Вы тут

Каранкевіч пра перспектывы развіцця энергетычнай галіны Беларусі


Другі энергаблок БелАЭС, які зараз гатовы на 97 %, энергетыкі плануюць запусціць ужо ў першым квартале 2023-га, а да 2025 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 2 млн м2 шматкватэрных электрадамоў. Пры гэтым ужыванне электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў краіне сёлета вырасла амаль удвая (1,8 раза), дасягнуўшы 396,4 млн кВт·г. Працягваецца рэалізацыя праграмы імпартазамяшчэння ў энергетыцы, асвойваюцца новыя рынкі экспарту тарфяной прадукцыі, вядуцца перагаворы з расійскім бокам аб фарміраванні адзінага рынку газу. Пра напрамкі і перспектывы развіцця энергетычнай галіны Беларусі расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.


Першы энергаблок працуе, другі — рыхтуецца, трэці — аналізуецца

Сёлета ў Беларусі ўведзена ў эксплуатацыю 135 МВт генерыруючых магутнасцяў. Мадэрнізаваны і збудаваны новыя высокатэхналагічныя высакавольтныя падстанцыі ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абласцях, рэканструявана і ўзведзена больш за 1,3 тысячы кіламетраў электрасетак, агучыў міністр:

— Праведзеная мадэрнізацыя аб'ектаў энергасістэмы, назапашаны вопыт, а таксама вытворчы і тэхналагічны патэнцыял забяспечваюць дынамічнае развіццё галіны. Працягваецца мадэрнізацыя электрасеткавай інфраструктуры, рэалізоўваюцца найважнейшыя інвестыцыйныя праекты.

Працягваецца будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніц з устройствам высокаманеўранага генерыруючага абсталявання сумарнай магутнасцю 800 МВт. У межах інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны гэтыя работы вядуцца на чатырох буйных электрастанцыях: Бярозаўскай і Лукомльскай ДРЭС, Наваполацкай ЦЭЦ і Мінскай ЦЭЦ-5. Першы энергаблок атамнай станцыі з моманту падключэння (у лістападзе 2020-га) выпрацаваў больш за 10,4 млрд кВт·г электраэнергіі і зараз працуе на намінальнай магутнасці, дадаў Віктар Каранкевіч:

— Гатоўнасць другога энергаблока 97 %. У межах этапных праграм на ім працягваюцца планавыя тэхналагічныя работы, а энергетычны пуск плануецца ў першым квартале 2023 года.

Усе пытанні адносна будаўніцтва ў Беларусі другой АЭС (або трэцяга энергаблока) для павышэння энерганезалежнасці краіны ва ўмовах пастаяннага росту электраспажывання ўвязаныя з задачамі задавальнення магчымасцяў выкарыстання электраэнергіі на энергаёмістых вытворчасцях, на развіццё электратранспарту, на ацяпленне жылля і іншае, падкрэсліў міністр:

— Гэта прадмет далейшай работы, аналізу і магчымых пошукавых работ. Мы будзем і надалей рыхтаваць адпаведныя прапановы, у тым ліку і ў межах актуалізацыі энергетычнай стратэгіі. Штогод будзе маніторыцца паліўны баланс, аб'ёмы выкарыстання рэсурсаў, то-бок, гэта прадмет пастаяннага аналізу і падрыхтоўкі адпаведных прапаноў на перспектыву.

Міністр заўважыў, што матэрыялы былі падрыхтаваны і ўсебакова разгледжаны органамі дзяржкіравання і НАН пры актыўным удзеле Мінэнерга і Мінэканомікі.

Рост попыту на электрыфікацыю ў эканомікі, людзей, дамоў...

Асаблівая ўвага надаецца электрыфікацыі жылля. Гэтая работа вядзецца па трох асноўных кірунках. Першае: будаўніцтва новых шматкватэрных і індывідуальных жылых дамоў, дзе адразу прадугледжана выкарыстанне электраэнергіі для гарачага водазабеспячэння і ацяплення. Летась і за 10 месяцаў сёлета ў краіне збудавана 563 тысячы м2 электрадамоў, а да 2025-га ўзвядуць яшчэ 2 мільёны.

Другое: перавод шматкватэрнага жылфонду з выкарыстання цвёрдага паліва на электраэнергію. Складзены адпаведныя графікі на пяцігодку, куды ўключана каля сотні дамоў па ўсёй краіне.

Трэцяе: перавод індывідуальнага жылля на электрычнасць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. За студзень—лістапад у энергазабяспечвальныя арганізацыі па выдачу тэхнічных умоў (ТУ) на павелічэнне электрамагутнасці для выкарыстання электраэнергіі на ацяпленне і падагрэў вады сёлета звярнулася 20,9 тысячы ўладальнікаў індывідуальнага жылля. 84 %, або 17,7 тысячы зваротаў, было задаволена. Усяго ж з 2019-га энергетыкі атрымалі 88,6 тысячы падобных запытаў, з якіх задаволена 69,6 тысячы.

