Вы тут

Беларускае золата


Такое рашэнне было прынята днямі на сямнаццатай сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў горадзе Рабат (Каралеўства Марока).


Гэта ўжо пяты беларускі элемент, узяты пад міжнародную ахову. Раней у рэпрэзентатыўны спіс трапілі абрады «Калядныя цары» і «Юраўскі карагод», Будслаўскі фэст і культура ляснога бортніцтва Беларусі.

Практыкі саломапляцення адлюстроўваюць народныя традыцыі і ўяўленні і налічваюць на беларускіх землях не адно дзесяцігоддзе. Як заўважыў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку каштоўнасцяў упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар, менавіта гэтыя традыцыі былі абраны для ўключэння ў рэпрэзентатыўны спіс сусветнай спадчыны не толькі таму, што саламяныя вырабы сталі брэндавымі для Беларусі, як, напрыклад, саламяныя капелюшы, сувеніры ці скарбонкі, інкруставаныя саломкай. Гэта сапраўды ўнікальная для нашай краіны з'ява, неад'емны элемент духоўнай свядомасці. Саламяныя вырабы з дзяцінства суправаджалі беларусаў. Над калыскай немаўлят віселі птушачкі, сям'ю аберагалі саламяныя павукі, рэдкая гаспадыня магла абысціся без плеценых кошыкаў, сам матэрыял быў звязаны з земляробчым календаром, абрадамі і пэўнымі ўяўленнямі. Зажынкі і дажынкі ператвараліся ў вясёлыя святы. На Каляды людзі не ставілі стравы на голы стол. Ён засцілаўся саломай, а пасля далікатныя трубачкі выцягвалі з-пад абруса і па іх даўжыні вызначалі, якім будзе наступны ўраджай. З саломы былі зроблены нават царскія вароты ў царкве (адзін з такіх рэдкіх экспанатаў канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя можна пабачыць у музеі народнага мастацтва ў Раўбічах). Нездарма саломку празвалі беларускім золатам.

Пэўны час саломапляценнем займаліся многія беларускія сем'і, навыкі перадаваліся дзецям ад старэйшых пакаленняў. Яшчэ ў 60—80-я гады ХХ стагоддзя саломапляценне стала модным заняткам. Беларускія залатыя сувеніры ў крамы і на кірмашы пастаўлялі не толькі асобныя майстры, але і фабрыкі мастацкіх вырабаў. Канец ХХ стагоддзя наогул можна лічыць шчаслівым часам для саломапляцення, яго вывучэннем заняліся даследчыкі. Галоўнае, што матэрыял аказаўся простым і даступным для дзяцей. У школах і ў цэнтрах дзіцячай творчасці адкрываліся гурткі народнай накіраванасці. Педагог цэнтра дадатковай адукацыі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Ірына Коваль узгадвае, што ў той час саломку можна было сустрэць у любым адміністрацыйным будынку, ёю інкруставаліся шыльды на кабінетах, карцінамі і вырабамі ўпрыгожваліся класы, калідоры, кавярні, гасцініцы, сталовыя.

Саламяная мода перайшла ў ХХІ стагоддзе. Сёння з саломкі робяць упрыгажэні, сумкі, ёй інкрустуюць вопратку. На саломку звярнулі ўвагу дызайнеры. Залацістыя аксесуары запатрабаваныя ў модніц. Ствараюцца калекцыі адзення з такімі элементамі.

Аднымі з першых саламяных вырабаў, якія пачалі актыўна раскручвацца, сталі быхаўскія саламяныя павукі. Дырэктар дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў горада Быхава Ірына Кухціна традыцыю па вырабе такіх саламяных абярэгаў пераняла ад бабулі і маці і ўжо паспела перадаць яе сваёй дачцэ і шматлікім вучням. Ёсць у быхаўскіх павукоў адметныя асаблівасці. Гэта выцягнутая форма, спосабы злучэння дэталяў, дэкаратыўнае афармленне. Штогод на Каляды старыя павукі, што віселі пад столлю, спальваліся і іх замянялі на новыя. Была ў раёне і традыцыя рабіць сямейных павукоў, у стварэнні якіх прымалі ўдзел усе члены сям'і. Саламяныя абярэгі маглі вешаць над калыскамі, галовамі маладых, рабіць да Вялікадня і дажынак.

У 2017 годзе традыцыя па вырабе саламяных павукоў на Быхаўшчыне атрымала статус Дзяржаўнай гісторыка-культурнай нематэрыяльнай каштоўнасці. Гэта падштурхнула іншых майстроў, якія працавалі з саломкай, да падрыхтоўкі дасье на ўключэнне ў спіс каштоўнасцяў сваіх «саламяных» традыцый. Наступнай заявіла пра сябе Віцебшчына, дзе захавалася спіральнае саломапляценне. А ў 2020 годзе беларускія мастацкія практыкі саломапляцення былі адзначаны як агульнанацыянальная спадчына і пачало рыхтавацца дась'е для падачы ў спіс ЮНЕСКА.

Сёння саломапляценне актыўна развіваецца. Майстры аднаўляюць старажытныя тэхнікі і прыдумляюць новыя, ствараюць вельмі складаныя аб'ёмныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Народны майстар Вера Салдатава нават умее вышываць саломкай. Яна разам з мужам сама вырошчвае і нарыхтоўвае сыравіну. Можа спрасці з саломы ніткі. Вышытыя ёй кароны ў храме трымаюць над галовамі маладых на вянчанні. Зробленыя беларускай майстрыцай вырабы траплялі ў прыватныя калекцыі, уручаліся высокім гасцям. Жанчына расказвае, як называюцца саламяныя ўзоры. Адзін з іх «крынічка». Пры жаданні можна на саломе графічна перадаць, нават як каменьчык падае ў ваду і разыходзяцца кругі. Прапануе жанчына і свае падыходы да вырабу павукоў. У народнай майстрыцы гэта ўжо не просценькія рамбавідныя канструкцыі, а складаныя мастацкія вырабы, шчыра аздобленыя рознымі дэталямі, у кампазіцыі перадаюцца творчыя задумы. Напрыклад, адзін з іх называецца «Купалле». Ён падобны на гіганцкі вянок, які плыве па рацэ, і на яго чапляюцца водарасці. Яшчэ адзін выраб называецца «Валошка» — гэты твор майстар прысвяціла хлебу, бо толькі на чыстым, не пратраўленым хімікатамі полі, могуць расці сінія кветкі.

У яе сям'і захоўваюцца і абразы ХІХ стагоддзя з залацістымі акладамі, зробленымі майстрыцай з саломы.

Як заўважае Вера Салдатава, з саломы можна ствараць многа розных рэчаў — ад буйных складаных мастацкіх вырабаў да сувеніраў і лапцей.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?