Вы тут

Круглы стол «100 гадоў часопісу “Полымя”: тоўсты літаратурны часопіс у эпоху інтэрнэту»


Многія пытанні, датычныя сучаснага літаратурнага працэсу, а таксама змен ў ім, былі абмеркаваны на круглым стале «100 гадоў часопісу “Полымя”: тоўсты літаратурны часопіс у эпоху інтэрнэту», арганізаваным у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У дыскусіі прынялі ўдзел Алесь Бадак, дырэктар вы­давецтва «Мастацкая літаратура», Віктар Шніп, галоўны рэдактар часопіса «Полымя», Навум Гальпяровіч, намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Лада Алейнік, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ, Васіль Старычонак, дэкан філалагічнага факультэта БДПУ, і Анатоль Матвіенка, пісьменнік. Да ўвагі чытача — вытрымкі з гутаркі па тэмах, якія ўздымаліся падчас сустрэчы.


Віктар Шніп.

— Які імідж склаўся ў «Полымя» за стагоддзе: ён элітарны ці для шырокай публікі?

Лада Алейнік.

Лада Алейнік: Эліта — усе, хто цікавіцца беларускай літаратурай. Эліта ніколі не была масавай. Аматарамі часопіса застаюцца шчырыя прыхільнікі прыгожага пісьменства, мастацтва і культуры, ён застаецца захавальнікам традыцый і экспертнай пляцоўкай. А таксама і літаратур­ным клубам, бо вакол часопіса склалася немалое кола творцаў і чытачоў.

Навум Гальпяровіч.

Навум Гальпяровіч: За стагоддзе імідж часопіса захаваўся. Гэта выданне, дзе друкуюцца найлепшыя ўзоры нашай літаратуры, сусветнай. Надрукавацца ў «Полымі» — знак якасці, сведчанне ўваходу ў літаратуру. У вершы, прысвечаным 5-год­дзю часопіса, Якуб Колас назваў яго агменем — такім ён і застаецца.

Алесь Бадак.

Алесь Бадак: Я не супрацьпастаўляў бы гэтыя два паняцці: элітарны ці для шырокай публікі, бо ў часопісе друкаваліся і тыя аўтары, якіх чыталі многія, напрыклад, Іван Шамякін, Уладзімір Караткевіч. А ў паняцце «элітарны» закладаецца сэнс, нібыта гэтае выданне адрасавана вузкаму колу чытачоў, як, напрыклад, навуковы часопіс.

Васіль Старычонак.

Васіль Старычонак: Шырокае ўніверсітэцкае кола цэніць часопіс, дарэчы, не толькі за паэзію і прозу, але і таму, што пад вокладкай яго ёсць і навуковыя публікацыі, якія прызнаюцца ВАКам, ёсць магчымасць друкавацца кандыдатам і дактарам навук. Актыўна чытаюць часопіс і студэнты.

— Якое месца ў культурнай прасторы займаюць тоўстыя часопісы? Некаторыя расійскія калегі па пяры лічаць, што за імі няма будучыні.

Лада Алейнік: Часопіс вельмі запатрабаваны па многіх напрамках, нягледзячы на тое, што цяпер шмат чытаюць у сеціве. Але амаль усё, што адбываецца ў інтэрнэце, не мае дачынення да літаратурнага працэсу, таму заўжды будзе кола чытачоў і спецыялістаў, якія цікавяцца тым, што адбы­ваецца ў літаратурным жыцці, — для іх і існуе і будзе існаваць выданне.

Навум Гальпяровіч: Тое, што друкуецца на старонках часопіса, — гэта магчымасць у разрэзе ўбачыць цяперашні літаратурны працэс. Пісьменніку заўсёды патрэбна быць у курсе падзей. Так, для мяне важна надрукавацца менавіта ў часопісе — гэта хутка і даступна большаму колу чытачоў, ён ёсць у бібліятэцы. А кніжка выходзіць праз пэўны час і не ўсе яе могуць знайсці і купіць, не кожны прачытае і ацэніць. Творы і Васіля Быкава, і Івана Мележа найперш з’яўляліся ў перыёдыцы… Таму, лічу, нельга называць часопіс выданнем без будучыні.

Алесь Бадак: Нягледзячы на тое, што ў Расіі ёсць такое меркаванне, яны шукаюць магчымасці выдаваць часопісы, бо наўрад ці можна ўявіць літаратуру без іх — ніякія допісы ў інтэрнэце не заменяць друкаваных выданняў. А вось прыклад Еўропы: там часопісы з’явіліся некалькі стагоддзяў таму і існуюць дасюль.

— Якой павінна быць крытыка на старонках літаратурнага выдання?

Алесь Бадак: Крытыка сёння перажывае не вельмі спрыяльны перыяд. Раней было распаўсюджанай з’явай, калі літаратары пісалі водгукі на кнігі сваіх калег, а цяпер, на жаль, гэтага амаль няма. Аўтараў-крытыкаў амаль не сустракаецца ў друку, засталіся толькі літаратуразнаўцы. Часта самі пісьменнікі вымушаны шукаць літаратараў, хто пачытае і напіша пра іх кнігу.

Лада Алейнік: Сапраўды, пісьменніцкай крытыкі цяпер не існуе. А раней літаратурныя мэтры пісалі пра творы пачаткоўцаў.

Навум Гальпяровіч: Даводзілася чуць меркаванне, што пісьменніцкая кры­тыка — рэч суб’ектыўная. Так, многія літаратары чакаюць водгука прафесійнага крытыка, каб меркаванне не было суб’ектыўным. Але мне, напрыклад, найперш цікава ведаць меркаванне менавіта калег па пяры, чый густ і творчасць я паважаю.

