Вы тут

Шарму не хапіла. Аб чым дамовіліся на кліматычным саміце ў Егіпце?


XXVІІ Міжнародная канферэнцыя па кліматычных зменах (СОР27), якая прайшла ў егіпецкім Шарм-эш-Шэйху, яшчэ раз паказала, наколькі цярністы шлях да пастаўленых задач — кантролю над павышэннем тэмпературы планеты і нейтралізацыі негатыўных наступстваў экстрэмальных з’яў надвор’я, адзначыў news.ru. Удзельнікі саміту, які доўжыўся два тыдні, да апошняй гадзіны не маглі ўзгадніць тэкст выніковага камюніке, які ў роўнай ступені задаволіў бы амаль 200 краін. Аб чым жа дамовіліся на глабальным кліматычным форуме на вядомым егіпецкім курорце?


Дух Глазга

Шанц правесці ў сябе кліматычны саміт егіпцянам выпаў упершыню. У апошнія гады Арабская Рэспубліка імкнецца паказаць сябе краінай, якая прытрымліваецца сучасных трэндаў, у тым ліку экалагічных. Раней Каір заяўляў аб паступовым пераходзе на аднаўляльную энергію, прадстаўляў праекты ўкаранення экалагічна чыстага транспарту, выпускаў «зялёныя» аблігацыі і пабудаваў найбуйнейшую ў свеце сонечную электрастанцыю.

Кіраўніцтва Егіпта таксама аб’явіла аб запуску ініцыятывы «Харчаванне і сельская гаспадарка для ўстойлівай трансфармацыі», накіраванай на павышэнне аб’ёмаў і якасці фінансавання для пераўтварэння сельскай гаспадаркі і харчовых сістэм да 2030 года. Варта адзначыць, што СОР27 стала першай такой канферэнцыяй, дзе тэме сельскай гаспадаркі, на якую прыпадае трэць выкідаў парніковых газаў, быў прысвечаны цэлы дзень. Аграсектар, лічаць у ААН, павінен стаць важнай часткай вырашэння кліматычных праблем.

Зараз амаль у кожнай адносна стабільнай краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі ёсць свой кліматычны парадак дня, але сёлета менавіта Егіпту ўпершыню выпала магчымасць прадстаўляць дзяржавы «глабальнага Поўдня» ў агульнасусветнай справе барацьбы са зменай клімату. Больш за тое, Егіпет стаў трэцяй краінай арабскага свету пасля Марока і Катара, якая праводзіць кліматычны саміт (яны праходзяць з 1995 года). «Мы спадзяёмся, што дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі аб’яднаюцца ў духу супрацоўніцтва і канструктыўнага мыслення для прыняцця мер па барацьбе са змяненнем клімату», — заявіў міністр замежных спраў Егіпта і па сумяшчальніцтве кіраўнік канферэнцыі Самех Шукры.

Год таму кліматычны саміт праходзіў у шатландскім Глазга. Яго вынікам сталі тры ключавыя дакументы, якія падтрымалі дзясяткі краін. Адзін з іх датычыўся абароны лясоў. Два іншыя пагадненні прадугледжвалі рэалізацыю стратэгіі скарачэння выкідаў метану і ўкаранення перадавых «зялёных» тэхналогій. На саміце ў Шарм-эш-Шэйху былы прэм’ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан канстатаваў, што «дух Глазга» ўжо страчаны і дасягнутыя летась пагадненні не выконваюцца. Па словах Джонсана, свет рызыкуе атрымаць няправільныя ўрокі з рэзкага росту цэн на энерганосьбіты.

Свет рушыць да новага глабальнага «раскладу». «Няма ні дзвюх Бразілій, ні дзвюх планет Зямля. Нам трэба больш спагады і больш даверу паміж народамі. Варта выйсці за рамкі імгненных нацыянальных інтарэсаў, каб мець магчымасць калектыўна стварыць новы міжнародны парадак, які адлюстроўвае патрэбы сучаснасці і будучыні», — адзначыў Лула да Сілва, які хутка ўступіць на пасаду прэзідэнта Бразіліі.

