Вы тут

Старшыня Мінскага аблсавета — аб мэтах і выніках дзейнасці


У лютым 2018 года Наталля Якубіцкая стала старшынёй Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. А ў лістападзе таго ж года была выбрана членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Наталля Віктараўна расказала «Мясцоваму самакіраванню» аб асаблівасцях сваёй работы, планах, выказала меркаванне па пытаннях выхавання патрыятызму ў моладзі, павышэння статусу дэпутатаў пярвічнага ўзроўню і старшынь сельскіх Саветаў. Але пачалі мы размову з заканатворчай дзейнасці, як сенатар Наталля Якубіцкая выказалася і на гэту тэму:


— Лічу, што заканатворчая дзейнасць і работа з людзьмі — гэта непадзельныя паняцці. Менавіта таму, што законы бяруцца ад зямлі, ад людзей. На аснове пытанняў, праблем, якія хвалююць жыхароў Мінскай вобласці, мы ўносім прапановы і, адпаведна, як члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, займаемся норматворчасцю. Адзін з апошніх найважнейшых законапраектаў — гэта Закон аб Усебеларускім народным сходзе, які вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне.

У Савеце Рэспублікі створаны Экспертны савет, які ўзначальвае старшыня верхняй палаты Наталля Качанава. Туды ўваходзяць усе члены прэзідыума Савета Рэспублікі і эксперты — прадстаўнікі міністэрстваў і члены Савета Рэспублікі. На пасяджэнні запрашаюцца таксама дэпутаты пярвічнага ўзроўню, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў. Яны маюць магчымасць уносіць прапановы ў развіццё таго ці іншага законапраекта. Немалаважна і тое, што сёння надаецца значная ўвага статусу дэпутата пярвічнага ўзроўню. У нас сістэма Саветаў трохузроўневая — пярвічнага, базавага і абласнога ўзроўняў. І вельмі важна, каб быў пачуты голас дэпутатаў і старшынь сельскіх Саветаў.

У свой час я была ўключана ўказам кіраўніка дзяржавы ў Канстытуцыйную камісію. І ўсе законапраекты, якія абмяркоўваюцца, гэта, па сутнасці, і ёсць працяг нашых канстытуцыйных навэл. Абноўленая Канстытуцыя, якую прынялі на рэферэндуме, уласна і мела на ўвазе, што мы на працягу двух гадоў павінны змяніць заканатворчую базу, усе нашы законы прывесці ў адпаведнасць. Таму і раблю на гэтым пытанні акцэнт, паколькі ўваходзіла ў Канстытуцыйную камісію і мела да яго самыя непасрэдныя адносіны.

— Па ініцыятыве Савета Рэспублікі існуе такая практыка, калі старшыня, члены прэзідыума Савета Рэспублікі праводзяць прыёмы грамадзян у рэгіёнах краіны. Вы як член Савета Рэспублікі выязджалі ў іншую вобласць?

— Так, у якасці члена Савета Рэспублікі непасрэдна я правяла прыём грамадзян у Чачэрску Гомельскай вобласці, а таксама ў Мінскім раёне ў межах адзінага дня прыёму членамі Савета Рэспублікі. Шчыра прызнаюся, з боку людзей адчула вялікі давер, прыйшло каля 20 чалавек, і не толькі з прысталічча. Звярталіся сталічныя жыхары, жыхары Слуцкага, Валожынскага раёнаў. Шэраг пытанняў вырашаліся адразу, паколькі разам са мной працавалі спецыялісты па розных кірунках жыццядзейнасці з Мінскага райвыканкама. У Фаніпалі прайшоў прэзідыум Савета Рэспублікі з удзелам членаў Савета Рэспублікі, старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына, дзе былі абмеркаваны аспекты, на якія неабходна звярнуць увагу ў сваёй рабоце са зваротамі грамадзян. Мы павінны разумець, наколькі вынікова, хутка тыя ці іншыя пытанні павінны здымаць. Так, не ўсе з іх вырашаюцца імгненна. Ёсць і такія, што патрабуюць, магчыма, фінансавання, уключэння іх у інвестпраграмы раёна або вобласці. Такі варыянт разглядаецца пасля ўважлівага вывучэння, аналізу з пункту гледжання важнасці той ці іншай праблемы.

