Вы тут

Чаму кніга «Прыгоды дамавічкоў» Ягора Конева стала сапраўдным хітом?


Ягор Конеў — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар, казкі якога ўжо надзіва палюбіліся юным чытачам Беларусі. Кнігі таленавітага аўтара, заснаваныя, як правіла, на багатым, напоўненым розных таямніц, беларускім фальклоры, не залежваюцца ў кнігарнях, распаўсюджваюцца даволі хутка. Вось і «Прыгоды дамавічкоў», кніга з чатырох казак («Дамавічкі і Хлеўнік», «Дамавічкі і моўная неспадзяванка», «Дамавічкі і горкія лекі», «Дамавічкі і Лесавік»), у Выдавецкім доме «Звязда» выходзіць ужо трэцім выданнем. Уражлівы прыклад па сённяшнім часе. Хаця параўнальна нядаўна трыма выданнямі ў «Звяздзе» выйшла і добра вядомая аповесць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага «Насцечка». 


Пра што ж гэтая кніга, якая карыстаецца такой папулярнасцю?.. Здавён так павялося, што на вёсцы ў кожнай хаце ёсць дамавік. А ў сяле Зарэчча ў дамку на ўскраіне іх аж двое — дамавічок Шушык і дамавушка Жуля. Руплівы Шушык любіць ва ўсім парадак, а гарэза Жуля любіць, каб заўсёды было весела. Але паміж сабой яны жывуць у згодзе і разам пільна сочаць за тым, каб людзі ў доме не хварэлі, а свойская жывёла не зазнала ніякага гора. Дамавічкі сумесна адваджваюць ад дома і яго жыхароў усялякае ліха і злыбяду. Кожная перажытая імі прыгода знаёміць з багатым светам беларускага фальклору і з правіламі разумнага жыцця. 

Мастак кнігі «Прыгоды дамавічкоў», адрасаванай дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, — цікавы, са сваім уласным светабачаннем ілюстратар Вікторыя Чарняўская. Яе ілюстрацыі красамоўныя, істотны дапаўняюць аповяд казачніка Ягора Конева. 

Казкі «Прыгоды дамавічкоў» можна набыць ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» у Мінску і розных гарадах нашай краіны альбо ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Ф. Скарыны, 72. Дарэчы, у «Акадэмкнізе» да ўвагі пакупнікоў — і «Прыгоды дамавічкоў» з аўтографамі пісьменніка Ягора Конева. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.