Вы тут

Літаратура для дзяцей: ад казкі да гаджэта


20 снежня ў Доме літаратара ў Мінску адбудзецца важная падзея: пленум па пытаннях сучаснай дзіцячай літаратуры, які правядзе Саюз пісьменнікаў Беларусі. Будзе абмяркоўвацца шмат важных пытанняў: як заахвоціць дзяцей да чытання, па якіх крытэрыях адбіраць для іх кнігі, як тыя кнігі змяніліся і многае іншае. Напярэдадні пленума на круглы стол «Звязды» «Дзіцячая літаратура Беларусі і выклікі сучаснасці» прыйшлі дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая і намеснік дырэктара па бібліятэчнай справе Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска Алена Чарняўская.


Пра новыя тэмы і фарматы

«Звязда»: Мяняецца час, мяняюцца дзіцячыя кнігі... Калі ў нас з'явіліся вімельбухі, кнігі з адных малюнкаў, і сталі дужа папулярнымі, усе занепакоіліся, што ў юнага чытача візуальнае пачало надта пераважаць над вербальным... А як жа мастацкае слова? Спрачаліся пра беларускія коміксы — ці трэба тэрмінова запаўняць гэтую нішу? А памятаеце, як у 1990-х з'явіліся кнігі дзіцячага хорару, чорнага гумару? Тое, што распавядалася па начах у піянерскім лагеры, раптам легалізавалася і стала выдавацца кніжкамі. І мы зноў дыскутавалі, ці гэта правільна, як паўплывае на дзіцячую псіхіку. Якія новыя жанры, формы і тэмы з'явіліся ў дзіцячай літаратуры апошнім часам?

Алесь Бадак: Змены відавочныя нават па афармленні кніг. Калі нашы кніжкі афармляюць маладыя мастакі, я часам задаю пытанне: ці дзецям гэта будзе зразумела? Таму што вельмі складана, сімвалічна... Але аказваецца, што многімі дзецьмі менавіта такая складанасць успрымаецца лепей, чым традыцыйны малюнак. Яны любяць фантазіраваць, дадумваць... Гэта, дарэчы, і тэкстаў датычыцца. Скажам, нон-фікшн сёння вельмі запатрабаваны жанр у дзіцячай літаратуры. Нават дашкольнікі любяць дзіцячыя энцыклапедыі, пазнавальную літаратуру. У нас «Дзіцячы атлас Беларусі» ўжо чацвёрты раз перавыдадзены.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Сёлета адну з маіх кніг афармляла Юлія Давыдава, маладая мастачка, яшчэ студэнтка. Вельмі стыльныя, незвычайныя малюнкі... Прыемна, калі на прэзентацыі падыходзіць дзяўчынка і кажа: «Калі я толькі ўбачыла вокладку, я зразумела, што гэтую кніжку куплю». Даводзіцца і тэкстамі адпавядаць запатрабаванням сённяшніх дзяцей... Дзецям падабаюцца «жахліўчыкі». Мэта — не запалохаць, а навучыць свае жахі і фобіі пераадольваць. Мы на прэзентацыях абмяркоўваем, чаго яны баяцца. Тут мала што змянілася. Многія баяцца атрымаць дрэнную адзнаку. Адзін хлопчык сказаў, што вельмі баіцца, калі чакае бацькоў з бацькоўскага сходу. Сабак баяцца... Цемры... І чамусьці я не думала, што столькі дзяцей баяцца павукоў. Таму ў маім наступным «жахліўчыку» з'явіўся павук — каб мы маглі гэтую фобію пераадольваць разам.

Міхась Пазнякоў: Калі я працаваў у выдавецтве «Юнацтва», да нас траплялі казкі ў асноўным на фальклорным матэрыяле. А сёння аўтарская казка вельмі шырокай тэматыкі. І правільна. Аўтары паказваюць сучаснае жыццё. Не толькі развіваюць фантазію, але і даюць веды.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Я ў кніжках імкнуся ўсімі магчымымі спосабамі зацікавіць дзіця. Дадаю квэст, нейкую гульню, інтэрактыў, напрыклад, магчымасць звязацца са мной праз «Інстаграм» і атрымаць электронную паштоўку... Раз дзеці сядзяць у сацсетках, няхай там будзе для іх большая карысць, хай там чы-
таюць кніжкі, гуляюць са мной...

