Вы тут

Пасля двух гадоў перапынку ў Віцебск вярнуўся легендарны «IFMC» — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі


Пасля двух гадоў перапынку ў Віцебск вярнуўся легендарны «IFMC» — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Трыццаць трэці раз у адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі прыехалі госці з усёй нашай краіны, а таксама з Расіі, Казахстана, Арменіі, Паўночнай Македоніі, Ізраіля і Швецыі. З 23 да 27 лістапада на сцэнах Канцэртнай залы «Віцебск» і Нацыянальнага драматычнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа адбывалася сапраўдная феерыя пачуццёвага танца і энергіі жыцця. Чарговы раз віцябляне мелі магчымасць убачыць самыя арыгінальныя спектаклі, ацаніць апошнія пастаноўкі вядомых беларускіх і замежных харэографаў, пазнаёміцца з танцорамі з розных краін.


Заўсёды ўдзячная віцебская публіка з радасцю сустрэла гасцей. Ні нечаканы лістападаўскі снег, ні сярэдзіна працоўнага тыдня не сталі перашкодай для аматараў танцавальнага мастацтва.

Фестывальная праграма надзвычай насычаная. За пяць дзён гледачы і ўдзельнікі IFMC убачылі 8 харэаграфічных спектакляў ад сусветна вядомых харэографаў у выкананні прафесійных калектываў, а пасля паказаў прынялі ўдзел у абмеркаванні пастановак. Удзельнічаць у міжнародным конкурсе сучаснай харэаграфіі ў Віцебск прыехалі 25 калектываў, якія змагаліся за Гран-пры.

Уступ. Мінск

«Нішто не можа быць больш выразным, чым чалавечае цела», — сказаў Валянцін Елізар’еў. На працягу пяці дзён у заснежаным Віцебску адбываўся сапраўдны трыумф мастацтва танца. Дакрануцца да таямнічага і прыцягальнага свята мог кожны наведвальнік IFMC — International Festival of Modern Choreography.

Мерапрыемствы, звязаныя з Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі, пачаліся за тыдзень да афіцыйнага адкрыцця. 17 лістапада ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя, падчас якой арганізатары IFMC падзяліліся планамі і пазнаёмілі з праграмай. Распачала сустрэчу Таццяна Пархамовіч, намеснік начальніка аддзела прафесійнага мастацтва ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Фестываль адразу, ад моманту з’яўлення, заявіў пра сябе як вельмі цікавы культурны праект. Аднак пранесці яго скрозь гады — няпростая справа. Гэта цалкам заслуга арганізатараў і ўсебаковай падтрымкі дзяржавы. Сучасная харэаграфія — надзвычай цікавая тэма, кірунак, які дазваляе падзяліцца ўражаннямі і па- чуццямі сённяшняга дня. Для нас вельмі істотна працягваць гісторыю фестывалю і не дапусціць больш перапынкаў.

Пра актуальнасць мастацкага кірунку выказалася і Марына Раманоўская, намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры г. Віцебска, дырэктар IFMC:

— У гісторыі фестывалю быў перапынак на два гады з прычыны пандэміі, таму нам давялося адмяняць мерапрыемствы. Аднак дзякуючы напрацаванаму досведу, сёння нескладана вярнуцца на звыклыя рэйкі і працягнуць IFMC. Мы ўдзячны ўсім структурам і арганізацыям, якія дапамаглі і паскорылі правядзенне фестыва- лю. Спадзяёмся, што калектывы прадэманструюць на віцебскай сцэне адкрыцці ў харэаграфіі. Святлана Гудкоўская, загадчыца кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, падзялілася думкамі аб месцы IFMC у культур- ным жыцці краіны:

— Фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску з’яўляецца цудоўнай адукацыйнай платформай. Для маладых танцораў важна не толькі прымаць удзел у майстар-класах, але і глядзець на сучасныя спектаклі, знаёміцца з калегамі з іншых краін.Унікальны, легендарны фестываль, які мы чакаем штогод.

