Вы тут

Як канфліктаваць правільна, каб не сапсаваць настрой ці адносіны


Ці можна цалкам пазбегнуць канфліктаў — на працы, дома, у чарзе ў паліклініцы ці ў транспарце? Любы прафесійны псіхолаг адкажа, што не, гэта немагчыма. Але важна канфліктаваць правільна, каб не сапсаваць настрой ці адносіны. Пра гэта не пішуць у падручніках і не вучаць у школе, але кожнаму важна ведаць некалькі простых правіл і этыку паводзін падчас спрэчак. Што ж неабходна выконваць, каб змякчыць канфлікт ці зрабіць яго канструктыўным? Разбіраемся з гэтым разам з псіхолагам Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Ганнай Салавей.


Фота: pixabay.com

Дзелавыя і асабістыя

Найперш адзначым, што па прадмеце канфлікты можна падзяліць на дзелавыя і асабістыя. Дзелавы канфлікт заснаваны на розным стаўленні да нейкіх рэчаў, трэціх асоб, спосабаў паводзін. Ён заўсёды канкрэтны: «Я не хачу, каб ты... курыў у пакоі, так гучна ўключаў музыку, раскідваў свае рэчы і г. д.». У вытворчай сферы дзелавы канфлікт лепш пачынаць так: «Вы павінны выконваць правілы тэхнікі бяспекі, у адваротным выпадку магчымая аварыя і вы будзеце ахвярай або вінаватым у тым, што можа здарыцца», «Вы павінны выконваць рабочую дысцыпліну». Усе службовыя канфлікты выстройваюцца на неабходнасці захавання тых ці іншых правіл дзелавых адносін.

Асабістыя канфлікты заўсёды менш канкрэтныя, і прэтэнзія накіравана не на асаблівасці паводзін, а да асобы партнёра ў цэлым. Прыклад сямейна-шлюбных канфліктаў: «Мне надакучыла тваё занудства. Ты такі несабраны. Ты мне заўсёды лжэш. Ты вельмі грубы чалавек».

Дзелавыя канфлікты значна лягчэйшыя, і іх прасцей вырашыць. А вось асабістыя — з цяжкасцю. Бо за асабістымі прэтэнзіямі стаіць патрабаванне, каб чалавек поўнасцю або часткова змяніў свой характар, тэмперамент ці нават патрэбы. Аднак калі можна часткова карэкціраваць густы, прыхільнасці, звычкі, то нельга змяніць асноўныя якасці асобы, яе тэмперамент. Усё гэта аднак не азначае, што асоба, адзін раз сфарміраваўшыся, не здольная больш змяняцца і ўдасканальвацца.

Не асуджайце ініцыятара, а выслухайце

Першае правіла паводзін у канфлікце — справядлівае стаўленне да ініцыятара канфлікту. Усякі між- асобасны канфлікт пачынаецца з таго, што ў пары ці групе з'яўляецца чалавек чымсьці незадаволены — гэта ініцыятар канфлікту. Менавіта ён выступае з патрабаваннямі, прэтэнзіямі, крыўдамі і чакае, што партнёр прыслухаецца да яго і зменіць свае паводзіны. Але як звычайна рэагуе партнёр на ініцыятара канфлікту? Вельмі адмоўна. І абвінавачвае яго ў тым, што той «ізноў нечым незадаволены, зноў пачынае сварку па дробязях», што «яму вечна чагосьці не хапае», «заўсёды яму ўсё не так». Роля абвінавачанага відавочна непрыемная, таму, натуральна, кожны нармальны чалавек імкнецца яе пазбегнуць ці рыхтуецца даць адпор ініцыятару.

— Варта памятаць, што ініцыятар канфлікту, за рэдкім выключэннем, калі гэта проста капрызны, няўжыўчывы, «склочны» чалавек, заўсёды мае асабістыя падставы «ўчыняць сварку». Як правіла, за яго незадаволенасцю і прэтэнзіямі стаіць даволі істотная прычына або асабістая цікавасць — нейкі стан рэчаў, які яго не задавальняе, гняце, мучыць, дастаўляе турботу або нязручнасць, — тлумачыць Ганна Салавей. — Такім чынам, для таго каб канфлікт з першага ж кроку не пайшоў па «крывым шляху», трэба справядліва і цярпліва паставіцца да ініцыятара сутыкнення: адразу ж «з парога» не асуджаць, не адмахвацца, не лаяць, але ўважліва і па магчымасці максімальна добразычліва яго выслухаць.

Скараціце колькасць прэтэнзій

Другое правіла паводзін у канфлікце — выявіць прадмет канфлікту і не пашыраць яго. Пад прадметам разумеецца прычына незадаволенасці партнёра: што яго канкрэтна не задавальняе, што не падабаецца ў паводзінах іншага? Гэтае правіла павінен выконваць і ініцыятар канфлікту, гэта значыць выразна і ясна сфармуляваць найперш для сябе, што яго не задавальняе і раздражняе ў іншым. Потым поўна і зразумела выказаць прычыну сваіх прэтэнзій.