Пра пазнавальных герояў

Міхась Пазнякоў: Прэзентацыі Кацярыны нагадваюць спектаклі, яна прыходзіць на іх са сваімі героямі...

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: І на круглы стол, бачыце, з імі прыйшла! Я іх прыдумляю, а пасля замаўляю майстрам зрабіць. Вось Лісачка Красуня, вось — Вухуцік, вось Падабайка... Вельмі б хацелася, каб сёння ў беларускай літаратуры з'яўляліся і новыя сюжэты, і новыя літаратурныя героі. Каб дзеці іх любілі, каб ім хацелася цішотку прыдбаць з іх выявай. Чамусьці да нас прыходзяць толькі замежныя героі, якія і на заплечніках, і на пенальчыках, і на аловачках... У нас падобнага размаху ў папулярызацыі сваёй літаратуры, на жаль, няма. Але вельмі б хацелася.

Алесь Бадак: Гэта не так проста, бо спачатку трэба прыдумаць такога героя, як Чабурашка ці Карлсан... Каб дзеці прынялі яго за свайго. Дарэчы, хіт продажаў у нашым выдавецтве — «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова. Твор, напісаны ў 1930-х гадах... Здавалася б, тэма класавай барацьбы састарэла, што дзецям тут цікавага? У чым сакрэт папулярнасці Міколкі-паравоза?

Міхась Пазнякоў: У гэтай аповесці ўсё супала: адважны герой — равеснік юнага чытача, пераломны час, сама форма падачы матэрыялу, яскравая, з гумарам... У любым пакаленні гэты твор будзе прыцягваць.

«Звязда»: Сёння змены ў ментальнасці пакаленняў адбываюцца ўсё часцей. Пяць гадоў розніцы — і гэта ўжо іншыя дзеці... Маленькі чытач змяніўся, часам нават узнікае думка, ці можа дарослы пісьменнік цалкам зразумець інтарэсы дзіцяці, якое выхаванае на гаджэтах і масавай культуры?

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Так, дзеці мяняюцца. Таму, хоць традыцыйная казка нікуды не дзенецца, ёсць сэнс дадаваць у яе нешта сучаснае. Паколькі я працую ў школе, у мяне ёсць добрая магчымасць зразумець, што дзецям цікава. Напачатку я актыўна выкарыстоўвала «Інстаграм» для сувязі з чытачамі, зараз разумею, што трэба шукаць новыя платформы. Таму што «Інстаграм» — гэта для больш сталых, дзеці сядзяць у ТіkТоk. Дык вось і думаю, ці мне яшчэ засвоіць ТіkТоk, ці гэты ТіkТоk будзе красці ў мяне час, які я магла б патраціць на напісанне твораў?

Міхась Пазнякоў: У мяне трынаццаць унукаў, і ўсе розныя. Самыя малодшыя ўжо не гуляюць у звыклыя нам гульні, ім дай камп'ютар. Вучаць мяне, як на ім працаваць. Для іх важна, каб кніга была таленавіта аформлена. Памятаю, зайшоў у краму «Светач» і чую, як маленькая дзяўчынка крычыць: «Мама, купі!» Аказалася — просіць маю кніжку «Побач з татам», на вокладцы якой — прыгожая дзяўчынка з букетам рамонкаў, а рамонкі як жывыя. Маці кажа: «Гэта на беларускай мове, ты чытаць не будзеш». Я не вытрымаў, падышоў: «Купіце, я вам аўтограф дам». Жанчына недаверліва зірнула, але кніжку ўзяла... А выдавецтва «Народная асвета» замовіла мне кніжную серыю «Свет вакол нас», у якой выйшла пятнаццаць кніг. Наклад разышоўся, але кнігі не былі аформлены малюнкамі. На ўсіх прэзентацыях дзеці гарталі гэтыя кніжачкі і шукалі ў іх малюнкі.

Алена Чарняўская: Зараз у нас перад пленумам праходзіць апытанне па дзіцячай кнізе. Што здзівіла — пішуць дзеці, што ім не важна, як кніга аформлена, галоўнае, каб яна была цікавай. Калі цікава — яны будуць чытаць кнігу нават без малюнкаў. Так адказваюць школьнікі 4-5 класаў.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Але ж гэта вашы чытачы, дзеці падрыхтаваныя?

