Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. У свой вагон увайшла яна...


Зоя ехала з вяселля ў незразумелым для яе самой замяшанні. Ехала з уласнага вяселля. Стукалі колы цягніка, мільгалі вёскі і дрэвы. Хацелася пагаварыць, але з кім? Жанчына, якая сядзела з дзіцем насупраць, была занятая сваімі справамі. Маці, наогул, не да яе. Сяброўкі толькі чмыхнуць: «Дурніца, спачатку замуж выйшла, а потым задумалася». Часам парада не патрэбная, а проста магчымасць выказацца.


Сёння яна дазволіла сабе раскошу — квіток у купэйны вагон і новую сукенку. У Мінску была перасадка і вольны час. Яна прайшлася па крамах. Замерла, убачыўшы ільняную сукенку далікатна-жоўтага колеру з карункамі. Доўга стаяла ў прымерачнай перад люстэркам, не рашалася купіць, думала: «Ёсць жа шчаслівыя жанчыны, яны носяць такія сукенкі. У іх добрыя бацькі, муж, а тут жыццё, як у вавёркі ў коле. Усё паўтараецца, і не выйсці з гэтага кола, не выскачыць».

Спадзявалася, выйдзе замуж, і ўсё зменіцца. Хлопца абрала самастойнага, непітушчага, а на вяселлі ён набраўся. Усё пайшло не так. П’яная свякроў плакала:

— Жабрачку бярэ...

Былая сяброўка жаніха ўсчыніла лямант, а ён задаволена выхваліўся:

— Бачыш, як мяне любіць.

Затым моладзь пайшла да ракі, прыхапіўшы торбу з гарэлкай. П’яныя, сталі скакаць з чыгуначнага моста ў ваду. На просьбу нявесты не рабіць гэтага малады гаркнуў:

— Хто ў доме гаспадар?

Зоя ўжо разумела, што сямейнага раю не будзе.

Пяты дзень шумела вяселле. Нявеста папрасілася дадому: «Мама захварэла». Маці на вяселлі не было, паслала свацці грошы і палічыла доўг выкананым. Зою ўгаворвалі застацца і, не ўгаварыўшы, раніцай пасадзілі ў электрычку.

І вось яна прымярае сукенку. Прадавачка стамілася чакаць, калі Зоя нагледзіцца, пахваліла:

— Вам вельмі ідзе.

І Зоя рашылася: раз у жыцці магу купіць сабе такое! Затым накупляла прадуктаў, не ехаць жа з вяселля дадому да маці з пустымі рукамі. І а восьмай гадзіне ўцягнула торбу ў купэ, зачапіўшы ў калідоры каля акна хлопца з заплечнікам. «Заяц, — падумала яна, — з правадніцай дамовіўся». Уладкавалася на паліцу і, падціснуўшы ногі, пракручвала ў памяці мінулыя падзеі.

Вяселле спраўлялі па патрабаванні свякрухі. Падораныя грошы тая забрала, каб разлічыцца з даўгамі, ужо вельмі ўся радня любіла пагуляць. Госці разглядалі нявесту, пілі, елі, спявалі, скакалі, лаяліся, цалаваліся. Чаму ўсё ідзе па крузе?

Колы адстукалі яшчэ перагон. Жанчына з дзіцем выйшла, а ў купэ зазірнуў хлопец з заплечнікам.

— Добры дзень, дазвольце пасядзець у купэ. Не хапіла квіткоў, папрасіў правадніцу ўзяць на свой страх і рызыку.

«Не памылілася, заяц», — падумала Зоя і адказала:

— Калі ласка.

Разгаварыліся. Валодзя працаваў на заводзе, ехаў на выходны да маці. Аднагодак мужа, прыкмеціла Зоя, але погляд і гаворка іншыя. Зоя сказала, што едзе са свайго вяселля. Размова пайшла аб вяселлях, ролі сям’і. Валодзя схадзіў за гарбатай і разгарнуў кулёк з цукеркамі.

— Частуйцеся.

