Вы тут

Лукашэнка на нарадзе з ваеннымі: Здабываць урокі — найважнейшая наша задача


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях абароны. Асаблівасці развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны і меры далейшага рэагавання на яе былі абмеркаваны з удзелам усяго сілавога блока. 


Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ўсе сілавыя ведамствы адзначаюць рост колькасці правакацый паблізу Дзяржаўнай граніцы. «Украіна пад любой падставай спрабуе ўцягнуць войскі дзяржаў — членаў НАТА ў канфлікт, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Усё гэта пацвярджаецца нядаўнімі падзеннямі ракет на тэрыторыю Польшчы. Адначасова з боку збеглай апазіцыі — бандытаў нашых — усё часцей гучаць заклікі да захопу ўлады сілавым шляхам і здзяйснення тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі». 

Як адзначыў Прэзідэнт, асобныя з гэтых збеглых — не проста здраднікі, але і экстрэмісты ў квадраце. «Па-іншаму назваць іх не магу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Ужо адкрыта, не саромеючыся, заклікаюць да нанясення ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі нашай краіны. Забыліся нават аб тым, што на тэрыторыі Беларусі пражываюць іх родзічы». 

На гэтым фоне, па словах Аляксандра Лукашэнкі, заходнія дзяржавы працягваюць нарошчваць ваенны патэнцыял сваіх узброеных сіл, мадэрнізуюць інфраструктуру на тэрыторыі суседніх краін, павялічваюць інтэнсіўнасць правядзення мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. «Усё гэта вядзе да абвастрэння і так складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны і ў рэгіёне ў цэлым, — падкрэсліў ён. — Пакуль нам удаецца стрымліваць верагоднага праціўніка ад прымянення ваеннай сілы супраць Беларусі. Але, тым не менш, мы павінны пастаянна адсочваць, бачыць і не прапусціць — ні ў якім выпадку не прапусціць! — прыкметы, якія ўкажуць на непасрэдную падрыхтоўку да агрэсіі супраць нашай краіны».

Сёння, як паведаміў Галоўнакамандуючы, неабходна зрабіць зрэз таго, што ўжо выканана для абароны дзяржавы, і намеціць, у якім напрамку трэба рухацца ў далейшым. «Я заўсёды паўтараў і яшчэ раз хачу сказаць: урокі, урокі, урокі — з таго, што адбываецца па перыметры нашай Беларусі, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Здабываць урокі — найважнейшая наша задача». 

Падчас нарады з сілавым блокам была ацэнена эфектыўнасць ужо прынятых мер па павышэнні абараназдольнасці дзяржавы, вызначана, ці патрэбна прымаць дадатковыя рашэнні на ўзроўні Прэзідэнта.


У тэму

У размове з журналістамі міністр абароны генерал-летэнант Віктар Хрэнін адзначыў, што нарада ў кіраўніка дзяржавы — планавае мерапрыемства, але не апошняе. «Нарада падкрэслівае, наколькі вялікую значнасць наш Прэзідэнт надае пытанням ваеннай бяспекі дзяржавы ў межах той абстаноўкі, якая склалася вакол краіны, — звярнуў увагу кіраўнік ваеннага ведамства. — Карыстаючыся сваімі індыкатарамі, бачым, што абстаноўка не становіцца лепшай, ідзе яе нагнятанне. На жаль, бачым, што нашы суседнія дзяржавы актыўнымі крокамі мілітарызуюцца. Ідзе заўчасная падрыхтоўка да вайны, як мы гэта называем ваеннай мовай».

Аднак, па словах міністра абароны, палохацца не трэба —непасрэднай падрыхтоўкі няма. «Бачачы, як дзейнічаюць нашы суседзі, мы, натуральна, абавязаны рэагаваць на ўсё, што адбываецца, і рыхтаваць свае Узброеныя Сілы, сваю дзяржаву перш за ўсё да абароны, — падкрэсліў Віктар Хрэнін. — Мы не збіраемся нікому пагражаць, ні на каго нападаць. Мы хочам на сваёй тэрыторыі самастойна жыць, прымаць рашэнні, захоўваць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць». 

Кіраўнік абароннага ведамства расказаў, што на нарадзе Прэзідэнт заслухаў тыя рашэнні, якія былі прыняты раней. «Мы яшчэ раз паглядзелі, ці не дапускаем памылкі, — удакладніў Віктар Хрэнін. — Мы добра разумеем, што, уцягнуўшыся ў гонку ўзбраенняў, як робяць некаторыя дзяржавы, можам даставіць непрыемнасці нашай эканоміцы і пэўныя сацыяльныя праблемы. Трэба сыходзіць з прынцыпу разумнай дастатковасці, першай неабходнасці — гэта падкрэсліў і кіраўнік дзяржавы. Ніякай празмернасці, чагосьці непатрэбнага ні ў якім разе быць не павінна. Перш за ўсё ў гэтай сітуацыі мы павінны разлічваць на свае сілы, гатоўнасць абараняць сваю краіну самастойна».

Міністр абароны адзначыў, што асноўным выгадаатрымальнікам ад усёй гэтай напружанай абстаноўкі і каля нашых граніц, і ўвогуле ў свеце з’яўляюцца ЗША. «Яны спрабуюць аслабіць Расію, паглынаюць Еўрасаюз, яны ўжо, груба кажучы, паставілі на калені эканоміку Украіны, — заўважыў ён. — Правакацыі, якія могуць быць і на якія мы прадумваем, як адказваць, — хутчэй за ўсё, у іх інтарэсах. Для таго, каб мы туды ўцягнуліся. Мы гэта разумеем. На гэтыя правакацыі будзем рэагаваць, але якімі формамі і спосабамі — наша справа». 

Адна з ключавых задач, пастаўленая Галоўнакамандуючым перад ваенным ведамствам, па словах міністра абароны, — аналізаваць, рабіць вывады, вучыцца на тым вопыце, які цяпер можна назіраць на поўдні ад нашай краіны. У сувязі з гэтым уносяцца значныя змяненні ў планы, праграмы баявой падрыхтоўкі ваеннаслужачых. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».