Вялікі тэатр — IFMC

Ігар Колб, галоўны балетмайстар Вялікага тэатра, старшыня журы Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, стаў ініцыятарам правядзення ўнікальнага май- стар-класа для ўдзельнікаў конкурсу. «Вялікі — IFMC. Балетны партнёрынг» адбыўся 21 лістапада ў памяшканні цэха тэатра, дзе ствараюцца дэкарацыі для пастановак. У прасторнай зале сабраліся навучэнцы шматлікіх харэаграфічных школ, каледжаў, БДУКМ, Беларускай акадэміі музыкі і іншых устаноў.

Маладыя танцоры мелі ўнікальную магчымасць паўдзельнічаць у класе вядомага расійскага харэографа Вольгі Поны, мастацкага кіраўніка Чалябінскага тэатра сучаснага танца, лаўрэата расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска». Разам з Вольгай Понай у майстар-класе прымалі ўдзел два танцоры Чалябінскага тэатра сучаснага танца — Таццяна Крыцкая і Дзмітрый Чагадар. Вопытныя артысты дзяліліся не толькі канкрэтнымі тэхнікамі ўзаемадзеяння партнёраў, але і дэталямі, таямніцамі майстэрства.

У цэху Вялікага тэатра панавала атмасфера натхнення і ўзрушанасці. Дзякуючы сталым майстрам сцэны маладыя танцоры атрымалі досвед у такіх істотных аспектах партнёрынгу, як работа з прасторай і ўменне запаўняць яе целам, работа з рытмічнымі малюнкамі, каардынацыя і магчымасці кантролю ўласнага цела.

Пасля майстар-класа танцоры Чалябінскага тэатра сучаснага танца прадэманстравалі фрагменты сольных спектакляў. Таццяна Крыцкая выканала сцэны з пастаноўкі «Дзюймовачка» — намінант на прэмію «Залатая маска». А Дзмітрый Чагадар прадставіў спектакль уласнай пастаноўкі «Ірацыянальны», лаўрэат фестывалю монаспектакляў «Монафэст-2022».

Адкрыццё. Віцебск

23 лістапада, перад пачаткам урачыстай цырымоніі адкрыцця, у сэрцы фесты- валю, канцэртнай зале «Віцебск» — адкрыліся дзве выстаўкі, прысвечаныя танцу і створаныя танцорамі. Так, савецкі артыст балета, балетмайстар, народны артыст СССР Уладзімір Васільеў прывёз на фестываль калекцыю сваіх карцін. Выстаўка «Пэндзаль, які тан- цуе» дэманстравалася на працягу ўсіх фестывальных дзён.

Маскоўскі фатограф Руслан Сюнякоў, больш вядомы як Rust2D, стварыў серыю фотаздымкаў танцораў сучаснага кірунку і артыстаў балета, якую назваў «Грузчыкі ветру» — погляд сучасніка на танец, яго стварэнне, пластыку і цела.

Падчас адкрыцця XXXIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі традыцыйна прадставілі кожны з калектываў, якія прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе. Валерый Грамада, першы намеснік міністра культуры, зачытаў прывітанне фестывалю ад Анатоля Маркевіча, які адзначыў, што без IFMC немагчыма ўявіць сучасны свет танца ў Беларусі і за мяжой, фестываль стаў непаўторнай пляцоўкай для прасоўвання авангардных ідэй у галіне харэаграфіі.

— Нарэшце гэты фестываль, гэтая феерыя вярнулася да нас. Мы ўсе гатовы на некалькі дзён прысвяціць сябе дзеі на сцэне. Я ганаруся тым, што мой родны горад — магніт для таленту, для такіх падзей, — адзначыў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін.

У другім аддзяленні перад гледачамі паўстала містычныя і складаная гісторыя. Спектакль «Рахманінаў» у выкананні Дзяржаўнага маладзёжнага ансамбля песні і танца «Алтай» імя Ф. Бярэзікава, на думку В. Васільева, адкрыў новы перыяд у сучасным танцы. Народны артыст падкрэсліў, што гэта звязана з мастацкім кіраўніком і харэографам Аляксеем Растаргуевым. Шматгранны і хаатычны спектакль набываў новыя фарбы і сэнсы дзякуючы музыцы Сяргея Рахманінава. Калектыў Аляксея Растаргуева дэманстраваў найлепшыя здабыткі харэографаў XX стагоддзя. Пластыка і мова цела танцораў былі падпарадкаваны мелодыі і сюжэту. Мастак, жанчына і дэман — кожны з герояў рухаўся ў сваім кірунку і нават плоскасці, аднак у патрэбны момант яны спляліся ў адзін вузел.