Алена Чарняўская: Дзеці вельмі розныя, мы прапаноўвалі ўдзельнічаць у апытанні ўсім. У спецыялістаў свой погляд на дзіцячую літаратуру. Мы хацелі б, каб літары ў кнігах былі большыя, малюнкаў болей... А аказалася, што маленькаму чытачу галоўнае — цікавая гісторыя. Дзеці сёння іншыя, мы, бібліятэкары, гэта заўважылі па літаратуры, якую яны бяруць. Яшчэ нядаўна бралі кнігі пра бакуганаў па японскім анімэ, «жахліўчыкі»... Сёння шукаюць якасную кнігу. Каб малюнкі былі не з мультфільмаў. Любяць пра жывёл, напрыклад, кнігі брытанскай дзіцячай пісьменніцы Холі Веб. Прываблівае, што ў тых кнігах вельмі вялікія літары. І дзіця такое радаснае: «Я за дзень прачытаў!»

Пра наклады і незапоўненыя нішы

Міхась Пазнякоў: Любяць дзеці ўсіх часоў чытаць фэнтэзі. Неяк у выдавецтве «Юнацтва» мы прыдумалі серыю «Бібліятэка прыгод і фантастыкі», і якім попытам яна карысталася! Наклады былі шматтысячныя, прычым кніг на беларускай мове.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Зараз не ўяўляецца, што такое было магчыма.

Міхась Пазнякоў: Цяпер немагчыма, бо аўдыторыя іншая стала... Прыйшло столькі масавай літаратуры, кнігі дарагія... Адна з праблем — каб кніга для дзяцей была танная. Калі выходзіла кніга ў 120 тысяч асобнікаў, і цана была зусім даступная. А калі сёння наклад — 500–1300 асобнікаў, значыць, яна будзе дарагая, не зможа канкурыраваць з таннай кнігай, завезенай з-за мяжы. Выдавецтва не можа працаваць на склад. А бібліятэкі не замаўляюць масава, бо ў іх таксама сродкаў не хапае. Хоць у нас каля 2 400 дзяржаўных бібліятэк, калі б кожная замовіла кнігу — ужо які наклад! Мы яшчэ як рабілі... Калі замаўлялі кнігу на беларускай мове накладам 40—80 тысяч, рабілі падаруначны варыянт, напрыклад, 10 тысяч у палепшаным афармленні. А астатняе — у мяккай вокладцы, каб маглі людзі з невялікім заробкам набыць для дзяцей. Пра гэта трэба думаць...

Алесь Бадак: У іншых краінах, той жа Расіі, у кошт кніжкі выдавецтва закладае працэнт на рэкламу. Але гэта спрацоўвае тады, калі гаворка пра масавае, шматтыражнае выданне. Чым меншы тыраж, тым большы сабекошт, і тут сто разоў падумаеш, перш чым дадаць яшчэ і працэнт на рэкламу. Затое беларускую кнігу вельмі шмат рэкламуюць нашы СМІ — як папяровыя, так і электронныя, прычым без ніякіх фінансавых умоў, за што, зразумела, вялікі ім дзякуй. Што датычыцца бібліятэк: так, сёння ў іх не такія магчымасці, як шмат дзесяцігоддзяў таму, але яны па-ранейшаму нашы самыя актыўныя і любімыя партнёры.

«Звязда»: Але ці ўсе тэматычныя нішы ў сучаснай дзіцячай літаратуры Беларусі запоўненыя?

Алесь Бадак: Я складаў кніжку «Як многа гавораць назвы такія» пра беларускія гарады і вёскі. Пачаў збіраць вершы, у якіх згадваюцца канкрэтныя гарады і вёскі. І я не знайшоў ніводнага такога верша ў маладых паэтаў. Але гэтая кніжка вельмі патрэбная, мы ўжо другое выданне робім. У Міхаіла Паўлавіча вельмі карысны накірунак творчасці: хто сёння, акрамя яго, піша для дзяцей пра прафесіі? Ці вось Алесь Карлюкевіч прыдумаў героя — Шубуршуна. Мастацкі нон-фікшн, з дапамогай казачнага героя дзеці набываюць звесткі па геаграфіі, па гісторыі. Чым больш такіх кніг будзе, тым лепш.

