Вы тут

Коцікі — як лекі…


Дні перад Калядамі і Новым годам — час чакання цудаў. Адзін з іх мне пашчасціла назіраць у сталічнай арт-галерэі «Катавасія». Здзейсніла яго барысаўчанка з сімвалічным прозвішчам Чудакова. Калі я брала інтэрв'ю ў заснавальніка «Катавасіі» Васіля Супрунюка і яго жонкі Лізаветы, у галерэю зайшла жанчына з карцінай у руках. «У мяне сёння дзень нараджэння, і я хачу падарыць вам адну са сваіх вышывак з коцікам...»


Барысаўчанка Наталля Чудакова ў свой дзень нараджэння падарыла «Катавасіі» новы экспанат «Магістр часу».

Пра хросную Пако і разбітую свяцільню

Наталля Чудакова распавяла, што стала збіраць фігуркі коцікаў пасля таго, як у яе дома пасяліўся «брытанец». «Але ў параўнанні з калекцыяй Васіля Супрунюка мае 80 просценькіх статуэтак — кропля ў моры. Калі толькі адкрылася «Катавасія»і мы з сяброўкай прыехалі сюды, дык ачмурэлі ад такой колькасці коцікаў».

— Я і сам не магу адысці да гэтага часу. Часам прыходжу сюды, калі нікога няма, і думаю: які вар'ят усё гэта сабраў? А потым згадваю, што гэта ж я! — смяецца Васіль Супрунюк.

Сёння ў арт-галерэі больш за сем тысяч твораў мастацтва ды прадметаў інтэр'ера і побыту ў выглядзе ці з выявамі коцікаў з больш як ста краін свету. Акрамя іх, гасцей «Катавасіі» сустракаюць тры жывыя каты — Пако, Негра і Яша.

— Раскажыце пра коцікаў, якія тут жывуць. Заўважна, што яны адчуваюць сябе сапраўднымі гаспадарамі...

— Раней у нас тут было восем коцікаў, — кажа Лізавета Супрунюк. — Але большасць з іх хаваліся, калі прыходзілі новыя людзі. Таму мы вырашылі не мучыць іх і аддалі ў добрыя рукі. Засталіся тры самыя стрэсаўстойлівыя, яны нікога не баяцца. Кладуцца на стол і ўсім сваім выглядам паказваюць — гладзьце на здароўе. Усе трое — звычайныя дваравыя каты, жыццё якіх было пад пагрозай. У Пакошы наогул цікавая гісторыя.

Колькі гадоў таму ў Мінск з Францыі прыязджала з візітам мадам Брыжыт Олуа (прадстаўніца славутага Фонду аховы жывёл Брыжыт Бардо. — Аўт.). Яе спачатку прывезлі да нас у галерэю, а потым — у пункт часовага ўтрымання «Фаўна горада» на Гурскага, куды прывозяць бадзяжных катоў з усяго горада. Адно кацяня падскочыла і, гледзячы мадам у вочы, пачало «прасіць», каб яна яго забрала. «Не магу цябе ўзяць — мне заўтра ў Францыю ляцець!» — звярнулася да яго госця. Але як толькі яна адышла, ён пачаў енчыць. Урэшце, яна яго забрала і прынесла нам сюды, у «Катавасію». Маўляў, я буду хроснай мамай гэтага кацяняці і даю яму імя Пако. З таго часу мы перапісваемся з мадам Олуа, яна пастаянна цікавіцца жыццём свайго хрэсніка, дасылаем ёй яго фотаздымкі.

Кашачы сімфанічны аркестр нікога не пакідае абыякавым.

Пакуль мы размаўляем, Пако ляжыць на стале каля свайго гаспадара.

— Можна сказаць, што Пако ваш любімчык? — цікаўлюся ў Васіля Супрунюка.

— Не, гэта я ў яго любімчык (смяецца). Вы ж бачылі, што ён спаў, але, як толькі пачуў, што я прыйшоў, выбег мяне сустракаць. А я да ўсіх коцікаў стаўлюся аднолькава добра... Мой зайка, — звяртаецца да ката па імені Негра, — ты хочаш залезці наверх, а тут зрабілі перастаноўку. Давай я табе дапамагу (падсажвае на шафу з экспанатамі).

— Неяк Пако, ускокваючы на шафу, выпадкова разбіў дарагую свяцільню, — згадвае Лізавета. — Якраз у гэты момант зайшоў муж. Усе чакалі, што ён будзе сварыцца...

— А я з парога: «Ой, Пакоша, ты не спужаўся, мой бедненькі, не параніўся?..» (Смяецца.) Пасля таго выпадку мы ўсё, што можа ўпасці, прымацавалі, папрыкруцілі.

Пра вусаты аркестр і жаданне дзяліцца

Калекцыянерам былы ваенны стаў зусім выпадкова.

— Гадоў 20 таму мы гулялі з сябрамі па Кіеву. Яны ўбачылі ў краме керамічную фігурку ката, зробленую мясцовым майстрам,і падарылі яе мужу, — згадвае Лізавета. — Маўляў, вось Васька, гэты кот з камп'ютарам — выліты ты. Потым самі не заўважылі, як у нас дома пачалі з'яўляцца ўсялякія статуэткі ў выглядзе коцікаў. Я нават пачала жартаваць, што яшчэ крыху — і нам не будзе дзе жыць.

