Вы тут

«Я любіў у жыцці быць непрыкметным, а ў літаратуры быць непрыкметным немагчыма». Творчы Шлях Уладзіслава Рубанава


Творчыя лёсы, як і жыцця пракосы. Падабенства ў кожнага чалавека няма і быць не можа. Ужо хоць бы таму, што ў абодвух выпадках не ўсё залежыць ад яго самога. Хай гэта творца ці звычайны грэшны, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, адзін з «мільярда двухногіх». Жаданні, несумненна, шмат значаць і пры пэўных намаганнях даюць чаканы плён. Ды над кожным ёсць яшчэ і воля Гасподняя. А Усявышні лепш ведае, што павінна быць і як. Таму і сталася так, што Уладзіслаў Рубанаў за дзесяць гадоў выдаў пяць кніг.


Першая з іх — «Вокны без фіранак» (1981) — на маім пісьмовым стале. Выйшла ў некалі папулярнай серыі «Першая кніга празаіка». Памятаю, як хораша, светла было на душы, калі ўпершыню далучаўся да лёсу яе персанажаў. Усе яны — студэнты, вяскоўцы, нядаўнія гараджане, якія вярнуліся на перыферыю, а па ўзросце і маладыя, і старэйшыя, прататыпаў якіх пісьменнік ведаў. З дзесяці твораў найбольш уразіла апавяданне «Свеціцца лісце», што гэты зборнік адкрывае.

Твор пра студэнта-выпускніка Алеся Мірончыка, у якога раптам адбыўся душэўны пераварот: «Хацелася нечаканага незвычайнага і да забыцця ўражлівага, бясконцага, як сусвет. Каб яго хапіла на ўсё жыццё і каб боязна было падумаць, што знойдзенае абарвецца некалі, як абрываецца ў рыбака лёска, калі ён цягне неспакойна дужую рыбіну, і што прыйдзе потым позняе ўсведамленне згубленага шчасця, ад якога застанецца толькі горкае расчараванне».

У гэтую хвіліну ён думаў пра Любку-аднакурсніцу. Кахаў яе пяць гадоў, але ніяк не мог у гэтым прызнацца. Нарэшце запрасіў за горад, дзе прыйшла чаканая часіна ўзаемнасці: «Лёгка было на душы. Для поўнага шчасця не хапала хіба толькі крылляў, каб узляцець у неба і кружыцца ў ім разам з вяртлявымі шылахвостымі ластаўкамі».

Любка, аднак, не такая рамантычная, як ён. Да яго захаплення, што лісце — без сонца — а свеціцца, паставілася спакойна «“Ну і што?” — паціснула плячыма…». Алесь спрабуе пераканаць, якая непаўторная прыгажосць наўкола, які важны гэты момант у іх жыцці, бо зразумелі ўжо, што неабходны адно аднаму. Толькі не здагадваюцца яшчэ, што праз гады ўспомняць і гэтую паездку за горад, і гэтае свячэнне лістоты — сапраўднае свята пачуццяў.

Апавяданне «Светлае лісце» — пранізліва-яснае, надзіва ўзнёслае. Адчуваецца, што пісалася на адным дыханні, як можа пісацца твор, у які аўтар, сумнявацца не даводзіцца, укладвае ўсю сваю душу. У кніжцы і проза на так званую гарадскую тэматыку — «Леапольд», «Ты мне вярнула пяшчоту». Але персанажы іх — рэзкая супрацьлегласць Алесю. Ужо тады Уладзіслаў Рубанаў добра разумеў, што ў жыцці святаў куды меней, чым будняў. Яны ж, будні гэтыя, часта пазбаўлены прывабнасці, бо агаляюць у чалавеку шмат і наноснага, нават бруднага.

