Вы тут

Самаму сталаму жыхару дома сумеснага пражывання ў Навагрудку сёлета споўнілася 102 гады


Вось і зіма падступіла з марозам ды снегам. У такое надвор'е пажылым вяскоўцам асабліва складана. Спраў толькі прыбаўляецца. Трэба і дровы прынесці, і печку напаліць. А калі снегу намяце, дык яшчэ і дарожкі расчысціць, каб з хаты можна было выйсці. З гадамі гэтыя клопаты становяцца ўсё больш непад'ёмнымі. Вядома, адзінокія людзі не кінуты, усе яны знаходзяцца ў зоне абслугоўвання сацыяльных цэнтраў. Але апошнім часам многія вяскоўцы ўпэўніліся, што зімаваць лепш у камфортных умовах.


Больш чым пяць гадоў таму на Гродзеншчыне пачалі з'яўляцца дамы для сумеснага пражывання. Такі вопыт тут асвойваўся ў ліку першых у краіне. Час паказаў, што такая сацыяльная структура вельмі добра прымаецца адзінокімі бабулямі і дзядулямі.

— Дамы сумеснага самастойнага пражывання і аддзяленні з кругласутачным знаходжаннем станоўча сябе зарэкамендавалі і з'яўляюцца альтэрнатывай стацыянарнаму абслугоўванню, — зазначае старшыня абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Сядзельнік. — Усяго ў вобласці такіх дамоў больш чым 30, у іх пражываюць амаль 480 чалавек. Тут створаны добрыя ўмовы для пажылых людзей і інвалідаў. Многія застаюцца не толькі на зімоўку, але і на больш працяглы тэрмін. Умовы набліжаны да хатніх, людзі жывуць у бяспецы, пад наглядам сацыяльнага работніка. Будынкі абсталяваны па ўсіх супрацьпажарных нормах і правілах. Пры гэтым такая форма менш стратная як для дзяржаўнага бюджэту, так і для самога чалавека, калі параўнаць з пражываннем, напрыклад, у доме-інтэрнаце.

Дом сумеснага пражывання, ці, як дакладна ён называецца, «Філіял Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з пакоямі сумеснага пражывання» ў аграгарадку Брольнікі Навагрудскага раёна пачаў дзейнічаць адным з першых у вобласці. Пад яго пераабсталявалі двухпавярховую базавую школу. Дом разлічаны на адзінокіх пажылых людзей, інвалідаў і тых, хто аказаўся ў складаных жыццёвых умовах. Напачатку было адкрыта дзесяць месцаў, пераважна для тых, хто пражывае адзін. Паступова колькасць ахвотных далучыцца да камфортнага пражывання павялічылася.

— Справа ў тым, што не ўсе ведалі аб такой магчымасці. Мы многа інфармуем, ездзім на вясковыя сходы, расказваем аб такіх дамах сумеснага пражывання. У гэтым напрамку працуюць і наглядальныя камісіі, якія сочаць за станам адзінокіх: наколькі яны дужыя, ці ёсць каму дапамагчы, ці зможа чалавек у адзіночку перазімаваць? Калі бачаць, што сітуацыя не вельмі спрыяльная, тады шукаем магчымасць уладкаваць такіх людзей у нашы ўстановы. Акрамя дома сумеснага пражывання, ёсць дом кругласутачнага знаходжання на 30 месцаў, — тлумачыць дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна Арына Гурына.

Цяпер жылы корпус, які займае першы паверх, запоўнены даволі шчыльна. У пакоі пражывае па тры-чатыры чалавекі. Некаторыя жывуць тут не адзін год і прывыклі адзін да аднаго. Да таго ж пакоі камплектуюцца такім чынам, каб насельнікам было псіхалагічна камфортна адзін з адным.

На другім паверсе будынка абсталяваны пакоі для заняткаў. Сюды збіраюцца рукадзельніцы, перад святамі робяць розныя ўпрыгожванні для сваіх пакояў, праводзяцца майстар-класы па вырабе сувеніраў з падручных матэрыялаў. Тут знаходзіцца і вялікая канферэнц-зала, ёсць і спартыўная.

Для камфорту створаны ўсе ўмовы, лічыць дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра. Ёсць сталовая, кухня з плітой, халадзільнікам, мікрахвалёўкай, пакой адпачынку з тэлевізарам, душавыя, пральныя машыны, сушыльныя. У доме пастаянна знаходзіцца сацыяльны работнік, ноччу — дзяжурныя.

Насельнікі жывуць у складчыну. Харчаванне тут за кошт саміх жыхароў. Закупляюцца прадукты, складаецца меню на тыдзень з такім улікам, каб па магчымасці для ўсіх падыходзіла. Агульнае харчаванне — у сталоўцы. Хто хоча для сябе штосьці асобнае, таксама можа гэта зрабіць. Усё неабходнае для гатавання ёсць. Насупраць дома сумеснага пражывання працуе прадуктовая крама. Адзінае, што трэба прывозіць з сабой, — адзенне, сродкі гігіены і што сам чалавек лічыць неабходным. Калі ў каго чагосьці не хапае, напрыклад адзення, яго забяспечваюць з фондаў пакоя міласэрнасці.