— Калі калекцыя коцікаў пераваліла за тысячу, мы яе вывезлі ў свой офіс і расставілі ў шафах уздоўж сцен. Але неўзабаве і там скончылася месца. Неяк падчас адпачынку трапілі ў музей коцікаў у Іспаніі. Тады падумалі: «А чаму б не зрабіць штосьці падобнае ў Мінску?»

Жонка Лізавета — галоўная памочніца.

Пахадзіўшы па залах арт-галерэі, чарговы раз пераканалася, што чалавечая фантазія бязмежная. Чаго тут толькі няма! І вазы, і чарнільніцы, і падсвечнікі, і начнікі, прадметы для абування і часання спіны, выявы коцікаў, зробленыя з кацінай поўсці ды тапалінага пуху. Але, як і ўсіх наведвальнікаў без выключэння, мяне найбольш уразіў кашачы сімфанічны аркестр, зроблены японскім майстрам Масакі Такашы.

— Майстар выставіў яго на аўкцыён і спачатку не хацеў нам яго прадаваць. Казаў, што рабіў для сваёй краіны, дзе пануе культ катоў. Тым больш там такі аркестр можна было прадаць значна даражэй. Але якраз у той час наляцеў ковід і людзям стала не да мастацтва. Таму нейкім цудам удалося ўгаварыць аўтара прадаць нам сваіх катоў-музыкаў.

— Баюся нават уявіць, колькі грошай з сямейнага бюджэту пайшло на ўсю калекцыю. Лізавета, як вы ставіцеся да нятаннага захаплення мужа?

— Я сціплы чалавек. Мне не трэба футры, брыльянты... Мой муж, як і любы кіраўнік фірмы, вельмі стамляецца, бо ўвесь час трэба прымаць рашэннні. Коцікі — гэта яго аддушына, лекі, тут ён адпачывае, сыходзіць ад усіх праблем.

— З узростам хочацца дзяліцца з іншымі тым, што маеш, — дадае Васіль. — Мне падабаецца, што людзі сыходзяць з галерэі ў захапленні. І ад гэтага становіцца цёпла на душы.

— Васіль — чалавек, які ўвесь час чымсьці захапляецца. Калі ён быў афіцэрам і мы жылі на Кубе, ён фатаграфаваў і дзень і ноч. Потым захапіўся кветкамі, збіраў кактусы. Затым былі канцтавары, арт-галерэя. Цяпер у яго новае захапленне — праект «Малінавы кот».

— Малінавы, бо знаходзіцца побач са станцыяй метро «Малінаўка». Што гаварыць, гэта трэба бачыць, — накідвае на шыю шалік з катамі Васіль Супрунюк. — Зараз у нас якраз праходзіць выстава карцін беларускіх мастакоў-катафілаў Рыгора і Наталлі Івановых ды Валянціна Губарава «Кот пад Новы год». Акрамя таго, у «Малінавым каце» кожную суботу праводзяцца розныя майстар-класы для дзяцей і дарослых... А побач — «Катабаза», дзе прадаюцца ўсялякія цікавыя рэчы з коцікамі. ...А вось наш галоўны работнік — Тэа. Гэты коцік жыў тут побач на сметніцы, і мы яго вырашылі ўзяць сабе.

«Было б цудоўна, калі б у кожным беларускім офісе жыў коцік», —  лічыць Васіль Супрунюк.

«Катавасія», «Малінавы кот», «Катабаза» — гэта цалкам дабрачынныя праекты. Усе грошы, выручаныя ад продажу білетаў ды тавараў, ідуць на лячэнне коцікаў.

— Спачатку ўваход у галерэю быў бясплатным, — кажа Лізавета. — І толькі потым, калі ў нас з'явіліся жывыя экспанаты і цэнтр дапамогі хворым коцікам «Стары кот», увялі ўваходныя білеты. Бо лячыць катоў — дарагое задавальненне.

Пра каціныя рысы і дзіцячую траўму

Звычайна калекцыянеры падобныя да сваіх экспанатаў...

— Так, муж часта кажа, што ён у душы кот, што вельмі добра іх разумее.

— Каціных рыс ува мне вельмі шмат. Калі сабакі збіваюцца ў зграі, дык каты гуляюць самі па сабе. Я такі ж — незалежны, самадастатковы. Не ўяўляю, як гэта — мець агульны бізнес з кімсьці. Хоць ствараю ўражанне вельмі кантактнага чалавека, мне цалкам камфортна і аднаму. А яшчэ каты не злапамятныя, я таксама, калі і злуюся, то хутка адыходжу.

Падымаемся ў офіс да Васіля Васільевіча, бізнес якога звязаны з канцылярскімі таварамі. Там нас сустракаюць яшчэ пяць катоў. Перш-наперш дырэктар вітаецца са сваімі гадаванцамі і частуе ласункамі.