Малады пісьменнік асуджаў прыстасаванства, спекуляцыю («Леапольд»). Паказваў, да чаго можна дайсці, калі жыць толькі па разліку, забываючы аб няпісаных законах маральнасці («Ты мне вярнула пяшчоту»). Узіраючыся ў жыццё, апісваў яго так, як сапраўдны жывапісец. Запыняў увагу на плыні паўсядзённасці, перакананы, што якраз з саміх будняў і пачынаецца тое, што значна пазней дазволіць нашчадкам меркаваць пра нас і нашы справы.

Апавяданні «Плісіца», «Буслы на снезе», «На радаўніцу», «Паляванне» — своеасаблівыя накіды да нечага больш значнага. Ды і таго, што пра персанажаў апавядаецца, дастаткова, каб меркаваць пра іх індывідуальнасць. Усе яны жывуць у вёсцы. Але гэта не так званая вясковая проза, а, калі быць дакладным, проза з маральна-этычнай падсветкай. Жыццё вёскі — фон, на якім раскрываюцца няпростыя характары.

Былі ўсе падставы гаварыць пра плённасць аўтарскіх пошукаў у спасціжэнні складанасці ўнутранага жыцця нашага сучасніка.  Хоць першая кніга сведчыла і аб тым, што калі-нікалі аўтару бракавала ўмення належна будаваць сюжэт, вылучыць галоўнае ў паводзінах персанажаў. Часам злоўжываў дыялектнымі словамі. Некаторыя апавяданні — «Тры дні ў касавіцу», «На радаўніцу», «Ты мне вярнула пяшчоту» — расцягнутыя. Яны шмат выйгралі б, калі б былі апушчаны пабочныя эпізоды, непатрэбныя падрабязнасці.

Вартасці і недахопы прозы Уладзіслава Рубанава на пачатку яго творчасці добра адчула крытык Лідзія Савік: «Найбольш удаліся У. Рубанаву апавяданні, прысвечаныя вёсцы». Яна заўважыла і перанасычанасць асобных твораў мясцовай гаворкай, звярнула ўвагу на частае ўжыванне слова «маіць». І ўсё ж кніжка «Вокны без фіранак» прагучала. Яе заўважылі тыя чытачы, якія любяць беларускую літаратуру, не зважаючы, ці з’яўляецца пісьменнік любімцам крытыкаў.

Па-сапраўднаму крытыка звярнула ўвагу на Ула- дзіслава Рубанава пазней, калі ён выдаваў кнігу за кнігай. Адчулі, што ён самабытны, перспектыўны пісьменнік. І што — таксама важна, хоць пра гэта звычайна і не гавораць, — сумленны. Правільнасць падобнага меркавання пацвердзіла ўжо кніга «Пахі адталай зямлі».

На карысць гэтага асабліва сведчыла аповесць «Каштаны». Галоўны герой яе Пётр Чаронка — з шэрагу людзей, якія знаходзяцца на самым пачатку сваёй самастойнай жыццёвай дарогі. Пытанні, што паўстаюць перад кожным новым пакаленнем — як жыць, што чакае цябе наперадзе, дзе арыенціры, якія стануць пуцяводнай зоркай? — для яго набываюць большы значны сэнс, чым для некаторых. У многім ён не такі, як усе. Там дзе іншыя шукаюць зручнейшы шлях, ён выбірае цалік. Для яго сумленнасць, прынцыповасць — не гучныя словы.

Апавяданні з другой кнігі Уладзіслава Рубанава з першай узялі тое лепшае, што характарызавала яго прозу: павага да факта, эмацыянальна-вобразная насычанасць, метафарычнасць радка, разгорнутасць пейзажаў, строга выяўленая індывідуальнасць персанажаў. А яшчэ паважнае стаўленне да звычайных людзей.

Апошняе крытыцы не спадабалася. Яна, праўда, не адмаўляла, што героі надзелены «самымі лепшымі духоўнымі задаткамі з маральна-этычнага кодэксу чалавецтва», але… З’явілася і такая выснова: «<…> перад намі звычайныя “сярэднія” людзі са сваім “сярэднім”, нягледзячы на ўсю нязвыкласць і трагічнасць лёсаў, жыццём». Маўляў, ні да чаго добрага твае ваганні, дарагі творца, не прывядуць. Як ні пішы, а «сярэднясць» застанецца.