Фота: slutsk-gorod.by

— Наталля Віктараўна, вы прымалі ўдзел у Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Наколькі выніковым ён стаў для вас?

— Так, сёлета як старшыня абласнога Савета дэпутатаў я ўдзельнічала ў Форуме рэгіёнаў. Перш за ўсё засяроджу ўвагу на тым, што працэсы ўсебаковай інтэграцыі з'яўляюцца гістарычнымі і паваротнымі падзеямі ў сферы двухбаковага супрацоўніцтва. Беспрэцэдэнтны знешні ціск на нашы краіны не толькі не затармазіў інтэграцыйныя працэсы, але і даў адваротны эфект, які выявіўся ў стварэнні новых драйвераў росту і адзінай безбар'ернай эканомікі Саюзнай дзяржавы. Падчас ІX форуму наша вобласць падпісала пагадненні аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным Cаветам Татарстана і Мурманскай абласной думай. Цяпер абмяркоўваецца пытанне падпісання дарожных карт з кіраўнікамі заканадаўчых органаў Расійскай Федэрацыі. Дадам, што на папярэднім, VІІІ форуме, падпісаны пагадненні з Арэнбургскім заканадаўчым сходам.

— У Год гістарычнай памяці асаблівую значнасць набывае работа з моладдзю. І тут такая форма работы, як Маладзёжныя саветы, вельмі дапамагае.

— Сапраўды, так. Сучасныя фарматы і творчы падыход дазваляюць выбудаваць яе максімальна вынікова. Маладзёжныя парламенты пры абласным Савеце дэпутатаў і раённых Саветах дэпутатаў — гэта накшталт школы грамадска-палітычнай дзейнасці для падрастаючага пакалення. Шматлікія дыялогавыя пляцоўкі мы прысвяцілі тэме захавання гістарычнай праўды аб гераічным мінулым нашага народа. 11 лістапада ў Салігорску адбылася сустрэча членаў прэзідыума Мінскага абласнога Савета дэпутатаў і членаў прэзідыума Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце па абмеркаванні новых законапраектаў. Тут прысутнічала і навучэнская моладзь. Мы выслухалі меркаванні, прапановы маладых людзей. Яны расказалі, чым займаюцца, жывуць, якую работу праводзяць у якасці актывістаў з равеснікамі. У межах сустрэчы была наладжана экскурсія ў Салігорскі краязнаўчы музей, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа «Спаленыя лёсы». Зразумела, мы людзі таго пакалення, якое ведае гісторыю, цэніць тое, што ёсць, тое, што для нас захавалі дзяды і прадзеды — мір. Гэта трэба данесці і да нашай моладзі. Падчас сустрэчы са школьнікамі, студэнтамі, рабочымі я заўсёды падкрэсліваю, што самае галоўнае захаваць незалежнасць і суверэнітэт нашай дзяржавы.

— Год таму абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў быў аб'яўлены конкурс грамадзянскіх ініцыятыў. Ужо можна падвесці нейкія вынікі?

— Мы рэалізавалі пяць праектаў, якія прапанавалі грамадзяне за кошт сродкаў Банка развіцця і саміх жыхароў. Напачатку аб'явілі конкурс, і ўсе 22 раёны і горад Жодзіна мелі магчымасць прадставіць ад імя людзей праект. Гэта нашы першыя крокі, але яны вельмі важныя. Напрыклад, у Валожыне арганізавалі пляцоўку з горкамі для катання на веласіпедах, спартыўную пляцоўку на базе вадасховішча ў Жодзіне, дзіцячую пляцоўка ў пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна.

У найбліжэйшы час будзе аб'яўлены конкурс грамадзянскіх ініцыятыў на наступны год. Падкрэслю, усё, што мы робім, — гэта для людзей, паляпшэння іх дабрабыту, камфортнага жыцця.

Гутарыла Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».