Вы тут

Кніга «Штрихи к портрету Ивана Бурсава». Якім ён быў?


На беларуска-расійскай літаратурнай прасторы добра вядома імя Івана Бурсава — паэта, дзіцячага пісьменніка, сцэнарыста, перакладчыка. Ураджэнец горада Клімавічы, ён дэбютаваў ў 1953 годзе на старонках газеты «Сталинская молодежь» («Знамя юности»), два гады (1962—1964) працаваў у рэдакцыі часопіса «Неман» («Нёманам» ён стаў пазней), а пасля свой жыццёвы і творчы лёс звязаў з Масквой, увесь час застаючыся свайго роду літаратурным паўпрэдам Беларусі ў Расіі. Якім ён быў, пра яго творчыя і грамадскія заслугі можна даведацца з кнігі «Штрихи к портрету Ивана Бурсава» (складанне, біяграфія, артыкулы, біябібліграфія Тамары Аўсяннікавай).


Пяць раздзелаў яе — сапраўды пяць штрыхоў да партрэта гэтага ўнікальнага чалавека і творцы. І кожны з іх насычаны фактамі і падзеямі. Гэта пры тым, што Тамара Пятроўна над кнігай працавала ўсяго тры гады. Прамежак часу не такі і малы, але ж трэба было столькі адшукаць, перагартаць, асэнсаваць разнастайны матэрыял. Аднак, калі справай натхнёны, то ўсё і ладзіцца, ды і вынік не прымушае сябе чакаць.

У першым раздзеле «прамаўляе» сам Іван Цярэнцьевіч. Там змешчаны яго эсэ, прадмовы, выступленні падчас прэзентацыі яго кніг. У другім — матэрыялы аб жыцці і творчасці Івана Бурсава, успаміны аб ім. І так жыццяпіс разгортваецца старонка за старонкай. Чытацкай увазе прапануюцца нават тэлеграмы, паштоўкі, дарчыя надпісы Івана Цярэнцьевіча і тыя, што адрасаваны яму. Пяты раздзел адметны тым, што ў ім шырока прадстаўлены бібліяграфічныя паказальнікі твораў, напісаных гэтым майстрам слова, рэцэнзій на яго кнігі, артыкулаў аб творчасці Івана Бурсава.

У кнізе шмат матэрыялаў, якія ва ўжытак уведзены ўпершыню, а гэта лішняе пацвярджэнне таму, наколькі праца Тамары Аўсяннікавай носіць па-сапраўднаму даследчыцкі характар. Хоць, безумоўна, былі і тыя, хто дапамог ёй у падборы звестак. Ім яна выказвае падзяку, найперш удаве пісьменніка Рыце Маркаўне Бурсавай. Іван Бурсаў не дажыў усяго месяц да свайго 92-годдзя. Яго не стала 11 лістапада 2019 года. Сціпла жыў, сціпла пайшоў у іншы свет. Як сведчыць Тамара Аўсяннікава, «прысутнічалі пры адпяванні у царкве ў раёне Строгіна і ў апошні шлях яго праводзілі толькі родныя і блізкія сябры. На памінках кожны ўспамінаў свой выпадак, звязаны з Іванам Цярэнцьевічам. Яго кнігу “Помни о любви” адкрывалі наўздагад і чыталі вершы. Пахавалі пісьменніка на Алабушаўскіх могілках».

Кніга «Штрихи к портрету Ивана Бурсова» — своасаблівы помнік яму. Апошнюю старонку перагортваеш з удзячнасцю Тамары Пятроўне за вялікую работу, здзейсненую дзеля таго, каб нават тыя, хто слаба знаёмы з творчасцю Івана Бурсава, упэўніліся: якім выдатным пісьменнікам ён быў, наколькі шмагранна раскрыўся яго мастакоўскі талент. Найперш, безумоўна, у галіне дзіцячай літаратуры.

У сувязі з пленумам праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным праблемам развіцця гэтай тэматыкі нацыянальнага прыгожага пісьменства, што прайшоў на гэтым тыдні, згаданае па-свойму адметна. У Івана Бурсава ёсць чаму павучыцца (і трэба гэта рабіць) тым літаратарам, якія працуюць для дзяцей. Хоць з’яўляецца і яшчэ адна думка, якая, як мне здаецца, не абыдзе сяго-таго з тых, хто пазнаёміцца з кнігай.

Праўда, набыць яе праблематычна, бо наклад усяго 50 асобнікаў. Але, як я даведаўся ад Тамары Пятроўна, якая ласкава падзялілася са мной адным асобнікам, кніга трапіла ў найбуйнейшыя бібліятэкі нашай краіны. Мяркую, што, прачытаўшы яе, нехта прыйдзе да той высновы, да якой прыйшоў я: «Штрыхі…» — па сутнасці, подступы да міні-энцыклапедычнага даведніка «Іван Бурсаў».

Як бы добра было, калі б з’явіўся нехта ахвотны падрабязней расказаць пра персаналіі, што згадваюцца ў гэтай кнізе. А сярод іх ёсць і нечаканыя. Напрыклад, знаёмец Івана Цярэцьевіча нехта «Николаев Ю. Н.», які працаваў на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі. У сваім лісце да Івана Бурсава ён дзяліўся ўражаннямі ад яго творчасці, запрашаў наведацца ў госці, а пісаў з пасёлка Нагорны Якуцкай АССР восенню 1976 года. Прасачыць лёс Ю. Мікалаева змог бы хто-небудзь з маладых прыхільнікаў літаратуры, каму энергіі не пазычаць. А пасля выкласці звесткі пра яго, як і пра іншых, у інтэрнэт. Так бы паступова і стваралася электронная міні-энцыклапедыя «Іван Бурсаў».

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».