Часта падчас спрэчкі людзі не ўмеюць выконваць гэтае правіла. Смутнае раздражненне нечым слаба ўсведамляецца і ўяўляецца ў выглядзе сапсаванага настрою. У гэтым выпадку партнёры загразаюць у неканкрэтных абвінавачаннях, прыдзірках, уколах і нават абразах, праз якія «абвінавачаны» не бачыць сутнасці сваркі.

Такім чынам, да другога правіла паводзін у канфлікце — «удакладненне прадмета канфлікту і непашырэнне колькасці прадметаў» — варта аднесці скарачэнне колькасці прэтэнзій за адзін раз. Небяспека вялікай колькасці прэтэнзій у тым, што ў абвінавачанага ствараецца ўражанне абсалютнай вінаватасці ва ўсім, што адбываецца з ініцыятарам канфлікту.

Гэта можа выклікаць і ўзмацненне раздражнёнасці абвінавачанага, які не ведае, чым жа «дагадзіць» ініцыятару, ды і ці трэба гэта рабіць, калі «ўсё так дрэнна»?! Напрыклад, канфлікт пачаўся з-за гучнай размовы па тэлефоне, потым перайшлі на іншае, успомнілася не аддадзеная своечасова справаздача, «гультайства» абвінавачанага. І далей ініцыятар сказаў усё, што ў яго назапасілася на душы, а абвінавачаны, даведзены да крайнасці, таксама не застаўся ў даўгу, і вылажыў усё наўпрост, «нягледзячы на асобы».

Не сыходзьце ад канфлікту

З другім правілам паводзінаў у канфлікце звязана псіхалагічная ўласцівасць некаторых асоб, часта неканфліктных па сваёй натуры, стрымліваць сябе і адыходзіць ад сутыкненняў. Рана ці позна назапашаныя дробныя крыўды ўтвараюць «снежны ком», які ўжо цяжка спыніць. Гэта раскрые такую колькасць крыўдаў і недамовак, што справіцца з канфліктам будзе проста немагчыма.

Вось чаму не рэкамендуецца вырашэнне канфлікту тыпу «згладжванне» і асабліва «сыход». Яны могуць пакідаць у ініцыятара і абвінавачанага крыўды ў выглядзе нявырашаных супярэчнасцяў. Разнастайныя разумовыя асацыяцыі, паступова назапашваючыся, абрастаючы падрабязнасцямі іншых сутыкненняў і недамовак нават з іншымі людзьмі, узмоцняць эмацыянальную ўключанасць абвінавачанага і ініцыятара. Тут удзельнікаў канфлікту чакае іншая небяспека — зрабіць паспешную выснову аб мэтазгоднасці дадзеных адносін наогул.

— Так, даволі часта ў маладых людзей «шлюб і развод» могуць стаць звычайнай, звыклай справай. Існуючая лёгкасць размоў у маладых мужа і жонкі аб разводзе не такая ўжо і бяскрыўдная, — папярэджвае псіхолаг. — Спачатку паўжартам, а потым і сур'ёзна назапашаныя крыўды і недагаворкі прыводзяць да паспешных высноў і рашэнняў. Добра вядома, што разбурыць прасцей, чым пабудаваць — і тым больш нанава. Тое ж самае ў міжасобасных адносінах: нельга спяшацца з высновамі аб сэнсе пэўных адносін — таварыскіх, прыяцельскіх, сяброўскіх і асабліва шлюбных.

Псіхалагічныя даследаванні паказваюць, што толькі наяўнасць усіх відаў адносін дае нам задаволенасць жыццём і аптымізм. Актыўнай асобе прасцей у новых абставінах усталяваць адносіны, хоць яна і не можа забяспечыць сябе ўсімі іх відамі ў тых умовах. Інтравертным, маўклівым людзям прасцей абыходзіцца мінімумам кантактаў і зносін. Але зусім немагчыма ў той жа якасці ўтварыць роднасныя, бацькоўскія, шлюбныя і сяброўскія адносіны.

— Пагарджанне прыяцельскімі і таварыскімі ўзаемаадносінамі ў канчатковым выніку стварае ўнутраны бар'ер няўмення ўтрымліваць адносіны. У выніку развіваецца такая рыса, як падазронасць у адносінах з іншымі людзьмі. Чалавек зацыкліваецца на няўдачах, часта сумняваецца ў шчырасці любых адносін, залішне крытычна і нават негатыўна ацэньвае паводзіны іншых. Страчваючы за кошт сваёй падазронасці і недаверу разнастайныя кантакты, такі чалавек яшчэ больш самаізалюецца, — кажа Ганна Салавей.

