Вы тут

Крывавы хаос на райскім востраве. Што адбываецца на Гаіці?


Не менш чым 12 чалавек загінула днямі ў выніку бойні, учыненай узброенай бандай у населеным пункце Кабарэ побач з Порт-а-Прэнсам, сталіцай Гаіці. Пра гэта паведаміла агенцтва навін Prensa Latіna. Мясцовыя жыхары распавялі пра членаў банды, якія на працягу некаторага часу спрабавалі кантраляваць раён. Паліцыя праследавала злачынцаў, яны ўцяклі, але пазней вярнуліся. Бандыты пачалі забіваць людзей і спальваць дамы. Пасля ўчыненай бойні знойдзена 12 цел, у тым ліку жаночае. Некаторыя трупы спаленыя. «Бандыты дзейнічалі з неймавернай жорсткасцю», — заўважыў кіраўнік мясцовай адміністрацыі Жозеф Джынсан Гіём. Паводле яго слоў, неабходна ўзмацніць праваахоўныя структуры ў раёне, каб гарантаваць бяспеку насельніцтва. Як вядома, паліцыя краіны не ў стане справіцца з узброенымі бандамі, якія кантралююць вялікія тэрыторыі. Што адбываецца на Гаіці?


Краіна ў руінах

Усе краіны Карыбскага басейна зарабляюць турызмам. Гаіці — гэта 1700 кіламетраў прыгожага марскога ўзбярэжжа, аднак яго рэсурс амаль зусім не выкарыстоўваецца. Суседняя Ямайка — буйны вытворца баксітаў і алюмінію, Дамініканская Рэспубліка, якая займае ўсходнюю частку вострава, здабывае золата. У Гаіці радовішчы баксітаў не меншыя, чым на Ямайцы, а золата — чым у Дамінікане, але іх не вырабляюць. Гэта найбяднейшая краіна Заходняга паўшар'я, якая ў асноўным жыве на грашовыя пераводы ад мігрантаў і гуманітарную дапамогу. Казаць аб гаіцянскай эканоміцы не варта: яе проста не існуе — хіба толькі дробны гандаль і мізэрнае па маштабах земляробства, адзначаюць vedomostі.ru. Затое квітнее злачынны абарот: развіваецца транзіт наркотыкаў, які, праўда, у апошнія гады моцна пацярпеў з-за ўзмацнення дзейнасці антынаркатычных падраздзяленняў ЗША, Калумбіі і Венесуэлы.

Палітычная і дзяржаўная сістэмы ў Гаіці за 200 гадоў так і не склаліся. Краіна дасюль не акрыяла ад жахлівага землятрусу 2010-га. Тады яе скаланула так, што, акрамя каласальных ахвяр (загінула 222 тысячы чалавек), былі разбураны амаль увесь жылллёвы фонд, усе суб'екты эканомікі і ўся лагістыка. Аднаўляць краіну не было каму і на што: мясцовых інвестараў няма, а замежным злашчасная Гаіці зусім не цікавая. Астраўная дзяржава так і жыве ў руінах. Работы няма зусім, парадку — таксама.

Пандэмія вельмі балюча ўдарыла па бедных краінах, у тым ліку па Гаіці: паменшылася гуманітарная дапамога, раз'ехаліся ўрачы-добраахвотнікі і супрацоўнікі сіл ААН, якія падтрымлівалі хоць нейкі парадак. Малалікая паліцыя і вайсковыя падраздзяленні ахоўваюць адміністрацыйныя будынкі і ўласныя казармы, у той час як уся астатняя тэрыторыя Гаіці апынулася пад кантролем узброеных бандаў.

Цёмная гісторыя

Апошні дзеючы прэзідэнт Гаіці Жавенэль Маіз быў забіты ўзброенымі людзьмі ў ліпені мінулага года. Паліцыя абвінаваціла ў тым калумбійскіх наёмнікаў, каля 20 з якіх пасля было арыштавана. Але больш чым праз год ніхто не паўстаў перад судом — ні за забойства, ні за яго заказ і арганізацыю. Праваабаронцы сцвярджаюць, што згаданай справай займаліся (і пасля адмовіліся займацца) ужо чацвёра суддзяў, цяпер яна знаходзіцца ў руках пятага.

