Вы тут

Як школьнікі неслі Ганаровую Вахту Памяці ля Вечнага агню на плошчы Перамогі


З 7 па 10 снежня Ганаровую Вахту Памяці на пасту № 1 ля Вечнага агню на плошчы Перамогі сталіцы Беларусі нёс зводны мемарыяльны атрад, у склад якога ўвайшлі навучэнцы мінскіх устаноў адукацыі: гімназіі № 34 і сярэдняй школы № 48 ім. Ф. А. Малышава.


Падрыхтоўка дваццаці пяці юнакоў і дзяўчат уключала ў сябе правядзенне тэматычных класных і інфармацыйных гадзін па вывучэнні гісторыі паста № 1, горада Мінска, барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны юных герояў, партызан і падпольшчыкаў Беларусі. Таксама вывучаўся тэарэтычны матэрыял па нясенню Вахты Памяці, праводзіліся вучэбныя заняткі па страявой падрыхтоўцы.

Па прыбыцці на пост № 1 удзельнікі мемарыяльнага атрада прынялі ўрачыстую клятву ганаровай варты паста № 1 горада-героя Мінска.

9 снежня, у Міжнародны дзень памяці ахвяр злачынства генацыду, мемарыяльны атрад у поўным саставе на плошчы Перамогі прыняў удзел у хвіліне маўчання.

У адзін з дзён сваіх падапечных наведалі дырэктар гімназіі № 34 Зінаіда Міхайлава, дырэктар сярэдняй школы № 48 ім. Ф. А. Малышава Ларыса Стецкая.

Начальнік штаба паста № 1 горада-героя Мінска Сяргей Быкаў, які ўзначальвае штаб без малога пятнаццаць гадоў, распавёў чытачам партала Выдавецкага дома «Звязда»: «У першы дзень Вахты Памяці хлопцы апыняюцца ў новай абстаноўцы, псіхалагічна ім складана. Задача мая і суправаджаючых педагогаў — у самыя кароткія тэрміны дапамагчы маладым людзям адаптавацца, навучыць іх практычнаму выкананню сваіх абавязкаў, і тут не абысціся без метаду «рабі, як я». Таму мы паказваем і расказваем удзельнікам мемарыяльнага атрада ўсё, пачынаючы ад правілаў нашэння формы адзення, устаноўленага звароту да адзін аднаму і начальніку і заканчваючы дзеяннямі на пасту № 1.

У другі дзень пытанняў становіцца ўжо менш, на трэці дзень адбываецца замацаванне практычных навыкаў. А ў чацвёрты, заключны дзень, пасля заканчэння нясення вахты памяці мы падводзім вынікі, адзначаем лепшых. Кожны атрад выпускае Баявы лісток і афармляе асобны разварот, прысвечаны нясенню Вахты Памяці, у спецыяльным альбоме.

Элементы рытуалу на пасту № 1 былі распрацаваны ў 1984 годзе і застаюцца практычна нязменнымі да сённяшняга дня. 

У апошні час былі распрацаваны новыя напрамкі нашай сумеснай дзейнасці з установамі адукацыі: пошук «пастоўцаў» сваёй школы, якія неслі Вахту Памяці ў мінулыя гады, афармленне альбома па выніках пошукавай працы. А таксама кірунак «Па месцах баявой славы», які прадугледжвае распрацоўку не менш двух экскурсій па мясцінах, звязаных з ушанаваннем памяці абаронцаў Радзімы, пры гэтым «пастоўцы» прымаюць непасрэдны ўдзел у правядзенні рытуалаў.

У гэтым годзе выхаванцы паста № 1 сталі ўдзельнікамі праектаў: «Міжнародная Вахта памяці» ў Санкт-Пецярбургу (у сакавіку 2022 г.), «Міжнародная Вахта памяці» ў пасёлку Ідрыцы Себежскага раёна Пскоўскай вобласці (красавік 2022 г.), у Пскове (май 2022 г.)«.

— Для мяне нясенне Вахты памяці хвалюючая падзея. Гэта давер да мяне як да чалавека. І бацькі цалкам падтрымалі мяне ў маім рашэнні прыняць удзел у гэтым знакавым мерапрыемстве. Знаходзячыся на пасту № 1, я выразна адчула дачыненне да гісторыі маёй краіны, — падзялілася сваімі эмоцыямі «паставец», навучэнка 10 «Б» класа сярэдняй школы № 48 ім. Ф. А. Малышава Улада Агеенка.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».