Вы тут

Піжонская драма з Ганконга пад таямнічай назвай «Збавенне»


Працягваем агляд ігравога конкурсу «Лістапада». Новая «ахвяра» нашага, цалкам прадузятага, разбору — піжонская драма з Ганконга пад таямнічай назвай «Збавенне» (у праграме фэсту дэманстравалася другой). Некаторыя замежныя часопісы ўжо прадракаюць амбіцыйнаму дэбюту маладога рэжысёра Кельвіна Шума, прысвечанаму блуканням па лабірынтах памяці, сусветную славу, а самому пастаноўшчыку — паспяховую кінакар’еру. Паспрабуем разабрацца, у чым хаваецца сакрэт карціны і чаму, пры ўсіх сваіх вартасцях, яна засталася незаўважанай журы  «Лістапада», не атрымаўшы на кінафестывалі ніводнай узнагароды.


«Збавенне» («Deliverance») — міжнародная назва праекта. Кітайскае ж імя карціны складаецца з трох слоў. Першае з іх можна перакласці як «крыніца», астатнія два, пастаўленыя побач, уяўляюць сабой семантычнае адзінства, па значэнні блізкае да слова «грэх». Такім чынам, арыгінальную назву фільма было б правільней перакласці як «Крыніца граху». Ды гэткая сэнсавая няўзгодненасць не магла адбыцца без, даруйце, рэжысёрскай згоды (тым больш што ўраджэнец двухмоўнага Ганконга Шум аднолькава добра размаўляе як па-кітайску, так і па-англійску). Пацвярджэннем служыць той факт, што назвы не толькі дапаўняюць адна адну, але і, узятыя разам, раскрываюць галоўны сюжэтны паварот.

А сюжэт тут, трэба адзначыць, вельмі завілісты, калі не сказаць мутны… Ніколь (Самер Чан) вяртаецца ў Ганконг пасля працяглай вучобы за мяжой і ўз’ядноўваецца з трыма сваімі братамі: Джозефам (Сайман Ям), Уільямам (Джасцін Чун) і Ааранам (Рон Нг). Вось ужо пятнаццаць гадоў мінула з таго дня, як цяжкая хвароба адабрала жыццё іх маці (паводле афіцыйнай версіі). Увесь гэты час Ніколь пакутуе ад эпілептычных прыпадкаў, галюцынацый і кашмараў, якія вяртаюць яе ў дзень смерці маці. Маладая жанчына шукае збавення ў гіпнатэрапіі і з дапамогай старэйшага брата Джозефа — навукоўца, прыхільніка тэорыі гіпнозу — спрабуе разблытаць клубок траўматычных успамінаў.

Па меры паглыблення ў нетры памяці гераіня пачынае падазраваць штосьці нядобрае. Невядомыя раней дэталі праліваюць святло (па-нуарнаму мізэрнымі порцыямі) на жудасныя падзеі пятнаццацігадовай даўнасці. З кожнай вылазкай у глыбіні свядомасці змрочныя здагадкі Ніколь знаходзяць новыя пацвярджэнні, а цянёты яе сумненняў зацягваюцца ўсё мацней. Здаецца, яшчэ крыху — і вачам адкрыецца нейкая страшэнная тайна, але сеансы штораз абрываюцца на самым цікавым месцы. Фарбы згушчаюцца, калі становіцца вядома, што Уільям, сярэдні брат, — не апошні чалавек у крымінальных колах Ганконга, ён звязаны з падпольным гульнявым бізнесам і займаецца ліхвярствам.

Словам, гісторыя заблытаная: на шляху да фінальных цітраў гледачоў чакае не адзін рэзкі паварот, а ў самым канцы — мёртвая пятля! Нечаканая развязка сапраўды пераварочвае ўсё дагары нагамі, але пры гэтым не выклікае расчаравання, бачыцца ненадуманай і, больш за тое, лагічна вынікае з папярэдніх падзей, за што аўтарам нізкі паклон (у якасці сцэнарыстаў выступілі рэжысёр Кельвін Шум і яго брат Кайл Шум, які таксама зняўся ў невялікай ролі). Вам, напэўна, цікава, якім жа чынам розныя назвы карціны раскрываюць галоўную сюжэтную таямніцу? Што ж, можам толькі намякнуць: паводле аўтарскай задумы, атрымаць збавенне магчыма адно выявіўшы крыніцу граху.

Зрэшты, якая развязка — не так істотна (як ні круці, а дэтэктыўны зачын вымагае адпаведнай кульмінацыі), важна ж, што пастаноўшчык, беручы прыклад з найвялікшых містыфікатараў ад свету кіно (на думку прыходзяць імёны Орсана Уэлса, Дэвіда Лінча), насычае прастору вакол свайго твора кантэкстам. Папярэдняя работа Кельвіна Шума — кароткаметражная стужка «Мы ўсё пераадолеем» («We shall overcome») 2019 года — найлепшая ілюстрацыя падыходу. Кантэкст: стужка падарыла апошнюю ролю вядомаму ў вузкіх колах амерыканскаму акцёру Лені фон Долену, які прыклаў руку, сярод іншага, да франшыз «Адзін дома» і «Твін Пікс» (зноў Дэвід Лінч). Артыст пайшоў з жыцця гэтым летам.

