Вы тут

Карысныя парады, як правільна выбраць падарунак


Мы гаворым Новы год і маем на ўвазе асаблівую атмасферу, пах ігліцы і мандарынаў, і, вядома, падарункі. Пра што трэба памятаць, каб набытыя ці створаныя вамі рэчы па-сапраўднаму радавалі родных, калег і сяброў?


Фота: pixabay.com

Станьце чараўніком

— Новы год — свята, якое не толькі для дзяцей, але і для дарослых заўсёдызвязана з магіяй, чараўніцтвам, — пераканана псіхолаг Таццяна Шаранда. — Таму важна, каб самы просты падарунак змяшчаў нейкі сюрпрыз, каб ён быў незвычайна паднесены. Адна дзяўчына распавяла мне, у якое захапленне прыйшоў яе хлопец, калі на Новы год яна ўручыла яму вялікі гелевы шар з яго партрэтам, а маму прымусіла нават праслязіцца звязанымі з воўны ёлачнымі рознакаляровымі шарамі. Здавалася б, гэтыя рэчы недорага каштавалі, але пакарылі сваёй арыгінальнасцю, — у іх адбілася шчырасць і глыбіня пачуццяў, гатоўнасць памарнаваць час, паднапружыць фантазію, каб прыемна здзівіць дарагіх, каханых людзей. Нават выпечаныя традыцыйныя піражкі могуць запомніцца на ўсё жыццё, калі ўкласці туды нейкія сюрпрызы і разыграць паміж гасцямі! Шмат у каго незалежна ад узросту, святкаванне Новага года трывала асацыюецца з зіготкімі навагоднімі цацкамі, гірляндамі, феерверкамі і бэнгальскімі агнямі — Святлом, якое адольвае Цемру. Таму не бойцеся дарыць усё бліскучае, іскрыстае, пераліўнае: яно выдатна падыдзе для стварэння выключнай, чароўнай, казачнай атмасферы.

Патрапіць у дзясятку

Некалькі парадаў, каб выбраць удалы падарунак:

  • Забудзьцеся пра банальнае. Дзесятая па ліку патэльня ці рондаль напэўна не выклікае захаплення ў жонкі — яна ўспрыме іх як намёк на пажыццёвую катаргу ў пліты. Традыцыйныя шкарпэткі ці крэм для галення могуць быць расцэнены мужам ці прыяцелем як адсутнасць сапраўднай цікавасці і павагі да іх непаўторнай індывідуальнасці.
  • Прысмакі не прынята дарыць мужчынам, а спіртное — жанчынам.
  • Вельмі важна памятаць пра перавагі чалавека, калі жадаеце яго парадаваць. Не варта дарыць карціну таму, хто мала цікавіцца жывапісам, зборнік фантастыкі — аматарам дэтэктываў, набор інструментаў чалавеку, які не ўмее нават забіць цвік. А вось калі вашай сваячке падабаецца гатаваць, калі яна прыналежыць да ліку прыхільнікаў здаровага сілкавання, то напэўна будзе глыбока ўдзячная за параварку, аб якой даўно марыла. Лёгка парадаваць сябра, калегу, сваяка, калі вам добра вядома пра іх захапленні — рыбалкай, маляваннем па нумарах, садоўніцтвам, вышыўкай і г.д.
  • Абавязкова ўлічвайце ўзрост таго, каму прызначаецца тая ці іншая рэч. Шалік ці тапкі, якія прыйдуцца да спадобы дзядулю, могуць пакрыўдзіць сябра.
  • Дарыць хатніх гадаванцаў трэба толькі тады, калі дакладна ведаеце, што менавіта іх не хапае для поўнага шчасця гэтаму чалавеку. У такіх выпадках добра было б напярэдадні ўдакладніць аб яго падрыхтаванасці завесці чацвераногага сябра, высветліўшы ўсе перавагі адносна пароды, знешняга выгляду і г.д. Адна справа — набыць шчанюка дзіцяці, які ўвесь час просіць аб гэтым, зусім іншае — узрадаваць ім на Новы год маму або прыяцельку, якія замілоўваюцца чужымі кацянятамі і сабакамі, але самі зусім не маюць часу, сродкаў і сіл, каб займацца імі.
  • Паміж блізкімі і сябрамі рознага фінансавага статусу, тон задае той, чый даход ніжэй. Калі забяспечаная жанчына падорыць прыяцельке дарагую парфумерыю, то паставіць яе ў няёмкае становішча: той давядзецца альбо «разарыцца» на такі ж па кошце зваротны прэзент ці паднесці тое, што дазваляюць сродкі, але адчуваць пры гэтым сваю фінансавую неплацежаздольнасць.
  • Разам з тым спецыялісты па этыкету не раюць абменьвацца аднолькавымі падарункамі. Калі свякруха падарыла вам кавамолку, не варта адказваць ёй тым жа праз год.

Не ігнаруйце прыметы

— У перыяды нестабільнасці, нявызначанасці, катаклізмаў, напружанасці ўзрастае сіла прымет, — падкрэслівае псіхолаг Таццяна Шаранда. — Таму, калі хтосьці з вашых родных ці знаёмых адрозніваецца забабонасьцю, не варта дарыць ім на Новы год ручнікі (лічыцца, што гэта да канфліктаў, няўдач, праблем у сям’і) ці дарыць пустыя кашалькі (да безграшоўя). Дрэнная «рэпутацыя» ў насовак, быццам бы яны — да слёз, а таксама ў нажоў, відэльцаў, нажніц: эзатэрыкі сцвярджаюць, што у колючых і рэжучых прадметаў- адмоўная энергія. Я, напрыклад, люблю свечкі — дэкаратыўныя, араматычныя, самых розных формаў і колераў. Але чытала, што яны таксама ўваходзяць у «чорны спіс»: нібыта, дарыць іх — да нездароўя. Таму на ўсялякі выпадак праверце рэч на добрую энергетыку і «добранадзейнасць».

Знайдзіце для пакупак час і адкладзіце грошы

Уменне стварыць свята пры любых даходах, у любых умовах — сапраўдны талент. Але хто будзе спрачацца з відавочным: грошы і час прыкметна аблягчаюць гэтую задачу. Грошы дазваляюць не скупіцца і ўвасабляць мары блізкіх і родных. Калі сродкаў дастаткова, і вы гатовы не пастаяць за коштам, то чаму б не парадаваць бацькоў пуцёўкай у санаторый, жонку — новай футрай або дарагімі ўпрыгожваннямі, а дачку — айфонам? Але калі ваша прозвішча не Ракфелер, і вы старанна плануеце выдаткі, то лепш загадзя скласці спіс, каму і што вырашылі падарыць, каб адшукаць, купіць ці вырабіць самастойна нешта даступнае, але пры гэтым арыгінальнае, эксклюзіўнае, незабыўнае. Інакш давядзецца ў апошнія дні напярэдадні свята ліхаманкава скупляць непатрэбныя рэчы.

Пераканана: пошук і набыццё падарункаў могуць успрымацца не як цяжар і пакутлівая павіннасць, а як прыемны і цудоўны занятак. Пры такім падыходзе свята для вас пачнецца задоўга да бою курантаў і не завершыцца адразу пасля таго, як вы падымеце келіхі і загадаеце запаветныя жаданні.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.