Вы тут

Інтэрв'ю са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Юрыем Шулейкам


Год гістарычнай памяці на Брэстчыне быў насычаны самымі рознымі падзеямі, знакавымі і невялікімі мерапрыемствамі. Адкрываліся новыя помнікі і рэканструяваліся былыя, распачата работа па стварэнні цэлых памятных комплексаў, працягваецца адраджэнне шэрагу аб'ектаў. Работа па захаванні гістарычнай памяці мае не толькі матэрыяльны складнік, вымяраецца не толькі праведзенымі акцыямі, але і пакідае адметны след у душах, абуджае свядомасць. Пра гэта і не толькі сённяшняя размова з кіраўніком Брэстчыны.


— У кантэксце размовы пра гістарычную памяць немагчыма абысці галоўны, знакавы аб'ект Брэстчыны — Брэсцкую крэпасць. Прапаную, Юрый Вітольдавіч, пачаць размову менавіта пра крэпасць. Якое ваша асабістае ўспрыманне мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой»? Ці змянілася яно цяпер, калі крэпасць даводзіцца наведваць з рознымі афіцыйнымі дэлегацыямі?

— Успрыманне не асабліва змянілася. Брэсцкую крэпасць маё пакаленне ведае са школьных гадоў, даводзілася бываць тут на экскурсіях. З пазіцыі ўзросту, жыццёвага вопыту, несумненна, лепш усведамляеш значнасць, маштабнасць помніка як сімвала мужнасці абаронцаў Радзімы. Не толькі мы ў Беларусі — амаль увесь свет ведае пра подзвіг салдатаў і афіцэраў гарнізона, якія без сувязі, у поўным інфармацыйным вакууме, а потым і без ежы, амаль без вады, медыкаментаў змагаліся, выконвалі свой вайсковы абавязак. Усім вядома пра подзвіг маёра Гаўрылава, якому нават вораг аддаў даніну павагі. Гэта ж бяздонная крыніца ў справе патрыятычнага выхавання маладога пакалення!

За час функцыянавання мемарыяльнага комплексу яго наведалі 25 мільёнаў чалавек. А цяпер, у Год гістарычнай памяці, мы назіраем, як расце цікавасць з боку дзяцей, моладзі, прыязджаюць цэлымі класамі, калектывамі. Стала традыцыяй на плошчы Цырыманіялаў школьнікам уступаць у піянеры, воінам прыносіць прысягу, студэнтам атрымліваць студэнцкія білеты. А яшчэ, што важна, крэпасць стала часткай жыцця любога брастаўчаніна. Кожныя выхадныя заўважаем маладыя пары, якія пасля рэгістрацыі шлюбу едуць сюды ўскласці кветкі, бачым сем'і, якія месцам для прагулак з дзецьмі выбіраюць крэпасць і, такім чынам, даюць першыя ўрокі патрыятызму на сямейным узроўні.

А што датычыцца дэлегацый, ніводная, здаецца, не мінае Брэсцкую крэпасць. Усе нашы госці, як правіла, самі выказваюць жаданне пачынаць праграму знаходжання ў Брэсце менавіта з даніны памяці мужным абаронцам і ўскладаюць кветкі да Вечнага агню. Вельмі многія затым наведваюць музеі. Добра, што мемарыяльны комплекс развіваецца. Новыя музеі напаўняюцца зместам з прыцягненнем сучасных інтэрактыўных тэхналогій. Тры новыя экспазіцыі — «Музей вайны — тэрыторыя міру», «Летапіс Брэсцкай крэпасці», экспазіцыя, прысвечаная абароне Усходняга форту, — створаны ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Рэканструяваны Пяты форт стаў асобным музеем. Ёсць задумкі, праекты на далейшае развіццё крэпасці менавіта пры садзейнічанні Саюзнай дзяржавы. Гэта наш абавязак перад будучымі пакаленнямі — захаваць Брэсцкую крэпасць як сімвал стойкасці і мужнасці яе абаронцаў.

— На жалобным мітынгу 22 чэрвеня вы гаварылі, што ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе на Брэстчыне выяўлена 26 раней невядомых месцаў знішчэння мірных грамадзян, а ўсяго было разбурана і знішчана больш за 800 населеных пунктаў у рэгіёне. Якая работа праводзіцца па захаванні памяці ў райцэнтрах, аграгарадках, нават у малых, аддаленых вёсках?