— Часопіс называюць «метажанрам» — ён сам па сабе з’яўляецца кантэкстным творам, што ўзнікае як сінтэз паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, падабраных паводле пэўнай задумы. Ці ўдалося рэдактарам сённяшняга выдання стварыць такі твор, і якога складніка ў «Полымі» не хапае?

Алесь Бадак: Часопіс якраз такім творам і з’яўляецца, таму мае і падпісчыка, і чытача. Магістральнага складніка, дарэчы, у часопісе можа і не быць. Але старэйшыя калегі мяне вучылі, што кожнаму нумару патрэбен галоўны «цвік»: калі няма выбітнай аповесці, то абавязкова — выкшталцоная паэзія, добрая арыгінальная публіцыстыка, творчы партрэт ці крытычны артыкул…

Васіль Старычонак: Цэласнасць структуры якраз і прасочваецца ў тых нумарах, якія прысвечаны пэўнай тэме: напрыклад, юбілею часопіса, юбілеям класікаў: Коласа, Багдановіча, Купалы…

Навум Гальпяровіч: Мне здаецца, што ўнёсак у плане магістральнасці зрабіў Алесь Бадак, калі ў яго з’явілася ідэя друкаваць у часопісах дзённікі і ўспаміны. Раней гэта лічылі не літаратурай, а хутчэй прыватнай справай. Цяпер такія матэрыялы чытаюцца лепей і цікавей за многія літаратурныя творы, бо з іх, калі выключыць нейкія пэўныя суб’ектыўныя адзнакі, паўстае асоба пісьменніка, відаць яго пашана і цікавасць да слова. Адной з магістральных тэм у часопісе якраз і могуць быць успаміны і дзённікі — сёння нон-фікшн карыстаецца надзвычайным попытам. Бо гэта рэальнае жыццё з яго няпростымі сітуацыямі, дзе вобраз творцы раскрываецца больш аб’ёмна. Сутнасць чытання пісьменніцкіх дзённікаў — убачыць асобу, якая праз сябе перастварае свет і падзеі, што адбываюцца ў яе жыцці, становяцца прадметам літаратуры. Для творцы яго жыццё і справа — тоесныя паняцці. Ён, калі піша, стварае сябе — атрымліваецца своеасаблівы дзённік.

Алесь Бадак: Сапраўды, калі друка­валі ў «Нёмане» дзённікі Міколы Лобана, а ў «Маладосці» — Алеся Наўроцкага, быў рэзанас, хаця Наўроцкі пісаў пра асабістае жыццё.

Навум Гальпяровіч: Не ўсе пісьменнікі вядуць дзённікі, але калі яны пішуць успаміны, то зазвычай атрымліваецца цікавы нон-фікшн твор.

— Ці ўласціва тоўстым часопісам функцыя нацыятворчасці, захавання культурных традыцый?

Навум Гальпяровіч: А інакш быць і не можа: пісьменнік, выяўляючы сябе, і стварае свет нацыянальнай літаратуры… Яго творчасць павінна ўзбагачаць мову і развіваць яе, адлюстроўваць моўныя працэсы — каму, як не пісьменніку, паказваць багацце і шырыню мовы?

Васіль Старычонак: Калі друкаваны твор напісаны па-беларуску — гэта ўжо ўнёсак у скарбонку захавання душы народа і традыцый…

— Як паўплывалі змены культуры чытання ў ін­тэрнэце на стыль пісьменніка? Ці варта імкнуцца дагадзіць чытачу?

Анатоль Матвіенка: Як масавы камерцыйны пісьменнік магу сцвярджаць, што чытачы ўжо змяніліся, яны патрабуюць плаўнага апісання эпізодаў, раскрыцця персанажаў. Тое, што чалавек чытае кнігу, ужо сведчыць пра яго пэўны інтэлектуальны ўзровень. Ён перакормлены інтэрнэт-чытвом.

Лада Алейнік: Сапраўды, у чытача ўжо назіраецца перанасычэнне інтэрнэт-публікацыямі, яму хочацца грунтоўнасці і саліднасці — тоўстыя кнігі ў трэндзе, яны чытаюцца!

Алесь Бадак: Кожны пісьменнік — дзіця свайго часу. Мяняецца стыль часу — і, адпаведна, стыль пісьменніка. Добра гэта ці кепска, можна будзе ўбачыць толькі праз дзесяцігоддзі. Вось спрошчаны прыклад: ёсць пісьменнік, які быжыць за чытачом і пытаецца, што яму даспадобы. Чытач адказаў — а пісьменнік пакуль тое напіша, дык чытачу ўжо будзе патрэбна нешта іншае; ёсць аўтар, які ідзе поруч з аўдыторыяй і піша тое, што ў дадзены час актуальна. Але найлепшыя творцы вядуць чытача за сабой. Так, Алесь Разанаў заўсёды ішоў паперадзе…

Навум Гальпяровіч: Хоць пісьменнік і дзіця свайго часу, важна тое, наколькі ён змог апярэдзіць час, пры гэтым застаючыся натуральным. І гэта залежыць ад яго таленту, бо, напрыклад, Танк актуальны і сёння, яго і верлібры, і думкі сучасныя — паўсюль ёсць глыбіня. А самае галоўнае для пісьменніка — што ён неспазнаны сусвет нават сам для сябе, і тут ужо ў яго прыярытэтах не стаіць дагадзіць чытачу, раскрываючы свой космас. Для літаратуры ж найважнейшае — каб творы неслі святло, моц, праўду, думкі. Так, Алесь Разанаў быў і застаўся загадкай — вось прыклад высокай асобы творцы…

Матэрыял падрыхтавала Аліса БРАТКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?