Хто стаяў за тым злачынствам — няясна да гэтага часу. Нібыта беспрацоўныя калумбійскія баевікі былі нанятыя нейкім доктарам-гаіцянінам, што жыве ў ЗША, з прычыны асабістай непрыязнасці да Маіза. Але ў выніку забойства ўлада ў краіне перайшла да прэм'ер-міністра Арыеля Анры, якога Маіз паспрабаваў зняць з пасады непасрэдна перад гібеллю. Пасля такой цёмнай гісторыі дзяржструктуры Гаіці канчаткова перасталі працаваць.

Забойства прэзідэнта стварыла вакуум улады, які спрабуюць запоўніць банды. Праваабаронцы сцвярджаюць, што па ўсёй шматпакутнай краіне налічваецца каля 200 узброеных груповак, больш за палову з іх — у сталіцы. Банды захапілі партовыя тэрміналы, крыніцы вады, харчовыя і паліўныя склады, устанавілі блокпасты на дарогах і ключавых аб'ектах гарадоў. Насельніцтва цяпер атрымлівае тую ж гуманітарную дапамогу не ад адпаведных арганізацый, а ад бандытаў. Бальніцы закрыліся, прадпрыемствы і транспартныя службы спынілі работу. Навучальны год у Гаіці так і не пачаўся: настаўнікі і дзеці баяцца бандытаў. Аслабелыя ад голаду і пазбаўленыя медыцынскай дапамогі гаіцяне пачалі паміраць ад халеры. Зняволеныя ў турмах паміраюць з голаду.

Стваральнікам бандаў у Гаіці лічаць колішняга прэзідэнта Арыстыда Жан-Бертрана, які быў скінуты ў 1991 годзе падчас ваеннага перавароту, але здолеў пры дапамозе ЗША вярнуцца да ўлады ў 1994-м. Ён распусціў войска і пачаў узбройваць жыхароў трушчоб, на якіх аказваў уплыў у бытнасць каталіцкім святаром. У сваю чаргу, палітычныя апаненты Арыстыда Жан-Бертрана ўзброілі сваіх прыхільнікаў. Так у краіне з'явіліся нелегальныя групоўкі.

Паводле звестак гаіцянскіх праваабарончых груп, узброеныя банды фактычна захапілі не менш чым 60 працэнтаў сталіцы краіны і яе наваколля. Яны трымаюць горад у аблозе, кантралюючы дарогі да яго, паведаміла «Бі-бі-сі». Паводле даных ААН, са студзеня да чэрвеня бягучага года ахвярамі бандаў стала больш за тысячу чалавек.

Па сутнасці, дзяржаўны апарат на Гаіці не функцыянуе. Тут сёння няма кіраўніка дзяржавы, не функцыянуе парламент (банды кантралююць тэрыторыю вакол яго), а прэм'ер-міністр Арыель Генры, які падтрымліваецца ЗША, не быў фармальна абраны на пасаду і не карыстаецца папулярнасцю, адзначыла «Бі-бі-сі». Амаль палова насельніцтва — 4,7 мільёна з 10 мільёнаў гаіцян — недаядае. З іх 1,8 мільёна чалавек знаходзіцца ў надзвычайным становішчы, паводле прынятай міжнароднай супольнасцю шкалы ацэнкі ўзроўню голаду. У ЮНІСЕФ папярэджваюць, што жыццё амаль ста тысяч дзяцей ва ўзросце да пяці гадоў пад пагрозай. Яны знясіленыя ад недаядання і ўспрымання да любой інфекцыі, а на фоне ўспышкі халеры гэта асабліва небяспечна.

«Барбекю» і іншыя

Дзеянні ўзброеных банд — найгоршая з напасцяў, сцвярджаюць праваабаронцы. Выкраданне людзей — індустрыя, якая пашыраецца на востраве. Паводле даных ААН, сёлета са студзеня да кастрычніка, было зарэгістравана 1107 выпадкаў выкраданняў. Для некаторых банд гэта асноўная крыніца даходу. Выкуп можа складаць ад 200 да мільёна долараў. Калі ён заплачаны, большасць ахвяр вяртаюцца дадому жывымі, але зусім не цэлымі. «Мужчын збіваюць, жанчыны і дзяўчынкі падвяргаюцца групавому згвалтаванню, — адзначыла «Бі-бі-сі» Гедэон Жан з гаіцянскага Цэнтра аналізу і даследаванняў у галіне правоў чалавека. — Гэта падганяе сваякоў хутчэй знайсці грошы для выкупу. Часам выкрадальнікі тэлефануюць ім, каб тыя паслухалі, як усё адбываецца з іх роднымі».