Падобныя камеа, упэўнены, рэдка бываюць выпадковымі, і з’яўленне ў цітрах імя акцёра, чыім найбуйнейшым дасягненнем стала роля ў «Твін Пікс», адным з галоўных артыкулаў амерыканскага серыяльнага экспарту, — гэта не проста чарговае супадзенне. Больш за тое, у падобных кастынгавых рашэннях можна адшукаць і ключ да крайняй работы пастаноўшчыка — яму ўласцівы арыентацыя на Галівуд, разуменне кіно як мроі, сна. На станаўленне крэда рэжысёра відавочна паўплывала і шматгадовае навучанне за мяжой: у кінашколах Мельбурна (Аўстралія) і Лос-Анжэлеса (ЗША). Горад Анёлаў стаў месцам сілы і для двойчы згаданага ўжо Дэвіда Лінча.

Між іншым, Орсан Уэлс таксама быў названы невыпадкова, і вось чаму… «Збавенне» — гэта перш за ўсё фільм-нуар (жанр па паходжанні амерыканскі). А тут ужо, хочаш не хочаш, пазбегнуць уплыву агульнапрызнанага класіка, які на гэтай ніве, здаецца, зубы з’еў, не атрымаецца. Няхай і апасродкавана, не напрамую, але такія фільмы, як «Грамадзянін Кейн» (заўважце, стужка 1941 года таксама прысвечана «блуканням па лабірынтах памяці»), «Чужаземец» (1946) і асабліва «Лэдзі з Шанхая» (нават фабула ў фільме 75-гадовай даўнасці чымсьці падобная) пакінулі свой след на «Збавенні» Кельвіна Шума, аказаўшы ўплыў у першую чаргу на мастацкае рашэнне нашумелай ганконгскай карціны.

Прынамсі, усе фармальныя прыкметы стылю тут захаваны. Мяркуйце самі, большую частку хронаметражу на экране пануе ноч (прычым цемра непраглядная), улюбёны святлоценявы малюнак мастака-пастаноўшчыка (Ірвін Чун) — контражур, а колеравая гама — ледзь не манахромная (сцэны ўспамінаў вырашаны ў розных колерах: люмінісцэнтна-сінім, зялёным, чырвоным — і асобна вылучым трывожнае ржава-аранжавае спалучэнне). Да таго ж стужка наследуе канону і на сцэнарным узроўні: месца дзеяння — вялікі горад і яго завулкі, зыходны пункт сюжэту — загадкавая смерць (забойства?), а адзін з цэнтральных персанажаў — дэтэктыў (малодшы брат Ааран).

«Усё гэта добра, але што ў такім разе не спадабалася экспертам?» — пэўна, не разумееце вы. Меркаваць за іншых, канешне, справа няўдзячная, ды мы паспрабуем… Акрамя таго, што стужка папросту аказалася слабейшай, чым некаторыя іншыя, маецца ў ёй і шэраг фундаментальных праблем. Так, сцэнарый, нягледзячы на ўсе заслугі, атрымаўся непрыстойна шматслоўным, а сумбурны мантаж грашыць нелагічнасцю на ўзроўні канкрэтных сцэн. Увенчваюць карціну цалкам праваленая экспазіцыя і занадта меладраматычны эпілог (які, па вялікім рахунку, не патрэбны зусім). Відаць, што рэжысёр упершыню бярэцца за вялікі метр: дзе-нідзе на плёнцы карысна пакінуць і паветра.

Пачаткоўца выдае і спецыфічная недальнабачная рэжысура кароткаметражнага кіно, калі фільм нібыта скроены з разнародных эпізодаў. Нават на ўзроўні рухаў камеры, змены планаў і, само сабой, музычнага суправаджэння кожны з такіх эпізодаў вымагае эмацыянальнага ўцягвання, ставіць на кон апошняе (падобнымі прыёмамі, толькі наўмысна, каб утрымаць увагу гледача, карыстаюцца стваральнікі мыльных опер). Да фіналу спустошаны глядач дапаўзае зусім без сіл. Верагодна, рэжысёр занадта літаральна разумее ідэю, нібыта кожная сцэна ў фільме павінна мець закончаную, пажадана трохчленную, структуру: завязка, развіццё, кульмінацыя.

Але і гэта яшчэ не галоўная праблема стужкі. У рэшце рэшт пачаткоўцу такое лёгка дараваць. Што сапраўды абурае — дык абсалютная, бессаромная пустата на месцы сэнсу, адсутнасць унутранага зместу і… безыдэйнасць. Усё тут нейкае другараднае і пустацелае, а мозгу нават няма за што зачапіцца. Самае ж горшае — гэта ні кроплі не смешна! Хоць бы раз пажартаваў рэжысёр, хоць адзін. Больш за тое, ён і чужых жартаў не разумее… Так, у адным з драматычных эпізодаў фільма гучыць знакамітая першая «Гнасіена» («Gnossienne № 1») Эрыка Саці. Мелодыя, безумоўна, чароўная, адна з найпрыгажэйшых у гісторыі, ды толькі яна наскрозь іранічная!

Падсумоўваючы, скажам: атрымалася што атрымалася — чарговы вестэрнізаваны экранны прадукт. Зрэшты, талент у пастаноўшчыка маецца, можна толькі пажадаць яму далейшых творчых поспехаў на ніве вялікага кіно. Чаго рэжысёру дакладна не пазычаць — дык гэта дару кліпмэйкера…

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».