Вы тут

Тры чвэрці неба, астатняе — зямное. Адчыніліся дзверы «Музычнай галерэі»


У Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Міхаіла Глінкі адчыніліся дзверы «Музычнай галерэі» з карцінамі беларускага кампазітара і мастака Людмілы Шлег. Галерэя не толькі адкрыла новую старонку ў яе творчай біяграфіі, але і стала пляцоўкай для супрацоўніцтва творцы з вядучымі харавымі калектывамі і музычнымі дзеячамі ўстановы — жаночым хорам «Мелодыка» (дырыжор Вольга Крыпец) і Канцэртным хорам пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко.


Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Дырыжор Надзея Лучанок.

Падчас адкрыцця новай прасторы дырэктар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа Аляксей Снітко зазначыў: «Калі я атрымаў ліст з новымі партытурамі ад Людмілы Карпаўны, хаця мы нават ніколі з ёй не сустракаліся, зразумеў, што гэта вельмі сімвалічна і каштоўна. Асновай для працягу творчага сяброўства стаў канцэрт “Святы Анёле” ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, у рамках якога прагучалі сачыненні Людмілы Шлег з удзелам харавых калектываў МДМК імя Міхаіла Глінкі».

З імправізаванай сцэны «Музычнай галерэі» перад гасцямі ўрачыстай цырымоніі выступіла таксама старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. Яна адзначыла, што «кампазітараў, якія працуюць у тэхніцы артадаксальнай духоўнай музыкі, праваслаўнай, у саюзе мала. На гэта трэба мець права, веды, найвышэйшае благаславенне». Невыпадкова сама Людміла Шлег знаходзіць сваё прызначэнне ў шуканні Бога: «убачыць, пачуць, адчуваць яго ўсёй палітрай жыццёвай эпастасі: колерам, словам, гукам».

Цэнтрам экспазіцыі новай арт-прасторы з’яўляюцца карціны і музыка мастака і кампазітара Людмілы Шлег. Выпускніца Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі прафесара Дзмітрыя Смольскага (1972) і асістэнтуры-стажыроўкі Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Сяргея Слонімскага (1980), член Беларускага саюза кампазітараў (з 1974), у сваёй творчасці Людміла Карпаўна выяўляе глыбокую цікавасць да гісторыі і духоўнай культуры славянскіх народаў.

Ужо ў сталым узросце Людміла Шлег скончыла Маскоўскі абласны педагагічны інстытут імя Надзеі Крупскай па спецыяльнасці «Станкавы жывапіс і графіка» і, нарэшце, прыйшла да іканапісу. За вялікі ўклад у развіццё царкоўна-спеўнай культуры яна ўдастоена прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». «У музыцы павінна быць тры чвэрці неба, астатняе — зямное», — адзначае кампазітар.

Пасля афіцыйнай часткі ў сценах «Музычнай галерэі» адбыўся канцэрт, падчас якога госці змаглі акунуцца ў чароўную атмасферу візуальных і гукавых вобразаў Людмілы Шлег. Любоўю да Бога было напоўнена гучанне харавой музыкі. У выкананні жаночага хору «Мелодыка» пад кіраўніцтвам Вольгі Крыпец прагучалі творы «Велічанне святой роўнаапостальнай княгіні Расійскай Вольгі» і «Годна ёсць».

Людміла Карпаўна заўсёды марыла аб персанальнай выстаўцы. Сёння ў Саюзе кампазітараў, у пакоі Ігара Лучанка, экспануецца калекцыя ікон яе аўтарства. Пейзажы мастачкі знайшлі сваё месца на сценах малой канцэртнай залы МДМК імя Міхаіла Глінкі. Дзіўным чынам у іконах спалучаюцца асновы візантыйскага канону і народнае разуменне абраза, а жывапісныя выявы прыроды струменяцца яркімі фарбамі. Як адзначыў у сваёй прамове іерэй прыхода ў гонар Усіх Святых Сергій Яўтушык, «святло кожнай карціны напаўняе і сэрца, і душу».

Напэўна, сапраўднае разуменне мастацтва магчыма праз разуменне розных яго граней: музычнай, выяўленчай, харэаграфічнай… «Я ўпэўнены, — падкрэсліў у сваім выступленні Аляксей Снітко, — што гэтая галерэя стане месцам, дзе будуць нараджацца новыя мастацкія ідэі, гучаць новыя творы цудоўнай беларускай музыкі». Госці паслухалі напоўнены любоўю да духоўных традыцый трыпціх для дзіцячага і змяшанага хору «З намі Бог» у выкананні Канцэртнага хору каледжа (дырыжор Надзея Лучанок).

Фінальным акордам цырымоніі стала выкананне «Спадарожнай песні» Міхаіла Глінкі ад Канцэртнага хору каледжа, якім дырыжыраваў Аляксей Снітко. Як адзначыла вядучая мерапрыемства музыказнаўца Святлана Рудэнка, «праваслаўны наш народ», пра якога спяваў хор, будзе радавацца, наталяючыся выдатнымі музычнымі і жывапіснымі краявідамі кампазітара і мастака Людмілы Шлег, знаходзіць у іх натхненне і імкнуцца да ўзвышанага.

Наталля КАРДАШОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».