Вы тут

Чалавек, які паказваў сонца. Міколу Шабовіча згадалі на імпрэзе «На скрыжаванні сэрцаў і дарог»


З цяплом, любоўю і ўдзячнасцю згадвалі Міколу Шабовіча на літаратурна-музычнай імпрэзе «На скрыжаванні сэрцаў і дарог», прымеркаванай да Дня яго памяці. Адбылося мерапрыемства ў раённым Цэнтры культуры Мядзела, і гэта не выпадкова: вёска Бадзені Мядзельскага раёна — той куточак Бацькаўшчыны, дзе будучы паэт пабачыў свет і зрабіў першыя крокі. Палюбіў усёй сваёй палымянай душой, надзвычай чулай да прыўкраснага, да прыгажосці навакольных краявідаў і дабрыні, глыбіні простай чалавечай натуры сваіх аднавяскоўцаў.


Фота Кастуся Дробава.

Тыя, хто ведаў Міколу Шабовіча, распавядалі пра яго імкненне да хараства і гармоніі, якое жыло ў ім ад юначых гадоў. Так, будучы школьнікам, аднойчы ён, поўны ўзнёслага захаплення, расказваў аднакласнікам, як прыгожа сонечныя промні адлюстроўваюцца ў замерзлай лужыне, і на скептычныя недаверлівыя выказванні суразмоўцаў з запалам парыраваў: «Як скончацца заняткі, пойдзем, я пакажу вам гэтае сонца!» Напэўна, такая здольнасць заўважаць прыгожае ў простых паўсядзённых рэчах, бачыць самае лепшае ў людзях і была той сілай, што натхняла на вершы, дапамагала ствараць яркія запамінальныя вобразы.

«Мае шляхі-дарогі не такія, відаць, разнастайныя, як у многіх маіх калег, якія бачылі моры і акіяны, горы і пустыні, Парыж і Лондан, Стамбул і Токіо… Мае шляхі-дарогі былі накіраваны ў родныя мясціны, у маю маленькую вёсачку Бадзені, дзе я адпачываю ў летнюю спёку ў цяні высокай грушы дзічкі, а росным ранкам або астылым ад сонца вечарам люблю прайсціся з касой і пакінуць нямала пакосаў на лузе ля бацькоўскага дома», — пісаў Мікола Шабовіч. Яго траюрадная сястра Тамара Мазура згадвала, што менавіта ў Бадзенях ля сваёй роднай хаты Мікола пачуваўся найшчаслівейшым чалавекам…

— Упэўнена, што толькі таму ў яго і нараджаліся такія цудоўныя вершы… Нашым Бадзеням пашанцавала, што дзякуючы творчасці Міколы Шабовіча пра іх ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мы вельмі гэтым ганарымся, — падзялілася сваячка паэта.

Цёплы след пакінуў Мікола Шабовіч і ў вёсцы Шыпкі, дзе ён працаваў у школе пасля заканчэння педагагічнага інстытута. Яго помняць як добрага настаўніка, які адкрываў дзецям цікавы шырокі свет. Вучыў іх не толькі свайму прадмету — роднай мове і літаратуры, але вёў гурток фатаграфавання, гурток мовазнаўства, ладзіў тэатральныя пастаноўкі, а часам, заўважаючы ў дзіцяці літаратурны талент, спрыяў нараджэнню ў ім паэта, творцы — яго былыя вучні і сёння пішуць вершы…

З удзячнасцю згадвала свайго выкладчыка па ўніверсітэце ўраджэнка Мядзельшчыны паэтэса Ганна Міклашэвіч, якая ўваходзіла ў літаб’яднанне «Крокі», якім кіраваў Мікола Шабовіч. Цяпер Ганна працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў адной са школ Слуцка, стараецца перадаць дзецям любоў да роднага, як перадаў калісьці яе маладой студэнтцы натхнёны дасведчаны выкладчык.

Успаміналі Міколу Шабовіча і як паэта, на чые словы напісана нямала прачулых лірычных песень. У выкананні Анатоля Міхальчэнкава, які плённа супрацоўнічаў з літаратарам, прагучалі песні на яго словы.

Многія выступоўцы адзначалі і перакладчыцкую дзейнасць паэта-лірыка. Пра сяброўства і творчае супрацоўніцтва распавядала Валянціна Паліканіна — паэтэса, вершы якой Мікола пераствараў па-беларуску. Падчас імпрэзы прагучалі творы, перакладзеныя М. Шабовічам на родную мову. Аляксандр Быкаў, Рагнед Малахоўскі, Даната Варабей, Вольга Сакалова і іншыя літаратары адзначалі значную ролю Міколы Шабовіча ў іх творчым лёсе. Усе выказвалі словы шчырай любові і ўдзячнасці паэту. Атмасфера даверу і шчымлівага смутку, ціхай светлай радасці панавала ў зале.

Лёс паэта даўжэйшы за лёс чалавека. Бо па ім застаюцца яго кнігі, якія чытаюць іншыя, бо застаецца любоў, якую ён пакінуў на роднай зямлі і ў душах людзей. Такім быў асноўны пасыл многіх выступоўцаў.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Мінскае гарадское і Мінскае абласное аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Мядзельская цэнтральная бібліятэка імя Максіма Танка.

Марыя ЯРАШЭВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.