Вы тут

Янка Бобрык і Уладзімір Рагуцкі. Іх паэзія заўсёды будзе чутна ў курлыканні журавоў


Наўрад ці хто не ведае песні «Жураўлі». Яна, па сутнасці, народная. Не ўсе могуць назваць аўтара. «Забываюць», што словы напісаў Расул Гамзатаў. Тым больш няўцям многім, што перакладчык з аварскай мовы на рускую — яго сябра Навум Грэбнеў. А музыка вядомага кампазітара Яна Фрэнкеля. І што ў арыгінале не салдаты загінулі ў баях за Радзіму, а джыгіты. У адным толькі нікога не падводзіць памяць: найлепш спявае народны артыст РСФСР Марк Бернес. Але і тут не абысціся без удакладнення. Гэта была апошняя песня, запісаная ў выкананні Марка Навумавіча: «Мне кажется порою, что солдаты, // С кровавых не пришедшие полей, // Не в землю нашу полегли когда-то, // А превратились в белых журавлей». У гэтай жураўлінай чарадзе ёсць і яшчэ два беларускія паэты, звестак пра якіх захавалася мала, няшмат дайшло і твораў. Таму ў аповедзе не абысціся без сведчання тых, хто добра іх ведаў.


Плыў да светлых дзён

У згадках пра Янку Бобрыка неацэнны памочнік Сяргей Грахоўскі, які быў яго стрыечным братам. Янка Бобрык нарадзіўся 21 ліпеня 1905 года ў мястэчку Глуск Бабруйскага павета Мінскай губерні.

Цяпер гэта гарадскі пасёлак, цэнтр аднаго з раёнаў Магілёўшчыны. Сяргей жа Іванавіч, як вядома, родам з сяла Нобель колішняга Пінскага павета, на той час таксама Мінскай губерні (цяпер гэта Ровенская вобласць Украіны). Аднак яго маленства і юнацтва прайшло ў Глуску.

Янка з ранніх гадоў далучыўся да цяжкай працы. Лёгкай яна і не бывае ў каваля, а яго бацька ў гэтым рамястве славіўся на ўсю акругу. Сын жа, адкуль і сілы браліся, стараўся не адставаць ад яго. Ды ў асноўным усё адбывалася ўлетку. Хоць і ў іншыя поры года лынды не біў, па гаспадарцы дапамагаў. А школьнікам «захапіўся маляваннем, іграў у аматарскіх спектаклях, пісаў дэкарацыі <...>. Маленькая хата Бобрыкаў была своеасаблівым местачковым клубам».

Не чужой сталася яму і паэзія. Упершыню надрукаваўся ў 1924 годзе ў газеце «Беларускі піянер» («Бярозка»). Твор так і называўся — «Піянер». У тым жа годзе паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У наступным годзе верш «Успаміны» надрукаваў часопіс «Чырвоны сцяг» (№ 7), «***То зазвоняць сэрца майго струны...» — газета «Савецкая Беларусь» (15 лістапада). 1926 год — чарговыя публікацыі ў «Савецкай Беларусі», газеце «Чырвоная змена», у часопісе «Маладняк». І першая калектыўная кніжка «Пунсовае ранне», дзе ён прадстаўлены ў суседстве з гэтакімі, як і сам, маладымі аўтарамі Алесем Звонакам і Янкам Туміловічам.

Серыя «Кніжніца Маладняка», у якой яна выйшла, карысталася папулярнасцю па ўсёй краіне, а што ўжо казаць пра Янку Бобрыка. Землякі і так ужо ўспрымалі яго сваім паэтам. А яшчэ і майстрам на ўсе рукі. Сяргей Грахоўскі ўспамінаў: «Памятаю, як у Глуск прыслалі першую кінаперасоўку, з дынамкаю, якую звычайна круцілі самыя дужыя хлопцы. Ніхто доўга не мог разабрацца ў гэтай апаратуры. На канікулы прыехаў Янка, пакорпаўся і „пусціў“ кіно. З воласці далі каня, і студэнт Бобрык усё лета ездзіў па сёлах і „круціў“ адзін фільм».

Прывозіў ў мястэчка і кніжкі, выдадзеныя «Маладняком», даваў іх чытаць ахвотным. Калі такіх было шмат, арганізоўваліся калектыўныя чыткі. Асобныя вершы земляка завучвалі на памяць. Найперш тыя, у якіх паўставалі знаёмыя ім рэаліі. Так, у вершы «Бацьку» пазнаваўся Іван Бобрык-старэйшы. Бацьку «свайго» паэта ведалі не толькі як выдатнага каваля, але і як казачніка:

Ты любіў з натхненнем пад вячэрні свіст

Казку аб мінулым варушыць, як ліст.

Мы сядзім на печы, спахмурнеў лучнік,

За акном агеньчык замільгаў і знік.

