Вы тут

Чаму баліць паясніца? Як правільна лячыцца, і чым можна нашкодзіць


Калі верыць статыстыцы, 70—80% насельніцтва нашай краіны хоць бы раз у жыцці сутыкаюцца з болем у спіне ў вобласці паясніцы, ці, кажучы медыцынскай мовай, у ніжняй частцы спіны. Сярод усіх выдадзеных «бальнічных» у нашай краіне трэць прыпадае на выпадкі болі ў спіне. Ад чаго ўзнікае гэта хвароба і што яе можа справакаваць? Як дапамагчы сабе ў хатніх умовах і ў якіх выпадках варта неадкладна звяртацца да ўрача? Што нельга рабіць пры болі ў паясніцы? На гэтыя пытанні адказала ўрач-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Кацярына Бабко.


— Кацярына Юр'еўна, боль у спіне, у прыватнасці ў паясніцы, — бяда людзей старэйшага і сярэдняга ўзросту або ён сустракаецца і ў маладых?

— Трэба сказаць, што боль у паясніцы з'яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных прычын звароту па медыцынскую дапамогу. Ён бывае не толькі ў пажылых, а сустракаецца і ў сярэднім, і ў маладым узросце.

— З чым ён можа быць звязаны? Якія яго самыя распаўсюджаныя прычыны?

— Часцей за ўсё ён звязаны з захворваннямі шкілетна-мышачнага апарату, але таксама часам і з захворваннямі іншых органаў і сістэм. Сярод найбольш частых прычын — міяфасцыяльны болевы сіндром (неўралагічнае парушэнне, пры якім адбываецца міжвольнае скарачэнне мышц, што суправаджаецца інтэнсіўным болем), паталогія міжпазваночных дыскаў (грыжы, пратрузіі), траўмы пазваночніка, змяненне саставу касцяной тканкі (астэапароз). А таксама захворванні нырак і мочапалавой сістэмы, органаў малога таза, гарманальныя змены (цяжарнасць, клімакс, менструацыя), аб'ёмныя працэсы рознай лакалізацыі (дабраякасныя і злаякасныя ўтварэнні), паталогія страўнікава-кішачнага тракту, інфекцыйныя паражэнні, стрэс і іншыя.

— Што выклікае і ўзмацняе боль?

— Часцей за ўсё правакацыйнымі фактарамі, якія ўзмацняюць боль у паяснічным аддзеле пазваночніка, служаць пераахаладжэнні, рэзкія рухі, якія прыводзяць да мышачнага спазму, пад'ём цяжару, працяглая статычная нагрузка на пазваночнік, нераўнамернае размеркаванне нагрузкі (на фоне цяжарнасці, парушэнняў постаці, паталогіі апорна-рухальнага апарату), доўгае знаходжанне ў нязручным становішчы.

— Спіна баліць у многіх, але людзі могуць гадамі з гэтым жыць і не звяртацца да ўрача. Якія прыкметы сведчаць аб тым, што час ісці да доктара?

— Калі боль праявіўся востра, калі ён істотна абмяжоўвае жыццядзейнасць і якасць жыцця. Таксама пры выражаным болі ў спакоі ці ў начны час. Біць трывогу варта, калі гэта суправаджаецца высокай тэмпературай, хуткай невытлумачальнай стратай вагі, папярэдняй траўмай. Нярэдкая слабасць у ніжніх канечнасцях, парушэнне функцый тазавых органаў (затрымка, нетрыманне мачы і калу), аддае ў задні праход, похву, пахвіну, таксама ў мачы ці кале можа з'явіцца кроў, боль у паясніцы можа спалучацца з болем у жываце, млоснасцю, ванітамі. Ва ўсіх гэтых выпадках неабходна неадкладна звяртацца па медыцынскую дапамогу.

— Да якога ўрача варта ісці і ці трэба папярэдне рабіць нейкія абследаванні тыпу КТ, МРТ?

— У першую чаргу звярніцеся да ўрача агульнай практыкі, паколькі найперш важна вызначыць, захворванне якіх органаў выклікае боль. У залежнасці ад вынікаў агляду можа спатрэбіцца кансультацыя таго ці іншага ўрача-спецыяліста: неўролага, гінеколага, уролага, нефролага, хірурга, траўматолага.