Алена Чарняўская: На сённяшні дзень дзецям трэба не супергероі, яны шукаюць герояў, падобных да сябе. У дзяцей, выхаваных на інтэрнэце, вельмі шмат праблем: яны не ўмеюць сябраваць, не могуць зразумець, дзе добра, дзе дрэнна, якія павінны быць паводзіны ў той ці іншай сітуацыі... Параіцца з дарослымі саромеюцца, ім трэба нешта пачытаць. Са мной, калі працавала на выдачы кніг, дзеці дзяліліся даволі сур'ёзнымі сваімі праблемамі. І пра бацькоў расказвалі, і пра сяброўства, і пра каханне сваё… А чаму не з маці, не з настаўнікам? Не знаходзяць разумення. Вось і распавядаюць бібліятэкару. І кнігі пытаюцца па сваіх праблемах, пра эмоцыі, пачуцці, сяброўства, каханне... Карыстаюцца попытам зборнікі для пазакласнага чытання пачатковай школы, бо недастаткова асобных выданняў ці наогул няма кніг пэўных аўтараў. Калі кніга ёсць у спісе пазакласнага чытання, на яе чарга. Такія кнігі варта перавыдаваць.

Міхась Пазнякоў: Самай паспяховай заўсёды з'яўлялася беларуская літаратура для малодшага школьнага ўзросту. Не хапае літаратуры, каб зацікавіць самых маленькіх, ад 2 да 5 гадоў. Для падлеткаў добрай літаратуры заўсёды мала. Алесь Бадак напісаў аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», няблага працуе ў гэтай нішы Сяргей Клімковіч, цікавыя кніжкі стварае Уладзімір Кулічэнка, пазнавальныя і мастацкія.

Алесь Бадак: Часта мы арыенціруемся не на тое, што важна для нацыянальнай літаратуры. У 1990-я да нас хлынулі кніжкі паводле дыснееўскіх мульцікаў. Але нават у Амерыцы ўсур'ёз пра гэтую камерцыйную літаратуру не гавораць. Там ёсць іншыя пісьменнікі, сучасныя класікі, такія як доктар Сьюз — некалькі пакаленняў амерыканскіх школьнікаў выраслі на яго кніжках, пазнавальных, філасофскіх. Напрыклад, пра тое, як на зямлі зніклі ўсе дрэвы, і адзінае зернейка, з якога можа вырасці дрэва, даверылі маленькаму хлопчыку.

Міхась Пазнякоў: Не хапае дзіцячай літаратуры, якая грунтуецца на нашай гісторыі, культуры, мастацтве. Нават для самых маленькіх трэба распавядаць пра гістарычных асоб, дзяржаўных дзеячаў Беларусі, пра мастакоў, кампазітараў, пра тых, хто праславіў Беларусь на ўвесь свет. Створана шмат, але ў асноўным для дарослага чытача. А трэба, каб ад дзіцячага садка дзеці ўсведамлялі, што нарадзіліся ў Беларусі, што ім ёсць чым ганарыцца. Я для выдавецтва «Народная асвета» падрыхтаваў кнігу пра Беларусь, назваў яе «Пра самае галоўнае», распавядаю пра нашу гісторыю ад узнікнення Полацкага княства да нашых дзён. Калі я быў у Турцыі з пісьменніцкай дэлегацыяй, мяне ўразіла, што там распрацавана дзяржаўная праграма чытання, вызначана 300 кніг, якія дзеці павінны прачытаць у малодшых класах. Мэта, як мне патлумачылі, — каб туркі раслі туркамі, а пасля ўжо станавіліся грамадзянамі свету.

Пра тое, як заахвоціць да чытання

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: За чатыры класы прачытаць трыста кніг? Малаверагодна.

«Звязда»: Мы ж з вамі гаворым пра тое, як увогуле прывучыць дзяцей гаджэтаў да чытання...

Алена Чарняўская: У нас ёсць клубы для маленькіх дзяцей «Гадуем чытача самі»... І вось што мы заўважылі: маленькія дзеці слухаюць на беларускай і рускай мове аднолькава ахвотна. Усё разумеюць. Галоўнае, каб кніжка была цікавай. А дарослыя ці баяцца асвойваць беларускую мову, ці лянуюцца. Зараз вельмі актуальныя гучныя чытанні. І вось мы чытаем на іх беларускія кніжкі. Для падлеткаў распрацавалі курс сустрэч з пісьменнікамі. Нядаўна да нас прыходзіў Сяргей Клімковіч. Хочацца, каб яго кнігі гучалі і па-беларуску, бо ён піша пра вясёлае жыццё школы, такіх не хапае.