— Прэзідэнтам нашай краіны 2022 год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці ў тым ліку і для таго, каб нагадаць усім, і найперш маладому пакаленню, пра трагічныя старонкі нашай гісторыі, каб абудзіць памяць там, дзе яна стала крыху затухаць. У стасунках, асабліва з гасцямі рэгіёна, я не раз нагадваў аб тым, што практычна кожны населены пункт Брэстчыны мае сумную, а то і трагічную старонку перыяду ваеннага ліхалецця. Сведчаннем таму — амаль тысяча дзвесце помнікаў і памятных месцаў, з якіх — 407 брацкіх магіл, 22 вайсковыя пахаванні, 14 мемарыяльных комплексаў, 73 абеліскі, 343 помнікі, 11 стэл. Усе яны падтрымліваліся ў належным стане і раней. А цяпер у раёнах, сельсаветах актывізавалі гэтую работу. Мясцовая ўлада выкарыстоўвае бюджэтныя грошы, прыцягвае спонсарскія сродкі. Многія помнікі, абеліскі сёлета перажылі рамонт, рэканструкцыю, атрымалі новае аблічча. 22 сакавіка, у дзень памяці спаленых вёсак, у Пінскім раёне адкрылі абноўлены памятны знак у вёсцы Любель-Поль, спаленай у 1943 годзе. Помнік там быў і раней, але яго карэнным чынам аднавілі, правялі добраўпарадкаванне, у тым ліку і за грошы, заробленыя на рэспубліканскім суботніку.

Зусім нядаўна адкрылі абноўлены помнік у вёсцы Задуб'е Ганцавіцкага раёна. Гэты шматпакутны населены пункт гарэў двойчы — у канцы 1943 года і пачатку 1944-га. Памятныя мерапрыемствы праходзілі фактычна ва ўсіх раёнах, 80-годдзе трагічных падзей згадвалі ў Драмлёве Жабінкаўскага раёна, у Дамачаве, дзе гітлераўцы знішчылі выхаванцаў дзіцячага дома, у Пінску і Брэсце прайшлі жалобныя мерапрыемствы з нагоды 80-й гадавіны знішчэння гета.

Хачу адзначыць вялікую работу пракуратуры па аднаўленні гістарычнай памяці. Прэзентацыі выдання «Без тэрміну даўніны. Брэсцкая вобласць», якія сабралі сотні людзей ва ўсіх раёнах, сталі сур'ёзнай размовай аб сутнасці фашызму і нацызму, аб зверствах захопнікаў на нашай зямлі. Важна, што не толькі дарослую аўдыторыю збіралі падобныя мерапрыемствы. Пракурорскія работнікі падрыхтавалі шэраг выстаў на гэтую тэму, якія наведвалі школьнікі падчас канікул, а некаторыя выставы зрабілі перасоўнымі, іх прадставілі ў школах і іншых навучальных установах. Пра гэта трэба гаварыць з маладым пакаленнем, гаварыць праўдзіва з лічбамі, фактамі, прыкладамі з гісторыі свайго раёна, населенага пункта.

— У ходзе работы адкрываюцца новыя імёны, ствараюцца новыя помнікі, адкрываюцца мемарыяльныя дошкі людзям розных нацыянальнасцяў. Беларусы ўдзячныя ў сваёй памяці...

— Як трапна сказаў паэт, гэта трэба не мёртвым — гэта трэба жывым. Вельмі паказальная ў гэтым сэнсе падзея, што адбылася летам у Пінскім раёне. У вясковым школьным музеі доўгія гады захоўвалася інфармацыя пра Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Трамасава. У 1944 годзе 18-гадовы сяржант адзін знішчыў каля роты салдат праціўніка і забяспечыў тым самым паспяховае фарсіраванне ракі Стыр для свайго падраздзялення. Гэтым летам удзячныя палешукі годна ўшанавалі памяць героя, у гонар ураджэнца Падмаскоўя з'явіўся бюст у вёсцы Лапаціна. А ў жніўні ў Махроўскім сельсавеце Іванаўскага раёна адкрылі помнік байцам партызанскага атрада імя Касцюшкі, ураджэнцам Украіны польскай нацыянальнасці, якія загінулі ў баі з фашыстамі. На гістарычнай радзіме даўно забыліся пра подзвіг землякоў, а мы памятаем і шануем усіх, хто змагаўся з карычневай чумой ХХ стагоддзя. Напрыклад, у Брэсцкай крэпасці змагаліся воіны 30 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Усе яны ў нашым усведамленні — героі, вартыя вечнай памяці.

— Работа па ўвекавечанні памяці ваенных падзей працягваецца. Што ў планах на найбліжэйшы час?

— Яшчэ летась было аб'яўлена, што прыйшоў час узвесці годны помнік ва ўрочышчы Бронная Гара Бярозаўскага раёна. Гэта месца асаблівае на карце Брэстчыны. Там было знішчана больш за 50 тысяч чалавек, большасць з іх — вязні брэсцкага і навакольных гета. Там ляжаць яўрэі, беларусы, рускія — усе мірныя жыхары, а таксама ваеннапалонныя, якіх прымусілі паліць трупы, каб схаваць сляды злачынства, а потым расстралялі як непатрэбных сведак. Ужо распрацаваны архітэктурны праект будучага мемарыялу. Прыкладны кошт складзе каля 12 мільёнаў рублёў. Падчас візіту да нас часовага паверанага ў справах Ізраіля Цві Міркіна я прапанаваў ізраільскаму боку далучыцца да праекта. Дыпламат высока ацаніў нашы намаганні ў справе захавання гістарычнай памяці.