Хроніка хаосу

Саміт у Егіпце пачаўся з даклада Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, у якім адзначалася, што апошнія восем гадоў былі самымі цёплымі за ўсю гісторыю назіранняў. Сярэдняя тэмпература па свеце сёлета прыкладна на 1,15 градуса вышэйшая за даіндустрыяльны ўзровень. Парыжскае пагадненне па клімаце, заключанае ў 2015-м, загадвала не дапусціць павышэння тэмпературы больш чым на 1,5 градуса. Тэмпы павышэння ўзроўню мора падвоіліся з 1993-га. Прычым толькі на апошнія два з паловай года прыпала 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму павышэння за тры дзесяцігоддзі. Гэта пагроза для малых астраўных дзяржаў, такіх як Багамскія астравы і Барбадас.

Акрамя таго, сёлета было зафіксавана рэкорднае раставанне ледавікоў у еўрапейскіх Альпах. Ледзяны полаг Грэнландыі таксама істотна зменшыўся. Глабальныя выкіды, якія па плане павінны былі пачаць скарачацца, сёлета, хутчэй за ўсё, паб’юць рэкорд. Многія краіны ў розных кутках свету пацярпелі ад беспрэцэдэнтных кліматычных катастроф. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш назваў даклад Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі хронікай кліматычнага хаосу. «Планета пасылае сігнал бедства, — сказаў ён. — Перамены адбываюцца з катастрафічнай хуткасцю, адымаючы жыцці і знішчаючы сродкі да існавання на ўсіх кантынентах».

Адна з самых галоўных праблем — харчовая бяспека. Аналіз медыцынскага часопіса Lancet сведчыць, што з вострым недахопам ежы зараз сутыкнулася ўжо на 100 мільёнаў чалавек больш, чым у перыяд 1981–2010 гадоў. Плошча сушы, закранутая моцнай засухай, за апошнія паўстагоддзя павялічылася амаль на трэць, што паставіла сотні мільёнаў людзей перад немагчымасцю весці сельскую гаспадарку і рызыкай памерці ад смагі.

На саміце шмат гаварылі аб сур’ёзных выдатках, якія патрабуюцца для вырашэння кліматычных праблем. Згодна з дакладам, падрыхтаваным па замове ўрадаў Вялікабрытаніі і Егіпта, да 2030-га для дапамогі краінам, якія развіваюцца, для скарачэння выкідаў парніковых газаў спатрэбіцца каля двух трыльёнаў долараў. Як адзначаюць эксперты міжнароднай арганізацыі Oxfam, якая займаецца барацьбой з беднасцю, зараз фінансаванне для вырашэння кліматычных праблем выдзяляецца бедным краінам у большасці выпадкаў у выглядзе пазык, што ў канчатковым рахунку толькі пагаршае праблему беднасці і заганяе іх у фінансавую пастку.

Аб’ектам крытыкі стаў і Сусветны банк, які, паводле даных даследавання Oxfam, не спраўляецца з фінансаваннем кліматычных праблем. Так, з 17,2 мільярда долараў, якія былі патрачаны на фінансаванне клімату ў 2020 годзе, СБ не ўдалося з дапамогай незалежнай праверкі вызначыць, куды пайшлі $7 млрд, што складае 40 працэнтаў ад усёй сумы.

Перашкода калектыўнага Захаду

Палітыка калектыўнага Захаду з’яўляецца перашкодай для павышэння міжнародных абавязацельстваў у сферы клімату. Аб гэтым заявіў кіраўнік дэлегацыі Беларусі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет Сяргей Цярэнцьеў, які прадстаўляў краіну на кліматычным саміце ў Шарм-эш-Шэйху, паведаміла БелТА. Беларускі дыпламат канстатаваў, што, нягледзячы на ўсе агульныя намаганні, 2022 год не прынёс суцяшальных навін аб стабілізацыі кліматычнай сітуацыі. Цяпер перад дзяржавамі стаяць дзве найважнейшыя задачы. Па-першае, скарачэнне выкідаў і запаволенне тэмпаў глабальнага пацяплення. Па-другое, краіны павінны адаптавацца да наступстваў змены клімату, каб абараніць сваіх грамадзян і эканоміку.