Алесь Бадак: Ведаеце, у кожнай краіне ёсць свае формы работы з чытачамі. Можна нешта пераймаць. Напрыклад, я чуў, што ў нейкай краіне, калі дзіця падчас летніх канікул прачытае пяць кніжак, то пасля на ўроку настаўніца ўручае яму медаль. Што датычыцца нас, упэўнены: каб прыехаў сюды які замежны дзіцячы пісьменнік і даведаўся, колькі Міхась Паўлавіч і Кацярына выступаюць у школах, спытаўся б: «Вы мільянеры, так?» А яны проста падзвіжнікі... Але, разумееце, не ўсё ў літаратуры, тым больш у дзіцячай, вымяраецца грашыма. І вось такая беларуская форма работы з чытачамі — праз бібліятэкі, школы, дзіцячыя садкі — надзвычай важная, бо яе мэта не зарабіць, а дапамагчы юнаму чытачу стаць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны, любіць сваю зямлю, мову.

Алена Чарняўская: А для бібліятэкараў сустрэча з аўтарамі — вялікая дапамога. Маё дзіця, калі яму было шэсць гадоў, было са мной на сустрэчы ў бібліятэцы з Міхасём Пазняковым. Міхась Паўлавіч тады сказаў: «Што ж мы, беларусы, такія? Французы на французскай мове размаўляюць, немцы на нямецкай, а беларусы на беларускай не размаўляюць». І сын дзесяць гадоў пра гэтыя яго словы ўспамінае і ведае мову, добра чытае па-беларуску. Думаю, нашы чытачы разбяруцца з цягам часу, што такое — сапраўдная літаратура, а навамодныя Барбі ды поні — усё адно аднадзёнкі. У нас ёсць акцыя «Чытаем беларускія кнігі» да Дня беларускага пісьменства. Дзеці самі выбіраюць, якую кнігу чытаць, здымаюць ролікі, якія мы змяшчаем на YouTube-канале. Першы год удзельнічала 87 чалавек, сёлета, акрамя ўдзельнікаў з Беларусі, дасылалі работы з Расіі, Узбекістана, Казахстана. Дзеці чытаюць творы і беларускіх класікаў, і сучасных аўтараў.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: У Барысаўскай бібліятэцы ёсць праект «Казкі на канапе» на YouTube-канале. І хто лянуецца з бацькоў ці не мае часу пачытаць дзецям на ноч казку, выйсце — уключыць ролік.

Міхась Пазнякоў: Бібліятэкі шмат робяць, каб папулярызаваць чытанне. А мы кожны год праводзім конкурсы юных чытальнікаў паэзіі Беларусі. Зараз падвядзём вынікі ў Доме літаратара, дзесьці 21 снежня. Чытаюць студэнты, школьнікі, нават дашкольнікі. Першы этап праходзіць у школах, гімназіях, універсітэтах, каледжах. У пандэмію стала менш, а раней тысячы дзяцей бралі ўдзел. І мы абавязкова ўзнагароджваем пераможцаў, а ўладальнікаў Гран-пры залічваем у штат нашага тэатра паэзіі, нават пасведчанне выдаём.

Алесь Бадак: Колькі гадоў я ў журы конкурсу «Жывая класіка» і павінен сказаць, што дзеці цудоўна размаўляюць па-беларуску, у іх выдатнае вымаўленне. Прычым бяруць вершы, якіх можа не быць у школьнай праграме. Дзеці разумнейшыя, чым мы думаем. Калі я надрукаваў у часопісе «Маладосць» аповесць «Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца», я думаць не думаў, што яе будуць чытаць і разумець дзеці.

Пра халтуру і шчырасць

«Звязда»: У свой час крытык Варлен Бечык напісаў артыкул пра дзіцячую беларускую літаратуру пад назвай «Толькі без сю-сю». Рэзка прайшоўся па пісьменніках, якія лічаць, што дзеці — дурненькія, якім можна «скарміць» любую літаратурную халтуру... А насамрэч гэта самая патрабавальная чытацкая публіка, якую не падманеш.