Узяла адну — смачны мармелад у шакаладзе. Валодзя распавядаў пра сябе: працуе, вучыцца завочна, жыве ў інтэрнаце. Зоя так захапілася размовай, і цукеркі былі такімі смачнымі, што яна не заўважыла, як з’ела ўсё.

— Прабачце, — ледзь не заплакала ад прыкрасці.

— Нічога, у мяне яшчэ ёсць, — Валодзя палез у заплечнік.

— Не-не, — спалохана запратэставала Зоя, — мне і так няёмка.

— Я іх заўсёды маці купляю, сама пакаштуе, суседак пачастуе, — усміхнуўся хлопец.

За акном сцямнела, мільгалі чорныя сілуэты дрэў. Зою сустракала маці, Валодзя нёс Зоіну сумку.

— Валодзя, Марыя Паўлаўна, — прадставіла іх Зоя.

Мяркуючы, што гэта госць з вяселля, Марыя Паўлаўна спытала:

— Як даехалі? Куды накіроўваецеся?

Аказалася, маці Валодзі жыве пад Магілёвам, ад іх дома яму трэба ісці пяць кіламетраў. Транспарт туды не ходзіць.

— Ноччу! — жахнулася Марыя Паўлаўна. — Пераначуйце ў нас, а раніцай пойдзеце.

— Згодны, — сказаў Валодзя. — Толькі з умовай: заўтра Зоя паедзе са мной да маіх бацькоў.

Марыя не зразумела, што гэта азначае. Валодзю і айчыму заслалі ў пакоі, Марыі Паўлаўне з Зояй — у пярэднім пакоі.

Раніцай Зоя прачнулася ад паху кветак: ля падгалоўя стаяў букет, у двары хтосьці калоў дровы, а ў пакоі маці спрачалася з айчымам.

— Вы каго прывялі?

— Гэта радня жаніха.

— Абыходлівая радня, — язвіў айчым, — нават за кветкамі на луг збегаў. Чаго Зойка там не засталася? Няхай коціцца да мужа.

Зоя апранулася і выйшла да рукамыйніка.

— Добрай раніцы, — усміхнуўшыся, сказаў Валодзя і правёў рукой па сваім ілбе.

— Зараз пойдзем чай піць, — сказала Зоя. Ёй было няёмка, што ў хаце сварка.

— У мяне лепшая прапанова. Мама ўжо бліноў напякла і карову падаіла. Яна будзе рада, ісці ўсяго сорак хвілін. Пойдзем?

— Пойдзем, — нечакана для сябе сказала Зоя.

Яна адчула бязмежны давер да хлопца, які ўсё разумеў. Вярнулася ў дом, надзела новую сукенку. Валодзя ў гэты час развітваўся, дзякаваў за начлег, паціскаў айчыму руку.

Валодзіна маці сапраўды ўзрадавалася, і яны пілі малако з блінамі.

— Я з’ела вашыя цукеркі, — прызналася Зоя, — прабачце.

Маці ўсміхнулася.

— Я не ем салодкага. Ну, можа, адну пакаштую, усё суседкам раздаю. Еш на здароўе.

Зоі было лёгка і проста ў гэтых людзей. Развод заняў некаторы час. Муж злаваўся, пагражаў, нават з сябрамі прыязджаў на разборкі... Зоя і Валодзя выгадавалі траіх дзяцей і шчаслівыя ў шлюбе.

— Часам трэба ступіць з кола, у якім бяжыш, — сказала Зоя, дзелячыся са мной сваёй гісторыяй. — Страшна падумаць — не зайдзі ён у маё купэ, дзе і з кім я цяпер жыла б? Няўжо трэба было выйсці замуж, каб на шляху з вяселля сустрэць свой лёс?

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Любоў Чаркашына: Мой стыль жыцця — не факусіравацца на дрэнным!

Аб спорце, сакрэтах замужжа, выхаванні дзяцей, прыгажосці і здаровых звычках ў інтэрв’ю. 

Культура

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў: чалавек, паранены прыгажосцю

Народны мастак можа быць прыкладам у тым, як ствараць свой лёс.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​