Вы тут

Напрамкі і перспектывы дзіцячай літаратуры абмеркавалі на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі


На старонках штотыднёвіка неаднаразова ўзнімаліся пытанні аб важнасці дзіцячай кнігі, яе выключнай ролі не толькі ў развіцці ўсёй мастацкай літаратуры, але і ў выхаванні здаровага грамадства. Добрая дзіцячая кніга, удумлівае чытанне — вось, на нашу думку, сапраўдныя гарантыі прагрэсу. Аднак сёння, у век засілля сацыяльных сетак і новых камунікацыйных сродкаў, існуе рызыка поўнага адмаўлення дзецьмі і падлеткамі не проста папяровай кнігі, але і мастацкага слова як такога. Трэба прызнаць, кнігі пакуль відавочна саступаюць у канкурэнцыі за ўвагу юных чытачоў. На жаль, сёння моладзь усё радзей звяртаецца да чытання як да спосабу бавіць час.


Падчас работы пленума.

Чаму так адбываецца? Як гэтую сітуацыю выправіць? Якой кнігай зноў прыцягнуць увагу? Якім крытэрыям яна павінна адпавядаць і чаму навучаць? Якіх вынікаў дамагліся пісьменнікі на гэтай ніве за апошні час? Хто з іх вылучаецца асабліва? Якія тэмы пераважаюць на рынку дзіцячых кніг, а якія, наадварот, раскрыты недастаткова? Якое значэнне мае дыялог паміж пісьменнікам і юнай аўдыторыяй? Якое месца займае школа ў падрыхтоўцы кваліфікаваных чытачоў? Як зрабіць урок чытання цікавым? Як папулярызаваць дзіцячыя кнігі? Нарэшце, як на сітуацыю ўплывае літаратурнамастацкая крытыка?

Да вырашэння гэтых і іншых пытанняў дапамог наблізіцца пашыраны пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаны тэме развіцця сучаснай дзіцячай літаратуры і дзіцячага кнігавыдання.

На парадку дня

Пашыраны Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі па пытаннях дзіцячай літаратуры і дзіцячага кнігавыдання ў аўторак, 20 снежня, акрамя ўласна членаў праўлення грамадскага аб’яднання, сабраў у вялікай зале Дома літаратара вядомых майстроў слова, кнігавыдаўцоў, настаўнікаў, бібліятэкараў, даследчыкаў, а таксама прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікамі пленума былі абмеркаваны асноўныя напрамкі развіцця дзіцячай літаратуры як на найбліжэйшую, так і на далёкую перспектыву, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі і кнігавыдаўцы, працуючы з дзецьмі. З уступным словам выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, зрабіў акцэнт на незвычайным фармаце пасяджэння: «Паставіўшы на разгляд пытанне пра ўдзел літаратараў у выхаванні юных чытачоў, мы запрасілі да размовы шмат каго з зацікаўленых: сёння разам з намі і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкары, літаратары, якія не з’яўляюцца сябрамі саюза». Прамоўца выказаў надзею, што «мастацкае слова будзе і надалей спрыяць духоўнаму станаўленню асоб юных грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар БУЗОЎСКІ павіншаваў прысутных са стагоддзем «Полымя», найстарэйшага з літаратурных часопісаў краіны, і абазначыў болевыя кропкі сучаснага кніжнага рынку: «Літаральна сёння ў Міністэрстве інфармацыі мы разважалі аб айчынных пісьменніках, якія па нейкіх прычынах публікуюцца ў выдавецтвах Расійскай Федэрацыі. Трэба арганізаваць работу так, каб нам было цікава працаваць сумесна. Трэба шукаць формы стымулявання, і не толькі матэрыяльныя. Калі будуць слушныя прапановы, мы гатовы ўключыцца ў працу». Ігар Іванавіч звярнуў увагу і на праблемы мастацкага афармлення дзіцячых выданняў.

У сваю чаргу начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард ТАМІЛЬЧЫК падкрэсліў: «Пытанні развіцця сучаснай дзіцячай літаратуры з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Роля кнігі, каштоўнасць дзіцячага чытання ў грамадскай свядомасці асабліва высокая. Кніга — магутны сродак выхавання, які садзейнічае развіццю ў дзяцей любові да радзімы і роднай мовы. Кніга, якая прачытана ў дзяцінстве, застаецца ў памяці надоўга, уплывае на далейшае развіццё, фарміруе светапогляд, выпрацоўвае пэўныя нормы паводзін. Чытанне ахоплівае ўсе этапы жыцця: дзяцінства, юнацтва, сталасць. Сучасная дзіцячая літаратура імкліва змяняецца, перастае быць проста займальнай ці асветніцкай. Дэманструе мадэлі паводзін, дапамагае разабрацца ў складанай сітуацыі».

Набыткі і праблемы

З дакладам на тэму «Дзіцячая літаратура як культурная з’ява грамадства. Набыткі і праблемы» выступіла першы намеснік старшыні СПБ, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ Алена СТЭЛЬМАХ. Выступоўца нагадала, што ў сучасным лічбавым грамадстве цікавасць да кнігі няўмольна зніжаецца, і неабходна супрацьстаяць дадзенай тэндэнцыі праз павышэнне прэстыжу чытання: «Мы ўпэўнены ў тым, што высокі ўзровень устойлівага развіцця Беларусі, яе канкурэнтаздольнасць у сітуацыі ўзмоцненай глабалізацыі, яе аўтарытэт у свеце будзе вырашаць менавіта чалавек, які чытае». «Хочацца спадзявацца, што кнігі не страцяць сваю каштоўнасць, а, наадварот, чалавек, які чытае, стане яшчэ больш разумным, інтэлігентным, дасведчаным, а значыць, і паспяховым», — заключыла Алена Анатольеўна.