Міхась Пазнякоў: Нехта з вядомых сказаў, што для дзяцей трэба пісаць, як для дарослых, але значна лепш... Сапраўды так. Калі працаваў у выдавецтве «Юнацтва», сябраваў з Іванам Пятровічам Шамякіным. Я яму кажу: «Іван Пятровіч, вы столькі раманаў, аповесцяў напісалі, а для дзяцей ніводнай кніжкі. Калі ласка, напішыце». Ён задумаўся...«Добра». А праз некалькі дзён звоніць: «Што ты мяне так пакараў? Марыя Філатаўна (гэта яго жонка) не паспявае ў сметніцу чарнавікі выносіць. Пачынаю і кідаю... Аказваецца, для дзяцей так няпроста пісаць! Другі стыль, другое мысленне...» Урэшце Шамякін напісаў кніжку «Промні маленства», мы яе выдалі... Бялінскі сказаў, што дзіцячым пісьменнікам патрэбна не зрабіцца, а нарадзіцца. Сапраўды... Калі дарослыя пісьменнікі спрабуюць пісаць для дзяцей, нярэдка атрымліваецца няшчыра. Дзіця трэба адчуваць, заставацца ў нейкай ступені самому дзіцем...

Алесь Бадак: У час, калі з'явіўся той артыкул Бечыка, была традыцыя: становіцца паэт дзедам і адразу для ўнука ці ўнучкі кніжку хоча напісаць. Такіх кніжак была процьма... Пісаць для дзяцей не ўмелі, і ўсё адно пісалі...

Міхась Пазнякоў: І сёння ў саюз часта прысылаюць дзіцячыя кнігі, добра выдадзеныя, але тэкстаў, якія нясуць разумнае, добрае, вечнае, там не знойдзеш... А гэтыя кніжкі трапляюць у бібліятэкі. А хто іх там са спецыялістаў прачытае, ацэніць?

Алена Чарняўская: У бібліятэкараў няма магчымасці пры закупцы пагартаць кнігу, пачытаць. На жаль, па анатацыі меркаваць нельга. Мы давяраем аўтарытэту выдавецтва, а таксама вядомым аўтарам. Калі кніга трапляе ў бібліятэку, з ёй працуюць спецыялісты: знаёмяцца са зместам, на які ўзрост, для каго, пра што і г. д. Бібліятэкары рыхтуюць кніжныя выставы, прагляды новых паступленняў, нават здымаюць буктрэйлеры. Усё для таго, каб кніга знайшла свайго чытача. Шмат залежыць ад сям'і. У нас ёсць «Дні сямейнага чытання». І ў апошнія гадоў сем мы заўважылі, што ў асноўным з дзецьмі прыходзяць таты. Займаюцца ў нас цэлымі днямі... І абавязкова нейкую кнігу на беларускай мове бяруць. Дзеці гадуюцца на нашых вачах, потым самі прыходзяць па кніжкі. Яшчэ раз нагадаю пра праблему — няма беларускай літаратуры для зусім маленькіх, ад нуля да шасці гадоў.

Міхась Пазнякоў: Думаю, такія кніжкі нават і выдаўцы не хочуць выдаваць, бо ведаюць, што іх купяць толькі дзіцячыя садкі. Звычайна пазначаюць у кнігах «Для малодшага і сярэдняга ўзросту», гэта адразу большая аўдыторыя. Адчуваецца, што ў нас няма нейкага цэнтра, структуры, якая б займалася праблемамі дзіцячай літаратуры, дзіцячага чытання, прапагандай, рэкламай, сувязямі з грамадскасцю. Каб былі абавязковыя планы па выпуску дзіцячай літаратуры. Калі я працаваў у «Юнацтве», для дзіцячых кніг на беларускай мове быў звычайны наклад у 40 тысяч. Самы вялікі наклад дзіцячай кніжкі на беларускай мове быў 200 тысяч, Якуб Колас, «Рак-вусач». І кніга разышлася. Сёння наклады ў дзесяць і больш разоў меншыя, ганарары ў дзесяць і больш разоў меншыя… А пісьменніка трэба заахвочваць.

Алесь Бадак: Сёння кніжны рынак перанасычаны, і беларускай літаратуры прыходзіцца канкурыраваць з усім светам. У кніжнай краме вочы разбягаюцца… А чытачу галоўнае — каб быў цікавы змест, добрае афармленне і даступная цана.

Пра патрыятычнае выхаванне

«Звязда»: Але ж у выхаванні беларуса, патрыёта ніякая замежная кніжка беларускую не заменіць, якой бы выдатнай ні была. Не раскажа пра нашу гісторыю, пра наш народ... Беларуская кніжка павінна быць у кожнага дзіцяці.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Таму пісьменнікі і выступаюць...

