Вы тут

Сустрэча з пісьменнікамі-ардэнаносцамі ў 1939 годзе


Сёлета Беларусь адзначыла юбілеі геніяльных класікаў нашага прыгожага пісьменства Янкі Купалы і Якуба Коласа — 140 гадоў з дня нараджэння. Іх жыццё і літаратурная дзейнасць адлюстравалі велічныя і трагічныя падзеі станаўлення беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Акрамя іншага, яны праявілі сябе як грамадскія дзеячы і педагогі.


Запрашэнне на літаратурны вечар.

У жыццяпісе Янкі Купалы, змешчаным у поўным зборы твораў паэта, можна прачытаць, што 5 красавіка 1939 года ён «разам з Якубам Коласам, Міхасём Лыньковым і іншымі пісьменнікамі выступаў на вечары студэнтаў Мінскага педінстытута імя Горкага, чытаў вершы». Колькі радкоў пра адно з выступленняў, якое, між іншым, стала для кагосьці знакавай падзеяй і нават прадвызначыла лёс.

Прапаную зладзіць невялікую рэканструкцыю гэтага мерапрыемства і паглядзець на яго вачыма журналіста, непасрэднага ўдзельніка, а таксама гледача — аднаго з навучэнцаў педінстытута, дзе ладзілася вечарына. Паспрабуем праз розную оптыку ацаніць тое, што адбывалася на сцэне і ў зале.

Спачатку звернемся да матэрыялу, які быў апублікаваны неўзабаве пасля сустрэчы — у газеце «Советская Белоруссия» № 80 ад 8 красавіка 1939 года на апошняй яе старонцы.

На жаль, аўтар нататкі быў нешматслоўны, а сухі газетны стыль няхай і перадае сутнасць падзеі, але не дае магчымасці ацаніць атмасферу, у якой усё адбывалася.

Чалавек, для якога гэтая падзея стала асабліва важнай, — дзевятнаццацігадовы студэнт Мікола Аўрамчык. Нядзіўна, што той дзень згадваецца ў яго ўспаміне — «Пра сябе».

З гэтых мемуарных запісаў мы даведва­емся, што ў інстытуце ішло актыўнае літаратурнае жыццё, выдаваўся часопіс «Наша творчасць», ладзіліся вечары з беларускімі пісьменнікамі, і Міколу Аўрамчыку добра запомнілася якраз апісаная падзея, якая паслужыла сапраўдным штуршком для яго творчасці і надала веры ў свае сілы.

Згодна з успамінамі, літгурткоўцы былі запрошаны да пісьменнікаў-ардэнаносцаў і камсамольскага начальства ў прэзідыум. І там, седзячы побач з Коласам і Купалам, ён заўважае, што, пакуль нехта з выкладчыкаў інстытута расказваў аб творчасці маладых аўтараў, Якуб Колас праглядаў студэнцкі часопіс, звярнуў увагу на верш Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў» і паказаў яго Янку Купалу. Далей дадзім слова самому літгурткоўцу: «А тут якраз яб’явілі, што чытаць свае вершы будуць пачаткоўцы, і першаму слова далі мне. Я канчаткова разгубіўся, нясмела выйшаў на трыбуну, па ўсіх кішэнях шукаў свае рукапісы і, як на злосць, не знаходзіў іх. У першых радах залы пачалі смяяцца. Нарэшце я сумеўся і, хвалюючыся, прачытаў на памяць “Адлёт жураўлёў” і яшчэ нейкі верш. Воплескі студэнтаў крыху згладзілі непрыемнае ўражанне».

Мікола Аўрамчык згадвае, што асабліва цёпла студэнты сустрэлі выступленне ардэнаносных гасцей, што Янка Купала чытаў верш «А мы сабе сеем і сеем» і ўрывак з паэмы «Тарасова доля», а Якуб Колас — вершы «18 з’езду» і «Прывітанне Маскве».

Але ў іншым сваім успаміне «З іменем Купалы — у сэрцы» гэтая цёплая сустрэ­ча ўжо не падаецца такой цёплай: «Як бы ні быў я тады ўсхваляваны тым, што ў іх прысутнасці мне далі слова першаму, і якое расчараванне ні адчуваў бы пасля свайго разгубленага выступлення, але ўсё роўна вельмі ўважліва слухаў, як выступалі яны абодва.

