Вы тут

Два ЦЭ, ЦТ плюс характарыстыка


Усе новаўвядзенні ў прыёмнай кампаніі, якія будуць зацверджаны Указам кіраўніка дзяржавы, накіраваны на стварэнне для абітурыентаў спрыяльных і камфортных умоў і адбор для навучання ў ВНУ найбольш таленавітай і матываванай моладзі. Аб гэтым міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў падчас сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.


— Перад намі стаяла задача — убачыць абітурыента. Шмат гадоў для адбору ў ВНУ выкарыстоўвалася сістэма цэнтралізаванага тэсціравання, якая не заўсёды дазваляла гэта зрабіць. І матывацыю абітурыента пры гэтым амаль немагчыма было ацаніць, — падкрэсліў ён. — Таму з 2023 года пры адборы абітурыентаў на месцы ў рамках мэтавай падрыхтоўкі мы вяртаем унутрывузаўскі экзамен у вуснай форме.

Адно з галоўных змяненняў, якое закране цяперашніх адзінаццацікласнікаў, тычыцца змянення для іх фармату выпускных і ўступных іспытаў. Ім трэба будзе здаваць два цэнтралізаваныя экзамены (па рускай або беларускай мове на выбар) плюс яшчэ адзін прадмет, які спатрэбіцца для паступлення ў ВНУ. Мяркуецца, што цэнтралізаваны экзамен дасць магчымасць не толькі аб'ектыўна ацаніць веды, атрыманыя вучнямі ў школах, але і дапаможа зрабіць больш усвядомлены выбар прафесіі. Бо да гэтага часу выпускнікі маглі здаваць чатыры цэнтралізаваныя тэсціраванні, і многія з іх прыносілі дакументы ў тую ВНУ, куды праходзілі па балах.

Цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць у аўдыторыях каледжаў і ўніверсітэтаў. Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марыя Кіндзірэнка, для гэтых мэтаў будуць задзейнічаны больш як 90 пунктаў па ўсёй краіне і каля 11 тысяч педагогаў (з вышэйшых і агульных сярэдніх устаноў адукацыі). Усе арганізацыйныя моманты з дастаўкай у пункты правядзення ЦЭ школьнікаў кладуцца на кіраўніцтва школ і мясцовыя органы ўлады. Дарэчы, рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену ўжо прайшла ў васьмі рэгіёнах. 28 студзеня такая ж рэпетыцыя пройдзе і ў іншых рэгіёнах краіны.

Заданні, які будуць прапанаваны на цэнтралізаваным экзамене, — базавага ўзроўню. Але суадносіны заданняў у вобласці А і В змяніліся: заданняў у вобласці В без падказак варыянтаў адказу стала больш. Вобласці С у беларускіх тэстах па-ранейшаму не будзе. Цэнтралізаваны экзамен плануюць ацэньваць па стабальнай шкале, якая для школ будзе пераводзіцца ў дзесяцібальную. Гэта адзнака будзе ўплываць на выстаўленне выніковай адзнакі ў атэстат. Мінімальны парог па балах для выпускнікоў на ЦЭ не ўстаноўлены. А вось пры паступленні ў ВНУ будуць дзейнічаць парогі, устаноўленыя ў папярэднія гады. Іх было вырашана не змяняць.

Цэнтралізаваны экзамен будзе праходзіць па нядзелях — 14 і 21 мая. Навучальны год у адзінаццацікласнікаў завяршаецца 25 мая.

У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што незалежны цэнтралізаваны экзамен, які праводзіцца па-за сценамі школы, дасць аб'ектыўны зрэз якасці ведаў выпускнікоў па ўсёй краіне.

Усе выпускнікі 2023 года павінны будуць падаваць у прыёмную камісію характарыстыку, зацверджаную педагагічным саветам школы. Міністэрства адукацыі распрацавала строгую форму характарыстыкі, якая ўтрымлівае 11 пунктаў. Акрамя анкетных даных, прыводзяцца звесткі аб здольнасцях, хобі і захапленнях навучэнца, яго ўдзеле ў розных мерапрыемствах патрыятычнай скіраванасці, у рабоце грамадскіх аб'яднанняў, працоўнай дзейнасці і гэтак далей. Будучых абітурыентаў хвалюе пытанне, ці будзе даваць добрая характарыстыка нейкія перавагі пры паступленні? Ці будуць за яе налічваць дадатковыя балы?

Па словах міністра, дадатковых бонусаў характарыстыка не дае. Але гэта вельмі важная інфармацыя для ўпраўленняў выхаваўчай работы і грамадскіх арганізацый ва ўніверсітэтах. Актывістаў убачаць адразу. Ім могуць прапанаваць стаць старастамі груп, уцягнуць у работу творчых аб'яднанняў, аб'яднанняў па інтарэсах, у работу навуковых студэнцкіх лабараторый, органы студэнцкага самакіравання і гэтак далей.

Андрэй Іванец патлумачыў: для паступлення адзінаццацікласнік здае два цэнтралізаваныя экзамены на выхадзе са школы, адзін дадатковы экзамен у форме цэнтралізаванага тэсціравання і характарыстыку. Пад улік прыёмнай камісіяй бярэцца таксама сярэдні бал яго атэстата. Фактычна, як і раней, максімальная сума балаў, якую можа набраць абітурыент, будзе 400 балаў.

Сертыфікат цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) будзе дзейнічаць два гады. Ім можна скарыстацца і ў 2024 годзе.

Выпускнікі папярэдніх гадоў будуць па-ранейшаму здаваць тры ЦТ, калі не плануюць паступаць на мэтавыя месцы.

Уступны вусны экзамен для мэтавікаў будзе праведзены з 8 да 10 чэрвеня. Да 13 чэрвеня мэтавікі будуць залічаны. Толькі пасля гэтага пачнецца кампанія па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання (з 14 чэрвеня да 6 ліпеня). Калі абітурыенту не пашчасціць паступіць на мэтавае месца, а такая сітуацыя цалкам магчымая, напрыклад, на спецыяльнасцях медыцынскага профілю, дзе традыцыйна складваецца конкурс, ён зможа паўдзельнічаць са сваімі сертыфікатамі ЦЭ і ЦТ у конкурсе на бюджэтныя і платныя месцы.

Падача дакументаў у прыёмныя камісіі ВНУ распачнецца 17 ліпеня.

Унутраныя ўступныя іспыты на творчых спецыяльнасцях застануцца ранейшымі, захаваецца і форма іх правядзення. У залежнасці ад ВНУ ўнутраны ўступны іспыт будзе праходзіць у вуснай або пісьмовай форме. Гэта датычыцца творчасці, фізічнай культуры, літаратуры і шэрагу іншых прадметаў. Захаваны будзе і падыход да паступлення на скарочаную форму навучання выпускнікоў каледжаў. Яны будуць здаваць унутраныя іспыты па прадметах, якія вывучаліся ў каледжы. Часцей за ўсё яны здаваліся ў вуснай форме.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.