Эпілог. Гран-пры

На працягу чатырох дзён было паказана сем спектакляў і харэаграфічных дывертысментаў. Сярод самых яскравых варта адзначыць дзве пастаноўкі, прадэманстраваныя ў сценах Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа: «Гаудзі» і «Не будзіце сабаку, які спіць». «Гаудзі» — спектакль незалежнай кампаніі сучаснага танца «LIBERTATEM» пад кіраўніцтвам харэографа Вікторыі Арчая. Гэта гісторыя творчага жыцця і заблытанага шляху вядомага іспанскага архітэктара Антонія Гаудзі. Красамоўныя рухі, рваная мелодыя кампазітара Маі Гарат, спецыфічная гульня з прадметамі сталі эле- ментамі пастаноўкі, якія засталіся ў памяці.

Так, адным з цэнтральных прадметаў на сцэне была лесвіца, якая, безумоўна, адсылае нас да самага знакамітага праекта архітэктара Саграда Фамілія — храма Святога Сямейства, будаўніцтва якога працягваецца з 1882 года да цяперашняга часу. Пастаноўка беларускага харэографа Вольгі Лабоўкінай «Не будзіце сабаку, які спіць» стала адной з самых запамінальных падзей усяго фестывалю. На гэта паўплывалі як харэаграфія, да стварэння якой далучыліся і артысты казанскага тэатра танца «Дарога з горада», так і сюжэт аднайменнай п’есы англійскага драматурга Джона Прыстлі, пакладзены ў аснову.

У спектаклі Вольгі Лабоўкінай танцавалі не толькі людзі, а, здаецца, і ўсё навокал: стол, шматлікія крэслы, нават само паветра на сцэне. Перад гледачамі разгортваецца гісторыя аднаго вечара. Выпадковыя абставіны, што адкрыліся ў сям’і, дазваляюць разблытаць клубок падзей. Напружанне сцэн настолькі невыноснае, што адзіная магчымасць ад яго пазбавіцца — зламаць крэслы. Асаблівым стаў для гасцей фестывалю вечар-прысвячэнне Яўгенію Панфілаву, знакамітаму расійскаму танцору і харэографу, стваральніку тэатра «Балет Яўгенія Панфілава». Трупа тэатра выканала дзве яго вядомыя пастаноўкі — балет «Капітуляцыя» і харэаграфічны дывертысмент «Працяг будзе». Пасля кожнага спектакля гледачы і выканаўцы маглі пазнаёміцца бліжэй. Пад кіраўніцтвам кандыдата мастацтвазнаўства Дар’і Кажамякі праводзіліся сустрэчы артыстаў тэатра і гледачоў. Напоўненыя шчырым захапленнем і ўдзячнасцю, яны падводзілі фінальныя рысы і давалі неабходныя адказы.

Паралельна з разнапланавымі пастаноўкамі адбываліся і конкурсныя паказы. Члены журы і экспертнага савета ацэньвалі прадстаўленыя харэаграфічныя нумары. Па выніках закрытых тураў у фінал прайшлі 15 калектываў з Беларусі, Расіі ды Казахстана.

Гран-пры Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску сёлета атрымаў калектыў з Цюмені «Праспект» за нумар «Любая дзея нараджае супраціў». У пастаноўцы харэограф Аксана Бакланава разам з танцорамі паспрабавала пера- асэнсаваць эвалюцыю чалавека і тое, што з ім адбываецца.

Спецыяльнай прэміяй Яўгена Панфілава адзначылі праект Валянціна Ісакава «Х-перІменты» Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага за выступленне «Планета А».

Яна ЦЭГЛА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?