Алесь Бадак: Гэта праблема не толькі наша. Паглядзеў, якія дзіцячыя кнігі ў Расіі прадаваліся лепей за першае паўгоддзе... На першым месцы — Роулінг, на другім — Веб... А трэці — Чукоўскі, але не сучасная руская літаратура. А з той сучаснай у топ трапіў «жахліўчык» пра каханне ў піянерскім лагеры.

Алена Чарняўская: А таму, што пра той «жахліўчык» столькі было рэкламы, чорнага піяру. Калі б пра «Міколку-паравоза» столькі даць рэкламы, гэтую кніжку раскупілі б ва ўсіх крамах.

Міхась Пазнякоў: Безумоўна, задача беларускай дзіцячай кнігі — каб яна ў першую чаргу гаварыла пра Беларусь. Пра нашу культуру. Паказвала Беларусь у свеце, вучыла паважаць сваё, роднае. Ганарыцца нашымі здабыткамі, якія ўзбагацілі сусветную гісторыю і культуру.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Каб дзеці чыталі пра гэта і думалі, які ўнёсак яны самі змогуць зрабіць.

«Звязда»: І гэта не значыць, што патрыятычнае выхаванне павінна адбывацца пафасна, «у лоб»: тыя ж кнігі Кацярыны, заснаваныя на беларускай міфалогіі, вучаць дзяцей любіць сваю культуру, паказваюць, колькі таямніц на роднай зямлі.

Міхась Пазнякоў: На Беларусі, можа, усяго сотня пісьменнікаў, якія актыўна працуюць у дзіцячай літаратуры. Таму не хапае кніг пра розныя галіны гаспадаркі, пра герояў нашага часу, пра нашы сімвалы, дзяржаўнасць... Каб былі для дзяцей уводзіны ў дарослае жыццё. Выйсце — тэматычныя зборнікі розных аўтараў, пераклады.

Алена Чарняўская: У школе ёсць тэма — «Герой мірнага часу». А кніг для дзяцей па гэтай тэме не хапае. Калі бібліятэка №10 дамовілася, што ў суседняй школе адбудзецца сустрэча з касманаўтам Алегам Навіцкім, там проста шчаслівыя былі. А такія сустрэчы павінны адбывацца ўвесь час, дзеці павінны ведаць сучасных герояў, як Навіцкі. Мы ўдзячныя Саюзу пісьменнікаў Беларусі, што нас падтрымліваюць. У бібліятэцы № 2 працуе «Кабінет пісьменніка», у дзіцячых бібліятэках № 15 і № 16 працуюць літаратурныя студыі пад кіраўніцтвам Іны Фраловай. Падчас пленуму ў бібліятэках пройдуць сустрэчы з літаратарамі з усёй Беларусі.

«Звязда»: Ці застанецца дзіцячая кніжка ў звыклай для нас форме?

Алена Чарняўская: Кніжка застанецца кніжкай... Няхай яна і з дапоўненай рэальнасцю. Калі гэта кніжка пра Брэсцкую крэпасць, і ты можаш прайсці па спасылцы на віртуальную экскурсію, гэта толькі плюс.

Міхась Пазнякоў: Папяровая кніга для дзяцей абавязкова захаваецца. Якая асалода, калі бярэш яе ў рукі, адчуваеш яе пах, бачыш афармленне. Яна сама па сабе адметнасць.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая: Сёння ў кнігі вельмі шмат канкурэнтаў, і, вядома, галоўны — гэта гаджэт. Я нават паспрабавала кнігу-гаджэт стварыць «Знаёмцеся, Падабайка». Падабайка — сусветна вядомы «лайк». Ён вельмі захацеў у рэальнае жыццё. Дзеці хочуць у віртуальнае, а Падабайка ім расказвае, які цудоўны рэальны свет: вада мокрая, цукеркі салодкія, коціка пагладзіш — ён мякенькі... А ў віртуальным свеце гэтага няма. Не змагла абысціся без таго, каб не расказаць дзецям, якая небяспека ёсць у інтэрнэце. Дзеці павінны жыць у рэальным свеце, і пальчыкам па малюнку павадзіць, і пагартаць... Тое, што ў дзяцінстве закладаецца праз чытанне, застаецца назаўсёды.

Круглы стол правяла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».