Вы тут

Як Ружаны змяніліся пасля «Дажынак» і што новага ў музеі-палацы?


Гарадскі пасёлак Ружаны, які да сярэдзіны 50-х гадоў быў раённым цэнтрам, стаіць на скрыжаванні ўсіх дарог. Тут перасякаюцца маршруты, што злучаюць Украіну з Прыбалтыкай, Мінск з Белавежскай пушчай, Гродзеншчыну з Палессем. Паток машын па галоўнай вуліцы можна параўнаць з рухам не самага малога горада. Выглядаюць Ружаны не толькі ажыўлена, але і даволі прывабна. Адсюль і першае пытанне да старшыні Ружанскага сельскага Савета Аксаны Юркоўскай:


— Што стала вызначальным этапам для цяперашняга вонкавага выгляду пасёлка?

— Вядома, «Дажынкі» 2019 года. Тады гарадскі пасёлак поўнасцю ператварыўся, памаладзеў, папрыгажэў. У добраўпарадкаванне, рамонт было ўкладзена крыху больш за чатыры з паловай мільёны рублёў бюджэтных сродкаў. Удалося многае зрабіць. Памянялі шэраг інжынерных камунікацый, палепшылі дарожнае пакрыццё і вулічнае асвятленне, правялі капітальны рамонт дамоў па вуліцы Савецкай. Іншы выгляд набыў сквер Якуба Коласа ў цэнтры, там акультурана возера, пракладзены дарожкі, устаноўлены лаўкі, з'явіліся дзіцячая і спартыўная пляцоўкі.

На будынках фасадаў дамоў па вуліцы Урбановіча, якая вядзе да Ружанскага палаца, нанеслі рэпрадукцыі карцін, выцінанак, гравюр, што надало асаблівы гістарычны каларыт. На гэтай жа вуліцы знаходзіцца бальніца, якая перажыла рамонт падчас падрыхтоўкі да фестывалю. Дарэчы, заканчвалі работу па бальніцы ўжо пасля свята, увялі ў строй новы харчовы блок.

— Якая яшчэ работа па добраўпарадкаванні і паляпшэнні праведзена пасля «Дажынак»?

— Пры падрыхтоўцы любых «Дажынак», калі памятаеце, гаворыцца, што праведзеная ў гэты перыяд работа дае старт, становіцца драйверам развіцця. Задачай мясцовай улады становіцца падтрымліваць зробленае і развіваць далей. Тады адрамантавалі цэлы шэраг дамоў. Сочым за імі, праводзім касметычны рамонт, адзін з іх, па Савецкай, 20, падправілі гэтым летам.

Хутка будзе адкрыты новы магазін, якога чакаюць у пасёлку. Бярозаўскі мясакансервавы камбінат выкупіў памяшканне былой кулінарыі, правёў капітальны рамонт, зараз вядзецца аснашчэнне і абсталяванне ўнутры. Тут будзе фірмовы магазін і кафетэрый, што вельмі важна. Кожны дзень праз населены пункт праязджае шмат экскурсантаў, транзітных падарожнікаў — выпіць кавы, хутка перакусіць для многіх выглядае надзвычай актуальна.

Што хачу адзначыць асабліва, адразу пасля «Дажынак» мы ўзялі курс на масавае азеляненне. Ужо у 2020 годзе ў пасёлку было высаджана 804 адзінкі зялёных насаджэнняў, у іх ліку 500 самшытаў, яны падрастуць і нададуць новы выгляд алеі драўляных скульптур. Пасадзілі яшчэ больш за дзве сотні туй, елкі, барбарыс — усяго на суму звыш 6100 рублёў.

Летась было высаджана 186 дрэў і кустоў, часткова памянялі старыя, любімыя месцічамі плакучыя вербы, якія давялося знесці з-за аварыйнасці, часткова абнавілі пасадкі глогу. А сёлета, у Год гістарычнай памяці, правялі вялікую работу па азеляненні мемарыялаў, брацкіх магіл. Напрыклад, высадзілі туі і ядлоўцы каля брацкай магілы спаленай вёскі Байкі, упрыгожылі мемарыялы і брацкія магілы ў Паўлаве, Бакунах — усяго пяць памятных месцаў. Налета правядзем гэтую работу на іншых аб'ектах.

Ружаны вядомыя сваім прыгожым чырвоным глогам, які некалі развёў заслужаны настаўнік рэспублікі Уладзімір Рэкуць, а налета яшчэ высадзім ружы ў цэнтры пасёлка. У Ружанах проста мусяць быць ружы, якія, паводле адной з версій, і далі назву.

— Не толькі ў нашай краіне, але і ў многіх краінах свету Ружаны цяпер трывала асацыююць з іх галоўнай славутасцю — палацам. Што новага ў музейным палацавым комплексе?

— Сёння Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў — адзін з найважнейшых турыстычных аб'ектаў краіны. Музей наведваюць арганізаваныя групы і адзінкавыя турысты. Рэстаўрацыя комплексу працягваецца, у тым ліку за сродкі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цяпер да ўвагі наведвальнікаў — музей, які складаецца з чатырох экспазіцыйных і выставачных залаў. Працуе сувенірная крама, дзе прадаюцца вырабы майстроў-рамеснікаў. Папулярнасцю карыстаецца рэгістрацыя шлюбу ў непаўторнай гістарычнай атмасферы. У палацы шмат чаго цікавага.

...І ведаеце, пасля пандэміі экскурсанты паехалі настолькі актыўна, што музейныя работнікі не нарадуюцца. Людзі, як выглядае, стаміліся ад розных абмежаванняў, ад уласных страхаў і стараюцца нагнаць упушчанае. Гэта паказаў і фестываль «Ружанская брама», які праходзіў 20 жніўня. На свята сабралася вельмі многа людзей.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.