Вы тут

«Па-за часам часу». Асэнсаванне вечнай тэмы праз кераміку


Час — катэгорыя вечная, таямнічая, а таму надзвычай прыцягальная. Яе хочацца спасцігаць, вывучаць, даследаваць і ўвасабляць. Беларускія мастакі вырашылі гэта зрабіць з дапамогай керамікі і прапанавалі выстаўку «Па-за часам часу». Яна праходзіць у межах трыенале дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.


Выстаўка хоць і сцвярджае неабмежаванасць часу, тым не менш вучыць ставіцца да яго ашчадна і паспяваць рабіць усё своечасова. Яна непрацяглая па тэрмінах, таму ёсць яшчэ колькі дзён для таго, каб зразумець, што куратары Вольга Сямашка і Ганна Амбросава пастараліся ўзняць да ўзроўню філасофскіх абгрунтаванняў экспазіцыю твораў з гліны (па-грэчаску гэта значыць «кераміка»). Пазачасовасць выяўляецца як праз сам матэрыял, які стаў сімвалам развіцця чалавечай цывілізацыі (бо менавіта па аскепках посуду, знойдзенага ў археалагічных раскопках мяркуюць пра спеласць той ці іншай культуры), так і праз вобразы, закладзеныя ў творах. А яшчэ і праз яднанне прадстаўнікоў розных пакаленняў беларускіх творцаў. На выстаўцы аб’яднаныя працы Ганны Амбросавай, Святланы Кірылюк, Ганны Маршавай, Ірыны Мойгіс, Ірыны Раткевіч, Вольгі Сямашкі, Леаніда Трацэўскага, Ірыны Фінцклер, Антона Ціханаўца, Алены Чэпелевай, Дзмітрыя Шкрэдава.

І самае галоўнае — гэта «пазачасовасць» керамікі ў самой Беларусі. Бо гліны ў нашай глебе дастаткова, і працаваць з ёй у нас умелі здаўна. Стараліся зрабіць не проста зручныя прылады для ўтылітарнага выкарыстання, а нават той жа посуд выраблялі ў розных формах, прыгожа. А што ўжо казаць пра цяперашні час, калі творцы здолелі выйсці за межы практычнага выкарыстання керамічных рэчаў і свабодна выказваюць праз іх сваё аўтарскае «Я». Калі талерка — усяго толькі аснова для фантазіі, а збанок ці ваза — нагода эксперыментаваць з формай. Ды і наогул кавалак бясформеннага сырога матэрыялу ў руках майстра можа ператварыцца ў арыгінальны вобраз, які ўвасоблены ў керамічнай скульптуры.

«Работы ўдзельнікаў выставы можна аднесці да малой пластыкі, — адзначае мастацтвазнаўца Алена Карпілава. — У адрозненне ад манументальных скульптурных прац, яны камерныя, бліжэйшыя да гледача: іх можна дэталёва разгледзець зблізку, вывучыць пластычныя і тэхналагічныя знаходкі аўтара, адчуць, як аб’ект арганізоўвае вакол сябе прастору, і ўсталяваць прамы кантакт з іх стваральнікам».

Тут працы эфектныя, працы з фантазіяй, працы, здольныя развярэдзіць уяўленне, пачынаючы нават са звычайнага чалавечага жадання: «хачу мець такое дома.» І гэта зразумела, бо творы невялікія, іх можна ўпісаць у інтэр’ер — і захапляцца за кубачкам ранішняй кавы, натхняючыся вобразам і актывізуючы свядомасць для творчых падыходаў ва ўласным жыцці. І яшчэ адна ўласцівасць керамікі — якую б думку ці вобраз яна не выяўляла, якімі б колерамі не была аздобленая, яна вылучае цеплыню. І гэта зразумела: гліна абпальваецца ў печы. Але ёсць нешта найбольш істотнае: яна апрацаваная цяплом чалавечых рук.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?