Вы тут

Сучасную дзіцячую літаратуру абмеркавалі на пленуме Саюза пісьменнікаў


У Доме літаратара прайшоў пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі, які быў прысвечаны пытанням сучаснай дзіцячай літаратуры.


Удзельнікамі сустрэчы сталі сябры саюза, кнігавыдаўцы, настаўнікі, бібліятэкары, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Падчас пленума былі абмеркаваны накірункі развіцця дзіцячай літаратуры, а таксама пытанні, якія паўстаюць перад пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар  галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч адзначыў, што сённяшняя сустрэча адрозніваецца ад традыцыйных фарматаў працы саюза:

— Паставіўшы на разгляд пытанне пра ўдзел літаратараў у выхаванні юных чытачоў, у стварэнні дзіцячай літаратуры, мы запрасілі да размовы шмат каго з зацікаўленых: сёння разам з членамі праўлення Саюза пісьменнікаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, бібліятэкары, літаратары, якія не з’яўляюцца сябрамі саюза, але настойліва, усё жыццё працуюць у дзіцячай літаратуры. Сённяшняя размова адбываецца ў атмасферы, якую мы спрабавалі стварыць раней у перыёдыцы. У газеце «Літаратура і мастацтва» была наладжана дыскусія па праблемах дзіцячай літаратуры, а ў газеце «Звязда» прайшоў круглы стол на гэтую тэму. Цэлы шэраг матэрыялаў быў размешчаны ў тэлеграм-канале Саюза пісьменнікаў Беларусі. У рэгіёнах краіны нашы абласныя аддзяленні таксама паспрабавалі ўзняць актуаліі, звязаныя з тэмай пленума. Літаральна сёння, падчас правядзення пленума, у мінскіх бібліятэках праходзяць сустрэчы дзіцячых пісьменнікаў з чытачамі.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі падкрэсліў, што працэс стварэння і выдання дзіцячай літаратуры патрабуе сумеснай работы Саюза пісьменнікаў, прэзідыума і неабыякавых людзей:

— Мы не падаем у тыражнасці і колькасці выдаваемых кніг — гэта мае вялікае значэнне для нашай краіны. Мы не павінны страціць сегмент беларускай літаратуры — гэта наш гонар. Літаральна сёння ў Міністэрстве інфармацыі мы разважалі аб айчынных пісьменніках, якія па нейкіх прычынах публікуюцца ў выдавецтвах Расійскай Федэрацыі. Трэба арганізаваць работу так, каб нам было цікава працаваць сумесна. Трэба шукаць формы стымулявання і не толькі матэрыяльныя. Мы, у сваю чаргу, гатовыя прыкласці да гэтага руку.

Асноўнымі пытаннямі, якія былі абмеркаваны падчас пленума, сталі развіццё і папулярызацыя дзіцячай літаратуры. Як адзначыла першы намеснік старшыні СПБ Алена Стэльмах, у сучасным лічбавым сусвеце, які перанасычаны інфармацыяй, цікавасць да кнігі падае. Прэстыжнасць, абранасць і элітарнасць папяровага выдання значна ніжэйшая, чым у мінулыя эпохі. Менавіта таму перад дзіцячымі пісьменнікамі стаіць важная задача: прывіваць любоў да кнігі з самага дзяцінства. Акрамя таго, сучасная дзіцячая і падлеткавая літаратура павінна не толькі знаёміць з сусветам, але і быць актуальнай, даваць адказы на пытанні, з якімі сутыкаецца дзіця.

Аб тым, наколькі важна першая кніга ў жыцці кожнага чалавека, сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык:

— Пытанні развіцця сучаснай дзіцячай літаратуры з’яўляюцца вельмі актуальнымі. Роля кнігі, каштоўнасць дзіцячага чытання ў грамадскай свядомасці асабліва высокая. Кніга — магутны сродак выхавання, які садзейнічае развіццю ў дзяцей любові да нашай радзімы і роднай мовы. Кніга, якая прачытана ў дзяцінстве, застаецца ў памяці надоўга, уплывае на далейшае развіццё, фарміруе светапогляд, выпрацоўвае пэўныя нормы паводзінаў. Чытанне пранізвае ўсе этапы жыцця: дзяцінства, юнацтва, сталасць. Сучасная дзіцячая літаратура імкліва змяняецца, яна перастае быць проста займальнай ці асветніцкай. Яна дэмаструе мадэлі паводзінаў, дапамагае разабрацца ў той ці іншай сітуацыі.

Падчас пленума можна было азнаёміцца з кніжнай прадукцыяй беларускіх выдаўцоў, адрасаванай дзецям, у тым ліку з кнігамі, якія пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда».

Арына КАРПОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».