшлі творы на самыя розныя тэмы. У яе вершах — і настальгія па дзяцінстве, і захапленне прыгажосцю прыроды, і лёгкі смутак аб чаргаванні сустрэч і расстанняў, і заклапочанасць праблемамі планетарнага маштабу. Асаблівая ўвага — падзеям Вялікай Айчыннай вайны і захаванню памяці аб ёй. Паэзія для аўтара — магчымасць выказаць тое, што невыказальнае, тое, што размяшчаецца ў душы».

У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя з 2015 да 2021 года. Зборнік падзелены на чатыры тэматычныя часткі, кожная з якіх вылучаецца пэўнай атмасферай і настроем, які імкнулася перадаць аўтарка. Раздзел пад назвай «Давай паспаборнічаем з захадам!» напоўнены лірыкай дзяцінства і цеплынёй  сусветнага маштабу. «Навучы мяне лётаць!» — вершы рамантычныя, лірычныя, інтымныя і вельмі асабістыя.

«Тым, чый бой — абарона» — самая вялікая частка, складзеная з ваеннай лірыкі, дзе паэтэса з бязлітаснай шчырасцю расказвае пра раны вайны, што так і не зацягнуліся. Апошні раздзел «На планеце Зямля» з’яўляецца падборкай самых разнастайных роздумаў, якімі паэтэса смела дзеліцца.

Сярод адметнасцей кнігі варта адзначыць насычанасць тэрмінамі. Таццяна скончыла фізічны факультэт БДУ. Ад таго парсекі, гукавы бар’ер, РУДы і іншыя спецыяльныя дэфініцыі сустракаюцца ў яе тэкстах. Такая асаблівасць не на шкоду лірычнасці, а цалкам наадварот — стварае новыя сэнсы і глыбіні.

Асабліва гэта актуальна зараз, у часы паўнавартаснай жаночай эмансіпацыі. Калі жанчына можа стаць і пісьменніцай, і фізікам-атамшчыкам, і шахцёрам. Больш не цікава быць проста прыгожай, можна і разумнай. Таццяна Купрыянец гэтага не саромеецца.

Кніга напісана на рускай мове, але ў асобных вершах згадваюцца беларускія словы, што стварае спецыфічную макаранічнасць твораў, якая не дапасоўваецца да тэмы ці сэнсу верша, ствараючы дысананс. Так адбылося ў вершы «Пагранічнікі»:

«При нас рассвет тихонько зреет в полдень, А жёлтый одуванчик — в “дзьмухавец”» У беларускай мове дзьмухавец — расліна як жоўтага колеру, так і белага. Такім чынам, калі перакласці сказ на беларускую мову, то атрымаецца: «А дзьмухавец — у дзьмухавец».

Складаным і загадкавым у паэзіі Таццяны Купрыянец паўстае вобраз сталіцы, яе роднага горада. Мінск перадусім — горад-герой, а толькі пасля горад яе дзяцінства, першага кахання і сталага жыцця. Усё тут добра вядома. Самы любімы маршрут аўтобусны — 79 — ад вакзала да аўтастанцыі Аўтазаводская, праз увесь Партызанскі праспект. Знаёмы і добра вядомы, а ў вершы ўсё роўна нараджаецца: «Ведущий, ведомый, неведомый — к дому бежит».

Сапраўды шырокі пласт падзей у гісторыі Другой сусветнай вайны закрануты ў вершах трэцяга раздзела «Тым, чый бой — абарона». Падчас чытання не знікае пачуццё захаплення тым, як у паэтэсы атрымалася паглыбіцца ў беды і пакуты цяжкіх часоў.

На сваёй паэтычнай старонцы ў «УКантакце» Таццяна адзначае: «Так, я пішу ў асноўным пра вайну. Магчыма, часам недастаткова складна, не па паэтычных канонах. Магчыма, недастаткова дакладна: усё ж мяне там не было. Але заўсёды — шчыра, таму што “час раны не загаіў”, таму што не магу не пісаць, калі адны пытанні, калі невядома адкуль скрозь свядомасць праносяцца вобразы, пачуцці, імгненні… Таму што ўсе, хто там ваяваў, хто выжыў, загінуў ці прапаў без весткі, — мне не чужыя. І не забывацца — гэта самае малое і адночасова самае вялікае, што я магу для іх зрабіць. І яшчэ я веру, што я не адна».

Сярод герояў сустракаюцца ў асноўным постаці, якія рэальна існавалі. Напрыклад, абаронцы Брэсцкай крэпасці, блакаднікі, Мікалай Яворскі і дзядуля паэтэсы Мікалай Купрыянец, які таксама быў удзельнікам вайны.

Адным з самых адметных вершаў гэтага раздзела можна назваць «Варажба на рамонках».  Верш-крык, верш-плач, верш аб жанчынах на вайне. «Начнымі ведзьмамі» называлі летчыц 46-га гвардзейскага начнога авіяцыйнага палка, цалкам складзенага з жанчын. Мянушку такую ад ворага яны атрымалі за нечаканасць і спрытнасць.

Вызначальным вершам, які ўвасобіўся і ў назве ўсёй кнігі, стаў твор «Дом з белай цэглы». Размешчаны самым апошнім у зборніку, ён падобны да ціхай гавані, у якую прыходзіць карабель пасля штормаў і навальніц у адкрытым моры.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?