Зараз Янка Купала чытаў верш “А мы сабе сеем і сеем” і ўрывак з паэмы “Тарасова доля”.

Ці ад таго, што выбраў ён доўгія для чытання рэчы, ці таму, што чытаў іх на­распеў, са звонкай працяжнасцю, трохі крывячы рот, ягонае чытанне на гэты раз здалося мне аднастайна-манатонным і нуднаватым.

Пераконвала ў гэтым і тое, як расслаблена ўспрымала яго выступленне шматлюдная аўдыторыя, хаця я не сумняваўся, што пераважная большасць студэнтаў не толькі слухала, але і бачыла паэта ўпершыню».

Літаратурны дзённік Самуіла Александровіча.

Так згадваў выступленне Мікола Аўрамчык. Але часта бывае, што ўспрыманне непасрэднага ўдзельніка часам не супадае з тым, як гэта бачыць аўдыторыя.

Стварыць трэці ракурс нам дапаможа дзённікавы запіс Самуіла Александровіча, які на тую пару быў навучэнцам педінстытута, знаходзіўся ў зале і занатоўваў тое, што бачыў на сцэне. На жаль, не ўсе словы гэтага ўнікальнага дакумента, прадстаўленага сёлета на архіўных чытаннях у БДАМЛМ, паддаюцца расшыфроўцы, але нават тое, што ўдалося расчытаць, дазволіць нам пашырыць веды пра далёкую падзею і яе ўдзельнікаў. Прапаную вашай увазе тэкст з невялікімі скарачэннямі.

«5/IV. Чакаю вечара, прысвечанага пачынаючым і стрэчы з ордэнаноснымі пісьменнікамі.

8 гадзін блізка. Увайшлі у зал. Селі ў 4-рох: Я, <...>, Коршак, Валынец.

Адкрываецца вечар. У прэзідыум запрашаюцца: Купала, Колас, Лынькоў, Кучар, Цітоў, Кандраценя, Грамовіч, Аўрамчык, Сасноўскі, Коршак, Коган, Шарахоўскі, Дворкіна, Гейне, Дрозд, Рунец, Авіва Левіна, Рубенштэйн, Кручок <...>.

Першае слова даецца Лынькову. Гэта грузны з выгляду дзедушка, з падбародкам, з жыватом навесістым, тоўсты, зусім не падобен на <...> худы твар у мінулым, зусім пастарэўшы чалавек, сіваватыя валасы, карычневы суконны касцюм, пінжак расхлябаны, вышываная рубашка, <...>, на грудзях шыкаваты ордэн Леніна.

Гаворыць аб культуры, становішчы за мяжой, упамінае аб <...> літаратуры і іхным лёсе у враж. краіне, у прыватнасці ў Германіі (Гейне, Шыллера…), аб фаш. гора-тэарэтыках і іх расавай ідэйносці арыйцаў, аб бел. літ шчасці <...> у сов. краіне, аб задачах бел. пісьменніку.

Праходзіць Агняцвет у прэзідыум.

За сталом сядзяць народныя барды Беларусі Купала і Колас. Збоку пры іх прымясціўся Кучар, штось балакае з Янкам, к ім прымнуў з-заду Кандраценя.

Лынькоў скончыў. Бура апладысментаў. Гаворыць Шарахоўскі аб літ. сілах МПІ. Успамінае Аўрамчыка, Кандраценю, Грамовіча, інш.

Пасля яго урывак з аповеду чытае Кандраценя, затым Грамовіч з “Чужога грунта”.

Зала заціхае. Ля мікрафона Мікола Аўрамчык.

Нясецца сумная песня-элегія аб адлятаючых жураўлях.

Усе затоена, захапіўшыся слух <...>.

Кучар так утаропіўся і з усякай радасці, замілавана слухаў Лынькоў, Купала і Колас. Хваляваліся, не верылі вушам, што ідзе змена старым.

Гром апладысментаў. <...> Мікола вярнуўся і прачытаў “Беларусь”.

Выступіў <...>, Авіва Левіна два разы <...>, Кручок вітаў усіх МПІ ад імя Мін. Рубенштэйн прачытаў цікавыя вершы. Дрозд вітаў ад імя КіЖа. Гейне чытаў... Выступала Эдзі і храбра і прыгожа.