У планах — не толькі маштабныя праекты, падобныя таму, што будзе ў Броннай Гары. Амаль кожны сельсавет мае планы па добраўпарадкаванні, абнаўленні, рамонце альбо рэканструкцыі помнікаў, і гэта вельмі важна. Кожны памятны знак павінен выглядаць годна.

— Год гістарычнай памяці прадугледжвае не толькі памяць пра ваенныя падзеі — тут, несумненна, больш шырокі сэнс. Гэта і вяртанне з нябыту імёнаў, памяці пра гістарычныя падзеі даўніны і нядаўняга часу. Прапаную пагаварыць пра работу ў гэтым кірунку.

— Вядома, мы ганарымся сваім мінулым, памятаем яго. На Брэстчыне вядзецца вялікая работа па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны. Працягваецца рэканструкцыя нашых жамчужын — Ружанскага палацава-паркавага комплексу Сапегаў і Косаўскага палаца. Ружанскі палац — гэта маштабны праект, яго адраджэнне расцягнецца на многія гады і, магчыма, дзесяцігоддзі. Сёння ён з'яўляецца адной са славутасцяў краіны, там працуе добры музей, яго наведваюць турысты. Такім чынам людзі знаёмяцца з нашай гісторыяй. Работа ў Косаўскім палацы набліжаецца да завяршэння, гэта цудоўны помнік архітэктуры, які сведчыць аб культурным развіцці нашых тэрыторый у мінулым. Паспяхова ідзе рэканструкцыя капліцы Ажэшкаў у Драгічынскім раёне. Дзякуючы фінансаванню з фонду Прэзідэнта чакаецца адкрыццё аб'екта ўжо ў наступным годзе.

Мы помнім не толькі герояў вайны, але і герояў працы, герояў мірных дзён. Сёлета на малой радзіме, у Тамашоўцы, адзначылі 80-годдзе лётчыка-касманаўта, двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука. Яшчэ аднаго двойчы Героя, але Сацыялістычнай Працы — Уладзіміра Бядулю — успаміналі ў маі з нагоды 95-й гадавіны з дня нараджэння.

У Баранавічах у канцы вясны адкрылі мемарыял у гонар герояў-лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі, якія паўтарылі подзвіг першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Дарэчы, праз тры дні пасля названага жалобнае мерапрыемства прайшло і на месцы подзвігу Карвата. Ні ўдзячныя жыхары мясціны, ні баявыя таварышы, ні грамадскасць не забываюць подзвіг героя, хоць прайшло 26 гадоў. І ў гэтым, лічу, наша сіла — ва ўменні, у магчымасці ўсведамляць духоўную вартасць подзвігу, выносіць з такіх падзей урокі, якія з'яўляюцца асноўным фундаментам для выхавання патрыятызму.

— Самы час пагаварыць пра некаторыя вынікі Года гістарычнай памяці, яго ўрокі, пра якія вы ўжо часткова сказалі, пра задачы, вырашэнне якіх стане лагічным працягам пачатага.

— Вынікі падводзіць, відаць, рана, — можна гаварыць пра нейкія прамежкавыя этапы, набыткі. Радуе тое, што работа, пра якую вялася гаворка, ахапіла ўсе слаі грамадства, усе калектывы, усе тэрыторыі. Можна гаварыць пра маштабныя мерапрыемствы, такія, як мы праводзім на 22 чэрвеня: гэта і «Ноч памяці» ў крэпасці з жалобным мітынгам перад світаннем і вялікай рэканструкцыяй падзей, з абшырнай праграмай, якая ўключае канферэнцыі і круглыя сталы. Да такіх мерапрыемстваў можна аднесці і беларуска-расійскі «Цягнік Памяці» для моладзі. Але не менш важная работа ў кожнай школе, у кожнай бібліятэцы, музеі нават з невялікай колькасцю наведвальнікаў. Скажам, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей зладзіў цікавыя праекты «Героі былых часоў» пра гераічных ураджэнцаў Брэстчыны, альбо змястоўную выставу франтавых трохвугольнікаў «Жывыя радкі вайны».

Напрыклад, Іванаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ажыццявіў праект «Мы родам з вайны», у ходзе якога сабралі ўнікальныя фотаздымкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. На адкрыццё прыйшлі людзі розных пакаленняў, у тым ліку малалетнія вязні фашызму і дзеці вайны.

І, што важна, шэраг праектаў адразу былі заяўлены як справы на некалькі гадоў, такія, як праект абласной бібліятэкі «Брэстчына ў асобах». У ходзе яго маладыя будуць знаёміцца з землякамі, дастойнымі і паважанымі людзьмі, хто перажыў складаны пасляваенны час, хто сваёй руплівасцю робіць Брэстчыну паспяховай і пазнавальнай.

Значыць, работа працягнецца. Годам гістарычнай памяці зададзены тон, нададзены імпульс, а задачы па шанаванні мінулага, патрыятычным выхаванні, якое нязменна грунтуецца на веданні гісторыі, застаюцца. Значыць, будзем іх вырашаць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?