Вы тут

У Акадэміі МУС адбыўся навуковы фестываль


Правядзенне ў сценах міліцэйскай ВНУ навуковага фестывалю «Імкніся да Сонца» стала ўжо добрай традыцыяй. Сёлета ён прайшоў у пяты раз.


За гэтыя гады фестываль ператварыўся ў маштабную падзею, якая аб’ядноўвае аднадумцаў з усіх куткоў нашай краіны. Сёлетні навуковы фестываль прымеркаваны да 65-годдзя з дня заснавання акадэміі.

Сёлета ўдзельнікамі фестывалю сталі выхаванцы Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча і патрыятычных клубаў ВНУ «Аператыўнік», «Патрыёт» і «Юны крыміналіст». Яны прайшлі няпростыя выпрабаванні квэста-падарожжа «65 прыступак гісторыі Акадэміі МУС» і гульні «65 пытанняў юнаму праваахоўніку».

На палях фестывалю адбылася і Міжнародная навуковая канферэнцыя па юрыспрудэнцыі курсантаў, слухачоў, студэнтаў і магістрантаў «Актуальныя праблемы юрыдычнай навукі: погляд моладзі», у якой прыняла ўдзел звыш 120 прадстаўнікоў з 15 устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, Расіі і Таджыкістана.

Навуковы фестываль не абмежаваўся мерапрыемствамі міжнароднага і рэспубліканскага значэння. Курсанты прынялі ўдзел у арганізаваным спецыяльна для іх тыдні навукі: вырашалі алімпіядныя заданні, ваявалі ў навуковых баях, наведалі канферэнцыі, дзелавыя гульні, майстар-класы для пачаткоўцаў даследчыкаў, асвойвалі «тэрміналагічную пісьменнасць», вучыліся правільна кваліфікаваць грамадска-небяспечныя дзеянні, удзельнічалі ў патрыятычнай. акцыі «Я ганаруся...», гульні-трэнінгу «Аналітычны агляд». 

Максімальна даступна і цікава прадстаўлялі сваё даследаванне гледачам і членам журы ўдзельнікі паўфіналу навукова-папулярнага конкурсу «Навуковыя баі». З 14 удзельнікаў кампетэнтнае журы адабрала 4 лепшыя выступленні, аўтары якіх сустрэліся ў фінале. Гэта Антон Міхадзюк (курсант Акадэміі МУС раскрыў адну з сучасных праблем праявы непажаданай увагі з боку іншага чалавека «Сталкінг» і як ад яго абараніцца); Уладзіслаў Гоманаў (курсант Ваеннай акадэміі, інтэрпрэтаваў функцыі жыццёва важных органаў чалавека на матывацыю «сілавога блока» дзяржавы ў супрацьстаянні спробам іншых краін пахіснуць нашу незалежнасць і цэласнасць); Ілля Бярнацкі (курсант Акадэміі МУС узняў праблему, звязаную з існаваннем мноства актаў заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і шляхі яе вырашэння). Яшчэ адзін наш курсант Уладзіслаў Калпакоў (даследаваў «Сацыяльны ліфт», як адзін са спосабаў выпраўлення і рэсацыялізацыі непаўналетніх).

Як бачым, аўтарскае прадстаўленне навуковых ідэй закранула не толькі шырокі спектр пытанняў праваахоўнай тэматыкі, але і пытанні адзінства і матывацыі супрацоўнікаў сілавога блока па ўмацаванні цэласнасці і незалежнасці нашай дзяржавы.

Самым яркім мерапрыемствам навуковага фестывалю стала Рэспубліканская праваахоўная алімпіяда сярод 3-4 курсаў устаноў вышэйшай адукацыі. У гэтым годзе ўдзельнікамі алімпіяды сталі 13 каманд практычна з усіх рэгіёнаў краіны.

Па выніках адборачнага тура (падрыхтоўка эсэ) 10 каманд прайшлі ў чвэрцьфінал, дзе прайшлі тэсціраванне па актуальных пытаннях правапрымянення, а таксама вырашалі няпростыя відэазадачы на кваліфікацыю грамадска-небяспечных дзеянняў. Найлепшымі па выніках чвэрцьфіналу прызналі 5 каманд.

У паўфінале алімпіяды каманды адначасова вырашалі комплексную міждысцыплінарную задачу. Строгае журы галасаваннем вызначыла двух удзельнікаў фінальнага іспыту: «Права з веданнем» (Акадэмія МУС) і «Менскiя вiжы» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт). Галоўнай падзеяй фестывалю, безумоўна, стаў фінал. 

— Навуковы фестываль — наша візітная картка, — адзначыў начальнік Акадэміі МУС генерал-маёр міліцыі Аляксандр Васільеў. — Удзельнічае ў ім найлепшая моладзь, Праваахоўная алімпіяда носіць практыкаарыентаваны характар, бо мы ўшчыльную працуем з заказчыкамі кадраў. З задавальненнем адзначаю павышаную цікавасць да яе з боку вядучых ВНУ краіны і кампетэнтных спецыялістаў. Тыя, хто пераможа, не проста будуць насіць гэтае ганаровае званне. На дзяржаўным узроўні прынята рашэнне вылучаць пераможцаў алімпіяды на стыпендыю спецыяльнага фонду кіраўніка дзяржавы па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі.

Выступленні фіналістаў атрымаліся яркімі і дынамічнымі, а таму навуковыя баталіі выліліся не толькі на сцэне, але і сярод членаў журы. Аднак пасля гарачых спрэчак нашы кампетэнтныя эксперты аб’явілі пераможцу «Навуковых баёў». Ім стаў Ілля Бярнацкі. Прыз сімпатый гледачоў дастаўся Антону Міхадзюку.

Пераможцам Рэспубліканскай праваахоўнай алімпіяды стала каманда «Менскiя вiжы» (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт). Розніца паміж камандамі-фіналістамі стаў адзін бал. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: прэс-служба Акадэміі МУС

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.