Сфармулюйце пазітыўнае вырашэнне

Трэцяе правіла паводзінаў у канфлікце — фармулёўка пазітыўнага вырашэння вострай сітуацыі. Гэта прымусіць ініцыятара, па-першае, у думках узважыць усе «за» і «супраць» у выстаўленым абвінавачанні. Па-другое, разлічыць магчымыя наступствы канфлікту для ўзаемаадносін. Па-трэцяе, самому падумаць за абвінавачанага аб упадабаным варыянце зыходу канфлікту. Усё разам пералічанае можа знізіць напружанасць ініцыятара, прымусіць задумацца аб мэтазгоднасці канфлікту, адчуць сябе ў ролі абвінавачанага.

Каб пазбегнуць сваркі ў канфліктнай сітуацыі, абвінавачанаму неабходна ўдакладніць прадмет супярэчнасцяў, высветліць прычыны незадаволенасці і прапанаваць ініцыятару канфлікту падказаць пазітыўнае выйсце.

Спрачайцеся без раздражнення

Чацвёртае правіла паводзінаў у канфлікце датычыцца эмацынальнага боку вядзення спрэчкі. Нярэдка людзі могуць дакладна вызначыць прадмет канфлікту, справядліва паставіцца да права ініцыятара выказваць свае патрабаванні, намеціць рашэнні канфлікту, але ўвесь тон размовы часам зводзіць на нішто гэтыя дасягненні. Як правіла, бакі ў момант канфлікту эмацыянальна напружананыя, іх выказванні катэгарычныя, безапеляцыйныя, патрабавальныя.

Нярэдка ініцыятар канфлікту пачынае «наступленне» на павышаных тонах, не выбіраючы выразаў. Таму самая абавязковая ўмова спрэчкі — максімальна спакойны і роўны тон выказванняў, дакладнасць і прадуманасць слоў. Трэба казаць так, каб у голасе і словах не было нават намёку на раздражнёнасць, гнеў, папрок, не было абразы на адрас партнёра. Словам, па форме спрэчка павінна быць «дзелавой гутаркай дзелавых людзей».

Дарэчы, у сувязі з тонам спрэчак, варта згадаць форму звароту на «Вы». У дзелавых адносінах прынята звяртацца не на «ты», а на «Вы». Прычым невыпадкова «Вы» пішацца з вялікай літары, што паказвае на паважлівае і дыстанцыйнае стаўленне. У цэлым, форма звароту на «Вы» нясе вялікую нагрузку ў міжасобасных адносінах. Імкненне зламаць сацыяльныя, узроставыя, ролевыя перашкоды ў адносінах няправільна тлумачыцца людзьмі ў штодзённым жыцці, калі яны, грэбуючы дыстанцыйнай формай «Вы», часта аказваюцца ў складаным становішчы.

Людзі з добрым самакантролем лёгка, у залежнасці ад сітуацыі, пераходзяць з адной дыстанцыі на іншую. Але ёсць і такія асобы, якія імкнуцца ўсяляк скараціць дыстанцыю ў адносінах, што нібыта дае ім права «па-свойску» паводзіць сябе ў афіцыйнай абстаноўцы. У такіх выпадках дыстанцыю можна павялічыць у аднабаковым парадку, перайшоўшы на «Вы». Дыстанцыя павялічваецца таксама за кошт ухілення ад размоў на якія-небудзь асабістыя тэмы.

Не скатвайцеся да абраз

Нарэшце, пятае і самае галоўнае правіла: пазбягайце канфліктаў, якія закранаюць пачуцці ўласнай годнасці. Нельга дапускаць, каб прэтэнзіі наконт гучнай тэлефоннай размовы пераходзілі ў абразу. Напрыклад: «Вы не проста гучна размаўляеце, Вы — балбатун, не хочаце працаваць. Вы жывяце па прынцыпе «што б такое рабіць, каб нічога не рабіць!» Канфлікты па дробязях, на жаль, нярэдка ўспыхваюць у транспарце, калі аднаго штуршку дастаткова, каб пасыпаліся асабістыя абразы. І тады настрой ужо сапсаваны надоўга, ён пераносіцца ў рабочую абстаноўку, у дом — кола крыўдаў на ўсіх і ўсё замыкаецца. Часта нават у дарослых людзей захоўваецца дзіцячы эгацэнтрызм, калі любыя канфлікты з любымі людзьмі ўспрымаюцца як падкрэслена асабістыя.

— Асабліва адчувальныя да дробных непрыемнасцяў людзі з дзіцячым эгацэнтрызмам — інфантылізмам. Дастаткова штуршка ў транспарце, неасцярожнага слова на рабоце і дома — і самалюбства закранутае, хоць яно тут можа быць зусім ні пры чым. Але «абражаная» асоба гатовая даць адпор па поўнай праграме. Вельмі лёгка кожны канкрэтны крыўдзіцель становіцца ўвасабленнем зла, — каментуе Ганна Салавей.

Апошняя і, бадай, самая істотная заўвага складаецца ў тым, што адносіны патрабуюць вялікай работы для іх захавання.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.