Вы тут

Ранішняя гімнастыка альбо скандынаўская хадзьба?


У век прагрэсу і высокіх тэхналогій за нас многае робяць машыны. Мы ахвотна карыстаемся асабістым транспартам нават на невялікіх адлегласцях, ліфтамі, доўга праседжваем каля тэлевізараў і камп'ютараў. Жывыя зносіны замяняе тэлефон. Недастатковая мышачная актыўнасць стала адметнай рысай жыцця сучаснага чалавека.


Фота: pixabay.com

Рух і асабліва фізічныя практыкаванні ды спорт з'яўляюцца эфектыўным і ўніверсальным сродкам умацавання і захавання здароўя. Часта дарослыя злуюцца, калі дзеці пачынаюць бегаць па кватэры ці двары, прымаючы гэта за гарэзлівасць. Але ж гэта натуральная і карысная патрэба.

Чаму нельга забараняць дзецям бегаць?

«Неабходна разумець, што недахоп рухаў адмоўна адбіваецца на арганізме, які расце, на развіцці і функцыі шматлікіх органаў, — тлумачыць загадчык аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Таццяна Нікалаева. — Пры працяглым сядзенні за партай дыханне становіцца менш глыбокім, абмен рэчываў паніжаецца, адбываецца застой крыві ў ніжніх канечнасцях. Гэта прыводзіць да зніжэння працаздольнасці ўсяго арганізма, аслабляецца памяць, зніжаецца ўвага, павялічваецца час разумовых аперацый.

Адмоўныя наступствы недастатковай мышачнай актыўнасці праяўляюцца таксама ў зніжэнні супраціўляльнасці маладога арганізма прастудным і інфекцыйным захворванням. А гіпадынамія на фоне празмернага харчавання з вялікім лішкам вугляводаў і тлушчаў можа прывесці да атлусцення. У маларухавых дзяцей слабыя мышцы. Яны не ў стане падтрымліваць цела ў правільным становішчы, таму ў іх парушаецца постаць.

Як ліквідаваць дэфіцыт руху?

Адзін з першых крокаў — ранішняя гімнастыка. Выконваць яе можна як у пакоі, так і ў двары ці парку. Яна складаецца з 10-12 практыкаванняў, разлічаных на раўнамерную работу асноўных мышачных груп рук, ног і тулава. Працягласць — 15-30 хвілін. Частата пульса пасля заняткаў не павінна перавышаць 110-120 удараў на хвіліну, колькасць дыхальных рухаў — 20-25. Праз 5-10 хвілін гэтыя паказчыкі павінны вярнуцца да нормы.

Пры падборы комплексу практыкаванняў неабходна ўлічваць узрост і ступень фізічнай падрыхтаванасці. Нагрузка рэгулюецца павелічэннем або памяншэннем колькасці паўтораў практыкаванняў, зніжэннем або павышэннем тэмпу руху.

Падчас зарадкі варта спалучаць дыханне з рухам: нахіляючыся наперад, у бок, прысядаючы, рабіць выдых, выпростваючыся — удых.

Паступова можна пераходзіць да выканання практыкаванняў з уцяжарваннем простымі снарадамі — гантэлямі ці гімнастычнымі палкамі.

Пасля зарадкі рэкамендуюцца водныя працэдуры: абціранне, абліванне ці душ.

З чаго пачаць?

Хадзьба — вельмі карысная для здароўя. Яна адрозніваецца ад іншых відаў фізічных практыкаванняў даступнасцю і натуральнасцю, да таго ж яе лёгка дазіраваць.

— Так, пры хуткасці 50-80 крокаў на хвіліну, даўжыні кроку 50-70 см гэта 1,5-2,5 км за 30 хвілін. Пачаўшы з кіламетра, можна павялічваць дыстанцыю, каб маршрут склаў 3-5 км. Падчас хадзьбы неабходна сачыць за постаццю, дыхаць раўнамерна і вольна, — раіць урач.

Найлепшы час для хадзьбы — да ежы або праз 1,5-2 гадзіны пасля яе. Скончыўшы занятак, зрабіце некалькі лёгкіх практыкаванняў на расслабленне, прыміце душ.

Добра, калі афарызм «Рух — гэта жыццё» стане спадарожнікам вашага жыцця. Паспрабуйце на нейкі перыяд часу аб'явіць вайну гіпадынаміі. Прайдзіце пару прыпынкаў транспарту пешшу па дарозе на работу або дадому, не карыстайцеся ліфтам. Адмоўцеся ад любімага крэсла каля тэлевізара, замяніце яго шпацырам з блізкімі людзьмі. Гэта ўвойдзе ў звычку, ад якой вы ўжо не зможаце адмовіцца.

Каму карысная навамодная скандынаўская хадзьба?

Цяпер многіх захапіла скандынаўская хадзьба з палкамі. Заснавальнікамі яе можна лічыць фінскіх лыжнікаў, якія баяліся страціць за лета фізічную форму.

Скандынаўская хадзьба карысная ўсім, але асабліва людзям з парушэннямі дыхання, кровазвароту, астэахандрозам і лішняй вагой.

— Падчас яе ўмацоўваюцца мышцы спіны, грудной клеткі, плечавага пояса, ніжніх канечнасцяў, паляпшаецца кровазварот і абмен рэчываў, — пералічвае Таццяна Нікалаева. — Скандынаўская хадзьба змяншае нагрузку на пазваночнік і суставы, асабліва пры павышанай масе цела, і нават з'яўляецца гімнастыкай для суставаў.

І нарэшце, падчас скандынаўскай хадзьбы спальваецца на 50 % больш калорый, чым пры звычайнай — хіба ж гэта не мара?

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?