«Тэндэнцыі змянення клімату дыктуюць неабходнасць далейшага развіцця нацыянальных стратэгій і мер па змякчэнні наступстваў такіх змяненняў разам са стратэгіямі і мерамі па адаптацыі», — адзначыў пасол. У Беларусі для асабліва кліматазалежных галін ужо распрацаваны і прыняты стратэгіі адаптацыі сельскай і лясной гаспадаркі да 2050 года, адпаведныя нацыянальныя планы дзеянняў да 2030-га. У шэраг іншых стратэгічных і праграмных дакументаў таксама закладзены меры па адаптацыі да змен клімату.

«Сёння Беларусі неабходны комплексны нацыянальны план дзеянняў у галіне адаптацыі да змянення клімату, які павінен аб’яднаць усе сацыяльнаэканамічныя сектары, уключаючы прамысловасць, энергетыку, транспарт, будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку, лясную і сельскую гаспадаркі, ахову здароўя. Пры гэтым універсальнага рашэння ў сферы адаптацыі, якое можа быць дарэчным на нацыянальным узроўні, пакуль не існуе», — заявіў Сяргей Цярэнцьеў.

Ён звярнуў увагу, што эфектыўная адаптацыя да змянення клімату залежыць ад многіх фактараў — не толькі ад дзяржаўнай палітыкі, але і ад уключэння ў гэты працэс іншых удзельнікаў на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях з актыўным удзелам міжнародных арганізацый і донараў. 

Дыпламат адзначыў, што Беларусь далучылася да сумеснай заявы, ініцыіраванай Сусветнай метэаралагічнай арганізацыяй, аб сістэмах ранняга папярэджання для выканання задач па адаптацыі да змянення клімату. Беларускі бок лічыць дадзеную меру асноватворнай. У Беларусі сістэма ранняга папярэджання аб небяспечных гідраметэаралагічных з’явах — сярод прыярытэтных задач нацыянальнай гідраметэаралагічнай службы.

Дыпламат таксама канстатаваў, што да прыродных з’яў далучаюцца і рукатворныя меры, уключаючы абмежаванні доступу ўгнаенняў і прадуктаў харчавання з Беларусі на сусветныя рынкі. Гэта яшчэ больш пагаршае глабальны харчовы крызіс. «Як было адзначана многімі выступоўцамі, бягучыя крызісы не павінны стаць перашкодай у барацьбе з кліматычным крызісам. Пры гэтым санкцыйная палітыка калектыўнага Захаду, ЗША і сатэлітаў не толькі негатыўна ўплывае на эканамічнае развіццё, але і з’яўляецца перашкодай для павышэння нашых міжнародных абавязацельстваў у сферы клімату, што ў канчатковым выніку адбіваецца на агульным кліматычным парадку дня», — падкрэсліў прадстаўнік Беларусі.

Наша краіна з разуменнем успрымае заклікі міжнароднай супольнасці павялічваць амбіцыйнасць мэты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. «Пры гэтым мы чакаем зваротнага руху з боку донараў і міжнародных арганізацый, уключаючы Глабальны экалагічны фонд, па аказанні садзейнічання нашай дзяржаве ў згаданай галіне. Любыя аднабаковыя меры, якія стрымліваюць эканамічнае развіццё краін, падрываюць міжнародныя намаганні ў выкананні абавязацельстваў па Парыжскім пагадненні і дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Рэальнай мэтай глабальнай кліматычнай палітыкі нарэшце павінен стаць экалагічны дабрабыт і бяспека кожнай краіны і кожнага чалавека, а не геапалітычныя амбіцыі асобных дзяржаў», — рэзюмаваў пасол.

