Вы тут

Экзістэнцыя і вяргіні Коласа. Прэзентавалі новы нумар-альманах «Роднага слова»


У назве прэзентацыі нумара-альманаха «Роднага слова», прымеркаванага да 140-годдзя класіка, — «Якуб Колас: з ХХ стагоддзя ў ХХІ» — арганізатары сустрэчы імкнуліся падкрэсліць сучаснасць гэтага аўтара і незвычайную навуковую цікавасць, што не перастаюць выклікаць яго жыццё і творчасць.


Як зазначыла на пачатку мерапрыемства галоўны рэдактар «Роднага слова» Наталля Шапран, тэма Якуба Коласа ніколі не пакідала старонак выдання.

— Прэзентаваны фармат часопіса-альманаха дае магчымасць рэдакцыі падаць сваю версію сучаснага коласазнаўства, — дзялілася Наталля Шапран. — Многія публікацыі аб’яднаны тэматычнай тоеснасцю, некаторыя даследчыцкія аспекты перайшлі з папярэдняга альманаха, купалаўскага, у коласаўскі: мовазнаўчая дзейнасць класікаў у Інбелкульце, гісторыя хатніх бібліятэк літаратараў, іх мінскія адрасы, асаблівасці гумару, партрэтнае ўвасабленне ў жывапісе, творчасць у тэатральным мастацтве і іншыя…

Некаторыя аўтары альманаха распавядалі пра свае даследчыцкія пошукі. Так, Віктар Жыбуль, аўтар пастаяннай рубрыкі на старонках выдання, звярнуў увагу на тое, што ў яго публікацыях спалучаюцца літаратуразнаўчы і краязнаўчы пачаткі. Што тычыцца Коласа, то, як прасачыў навукоўца, у творчасці песняра ёсць апісанні многіх знакавых мінскіх будынкаў: з імі звязаныя як прыемныя, так і трагічныя моманты яго біяграфіі.

Пра трыццацігадовае супрацоўніцтва з часопісам распавядала Вера Міцкевіч. Першы галоўны рэдактар Міхась Шавыркін разгледзеў у ёй даследчыцкі патэнцыял і прапанаваў стаць аўтарам навуковых публікацый. Вера Міцкевіч расказала пра пераемнасць традыцый і дыялог паміж аўтарам і рэдактарам як паказчык высокай культуры, а таксама гісторыю знаходкі кніжкі Я. Коласа ў калекцыі рарытэтаў Пятра Краўчанкі, падпісанай невядомай асобе, яе загадкавасць натхніла наразблытванне рэбуса старонак жыцця пісьменніка.

Адным з найцікавейшых выступленняў стаў расповед Анатоля Трафімчыка. Ён падзяліўся ўспамінамі пра тое, як нечакана адкрыў для сябе ў іншым святле зборнік «Песні жальбы». Даследчык прапанаваў разглядаць зборнік не як песні долі-нядолі сялянскага жыцця, а як выданне мадэрнісцкага плана ў фармаце жыццятворчасці. То-бок, не забываючы пра асноўныя тэмы сваёй творчасці, Колас канцэнтраваўся на сабе як на феномене мастацтва: пачынаючы распавядаць пра родную старонку, паэт звужаў фокус да сваёй асобы як носьбіта філасофіі экзістэнцыялізму… Трэба заўважыць, што ідэі экзістэнцыялізму прыйшлі да нас толькі пасля Першай сусветнай вайны, а зборнік «Песні жальбы» пабачыў свет у 1910 годзе…

Ад імя дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (дзе і адбылася сустрэча) Ірыны Мацяс выказалі падзяку рэдакцыі часопіса «Роднае слова» і яго галоўнаму рэдактару Н. Шапран за падрыхтоўку і выданне лістападаўскага і снежаньскага нумароў, прысвечаных 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры.

Разыначкай свята стаў падарунак у фонды ўстановы арыгінальнага здымка Якуба Коласа — на ім класік у поўны рост каля сваёй сядзібы, побач з кустом вяргінь. Фатаграфія захоўвалася ў архіве часопіса «Роднае слова».

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».