Эксперты сцвярджаюць, што ўзброеныя групоўкі маюць сувязі з карумпаванымі палітычнымі дзеячамі — як у дзейнай уладзе, так і ў апазіцыі. Тыя забяспечваюць банды зброяй, фінансамі ці палітычнай абаронай. Узамен банды выконваюць «брудную працу», па неабходнасці правакуючы страх, нестабільнасць ці, наадварот, падтрымку тых ці іншых палітыкаў. Багатыя бізнесмены, як лічыцца, таксама маюць сувязі з бандамі. «Паміж палітыкамі і некаторымі бандамі заўсёды існавалі сувязі, у асноўным у бедных кварталах са шматлікім электаратам. Але пасля выбараў 2011 года гэтыя адносіны выйшлі на новы ўзровень — банды выкарыстоўваюцца як субпадрадчыкі для стварэння палітычнага гвалту», — кажа Джэймс Боярд, эксперт па бяспецы і прафесар міжнародных адносін у Дзяржаўным універсітэце Гаіці.

Калі член банды арыштаваны, для яго вызвалення (прычым з адабранай пры арышце зброяй) бывае дастаткова тэлефоннага званка. «Судовых спраў няма, — заўважае Мары Розі Агюст Дзюсена, прадстаўнік Нацыянальнай сеткі абароны правоў чалавека Гаіці (RNDDH). — Суддзі не жадаюць працаваць з гэтымі справамі. Ім плацяць банды. А некаторыя паліцэйскія падтрымліваюць банды, даюць ім нават браніраваныя машыны і слёзатачывы газ».

Некаторыя паліцэйскія самі знаходзяцца ў бандах, кажа праваабаронца Гедэон Жан: «Мы ведаем, што ў кожнай бандзе ёсць як мінімум два дзеючыя або былыя паліцэйскія. Мы ведаем, што для выкраданняў выкарыстоўваюцца машыны з паліцэйскімі нумарамі. Ці датычная да гэтага паліцыя як інстытут, мы не ведаем».

Некаторыя дзейныя і былыя паліцэйскія маюць уласную банду. Праваабаронцы сцвярджаюць, што яна кантралюе частку галоўнай вуліцы ў цэнтры Порт-а-Прэнса. Дачыненне сілавікоў да дзеянняў банд не з'яўляецца таямніцай. Зарплата сярэдняга паліцэйскага рэдка перавышае 300 долараў у месяц, а некаторыя жывуць у кварталах, якія кантралююцца бандамі. Для іх гэта пытанне выжывання, а не выбару.

Большая частка аднаго з найбяднейшых раёнаў сталіцы Сітэ-Салей кантралюецца самай магутнай крымінальнай федэрацыяй у Порт-а-Прэнсе G9 і яе саюзнікамі. Мясцовыя крыніцы сцвярджаюць, што яна цесна звязана з забітым прэзідэнтам і яго кіруючай партыяй, а яе спецыялізацыя — вымагальніцтва. У верасні G9 заблакіравала галоўны паліўны тэрмінал у горадзе, што паралізавала краіну амаль на два месяцы і выклікала гуманітарны крызіс. Яе лідар — былы афіцэр паліцыі Джымі Чарызье па мянушцы «Барбекю», які іншы раз нават праводзіць прэс-канферэнцыі. Праўда, на адпраўленую праз пасрэднікаў прапанову пагутарыць з «Бі-бі-сі» ён не адказаў. Магчыма, справа ў тым, што нядаўна Савет Бяспекі ААН наклаў на яго санкцыі, абвінаваціўшы ў пагрозе міру і стабільнасці на Гаіці.