Потым прачытаў Купала свае вершы: вельмі прыгожы з твару, ім <...> любаваліся, фацэтны <...> курылі папіросы з Лыньковым і Коласам, смяяліся, шуцілі, часта кідалі рэплікі. Цікава ён грыз губу, проста смех браў, так шапяляў.

<...> Тады выступіў на тры­буну Колас.

Перад тым як прачытаць вершы, захацеў сказаць пару слоў <...> аб “Н.[ашай] Творчасці” МПІ <...> дзе па яго думцы маюцца <...> рэчы.

Так ён гаварыў, [пра] захапіўшы яго асабіста, нас усіх, аўдыторыю слухачоў “Адлёт жураўлёў”. Ён вельмі чулліва, тужліва і па бацькоўску хваліў гэты верш.

<...>

Што вясной, прылятаючы, зблудзяць

I не знойдуць знаёмых балот;

Бо на тых непраходных балотах

Дзе ніхто не мог гнёздаў чапаць

Ячмяні зашумяць пазалотай,

Прыйдуць людзі касіць сенажаць.

Ён паставіў гэты верш у рад побач з класічным вершам “Парус” Лермантава. Так удастоены чэсці Аўрамчык каб аб ім гаварыў Колас <...>.

Аўрамчык застаўся сіня лаўрэатам <...> вечара.

Затым гаварыла Дворкіна аб сілах і талентах МПІ.

Гаварылі аб праектуемым выданні зборніка вершаў з “Н.Пі Ш” МПІ

Нататка ў газеце «Советская Белоруссия» № 80 ад 8 красавіка 1939 года.

Пасля яе загаварыў <...> Кучар, успамінаючы дэкаднік у Маскве бел. літ. і мастацтва, гаварыў аб сустрэчы з маскоўскім чытачом, <...> Купалы, успамінаў аб фота ў сялянскай світцы, — это <...> барацьбіта за сялянскую долю <...>.

Кончыўся вечар.

У вестыбюлі: Лынькоў у вялікім пальто заліхвацкі пакурвае, Купала ў старамоднім пальто, з крыллечкай на локці, <...>, з прыёмнай дочкай, штось гаварылі <...>.

Колас (скрыўся з віду? — закрэслена) ад<...>ваўся.

Кучар бегаў каля іх <...>».

Вось такі, крыху сумбурны тэкст, запісаны спехам у рэжыме рэальнага часу.

Прыведзеныя вышэй матэрыялы паказваюць, наколькі далікатнай матэрыяй з’яўляецца гісторыя і як адрозніваюцца звесткі трох прысутных на адной і той жа вечарыне.

Мы пабачылі, што мерапрыемства было больш прадстаўнічае, чым гэта магло падацца з газетнай нататкі і ўспамінаў, — сапраўды значная падзея ў літаратурным жыцці перадваеннага Мінска. Пабачылі, што засталіся незаўважанымі аўтарам «літаратурнага дзённіка» перажыванні Міколы Аўрамчыка, а той пранёс іх праз доўгія гады і палічыў абавязковым апісаць у сваіх мемуарах. Ёсць вялікае падазрэнне, што ў параўнанні «Адлёту журавоў» і лермантаўскага «Паруса» было прыхавана колькі коласаўскай іроніі, але і маладыя літкружкоўцы плацілі класікам-ардэнаносцам адпаведна. З аднаго боку, праз успамін і дзённікавы запіс адчуваецца піетэт да пісьменнікаў старэйшага пакалення, з другога — пэўная задзірыстасць і хлапецкасць. 40-гадовы Лынькоў у вачах студэнта Александровіча ўжо «дзедушка», Янка Купала і Якуб Колас «хвалююцца», што ім на змену ідуць новыя паэты, ды і чыталі яны свае творы так, што аўдыторыю «смех браў». Тое, што ў Янкі Купалы былі праблемы з зубамі, іх хвалявала мала. Старое і новае — вечнае і ў жыцці, і ў літаратуры.

Зусім хутка вайна пераверне жыццё ўдзельнікаў таго далёкага вечара, нехта загіне на фронце, як Самуіл Александровіч, нехта пройдзе ўсе ваенныя жахі і адолее ледзь не векавы, як Мікола Аўрамчык, шлях. А нам застанецца зберагаць памяць пра іх, супастаўляць розныя погляды і спрабаваць максімальна праўдзіва аднаўляць гісторыю жыцця выдатных дзеячаў нашай культуры.

Міхал БАРАНОЎСКІ

Фота з прыватнага архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.