Блізкай ім была і прырода, якую апяваў Янка Бобрык. У вершах прамаўлялася тое, што жыло і ў саміх у душы:

Люблю я восень на Палессі,

Прастор замоўк, а не застыў,

Укрыла шэрань стрэхі, вецце,

На верасах —

Лісты.

Лісты...

Люблю я раніцу увосень,

Бо раніцу люблю ў жыцці,

Праз кучаравасць стромкіх сосен

Да светлых

Плысці,

Плысці.

Закончыўшы ўніверсітэт, Янка Бобрык працаваў у Мілаславіцкай школе на Клімаўшчыне, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Пісаў не толькі вершы.

Напісаў і паэму «Галіна», галоўная гераіня якой, маладая настаўніца, жыла тымі ж клопамі, што і сам ён: «Аркестраў, музыкі не трэба, // Паслухай музыку ў жыцці...»

Вучобу прадоўжыў у Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Закончыўшы яе, працаваў у гэтай установе, пасля — у студыі Белдзяржкіно — тады яна знаходзілася ў горадзе на Няве. Як даведаўся Сяргей Грахоўскі ад яго жонкі паэтэсы Наталлі Вішнеўская, «апошнія два гады перад вайной <...> шмат працаваў над нарысамі па гісторыі кіно, пісаў вершы».

Па стане здароўя быў зняты з ваеннага ўліку. Мог эвакуіравацца, але сапраўдны камуніст Янка Бобрык такога сабе не дазволіў. Стаўшы добраахвотнікам народнага апалчэння, капаў акопы, рабіў умацаванні. Даводзілася і за зброю брацца, адбіваючы атакі. А здароўе ўсё пагаршалася. Некалькі разоў упрошвалі ўсё ж пакінуць Ленінград, настойвала на гэтым і жонка. Адказ быў адзін: «Я нікуды не паеду. Паміраць, дык у Леніградзе».

У канцы ліпеня яго, знясіленага, падабралі на вуліцы санітары. Урачы ўратаваць не змаглі. 25 жніўня 1942 года памёр і быў пахаваны на Піскароўскіх могілках. Усе рукапісы і кнігі, што знаходзіліся ў кватэры, загінулі.

Наколькі цудоўным лірыкам быў Янка Бобрык, відаць па вершы «Ноч над Мінскам». Ён з яшчэ адным — «***Прывет табе з Палесся...», прысвечаным Уладзіміру Дубоўку, змешчаны ў другім томе «Анталогіі беларускай паэзія» (1993). Напісаны ў 1928 годзе, у Ленінградзе, а ўражанне такое, быццам сёння і ў Мінску. Асобныя яго допісы змешчаны і ў калектыўным зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).

Сарамлівы і заўсёды ветлівы

У згаданым зборніку ёсць і творы Уладзіміра Рагуцкага. Прадстаўлены яны таксама ў калектыўных кнігах «Крывёю сэрца» (1967) і «Покліч долі адзінай» (1979). Аднак пра гэтага паэта, з якога, несумненна, вырас бы сапраўдны майстар слова, звесткі яшчэ больш скупыя, чым пра Янку Бобрыка. Вядома, што нарадзіўся 9 снежня 1917 года ў сям’і настаўнікаў, якія жылі ў вёсцы Цёплае Чавускага павета Магілёўскай губерні, цяперашняга райцэнтра Магілёўшчыны. Закончыўшы пачатковую школу ў вёсцы Старое Пашкава, вучобу прадоўжыў у сярэдняй школе ў Магілёве, пасля ў 1930 годзе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут.

Дэбютаваў вершам «У лагеры» («Піянер Беларусі», 1934, 6 жніўня). Два наступныя — «Наша клятва» і «Памяці Паўліка Марозава» — у гэтым выданні з’явіліся праз год. Па назвах іх відавочна, што напісаны ў духу свайго часу. Загана, канешне, не ў гэтым. Творчая моладзь, ды і аўтары больш сталага ўзросту, чуйна рэагавалі на тое, што адбывалася наўкола. Бяда, што часта нічога новага не прамаўлялася, а таму за агульнымі развагамі не прысутнічала ні каліва паэзіі. 

Як паэт Уладзімір Рагуцкі сцвердзіў сябе вершам «Хвоя» ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1938, № 10). У ім таксама павевы новага, матывы абуджэння, але ўсё гэта выказана настолькі шчыра, што настрой лірычнага героя адразу перадаецца чытачу. Дваццаціаднагадовы юнак у ім паўстае творцам, здатным убачыць, перадаць хараство паэзіі там, дзе, здавалася б, усё звычайна, будзённа. Іншы прайшоў бы каля хвоі спакойна, а ён зірнуў на яе з замілаваннем, пяшчотай. Нібы і не дрэва, а дзяўчына, якой нельга не захапляцца:

Цябе любіць ранак золкі,

Любіць ясная зара;

Пасля дожджыку вясёлка

Абнімае, як сястра.