— Для задавальнення патрэб насельніцтва і стварэння неабходных тэхнічных умоў па выкарыстанні электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне спецыялісты праводзяць як рамонтныя работы, так і мадэрнізацыю электрасетак, найперш у сельскай мясцовасці, — растлумачыў Віктар Каранкевіч. — Павелічэнню попыту выкарыстання электраэнергіі на абазначаныя мэты спрыяюць і стымуляцыйныя меры, у прыватнасці магчымасць кампенсацыі часткі расходаў грамадзян на электрыфікацыю свайго жылля. За апошнія тры гады, згодна з данымі аблвыканкамаў, на гэта было накіравана каля шасці мільёнаў рублёў.

Торф для шампіньёнаў

Максімальнае ўцягванне ў паліўна-энергетычны баланс краіны мясцовых відаў паліва, у тым ліку торфу, — адна з прыярытэтных задач энергакомплексу краіны. Сёлета тарфяная прамысловасць здабыла 2,4 млн тон торфу, што ў паўтара раза больш, чым летась. А торфабрыкетныя прадпрыемствы пашыраюць сферы дзейнасці, пастаўляючы прадукцыю на патрэбы прамысловасці, цэментных заводаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аграпрамысловага комплексу, абазначыў Віктар Каранкевіч:

— Абнаўляецца асартымент тарфяной прадукцыі непаліўнага назначэння. Сёлета, напрыклад, на базе торфабрыкетнага вытворчага ўпраўлення «Беразоўскае» ў Івацэвіцкім раёне запушчаны выраб тарфяных покрыўных матэрыялаў для вырошчвання шампіньёнаў. Гэты новы для тарфянікаў кірунак стане добрай падмогай айчыннаму грыбаводству.

У пошуках новых рынкаў экспарту спецыялісты тарфяной галіны краіны ўжо адгрузілі з завода «Туршоўка» першы чыгуначны састаў з торфам кітайскім спажыўцам. Акрэдытацыю на пастаўкі ў Кітай атрымалі таксама заводы «Глінка» і «Віцебскторф», дзе ўжо рыхтуюцца партыі торфу. Увогуле, пастаўкі на знешнія рынкі за дзесяць месяцаў сёлета выраслі ў 1,4 раза, дасягнуўшы 218 тысяч тон (больш за 17 млн долараў).

Газавае пытанне

Важкі ўклад у надзейную работу энергакомплексу краіны ўносіць і газавая галіна, заўважыў міністр энергетыкі:

— Сёлета газазабяспечвальныя арганізацыі правялі комплекснае прыборнае абследаванне 8,9 тысячы кіламетраў падземных газаправодаў і прадыягнаставалі 878 кіламетраў падземных газаправодаў з тэрмінам службы 40 гадоў і больш. Акрамя таго, адрамантавана 425 газаразмеркавальных пунктаў, заменена амаль 150 тысяч адзінак састарэлага бытавога газавага абсталявання, праведзена карэкціроўка і аптымізацыя 50 схем газазабеспячэння. Прыродным газам сёлета забяспечылі больш за 20 тысяч кватэр і домаўладанняў і ўвялі ў эксплуатацыю каля 800 кіламетраў газаправодаў розных катэгорый.

Работа па ўзгадненні цэнавых умоў з Расіяй на пастаўку газу на 2023 год і далейшым фарміраванні адзінага рынку газу Саюзнай дзяржавы ажыццяўлялася ў межах саюзнай праграмы, нагадаў Віктар Каранкевіч:

— Беларускі бок своечасова падрыхтаваў адпаведныя прапановы і па цэнах на прыродны газ, і па прынцыпах фарміравання аб'яднанага рынку. Яны неаднаразова абмяркоўваліся на розных узроўнях. Гэта важнае пытанне для абодвух бакоў, якое закранае шмат момантаў, у тым ліку знешніх фактараў.

Да прафесійнага свята, Дня энергетыка, які адзначаецца 22 снежня, айчынныя спецыялісты падышлі са значнымі вынікамі. Нягледзячы на няпростую знешнюю сітуацыю, энергасістэма краіны працуе стабільна, а энергазабяспечвальныя арганізацыі надзейна і ў запатрабаваных аб'ёмах пастаўляюць спажыўцам энергарэсурсы, акрэсліў Віктар Каранкевіч, падзякаваўшы работнікам энергетычнай галіны за атрыманыя вынікі. Міністр павіншаваў усіх з надыходзячым святам, пажадаўшы далейшай надзейнай і безаварыйнай работы, моцнага здароўя і дасягненняў.


19 снежня падчас сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі была дасягнута дамоўленасць адносна кошту газу і прынцыпаў фарміравання адзінага газавага рынку. «Мы задаволены вынікамі абмеркавання канцэпцыі адзінага газавага рынку ў цэлым і цэнаўтварэння на найбліжэйшыя тры гады. З'явіліся і новыя тэмы ў галіне паставак газу», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

— Сфарміраваная камерцыйная цана, пра якую дамовіліся прэзідэнты, зацверджана і базіруецца на беларускай прапанове. Яна выгадная і камфортная для Беларусі, — паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. — У найбліжэйшы час будуць падпісаны дамоўленасці на пастаўку прыроднага газу ў Беларусь, і ўпершыню цана зафіксавана адразу на тры гады, каб была стабільнасць і можна было ў макраэканамічных разліках зыходзіць з дакладных лічбаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».