Вы тут

Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў арганізавала круглы стол


Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі напярэдадні Пленума па сучаснай дзіцячай літаратуры і ў межах рэспубліканскай акцыі «Разам з кнігай мы расцём» арганізавала круглы стол, удзельнікамі якога сталі бібліятэкары, супрацоўнікі кніжных крам і пісьменнікі.


Фота: pixabay.com

Падчас сустрэчы пісьменнікі Анатоль Бензярук, Анатоль Брытун, Аляксандр Валковіч, Зінаіда Дудзюк, Любоў Красеўская, Ірына Морых выказалі свае меркаванні і прапановы наконт папулярызацыі дзіцячых і юнацкіх кніг. Кожны з іх шчыра прызнаваўся, што і бібліятэкары, і супрацоўнікі гандлёвых пунктаў для аўтараў з’яўляюцца не проста пасрэднікамі паміж іх творчасцю і чытачамі, але і добрымі сябрамі, дарадцамі, памочнікамі.

Напрыклад, з «Брэсткнігай» Брэсцкае абласное аддзяленне сябруе даўно. У кніжных крамах абласнога цэнтра праходзілі шматлікія літаратурна-тэматычныя акцыі.

А ў «Іскры» і «Дружбе» на самым бачным месцы знаходзяцца палічкі з выданнямі брэсцкіх аўтараў. Дырэктар рэгіянальнага філіяла ААТ «Белкніга» Святлана Худзіцкая адзначыла, што за апошні час продаж дзіцячай літаратуры займае 12 працэнтаў ад агульнага кніжнага гандлю, а за дзесяць месяцаў бягучага года ён павялічыўся да 13 працэнтаў. Прыемна, што ў апошні час бацькі цікавяцца дзіцячымі творамі на беларускай мове.

Дырэктар Брэсцкай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая распавяла пра творчыя акцыі, праекты, сустрэчы, накіраваныя на папулярызацыю кніг сучасных дзіцячых аўтараў. Напрыклад, у рамках штогадовага свята «Бульвар, які чытае» ў наступным годзе плануецца правесці рэспубліканскі фестываль дзіцячай кнігі.

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці абласной бібліятэкi імя М. Горкага Ларыса Верамчук падкрэсліла, што будзе актывізавана работа з моладдзю ў сацыякультурным кірунку, у тым ліку па духоўна-патрыятычным. Яна ўзняла праблему малатыражнасці кніг дзіцячых брэсцкіх аўтараў, з-за чаго многія выданні не трапляюць у бібліятэку, а значыць, узнікаюць складанасці ў правядзенні творчых сустрэч, і заклікала пісьменнікаў дарыць свае кнігі бібліятэцы, самім выходзіць на кантакт. І сапраўды, статыстыка паказвае, што тыражнасць кніг за пяць гадоў значна знізілася.

Пісьменнікі завастрылі ўвагу на неабходнасці рэкламавання кніг брэсцкіх аўтараў і пісьменніцкай дзейнасці на старонках сайтаў бібліятэк, стварэнні пастаянных выставак пісьменнікаў-землякоў. Галоўным вынікам круглага стала стала складанне агульных планаў супрацоўніцтва з «Брэсткнігай», бібліятэкамі вобласці.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.