Па словах Арыны Гурынай, такая форма сацыяльнай дапамогі нядорага абыходзіцца для насельнікаў. Яны аплачваюць толькі камунальныя расходы і паслугі сацыяльнага работніка. Прапарцыянальна размяркоўваюць расходы на прадукты харчавання. Астатнія сродкі могуць патраціць на свае патрэбы.

Навагрудскі дом сумеснага пражывання займеў добрую славу ў раёне. Дом поўнасцю ўкамплектаваны, зараз тут пражывае 27 чалавек — 21 мужчына і шэсць жанчын. Такія суадносіны звязаны з тым, што ў бытавых пытаннях мужчыны больш прывыклі спадзявацца на жанчын, а калі застаюцца адны — адчуваюць сябе бездапаможнымі.

— Ёсць такая катэгорыя людзей, каго дзеці не маюць магчымасці даглядаць альбо іх зусім няма, і чалавек застаецца адзін. Часцей за ўсё ў такую сітуацыю трапляюць мужчыны, але не толькі. Яны прыязджаюць напачатку толькі на зіму, а потым застаюцца і надалей. Каб хто сказаў, што яму тут не падабаецца і больш сюды не хоча, такога няма, — кажа
дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра.

Значнасць сацыяльнай падтрымкі адчуў і самы ўзроставы жыхар Навагрудчыны. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання пражывае Іван Комар, якому сёлета споўнілася 102 гады. Вядома, факт сам па сабе ўжо вельмі значны. Але Іван Ігнатавіч — яшчэ і знакамітасць. Можна сказаць, сапраўдны герой сваёй малой радзімы. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны — адзін з найстарэйшых фотааматараў Беларусі. Ён праславіўся здымкамі сваіх землякоў, якія рабіў у 50—70-я гады. З нагоды стогадовага юбілею Івана Комара Нацыянальны гістарычны музей Беларусі арганізаваў яго персанальную выставу. А летась з яго творчасцю пазнаёміліся і ў Расіі. Выстаўка была зладжана ў Санкт-Пецярбургу, у Музеі сучаснага мастацтва. Кажуць, што яго работы атрымалі сусветную вядомасць.

Самыя блізкія людзі Івана Ігнатавіча даўно пайшлі з жыцця, у 2004 годзе не стала яго любімай жонкі Вольгі. Дзяцей у іх не было, і з цягам часу ветэрану стала складана жыць аднаму. Яму прапанавалі пасяліцца ў доме сумеснага пражывання. Сустрэлі вельмі цёпла. Неаднаразова на сустрэчы з ім збіраліся шматлікія аматары яго творчасці. Іван Ігнатавіч любіць расказваць, як у далёкім 1956 годзе дзве свае зарплаты аддаў на новы фотаапарат «Зеніт-С», як пачаў фатаграфаваць сваіх блізкіх, родных, сяброў і проста знаёмых. Нярэдка здымаў і родныя пейзажы, тады яшчэ на чорна-белую плёнку. Частка яго багатага архіва якраз і ўвайшла ў экспазіцыю беларускай і расійскай выставы. З творчасцю знакамітага земляка пазнаёміліся многія пенсіянеры, якія атрымліваюць дапамогу ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ветэран удзячны за такую ўвагу да сябе і прызнаецца, што вельмі задаволены, што застаўся тут жыць. Увогуле, людзі ў дамах з сумесным пражываннем жывуць дружна, кажа дырэктар сацыяльнага цэнтра. Яны ахвотна паміж сабой кантактуюць. У некаторых пар складваюцца і асабістыя адносіны, якія перарастаюць у сямейны саюз.

— Было нават вяселле паміж насельнікамі нашага філіяла. Яны з розных вёсак, адзінокія, а тут лёс іх звёў разам, яны сышліся і тут жылі. Ёсць і іншыя, што сімпатызуюць адно аднаму, ходзяць разам, — расказала Арына Гурына. — Мы ладзім сумесныя вечарыны, адзначаем і дні нараджэння, праводзім канцэрты, на якіх выступаюць нашы пявунні з дзённага аддзялення, вельмі актыўныя жанчыны.

Як адзначыла старшыня абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Вольга Сядзельнік, у Гродзенскай вобласці ўдзяляецца асаблівая ўвага бяспечнаму і камфортнаму пражыванню пажылых людзей і інвалідаў. Асабліва гэта актуальна ў зімовы перыяд. Яна паведаміла, што разам з традыцыйнымі формамі сацыяльнага абслугоўвання добра сябе зарэкамендавалі дамы сумеснага самастойнага пражывання, дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, дамы зімоўкі. Штогод павялічваецца колькасць замяшчальных сем'яў, калі за чалавекам наглядаюць не блізкія сваякі, а чужыя людзі. Памочнік і падапечны разам пражываюць, вядуць гаспадарку. Такія паслугі на Гродзеншчыне атрымліваюць больш за 70 пажылых людзей і інвалідаў. Усяго сацыяльным абслугоўваннем у рэгіёне ахоплена амаль 14 тысяч чалавек.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзенаТэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Навагрудскага раёна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.