Злучаныя Штаты і Канада нядаўна ўвялі асобныя санкцыі супраць двух гаіцянскіх палітыкаў, уключаючы дзейнага старшыню Сената Джозефа Ламберта, за магчымае супрацоўніцтва з бандамі. Эксперты мяркуюць, што санкцыі аказваюць пэўны ўплыў, таму што палітыкі, якія абвінавачваюцца ў сувязях з бандамі, часова затаіліся.

Ключ да вырашэння

У Арганізацыі Аб'яднаных Нацый гавораць аб неабходнасці адпраўкі на востраў узброеных сіл, не звязаных з ААН, — апошняя місія міратворцаў запомнілася абвінавачваннямі ў сексуальным гвалце, а таксама тым, што міратворцы з Непала завезлі на Гаіці халеру, адзначае «Бі-бі-сі». У выніку той эпідэміі загінула каля 10 тысяч чалавек. Аднак узначаліць такія сілы ці хоць бы прыняць у іх удзел пакуль ніхто не спяшаецца.

Прапанова генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша аб аказанні гэтай краіне падтрымкі ў стварэнні бяспекі патрабуе ўважлівага вывучэння. Аб гэтым на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка КНР пры арганізацыі Гэн Шуан, паведаміў ТАСС. Паводле слоў дыпламата, Кітай гатовы падрабязна абмяняцца меркаваннямі па гэтым пытанні з іншымі бакамі. «Мы прынялі да ўвагі нядаўні заклік прэм'ер-міністра Гаіці аб накіраванні ў краіну спецыяльных сіл. Мы таксама прынялі да ўвагі неадкладнае супраціўленне прысутнасці замежных узброеных сіл у Гаіці з боку некаторых палітычных партый і груп», — сказаў Гэн Шуан.

Звярнуўшы ўвагу на тое, што разгортванне міжнародных сіл можа не атрымаць аднагалоснай падтрымкі з боку палітычных сіл краіны і нават справакаваць супраціўленне з боку насельніцтва, ён адзначыў, што гэта «трэба разглядаць комплексна і ставіцца да іх з асцярожнасцю». «Ключ да вырашэння пытання Гаіці знаходзіцца ў руках самога гаіцянскага народа. Міжнародная супольнасць павінна зыходзіць з доўгатэрміновай перспектывы, падтрымліваючы гаіцянскі народ у пошуках усёабдымнага і ўласнага рашэння, заснаванага на яго ўласнай унікальнай сітуацыі», — лічыць кітайскі дыпламат.

Тым часам стала вядома, што новую палітычную партыю для выратавання «паміраючай» краіны стварыў экс-міністр замежных спраў Гаіці Клод Жозеф. Аб гэтым паведаміла іспанскае інфармагенцтва Europa Press. Палітык заявіў, што спадзяецца прыцягнуць у сваю партыю моладзь, якая, паводле яго слоў, не давярае старым лідарам. Жозеф наракае на тое, што краіна «надзвычай падзелена» з-за «карумпаванай сістэмы», якая дзейнічае не ў інтарэсах людзей. Па словах былога міністра, ва ўладзе знаходзяцца алігархі, якія кантралююць практычна ўсе галіны, і менавіта яны паставілі цяперашняга прэзідэнта Арыэля Анры ўзначальваць Гаіці. Экс-міністр сцвярджае, што Анры датычны да забойства прэзідэнта Гаіці ўлетку мінулага года. Ён звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай уключыць прэм'ер-міністра ў «чорны спіс» людзей, якія знаходзяцца пад санкцыямі. У той жа час Жозеф выступіў супраць ініцыятывы ААН, звязанай з увядзеннем у Гаіці замежнага кантынгенту для барацьбы з узброенымі бандамі. Паводле яго слоў, трэба павышаць патэнцыял гаіцянскай паліцыі з дапамогай «добра навучаных, добра аплачваемых і добра аснашчаных» падраздзяленняў, паколькі ў адваротным выпадку яны не могуць супрацьстаяць узброеным групам.

Вядома, усё гэта — толькі дэкларатыўныя заявы і да рэальных змяненняў да лепшага ў шматпакутнай краіне яшчэ вельмі далёка. На жаль, пакуль крывавы хаос на райскім востраве толькі пашыраецца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».