Канешне, можна паразважаць і наконт таго, што не так важна, які персанаж прываблівае пісьменніка: той самы «сярэдні» ці звычайны інтэлектуал, інтэлігентнасць якога, праўда, не ідзе далей захаплення ўсім чужаземным, а ён падае яго нам, чытачам, як індывідуальнасць. Няхай і з усім адмоўным. Ці і сам застаецца на ўзроўні гэтай сярэднясці ў асэнсаванні падзей, з’яў, учынкаў.

Толькі ў гэтым няма патрэбы, бо «сярэдні» герой Уладзіслава Рубанава, скажам, не хто іншы, а былы франтавік, які застаўся без рук, сумленны і прынцыповы чалавек Пётр Максімавіч Рубчэня, з якога бярэ прыклад малады журналіст Мікалай Бібічык. Гэта я ўжо зазірнуў у трэцюю кнігу Уладзіслава Рубанава «Цёплы пух адуванчыкаў», а калі дакладней — у аповесць «Разам па жыцці». Рубчэня — сапраўдны народны характар. Ёсць чаму ў яго павучыцца. Што і робіць Бібічык, ад імя якога вядзецца аповед.

Каларытны і Грышка Пруцікаў з аповеці «Грыбавар». Ён таксама «сярэдні персанаж», «маленькі чалавек на зямлі», як сказана ў творы. Быццам нічога адметнага ў ім. Увесь час жыве ў родных мясцінах. Працаваў на трактары, а цяпер кінуў «з-за прынцыпу», бо не змог дараваць старшыні калгаса абразы. Ды і ў сям’і ў Грышкі нелады, дачка ніяк не ўладкуе асабістае жыццё, а сын, дэмабілізаваўшыся з войска, пабіў чалавека, адбывае пакаранне.

А колькі такіх Пруцікаў на нашай грэшнай зямлі?! Сумленныя, яны — само ўвасабленне душэўнай чысціні і прыгажосці, трываласці народнай маралі. Пра гэта і не забывае Уладзіслаў Рубанаў, падаючы жыццяпіс «маленькага чалавечка». «Людзі не могуць паасобку, рана ці позна сутыкаюцца, якія б яны чужыя ні былі, дзе б яны ні рабілі, у якіх бы дамах ні жылі б, бо ва ўсіх у іх пад ботамі зямля, як той асінавы злом для розных птушак, мурашоў ды казюлек» — у гэтых словах увесь Грышка Пруцікаў, сам-насам з людзьмі, з зямлёй і з самім сабой. А гэта таксама важна, бо ён, як ніхто іншы, суровы суддзя сваім учынкам і паводзінам, свайму ўчарашняму і сённяшняму. І будучыні таксама. І тое, што ў канцы аповесці Грышка «ставіў зруб: паклаў ужо некалькі вянцоў, і яны кожнаму кідаліся ў вочы спелай, васковаю жаўцізною», чакаў сына з турмы — пацвярджэнне правільнасці і трываласці яго жыццёвай пазіцыі.

Сустрэча бацькі з сынам у творы займае не так і шмат месца. Аднак адразу відаць, наколькі Уладзіслаў Рубанаў умее псіхалагічна дакладна паказаць чалавечую душу, як уважлівы ён да перадачы зрухаў, якія адбываюцца ў людзей тады, калі штосьці ў іх жыцці перайначваецца. Тое, чым жылі дагэтуль Грышка Пруцікаў і яго жонка Лісаветка, больш-менш усталявалася, увайшло ў звыклую каляіну. Канешне, не пакідалі думкі-развагі пра сына, але ў астатнім існавала пэўнасць. Цяпер жа павінна адбывацца новае прыціранне адзін да аднаго — у першую чаргу бацькі да сына і, наадварот, сына да бацькі. Асабліва калі ўлічыць, што Міша ўжо не ранейшы. У хвіліны роспачы, няпэўнасці, азлобленасці, праўда, падагрэтай чаркай, ён каторы раз гатовы перайсці мяжу даверу: «Бацька, адстань! — раптам сказаў скрозь сцятыя зубы. — Не лезь мне ў душу, ты мяне знаеш…» «Не лезь мне ў душу» — хутчэй не пагроза, а боль. Страшны боль, калі чалавек адчувае, што ўсё нібы насуперак яго волі, быццам нейкі злы знак вісіць над яго лёсам.

