Вы тут

Выйшла новая паэтычная кніга Віктара Шніпа «Кастусь і Міёна»


Напярэдадні зімовых свят і школьных вакацый сапраўдным падарункам ад Выдвецкага Дома «Звязда» юнаму чытачу стаў выхад паэтычнай кніжкі Віктара Шніпа «Кастусь і Міёна». Выданне пабачыла свет з добрым па сённяшнім часе накладам — 1100 экзэмпляраў. Яшчэ з прыемных бонусаў — у творчым тандэме з паэтам выступіла вядомая мастачка Аксана Аракчэева. Ніхто ж не будзе спрачацца з тым, што мастак-афарміцель даўно з’яўляецца суаўтарам дзіцячага выдання? І палова поспеху, у тым ліку і ў рэалізацыі, па праве належыць яму — паплечніку з чароўным пэндзлем у руцэ.


Так, маленькі чытач, трапіўшы ў добразычлівы свет вершаў Віктара Шніпа, вандруе па старонках кніжкі ў суправаджэнні выразных, цёплых і зразумелых малюнкаў. Ужо з вокладкі чытача, а значыць, і сябра, вітаюць разумныя вочы аўчаркі Міёны, пра якую пойдзе гаворка далей, трохі вышэй — карагод будучых знаёмцаў. Вясёлыя, смяшлівыя, пазітыўныя героі кніжкі шчыра запрашаюць да дыялогу. А над усім — беларускае сонейка. Натуральна, калі падтрымаць рыторыку Віктара Шніпа — беларускае неба, беларуская вясна, тады і сонейка можа быць толькі сваім, родным, беларускім.

Мастачка надзвычай удала здолела перадаць гумарыстычны пасыл твораў Віктара Шніпа. Адзін з прыкладаў: на прагулцы ў дажджлівы дзень разумная і вельмі дружалюбная Міёна разам з гаспадаром шпацыруе па лужынах… у гумовых ботах. А ад пільнага позірку тых, каму пашчасціла асабіста ведаць Віктара Анатольевіча, не схаваецца яшчэ адна акалічнасць — глыбіннае бачанне мастачкай унутранага свету паэта. Малюнкі апавядаюць, выпраменьваюць — самая вялікая каштоўнасць для пісьменніка: дружная вялікая сям’я, дзе растуць дзеці, а ў дзяцей ёсць шчаслівыя бацькі, дзядулі і бабулі.

Галоўныя героі, хлопчык Кастусь і аўчарка Міёна, абазначыны ў назве. На першых старонках Віктар Анатольевіч знаёміць чытачоў з імі і перадае асабістае стаўленне да іх. А дасведчаны чытач пра сябе адзначае: лінейная кампазіцыя, добры ход!

У першым творы «Кастусь нарадзіўся» аўтар дзеліцца сваім вялікім новым шчасцем: «У месяцы лютым, // Вятрамі прадзьмутым, // Кастусь нарадзіўся // І дом асвяціўся» і «Кастусь нарадзіўся // Марозы трашчалі. // І зоркі ляталі. // І сэрцы спявалі».

Міёну, мару любога дзіцяці, аўтар паказвае дужай і моцнай. А яе характар і памеры вызначае з паэтычнай усмешкай: «Я смела з ёй заўжды хаджу. // Адно баімся мы дажджу. // Няма такога парасона, // Каб там схавалася Міёна». А ўжо з верша «Кастусь малюе» пачынаюцца не толькі вясёлыя прыгоды сяброў, але і забаўныя непаразуменні. «Наш Кастусь — мастак натхнёны, // Захацеў партрэт Міёны. // Ён Міёну маляваў, // Дзед Міёну адмываў». Змест кнігі не абмяжоўваецца аповедам пра сапраўднае сяброўства хлопчыка і сабакі. Даведаемся і пра клопат дзівачкі мухі-трапятухі, радасць зайца, што прыдбаў веласіпед і такім чынам можа ратавацца ад ваўка, а таксама пра пеўня-настаўніка, які нясе адказнасць за неразумных куранят.

Гумарыстычным вершам «Варона і карона» Віктар Анатольевіч мякка, каб не пакрыўдзіць, раіць маленькаму чытачу ніколі не ўзносіць сябе, быць сціплым і вельмі пільным у самаацэнцы. Бо ў іншым выпадку ёсць шанц зрабіцца падобным да дурніцы вароны, якая патрабуе сабе карону.

Каб маленькі чытач мог паглядзець на свае паводзіны збоку і, пазнаючы сябе, зрабіць выснову, аўтар наўмысна перакладае віну за згублены буквар… Канешне, на ката! На таго, хто дома першы трапіцца пад руку, калі трэба адказваць перад старэйшымі за правіннасць.

Спадабаецца дзецям і гісторыя пра дзеда мядзведзя, якога не змагла збіць з панталыку сваімі хітрыкамі ліса. Мудры мядзведзь не павёўся на парады вядомай падманшчыцы і інтрыганкі, а паслухаў ляснога доктара барсука. Дзед прынёс хвораму ўнуку ў якасці лекаў калоду карыснага мядку. І маленькаму чытачу не трэба сумнявацца, што мядзведзік хутка паправіцца. А як жа інакш, калі побач клапатлівы дзед!

Для Віктара Шніпа ў свеце дзяцей няма другасных пытанняў. Яго хвалюе літаральна ўсё: хто сапсаваў настрой танцорам-камарам і чаму злуюцца мышы, якія набылі на лясным базары лыжы, а цяпер бядуюць, як зацягнуць пакупку ў норку? А ў вершы «Хто пакрыўдзіў хмурынкі» паэт спачувае незаслужана абражаным хмаркам і дзяўчынцы Святланцы, што зрабіла гэты непрыгожы ўчынак.

P. S: Нягледзячы на тое, што выданне адрасавана дзецям, на мой погляд, яно выкліча інтарэс і ў сур’ёзнай дарослай аўдыторыі. Хіба ж не цікава пасля дзённікавай прозы паглядзець на Міёну з іншага ракурсу?!

Іна ФРАЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».