Вы тут

Як у Беларусі дасягаюцца Мэты ўстойлівага развіцця


Дасягненне 17 Мэт устойлівага развіцця стала для Беларусі планам актыўных дзеянняў. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі пасяджэння Савета па ўстойлівым развіцці, якое прайшло нядаўна ў Мінску. Прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, Парламента, офіса ААН у Рэспубліцы Беларусь, маладзёжныя паслы МУР абмеркавалі вынікі работы Савета за 2021-2022 гады і планы на надыходзячы 2023 год, рэалізацыю Рэспублікай Беларусь Парадку дня ў вобласці ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, прадстаўленне нашай краінай другога Добраахвотнага нацыянальнага агляду на пасяджэнні Палітычнага форуму высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці ў Нью-Ёрку, а таксама вынікі экспертнай комплекснай ацэнкі фінансавання ў рамках дзяржаўных праграм з улікам Мэт устойлівага развіцця і іншае.


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на мерапрыемстве прадставіў намеснік міністра, кіраўнік міжведамаснай экспертнай групы па экалагічным кірунку па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Аляксандр Гарошка. 

— Рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця экалагічнага блока садзейнічала выкананне дзяржаўнай праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021-2025 гады» і Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь на 2021-2025 гады, — расказаў ён.

Намеснік міністра адзначыў, што ў рамках Нацыянальнага плана вядзецца комплексная работа па ўкараненні зялёных тэхналогій, развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі, электратранспарту (інфраструктуры); рэалізуюцца мерапрыемствы па прынцыпу «ўстойлівае спажыванне і вытворчасць», па павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных і індывідуальных жылых дамоў.

З кожным годам, дзякуючы папулярызацыі экалагічнай адукацыі, у краіне расце колькасць «Зялёных школ» — удзельнікаў аднайменнага адукацыйнага праекта. Калі ў 2020-м сертыфікат «Зялёнай школы» атрымалі 98 устаноў адукацыі, то ў 2021-м ужо 148.

Паводле слоў Аляксандра Гарошкі, прыродаахоўнае ведамства актыўна ўзаемадзейнічае з арыентаванай на экалогію моладдзю, падтрымлівае правядзенне такіх мерапрыемстваў, як рэспубліканскі маладзёжны фестываль «Жыццё ў стылі ЭКА», сустрэчы прадстаўнікоў тэрытарыяльных органаў і падначаленых арганізацый Мінпрыроды з падрастаючым пакаленнем. Сёлета міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык пагаварыў з маладзёжнымі пасламі Мэт устойлівага развіцця.

На шляху да Мэт

Згодна з Планам-графікам па зборы і актуалізацыі даных на Нацыянальнай платформе ў Белстаце Мінпрыроды прадстаўляе справаздачнасць па нацыянальных паказчыках МУР 6, 9, 11, 12, 13, 15.

— Што датычыцца рэалізацыі мэты 6 «Чыстая вада і санітарыя», то ў рэспубліцы ўкаранёны прынцып басейнавага ўпраўлення воднымі рэсурсамі, што садзейнічае паляпшэнню экалагічнага статусу паверхневых водных аб’ектаў, — прывёў адзін з прыкладаў работы Аляксандр Гарошка. — Чакаецца, што доля паверхневых водных аб’ектаў з добрым экалагічным статусам і вышэй да 2025 года стане не менш чым 75 %, а да 2030-га павялічыцца да 85 %. Сёння яна складае 72,4 %.

У мэтах 9, 11, 13 адлюстраваны задачы дасягнення ўстойлівага развіцця планеты ў вобласці якасці атмасфернага паветра і змены клімату. У нашай краіне гэтаму кірунку надаюць вялікую ўвагу. Дзякуючы прынятым мерам у рэспубліцы каля 90 % выкідаў забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц улоўліваецца і абясшкоджваецца газаачышчальнымі ўстаноўкамі, што дазваляе стрымліваць рост выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра з улікам развіцця эканомікі, у тым ліку будаўніцтва новых прадпрыемстваў.

— Выконваюцца і абавязацельствы па Парыжскім пагадненні — да 2030 года запланавана скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш чым на 35 % да ўзроўня 1990 года. За 2020 год скарачэнне склала ўжо 38,9 %, а з улікам сектара «Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка» — 56,3 %.

Што датычыцца сферы абыходжання з адходамі (гэтаму напрамку прысвечана МУР 12), то ў Беларусі рэалізуюцца два праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі па кіраванні небяспечнымі рэчывамі (адходамі), у тым ліку стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі. У рамках аднаго з іх у 2021 годзе вывезена і часткова знішчана 96,4 тон непрыдатных пестыцыдаў, а сёлета плануецца вывезці і ліквідаваць не менш за 820 тон.

Аляксандр Гарошка таксама звярнуў увагу на тое, што доля адходаў, накіраваных на захаванне, у агульным аб’ёме ўтвораных адходаў вытворчасці 1-3 класаў небяспекі, узрасла. Каб знізіць колькасць гэтых рэчываў, плануецца іх абясшкодзіць на аб’екце па абясшкоджванні небяспечных адходаў на базе КУП «Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў у Гомельскай вобласці, створанага пры фінансавай падтрымцы Глабальнага экалагічнага фонду.

Паводле слоў намесніка міністра, у краіне асаблівая ўвага надаецца дасягненню мэты 15 «Захаванне сістэм сушы», у прыватнасці задачы 15.3, накіраванай на дасягненне нейтральнага балансу дэградацыі зямель. У рамках Нацыянальнага плана дзеянняў адобраны нацыянальныя добраахвотныя паказчыкі нейтральнага балансу дэградацыі зямель да 2030 года, а таксама забяспечваецца каардынацыя сістэмы практычных мер па іх дасягненні.

Настасся АЛЯКСЕЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.