 

І, як вечарам паволі

Ахіне прастор імжа,

На тваім шырокім голлі

Зоры спелыя дрыжаць.

Стаіць хвоя бесклапотна «над глыбокаю ракой». У люстэрка ўзіраецца, расой умываецца. І раптам тое, што ніяк не адпавядае сказанаму дагэтуль: «Але заўтра, раніцою, // Ты павалішся на дол». Следам зусім неверагоднае сведчанне: «А як ты скоцішся з абрыву, // Я скажу: // — Шчаслівы пуць! // За табою над вадою // Мае мары паплывуць». Усё становіцца зразумелым, калі даведваешся, пра што марыцца лірычнаму герою:

На імклівых водах нашых

Будзе шлях твой да пары:

Мае мары разгадаўшы,

Спыняць дзесь цябе сябры.

 

Звераць поглядам любоўным...

І тады — у іх руках —

Станеш скрыпкаю цудоўнай,

Небывалай у вяках.

Як успрынялі студэнты гэты твор, апавядае ў сваіх успамінах «Паэт і чайка» Мікола Аўрамчык: «Аляксей Коршак хадзіў па інстытуцкім калідоры і на памяць чытаў яго верш „Хвоя“». «Нехта са старшакурснікаў, — працягвае Мікола Якаўлевіч, — пахваліўся, што гэты верш напісаў іх студэнт, і паказаў нам Рагуцкага, чарнявага хлопца з мілым дзявочым абліччам. Праз нейкі месяц „Полымя рэвалюцыі“ на адным развароце надрукавала побач яго і мой вершы. Мы былі імяніннікамі... Хтосьці тады і пазнаёміў мяне з Рагуцкім.

Як-ніяк ён быў усё-такі трэцякурснік, дый па ўзросце старэйшы за мяне на тры гады. Таму я звычайна неяк нясмела падыходзіў да яго на перапынках. А Уладзімір таксама быў сарамлівы і заўсёды ветлівы...»

З-за гэтай сарамлівасці не ад яго самога, а ад паэта Янкі Журбы даведаўся, што ён у пачатковай школе быў настаўнікам Уладзіміра Рагуцкага. Аднойчы Іван Якаўлевіч прынёс творы ў рэдакцыю газеты «Піянер Беларусі» (вучобу ў інстытуце Мікола Аўрамчык сумяшчаў з журналісцкай працай): «Пры размове з ім я ўспомніў пра Рагуцкага.

Трэба было бачыць, як засвяціўся радасцю твар Журбы, як з гонарам ён сказаў тады:

— О, дык гэта ж мой вучань!.. Я цяпер уважліва сачу за яго вершамі...»

Закончыўшы інстытут, Уладзімір Рагуцкі працаваў у абласной газеце «Камунар Магілёўшчыны», актыўна займаўся і паэтычнай творчасцю. Вітаючы ўз’яднанне Беларусі, напісаў верш «17 верасня», які быў змешчаны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (1940, № 9–10) і стаў адным з найлепшых у беларускай паэзіі на гэтую тэму. Здаў у Дзяржаўнае выдавецтва БССР рукапіс сваёй першай кнігі. На жаль, ён згарэў пры бамбёжцы Мінска. А Уладзімір Рагуцкі, прызваны ў Чырвоную Армію, загінуў у першых баях каля заходняй мяжы.

У апошні год вучобы ў інстытуце ён падарыў Міколу Якаўлевічу свой здымак і некалькі вершаў. Яны таксама не зберагліся, а са здымка зроблены партрэт Уладзіміра Рагуцкага, які і даносіць да нас яго воблік. 

* * *

Свае згадкі Мікола Аўрамчык невыпадкова назваў «Паэт і чайка». Пасля таго, як Уладзімір Рагуцкі скончыў універсітэт, ён больш з ім не сустракаўся: «Помню толькі, што ўлетку 1940 года

ў „Літаратуры і мастацтве“ прачытаў два яго вершы. Адзін з іх, пра чайку, заканчваўся радкамі:

Чайка мора дужае абудзіла,

А сама загінула ў імгле, —

Каб зрабіцца хваляй белакрылай

І спачыць на каменнай скале.

Як і гэтая чайка, сам паэт загінуў у „імгле вайны“». І Янка Бобрык таксама. Па-свойму сімвалічна, што ўспаміны пра іх — Сяргея Грахоўскага «Кветкі і вечны агонь» і Міколы Аўрамчыка «Паэт і чайка» — стаяць амаль па суседстве ў зборніку «Дзень паэзіі. 1971», дзе апублікаваны. Прысутнасць гэтых паэтаў, як і іншых, пра каго пісалася раней у рубрыцы «Год гістарычнай памяці», адчуваецца ў курлыканні журавоў, што пад восень, адлятаючы ў вырай, нагадваюць аб сабе. А ці няма іх прысутнасці і ў крыку чаек, якія нібы прамаўляюць: беражыце мір. Беражыце і нас памятайце. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».