Вы тут

Дэпутаты Магілёўшчыны наладжвалі сувязі падчас форуму «Млын поспеху»


Дадзены форум — добрая пляцоўка для абмеркавання эканамічных пытанняў і не толькі, бо эканоміка непарыўна звязаная з людзьмі. Бізнес, інвестыцыі, стварэнне новых рабочых месцаў — усё гэта спрыяе развіццю краіны і паляпшэнню дабрабыту яе жыхароў. У рамках форуму ў Магілёве пабывалі прадстаўнікі 20 краін. Расійскую Федэрацыю прадстаўляў шэраг рэгіёнаў, у тым ліку Масква, Тула, Смаленск, Бранск і іншыя. Амаль паўтысячы ўдзельнікаў міжнароднага форуму — вядучых бізнесменаў, дыпламатаў, экспертаў, грамадскіх дзеячаў і прадстаўнікоў улады змаглі ацаніць патэнцыял Магілёўскай вобласці і наладзіць кантакты.


Гасцям паказалі аб'екты народнага гаспадарання. Фота з архіва Магілёўскага гарсавета.

Два гады таму Магілёўскі аблвыканкам прыняў стратэгію ўстойлівага развіцця вобласці на перыяд да 2035-га, якую зацвердзіў сваім рашэннем Магілёўскі аблсавет дэпутатаў. Стратэгія лягла ў аснову распрацоўкі абласных і раённых прагнозных праграмных дакументаў на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектыву. Яна грунтуецца на 17 асноўных Мэтах устойлівага развіцця, якія прадугледжваюць стварэнне спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва, павышэння ўзроўню і якасці жыцця.

— Важным элементам стратэгіі стала актыўнае ўцягванне дэпутацкага корпуса ў рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця, — удакладніла старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Тэматычным кірункам дыялогавай пляцоўкі па ўстойлівым развіцці, якая працавала падчас эканамічнага форуму, стала цыркулярная эканоміка, так званая эканоміка замкнёнага цыклу. Удзельнікі дыялогу прааналізавалі міжнародныя і рэгіянальныя трэнды развіцця цыркулярнай эканомікі, быў разгледжаны ход рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе, а таксама прэзентавана аналагічная праграма для Бабруйска на перыяд да 2035 года.

— Магілёўская вобласць праводзіць паслядоўную работу ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця, — адзначыла Ірына Раінчык. — Як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь мы не маем сфер і кірункаў, якія не былі б ахоплены праграмамі развіцця. Галоўным прынцыпам было і застаецца развіццё чалавечага патэнцыялу і павышэнне дабрабыту жыхароў вобласці.

Цудоўным прыкладам цыркулярнай эканомікі можна стаць праект паміж бабруйскім прадпрыемствам «Белшына» і прыватным прадпрыемствам Тулы.

У міжрэгіянальным супрацоўніцтве і ўстойлівым развіцці зацікаўлены намеснік прэфекта Усходняй адміністрацыйнай акругі горада Масквы Дзмітрый Плахіх.

У суправаджэнні старшыні Магілёўскага гарсавета Максіма Гурына госць наведаў шэраг магілёўскіх прадпрыемстваў па вытворчасці тавараў народнага спажывання, азнаёміўся з магчымасцямі абласной клінічнай бальніцы, пабываў у дзіцячым садку № 118, фізкультурна-аздараўленчым комплексе H2O.

— Усходняя акруга і Магілёў даўно плённа супрацоўнічаюць, але не перастаю здзіўляцца, наколькі імкліва ваш горад развіваецца, — адзначыў Дзмітрый Плахіх. — У вас настолькі разнастайныя, цікавыя і патрэбныя прадпрыемствы, што гэта выклікае захапленне.

Дзмітрый Плахіх паабяцаў, што будзе хадайнічаць перад кіраўніком акругі аб уключэнні ў будучыні ў склад дэлегацыі аднаго з кіраўнікоў унутрымуніцыпальнага ўтварэння Масквы для развіцця сувязяў з дэпутатамі.

— У нас любое ўзаемадзеянне дае развіццё, — падкрэсліў ён. — Без развіцця гэта стагніраванне. Трэба сябраваць і развівацца разам. Эканамічны форум у Магілёве дапамагае абнавіць сувязі, якія ўжо ёсць, і наладзіць новыя.

Супрацоўніцтву рэгіёнаў было прысвечана адзінаццатае пасяджэнне Савета па міжрэгіянальным і прыгранічным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, якое было прымеркавана да эканамічнага форуму. Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, які з'яўляецца старшынёй Савета, падкрэсліў, што толькі дзякуючы ўмацаванню міжрэгіянальнага кааперацыйнага супрацоўніцтва, а таксама мерам, прынятым з боку беларускай дзяржавы, і намаганням бізнесу, удалося вытрымаць удар санкцый.

Вынікам міжнароднага эканамічнага форуму «Млын поспеху» стала падпісанне дакументаў на агульную суму мільярд рублёў са стварэннем каля 500 рабочых месцаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.