Планета ў рэанімацыі

Тое, што работа саміту можа быць сарваная, прагназавалася неаднаразова і з самых розных нагод. Аднак пытанне аб стварэнні фонду кампенсацыі страт краін, якія сталі на шлях развіцця, ад змен клімату, было нарэшце вырашана. Да 4 гадзін раніцы ўдзельнікі саміту пагадзіліся зафіксаваць апошняе ў выніковай дэкларацыі. Заходнім краінам удалося дабіцца згоды Індыі і Кітая, адных з найбуйнейшых эмітэнтаў парніковых газаў, унесці ўклад у фарміраванне фонду. Аднак колькасць сродкаў, якія кожная краіна з развітой эканомікай будзе накіроўваць, пакуль не ўзгоднена.

Пры гэтым іншае важнае пытанне аб тым, у якія тэрміны і ў якіх аб’ёмах будзе адбывацца скарачэнне выкідаў парніковых газаў, так і засталося нявырашаным, адзначыў journal.open-broker.ru. Заключны дзень работы пачаўся з пагрозы Еўрапейскага саюза пакінуць саміт, калі тэкст выніковага дакумента «не ўмацуе амбіцыі па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу» і не будзе прадугледжваць тэрміны адмовы ад усіх відаў выкапнёвага паліва, а таксама мэты па скарачэнні глабальных выкідаў СО2 да 2025-га. У выніку ўдзельнікі пацвердзілі неабходнасць скарачэння выкідаў, але пакінулі выпрацоўку канкрэтных планаў дэкарбанізацыі на долю нацыянальных урадаў. А адмова ад выкарыстання прыроднага газу і зусім была вынесена за дужкі, бо для многіх краін, якія развіваюцца, гэта адзіная магчымасць скараціць выкарыстанне вугалю.

Выніковае камюніке саміту можна лічыць перамогай краін, якія развіваюцца. «Мы змагаліся на працягу 30 гадоў, і сёння ў Шарм-эш-Шэйху гэты шлях дасягнуў сваёй першай пазітыўнай вяхі, — заявіла міністр па пытаннях змянення клімату Пакістана Шэры Рэхман. — Стварэнне фонду — не раздача дабрачыннасці. Відавочна, што гэта першапачатковы ўзнос і больш працяглыя інвестыцыі ў нашу сумесную будучыню». Молвін Джозеф з Антыгуа і Барбуды, кіраўнік арганізацыі малых астраўных дзяржаў, назваў дадзенае пагадненне «перамогай для ўсяго нашага свету». «Мы паказалі тым, хто адчуваў сябе забытымі, што мы чуем вас, бачым і праяўляем да вас павагу і клопат, якіх вы вартыя», — заявіў Джозеф.

Аднак пакуль зафіксавана толькі неабходнасць стварэння фонду, а абмеркаванне механізмаў яго напаўнення і прынцыпаў расходавання сабраных сродкаў зойме ў найлепшым выпадку ўвесь год да наступнага саміту. Брытанскі палітык Алок Шарма, адказны за арганізацыю леташняга кліматычнага саміту ў Глазга, сказаў, што выніковы дакумент егіпецкай сустрэчы пакідае жадаць лепшага. «Сябры, я казаў у Глазга, што ў 1,5 °C пульс ледзь намацваецца. На жаль, сёння пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы», — сказаў ён. «Зроблена шмат гучных заяў, якія не змяшчаюць падрабязнасцяў: калі, колькі, хто і што будзе рабіць», — заявіла віцэ-прэзідэнт па клімаце і эканоміцы Інстытута сусветных рэсурсаў Хелен Маўнт-фард.

Антоніу Гутэрыш нагадаў удзельнікам саміту, што абяцанне багатых краін задумацца аб тым, хто, калі і колькі заплаціць бедным за прамысловую рэвалюцыю, ніяк не прадухіляе выкліканую ёю прыродную катастрофу. «Кліматычны крызіс — бяда біблейскага маштабу, — адзначаецца ў заяве генсека ААН па выніках СOP27. — Планета па-ранейшаму ў рэанімацыі. Фонд кампесанцый патрэбны, але ён не выратуе нас, калі кліматычны крызіс змые з карты астраўную дзяржаву або ператворыць афрыканскую краіну ў пустыню».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».