— У Беларусі ёсць офісы, дзе жывуць коцікі. Але было б цудоўна, каб іх стала больш. Гэта стала б дадатковай крыніцай, куды можна ўладкоўваць бяздомных жывёл. Каты, у адрозненне ад сабак, не патрабуюць выгулу. Іх трэба толькі карміць і мяняць напаўняльнік у туалеце. Больш за тое, яны ствараюць на рабоце вельмі цёплую абстаноўку. Людзі, акрамя размоў пра накладныя і наяўнасць тавару, пачынаюць размаўляць яшчэ і на душэўныя тэмы. Больш за тое, калі ідзе нарада і на стале ляжыць кот, перагаворы праходзяць больш спакойна. Заўважыў, што калі пачынаю павышаць голас, а кот на мяне глядзіць спужанымі вачыма, я адразу супакойваюся. У нашым офісе ў Баранавічах 9 гадоў жыў коцік-інвалід, мы яго падабралі на вуліцы, ён не хадзіў з-за траўмы пазваночніка. Дык вось, той няшчасны мурлыка вельмі згуртаваў калектыў нашай фірмы. Адно з пытанняў, якое я задаю чалавеку пры прыёме на работу: «Як ставіцеся да жывёл?» Калі нейтральна, калі ласка, гэта нармальна. Я сам да сарака гадоў, пакуль служыў ва ўзброеных сілах, а потым быў заняты бізнесам, не заўважаў на вуліцах бедных жывёлінак. Але калі чалавек дрэнна ставіцца да катоў, я проста не змагу з ім працаваць.

Васіль Васільевіч прызнаўся, што сёння не ўяўляе свайго жыцця без катоў. Кажа, без іх яно было б сумным і ненапоўненым. Таму не дзіўна, што коцікі акружаюць яго не толькі на рабоце, але і дома.

— У нас дома тры каты. Жывём з жонкай у вялікай кватэры для дваіх, таму часам, калі ў «Старым каце» не хапае месца, бяром на ператрымку хворых жывёлінак. Ізалюем ад сваіх здаровых у асобным пакоі, клапоцімся, лечым, а потым шукаем добрыя рукі.

— У мужа каты на першым месцы, — смяецца Лізавета. — Неяк піша мне ў «Вайбер»: «Падыдзі, трэба штосьці сказаць, толькі ўваходзь асцярожна. А то ў мяне ў нагах спіць кот».

— Калі б гэта быў проста кот! А гэта кот, якога я ўзяў дамоў, каб сацыялізаваць, ён да людзей не ідзе, баіцца. Ён ужо год жыве ў мяне. Можа ляжаць у нагах, але толькі руку працягну — адразу палохаецца, уцякае. Калі яго падабралі, у яго былі зламаныя сківіца, лапа, таму нядзіўна, што ён не давярае людзям.

Трэба змалку прывіваць дзецям добрае стаўленне да жывёл. У нас быў выпадак, калі дзяўчынка падабрала на вуліцы і прынесла дадому хворае кацяня. Яе мама была спачатку катэгарычна супраць. Але потым, калі ўбачыла, што дачка збірае грошы на лячэнне няшчаснага коціка, зразумела, што трэба падтрымліваць такое памкненне. У сем'ях, у якіх ёсць жывёлы, дзеці вырастуць добрымі і чулымі. Я абсалютна ў гэтым перакананы.

— У вас ёсць мара, звязаная з катамі?

— Мару, каб на вуліцах не было хворых і галодных катоў. Каб у нашай краіне быў прыняты закон аб абароне жывёл. Каб на заканадаўчым узроўні быў замацаваны гуманны адлоў безнаглядных катоў, каб іх не усыплялі, а прышчэплівалі ды стэрылізавалі. Каб з'явілася дзяржаўная падтрымка валанцёраў, каб ствараліся прытулкі для катоў. Каб кожны бяздомны кот рана ці позна знашоў свайго гаспадара. Каб вёўся ўлік жывёл, было ўведзена абавязковае чыпіраванне, каб не было такога, што чалавек сёння ўзяў ката, пагуляў, а заўтра беспакарана выгнаў на вуліцу ў мароз. Думаю, што да канца свайго жыцця я буду займацца гэтай тэмай.

...Пакуль я размаўляла з Васілём і Лізаветай, у «Катавасію» прыйшла дзяўчына і прынесла пакунак лекаў для бяздомных коцікаў. Як толькі ўбачыла Яшу, расплакалася. Аказваецца, у яе нядаўна памёр гадаванец, падобны да галерэйнага ката. Крыху супакоіўшыся, дзяўчына купіла два фірменныя календары «Катавасіі» на наступны год, грошы ад продажу якіх таксама пойдуць на лячэнне хворых жывёлінак.

— Наступны год — Ката. Што вы ад яго чакаеце?

— Я не веру ў гараскопы, прадказанні, — кажа Васіль Супрунюк. — У кожнага чалавека свой лёс. Але нягледзячы на тое, што ўсё развіваецца па невядомых нам законах, кожны з нас у сілах змяніць свет да лепшага. У прыватнасці, сваімі добрымі справамі.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга

На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.