Перад зваротам да ўрача не трэба самастойна рабіць ніякіх абследаванняў. Патрэбныя метады даабследавання і паказанні да іх вызначае ўрач.

— А ў якіх выпадках рабіць МРТ і КТ?

— Паказанні да правядзення і выбар метаду — КТ або МРТ — вызначае толькі ўрач у залежнасці ад меркаванага дыягназу.

— Як дапамагчы сабе ў хатніх умовах, калі скруціла спіну? І чаго ні ў якім разе рабіць не варта?

— Калі рэзка ўзнік боль у спіне, важна расслабіць мышцы спіны. Гэтаму спрыяе сухое цяпло: шарсцяны шалік, цёплы плед, грэлка, сагравальны пояс. Ключавы момант — цяпло мусіць быць сухім. Можна прыняць абязбольвальнае, але памятайце, што яго не рэкамендуецца ўжываць больш за тры разы на суткі. Мясцова можна скарыстоўваць мазі ці гелі з нестэроіднымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі.

Самай прыдатнай позай, якая дазваляе расслабіць мышцы спіны, з'яўляецца наступная. Варта легчы на спіну, на цвёрдую роўную паверхню (дошку). Ногі павінны быць паднятыя і сагнутыя ў каленях, для чаго пад іх трэба падкласці згорнутую коўдру ці падушку (гл. малюнак). На падлогу класціся непажадана, бо можа прадуць скразняком.

Калі вастрыню болю ўдалося зняць, гэта не азначае, што ўрач ужо больш не патрэбен. Без належнага лячэння прыступы будуць паўтарацца, а сітуацыя ў цэлым — пагаршацца.

У перыяд вострага болю проціпаказана вільготнае цяпло, а менавіта гарачыя ванны, ручнікі, змочаныя цёплай вадой, масаж, нагрузкі, фізіялячэнне.

— Ці можна пазбавіцца ад болю ў спіне назаўжды ці хоць бы надоўга?

— Усё залежыць ад прычыны болевага сіндрому і індывідуальных асаблівасцяў. Напрыклад, калі прычына ў захворванні ўнутраных органаў, то пасля адпаведнага лячэння болевы сіндром пройдзе. Калі прычына, напрыклад, у грыжы міжпазваночнага дыска, то з вялікай верагоднасцю без аператыўнага лячэння боль будзе вяртацца, бо прычына не ўстаранена. Наколькі доўгім будзе перыяд рэмісіі, залежыць ад шматлікіх фактараў: ад лакалізацыі, памеру грыжы, наколькі развіты мышачна-звязачны апарат, адладу жыцця.

— Лячэнне болю ў паясніцы — гэта толькі медыкаментозная тэрапія ці могуць быць фізіяпрацэдуры? Ці дапамагае пры болях масаж, мануальная тэрапія, фізічныя практыкаванні?

— Лячэнне не абмяжоўваецца толькі медыкаментознай тэрапіяй. Пры болях, звязаных з пашкоджаннем шкілетна-мышачнага апарату вельмі вялікую ролю адыгрываюць фізіятэрапія, масаж, лячэбная фізкультура, ігларэфлексатэрапія, апітэрапія. Нават лічыцца, што гэтыя метады лячэння з'яўляюцца больш важнымі для выздараўлення, чым лекавая тэрапія. Аднак усе яны супрацьпаказаны ў перыяд вострага болевага сіндрому.

— Якія асноўныя правілы прафілактыкі ад болю ў спіне?

— Самы дзейсны спосаб прафілактыкі — карэкцыя ладу жыцця. Варта пазбягаць пераахаладжэнняў, дазаваць фізічныя нагрузкі, выконваць рэжым работы і адпачынку, не дапускаць гіпадынаміі, займацца спортам на аматарскім узроўні ці лячэбнай фізкультурай, каб умацоўваць мышцы спіны. А таксама правільна і збалансавана харчавацца, не дапускаць пераяданняў, мінімізаваць тлустую, вострую, празмерна салёную ежу, кантраляваць масу цела. І своечасова праходзіць прафілактычныя агляды.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.