На фоне іншых твораў у кнізе «Цёплы пух адуванчыкаў» (у яе ўвайшлі таксама аповесць «Грэцкі арэх», шэраг апавяданняў) аповесць «Грыбавар» вылучаецца цвярозым стаўленнем да жыцця. Не выйгрышныя героі, не нечаканыя сітуацыі вабілі Уладзіслава Рубанава. Ён прыглядаўся да пластоў жыцця, якія не заўсёды навідавоку. Каб убачыць іх, неабходна мець і пачуццё грамадзянскасці, чалавечнасці. Увогуле, задума твораў, падобных «Грыбавару», выспявае спакваля. Калі працэс гэты паскорыць, то можна шмат страціць у мастацкіх адносінах.

Падобнай унутранай перасцярогі Уладзіслаў Рубанаў не мог не адчуваць, таму адначасова працаваў і над творамі іншай праблематыкі. У гэтым пераканала кніга «Таямніца птушынага гнязда», адрасаваная старшакласнікам.

Век Уладзіслава Рубанава быў нядоўгім — усяго 41 год. Яго жыцця абарвалася трагічна 21 ліпеня 1994 года. Звычайна ў падобных выпадках сцвярджаюць: пры нявысветленых абставінах. Ніхто яго не забіваў. Ніхто на яго руку не падымаў, толькі… Чытаеш пасмяротна апублікаваны раман «Не аднойчы забіты» («Маладосць», 1994, № 1, 2), які неўзабаве выйшаў асобнай кнігай, і адчуваеш, як няўтульна было яму ў жыцці. Галоўны герой Кастусь Чуйкевіч, які працуе ў літаратурным часопісе «Ідэі перамагаюць», — гэта ў пэўнай ступені і ён сам.

Штосьці містычнае ў гэтым запісе ў нататках 1972—1992 гадоў («ЛіМ», 1999, 10 верасня, публікацыя Алеся Асташонка): «Сёння, 10 жніўня 92-га, раніцою я, прачнуўшыся, убачыў ніжэй левага пляча, каля ключыцы, драпіны. Паралельна плячу. Іх пяць, дзве з іх перакрыжаваныя. Такія (выдзелена самім Уладзіславам Рубанавым. — А. М.) падобныя на Ісусе Хрысце. Іх, канешне, мог сам я нанесці ў сне, а можна думаць, што гэта якісьці загадкавы знак. Здаецца, яшчэ раней на пальцах ні з таго ні з сяго (адкуль?) я выяўляў парэзы. Паходжанне іх мне не помнілася…»

Роздум выклікае і гэты запіс: «Я любіў у жыцці быць непрыкметным, а ў літаратуры быць непрыкметным немагчыма». Сапраўды, у параўнанні з тымі, хто пішчом лез даказваючы сваю геніяльнасць, а тым больш з асобнымі сённяшнямі «классікамі», ён быў непрыкметным. Ды ці не гэтая «непрыкметнасць» па-свойму засведчыла яго таленавітасць?! Для літаратуры ён зрабіў шмат. У тым жа 1994 годзе выйшла і яго кніга «Дзяўчына з начной кавярні». Праз трынаццаць гадоў раманы «Укус змяі» і «Паветраная жанчына» з’явіліся ў серыі «Беларуская проза ХХ стагоддзя».

Яго творчасць — адзін з найбольш значных набыткаў беларускай літаратуры 80-х — першай паловы 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».