Вы тут

Дэлегацыя Савета Рэспублікі на чале з Качанавай з першым афіцыйным візітам наведала Расію


Падчас двухбаковай сустрэчы Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу быў разгледжаны шырокі спектр тэм беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Наталля Качанава і Валянціна Матвіенка зверылі гадзіннікі з улікам міжнароднай, палітычнай і эканамічнай абстаноўкі, падвялі вынікі зробленага, а таксама вызначылі прыярытэтныя кірункі супрацоўніцтва на будучы год. У выніку было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Саветам Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.


Дакументам замацоўваюцца метады супрацьдзеяння дэструктыўнаму ціску заходніх краін, гатоўнасць своечасова рэагаваць на несяброўскія дзеянні ў адносінах да Беларусі і Расіі, парушэнне норм міжнароднага права. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі КАЧАНАВАЙ, пагадненне адпавядае дасягнутаму ўзроўню стратэгічнага партнёрства Беларусі і Расіі і плённаму ўзаемадзеянню верхніх палат парламентаў, адкрые новую старонку ў адносінах паміж краінамі, надасць дадатковы імпульс супрацоўніцтву беларускіх і расійскіх заканадаўцаў.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента падкрэсліла, што Беларусь і Расія — не проста брацкія, сяброўскія краіны, а і стратэгічныя партнёры, якія выбудоўваюць свае ўзаемадносіны абсалютна па ўсіх сферах жыццядзейнасці: палітыцы, эканоміцы, гуманітарнай сферы. «Несумненна, для нас важныя межпарламенцкія сувязі і кантакты, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Асабліва ў цяперашні час роля кожнага парламентарыя павінна быць больш важкай, бо мы разам павінны супрацьстаяць усім выклікам, беспрэцэдэнтнай атацы, якая сёння з боку калектыўнага Захаду нацэлена на нашы краіны і народы. Гэтага дапускаць нельга, і мы павінны быць як ніколі адзіныя».

Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што візіт беларускай парламенцкай дэлегацыі адбываецца ў год 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй. «30 гадоў таму былі прынятыя абсалютна правільныя рашэнні, якія даюць сёння свае вынікі, — упэўнена Наталля Качанава. — Мы сапраўды сур’ёзна прасунуліся ў інтэграцыйных працэсах, дзякуючы прынятым 28 праграмам, якія былі зацверджаны на Вышэйшым дзяржсавеце ў лістападзе 2021 года. І сёння гэтыя праграмы — ужо рэальнасць. Звыш 50 % з іх ужо рэалізаваны». 

Аб высокім узроўні двухбаковага ўзаемадзеяння сведчыць і тое, што расійскія дэлегацыі рэгулярна наведваюць Беларусь, як і беларусы з працоўнымі візітамі нярэдка бываюць у Расіі. Рэалізуюцца і прынятыя рашэнні на апошнім Форуме рэгіёнаў, які адбыўся ў Гродна. У развіццё 28 саюзных праграм ужо прымаюцца законапраекты. 

Танальнасць у адносінах паміж беларускімі і расійскімі парламентарыямі, па словах Старшыні Савета Рэспублікі, задаюць прэзідэнты дзвюх краін. «Іх добрыя, сяброўскія адносіны нацэлены на тое, каб захаваць свае краіны і народы суверэннымі і незалежнымі, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава. — Нам пашанцавала, што ў нас такія кіраўнікі дзяржаў, якія думаюць аб будучыні свайго народа і прымаюць абсалютна правільныя рашэнні, якія накіраваны на карысць нашых краін. Бачачы, як выбудоўваюцца гэтыя ўзаемаадносіны, вядома, мы павінны працаваць эфектыўна, інтэнсіўна для таго, каб нашы краіны развіваліся ў гэтых няпростых умовах санкцыйнага ціску». 

Кажучы аб сумесным праекце Савета Федэрацыі і Савета Рэспублікі «Цягнік Памяці», Наталля Качанава адзначыла, што работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца. «Для таго, каб патрыятызм, пачуццё гонару за свае краіны, за наш савецкі народ, які ў час Вялікай Айчыннай вайны адстаяў свабоду і незалежнасць нашых краін, не сышлі ў нябыт, — заўважыла яна. — Гэта тое, што сёння з’яўляецца фундаментам нашых адносін, бо калі моладзь будзе ведаць гістарычную праўду, цаніць, ганарыцца сваім мінулым, то, несумненна, у нашых краін будзе цудоўная будучыня». 

Аб тым, што ў сучасных умовах узаемадзеянне Беларусі і Расіі набывае яшчэ большае значэнне, Наталля Качанава заўважыла і падчас сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі Вячаславам Валодзіным. «На працягу 30 гадоў мы выбудоўвалі добрыя, добрасуседскія адносіны, за гэтыя гады ў нас ужо столькі напрацавана праектаў, і яны рэалізоўваюцца, — адзначыла яна. — Падпісаны кантракты, дагаворы. Працуе наша народная дыпламатыя — гэта сяброўства рэгіёнаў, калі падпісаны пабрацімскія дагаворы, і яны сёння эфектыўныя. У Беларусі і Расіі назіраецца добрая дынаміка ў развіцці. Мы ўсё можам зрабіць самі, у нас для гэтага ёсць усе магчымасці, і мы не павінны ні ад каго залежаць. А ў тым, што Беларусь і Расія заўсёды будуць разам, няма ніякага сумнення». 

Таксама Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым. Падчас сустрэчы яны абмеркавалі міжпарламенцкія сувязі дзвюх краін.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі.

Фота: Савет Федэрацыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».