Дакладчык Міхась ПАЗНЯКОЎ, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, прапанаваў прысутным падрабязную справаздачу аб сітуацыі ў сегменце дзіцячай літаратуры і не проста пералічыў імёны найбольш папулярных айчынных аўтараў на дадзены момант, але і звярнуў увагу на тэматычную і жанравую незбалансаванасць рынку кніг, адрасаваных маленькаму чытачу. Так, на думку выступоўцы, у кнігарнях востра адчуваецца недахоп ваенна-патрыятычнай літаратуры для дзяцей. Акрамя таго, чытач недаатрымлівае навуковай фантастыкі. Мала выходзіць і паэзіі для падлеткаў, хаця шмат — для дашкольнікаў і дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Як чытаюць дзеці?

Аб спецыфіцы ўдумлівага чытання і асаблівасцях арганізацыі вучэбнага працэсу распавёў у дакладзе «Асэнсаванае чытанне як аснова чытацкай адукаванасці вучняў» начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў КАРАТКЕВІЧ. Даклад падмацоўваўся цікавымі статыстычнымі звесткамі. Паводле іх, сённяшнія дзеці, працуючы з тэкстам, слабей за ўсё спраўляюцца з яго аналізам і далейшым узнаўленнем, тады як пошук патрэбных даных, наадварот, не складае для іх асаблівых цяжкасцей. Прывучэнне да асэнсаванага чытання якраз дазваляе праблему пераадолець. На думку даследчыка, «адраджэнне і развіццё масавага чытання, фарміравання моды на такое баўленне часу павінна, апрача іншага, даць магчымасць захаваць і развіваць традыцыйныя духоўныя каштоўнасці».

Робячы даклад на тэму «Прынцыпы і крытэрыі адбору твораў для ўключэння ў вучэбную праграму па літаратуры», старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Кацярына ЦЕМУШАВА падзялілася аспектамі складання спісаў школьнай літаратуры і асаблівасцямі іх падачы. Лагічным працягам тэмы стала выступленне наступнага прамоўцы — намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя М. Танка Ірыны БУТОРЫНАЙ. Свой даклад яна прысвяціла сустрэчам з пісьменнікамі і прэзентацыям кніг. Ірына Аляксандраўна ўпэўнена, што падобныя імпрэзы спрыяюць актыўнаму ўцягванню дзяцей у свет літаратуры і лепшаму разуменню твораў.

Апошні тэзіс знайшоў пацвярджэнне ў дакладзе дырэктара Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Таццяны ШВЕД па тэме «Бібліятэка як развіццёвы асяродак дзіцячага чытання». Ды на думку дакладчыцы, абмяжоўвацца аднымі такімі сустрэчамі не варта — існуюць і іншыя формы кантакту з чытачамі, якія дазваляюць папулярызаваць кнігу. Так, пры ўстановах Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк працуюць разнастайныя аб’яднанні і гурткі: «0+. Гадуем чытача самі», «Чытанкі на падушках», «Асалода чытання», клуб «Знайки»ладзяцца Дні сямейнага адпачынку. Акрамя таго, бібліятэкарамі распрацаваны праект «Гучы, родная мова», у рамках якога праходзяць не толькі прэзентацыі кніг, але і мастацкія выстаўкі.

Інфраструктура чытання

Аб фактарах развіцця інфраструктуры чытання і аб цэнтральнай ролі ў тым кніжных магазінаў распавяла Святлана ГУК, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белкніга». Пад інфраструктурай чытання трэба разумець сукупнасць інстытутаў, якія абслугоўваюць чытацкія патрэбы насельніцтва. Адным з такіх інстытутаў, лічыць рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл БАРАЗНА, з’яўляюцца і афарміцельскія аддзелы. Дакладчык заклікаў удзельнікаў пленума вельмі пільна сачыць за якасцю афармлення дзіцячых выданняў. У сваю чаргу Дзмітрый МАКАРАЎ, старшыня Савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў краін СНД, прывёў статыстыку рынку дзіцячых кніг па СНД.

Пра «Новыя мадэлі кнігавыдання для дзяцей» распавядала Вікторыя КАЛІСТРАТАВА, дырэктар выдавецтва «Народная асвета». Паводле яе меркавання, кнігавыдаўцы сёння маюць справу з новым пакаленнем людзей, і гэта неабходна ўлічваць для лепшага разумення патрэб аўдыторыі. Апошнія псіхалагічныя даследаванні паказваюць: кагнітыўныя здольнасці прадстаўнікоў пакалення «α» (альфа) (людзі, якія нарадзіліся пасля 2010 года) значна адрозніваюцца ад здольнасцей папярэдняга пакалення. У сувязі з гэтым перавага ў кнігавыданні і кнігапісанні мусіць аддавацца інтэрактыўным і мультымедыйным падыходам. Яркай ілюстрацыяй рэалізацыі падобных падыходаў на практыцы стала дзейнасць Кацярыны ХАДАСЕВІЧ-ЛІСАВОЙ. Дакладчыца распавяла аб уласным вопыце працы з дзецьмі і з выдавецтвамі.

Вынікі

З дапамогай галасавання членамі праўлення пісьменніцкай арганізацыі быў прыняты праект рэзалюцыі Пленума Саюза пісьменнікаў Беларусі «Аб напрамках павышэння ўзроўню кнігавыдання для дзяцей, прадзвіжэння чытання і развіцця інфраструктуры чытання».

Каміла НАВІНКІНА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.