Вы тут

Дэпутаты разгледзелі законапраект аб УНС і адобрылі бюджэт на 2023 год


Парламентарыямі працягваецца работа па ўдасканаленні заканадаўства ў развіццё Асноўнага закона краіны — Канстытуцыі. Шэраг найважнейшых законапраектаў былі разгледжаны падчас чарговага пасяджэння дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў. Найбольш рэзансны з іх — праект Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». 


Новы інстытут улады

Праект закона, унесены ў Палату прадстаўнікоў старшынёй Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святланай Любецкай, змяшчае палажэнні, накіраваныя на комплекснае вызначэнне парадку фарміравання Усебеларускага народнага сходу і рэалізацыю ім сваіх паўнамоцтваў, прынцыпаў і арганізацыйных асноў яго дзейнасці, механізмаў разгляду пытанняў, аднесеных да кампетэнцыі УНС. Законапраектам замацоўваецца прававы статус дэлегата УНС, удакладняюцца яго правы і абавязкі. Улічваюцца канцэптуальныя падыходы да фарміравання і дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, яго структуры, кампетэнцыі, паўнамоцтваў яго органаў, устаноўленых Канстытуцыяй. Дзеля захаванасці прынцыпу сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з дзейнасцю УНС, законапраект прадугледжвае карэкціроўку шэрагу дзеючых законаў. 

— У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй, народ удзельнічае ў вырашэнні дзяржаўных спраў у формах і межах, устаноўленых Асноўным законам, — звярнула ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана Любецкая. — Невыпадкоўва абноўлены тэкст Канстытуцыі быў дапоўнены спецыяльнай главой, якая прысвечана новаму інстытуту з яго функцыямі, накіраванымі на забеспячэнне сістэмы выдаткаў і процівагаў у палітычнай сістэме — Усебеларускаму народнаму сходу. У нас ёсць вопыт правядзення такіх сходаў, але з улікам тых задач і выклікаў сучаснага жыцця патрабавалася не толькі абнаўленне, а і ўдасканаленне яго заканадаўчага рэгулявання. 

Парламентарый нагадала, што УНС не мае права ўмешвацца ў работу іншых органаў, падмяняць іх функцыі. Асноўныя задачы Усебеларускага народнага сходу, па словах Святланы Любецкай, — згода ў грамадстве, вырашэнне стратэгічных пытанняў, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця, палітычнай стабільнасці і нацыянальнай бяспекі. 

У інтарэсах дзяржавы і грамадзянскай супольнасці

У першым чытанні дэпутацкім корпусам быў разгледжаны і яшчэ адзін найважнейшы законапраект — «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Праект закона распрацаваны з мэтай прававога забеспячэння рэгулявання сферы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці, накіраваны на кансалідацыю намаганняў асобы, грамадства і дзяржавы па рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, законапраектам прапануецца вызначыць паняцці «грамадзянская супольнасць» і «суб’екты грамадзянскай супольнасці», замацаваць прынцыпы ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, устанавіць асноўныя задачы ўзаемадзеяння дзяржавы і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці. Акрамя таго, рэгламентуюцца спосабы садзейнічання дзяржавы развіццю грамадзянскай супольнасці, дэталізуюцца асобыя формы ўзаемадзеяння дзяржавы і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці.

Праект закона прайшоў усе неабходныя працэдуры для разгляду Палатай прадстаўнікоў. Заўвагі і прапановы, якія паступілі, не маюць канцэптуальнага характару і будуць урэгуляваны пры падрыхтоўцы законапраекта для разгляду ў другім чытанні.

У першым чытанні адобраны праект Закона «Аб змяненні закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах». У прыватнасці, законапраектам замацоўваецца статус Усебеларускага народнага сходу ў якасці суб’екта права заканадаўчай ініцыятывы, а таксама вызначаецца, што ў склад заканадаўства ўваходзіць шэраг рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. З улікам актыўнага ўкаранення сучасных тэхналогій у розныя сферы дзяржаўнага кіравання артыкул 6 Закона («Асноўныя прынцыпы нарматворчай дзейнасці») дапоўнены прынцыпам лічбавізацыі нарматворчай дзейнасці.

Акрамя таго, праектам Закона прапануецца шэраг змяненняў удакладняючага характару. У прыватнасці, уносяцца карэкціроўкі, накіраваныя на забеспячэнне ўнутранай узгодненасці палажэнняў Закона, выключаюцца неадназначныя тлумачэнні яго норм, а таксама канкрэтызуецца іерархія асобных нарматыўных прававых актаў.

Другое чытанне прайшлі праекты Законаў, якія датычацца змяненняў у заканадаўстве аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, аб Савеце міністраў нашай краіны.

Бюджэт: збалансаванасць і сацыяльная скіраванасць

У другім чытанні парламентарыямі прыняты праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Дакументам прадугледжваюцца сістэмныя меры па ўдасканалені падатковага заканадаўства з улікам вынікаў яго практычнага прымянення, дасягненні аптымальнага ўзроўню падатковай нагрузкі на эканоміку, далейшым спрашчэнні парадку падліку і выплаты канкрэтных падаткаў. 

Прагаласавалі дэпутаты і за праект Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год», які прайшоў другое чытанне, — такім чынам асноўны фінансавы дакумент краіны на будучы год зацверджаны. Расходы рэспубліканскага бюджэта запланаваны ў аб’ёме 36,5 мільярдаў рублёў, даходы — у 33,4 мільярдаў рублёў. 

Бюджэтная палітыка ў 2023 годзе будзе накіравана на вырашэнне такіх задач, як забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах існуючых даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту бюджэту. Узмацняецца сацыяльная арыентаванасць расходаў, у тым ліку за кошт рэалізацыі мер, накіраваных на павышэнне якасці жыцця насельніцтва, дабрабыт супрацоўнікаў бюджэтнай сферы, падтрымку шматдзетных сем’яў. Бюджэтныя сродкі канцэнтруюцца на кірунках, якія забяспечваюць дасягненне стратэгічных мэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, устаноўленых праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку. Аптымізуецца структура дзяржаўнага доўгу, уключаючы частковае выкананне абавязкаў па пагашэнні дзяржаўнага доўгу за кошт падатковых крыніц.

Акрамя іншага, дэпутаты разгледзелі законапраекты, якія датычацца дзяржаўнага прагназавання і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, сферы дзяржаўнай статыстыкі, пытанняў прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. 

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алены Каляснёвай, законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці» забяспечвае комплексны падыход да інтэлектуальнай уласнасці. «Адпаведныя змяненні ўносяцца ў шэсць законаў, — удакладніла парламентарый. — Перш за ўсё нацыянальнае заканадаўства прыводзіцца ў адпаведнасць з нормамі міжнароднага права. У прыватнасці, Дагавор аб таварных знаках Еўразійскага эканамічнага саюза. Таксама ў нас з’яўляецца механізм, які прапаноўвае ў Закон „Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання“ ўнесці таварны знак Еўразійскага эканамічнага саюза». 

Алена Каляснёва нагадала, што на сістэмнай аснове праводзіцца работа па барацьбе з экстрэмізмам. Змяненні ў гэтай сувязі закранаюць і заканадаўства па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. У прыватнасці, калі на папярэднім этапе той жа заўкі на таварны знак выяўлена, што выява, якая прапаноўваецца, адносіцца да экстрэмісцкіх, то працэдура рэгістрацыі таварнага знака будзе прыпынена. Гэта датычыцца і геаграфічных указальнікаў. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.