Вы тут

Знаёмства праз аб’ектыў


Экспазіцыя адкрылася ў гарадскім культурным цэнтры «Фестывальны». Усе аўтары — члены старэйшага ў Маскве фотаклуба «Наватар», які аб’ядноўвае творчых асобаў розных узростаў і прафесій. Сувязь з расіянамі зладзілі пяць год таму іх беларускія калегі — заслужаны аматарскі народны фотаклуб «Гродна». Гэта ўжо пятая па ліку выстава масквічоў у Беларусі. 


У экспазіцыі прадстаўлена 50 работ, не звязаных канкрэтнай тэмай. Яны аб’яднаны толькі часам, у якім жывуць іх аўтары. Фотаздымкі даволі разнастайныя па форме, жанрам, тэхніцы выканання. З іх дапамогай аўтары імкнуцца перадаць свае пачуцці і адносіны да сучаснасці. 

— Нашы калегі з Масквы не абмяжоўваюцца канкрэтнай тэматыкай. Выстава называецца «Тэма свабодная», гэта значыць выбар за самім аўтарам, — каменціруе арганізатар выставы, старшыня фотаклуба «Гродна» Аляксандр Ласмінскі. — Калекцыя складзена ў асноўным з работ, якія зроблены на працягу апошніх год. Тут і пейзажы, і партрэты, і калаж, і нацюрморт, і стрыт-здымкі, і рэпартаж. З гэтага клуба выйшла нямала зорак фотажурналістыкі. 

Супрацоўніцтва паміж фотаклубамі двух краін пачалося пяць гадоў таму. Вынікам творчага тандэма стаў абмен экспазіцыямі. Так адбылося і зараз. У лістападзе гродзенцы адкрылі ў Маскве сваю выставу пад назвай «Імгненні гродзенскай прыгажосці». Гэта юбілейная фотавыстава, прыстасаваная да 50-ці годдзя фотаклуба «Гродна». 

— Нашу экспазіцыю ў Маскве адкрываў саветнік па культуры Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Сяргей Шарамецьеў. Адзначалася, што гэта нефармальны культурны абмен, які ўзнікае па добрай волі. Магчыма, нашы работы будуць экспаніравацца і ў іншых гарадах Расіі. А ў Маскве фотаклуб «Гродна» прысутнічае амаль 20 год. Магчыма, у будучым зможам зладзіць сумесную з расіянамі выставу ў абедзвюх краінах, — выказаў спадзяванні Аляксандр Ласмінскі.

Па словах арганізатара, у Гродне адбылося некалькі выстаў фотаклуба «Наватар», як калектыўных, так і аўтарскіх. У чарговай экспазіцыі свае работы прадставілі паўсотні членаў фотаклуба, у якіх адлюстраваны навакольны свет з рознымі яго праяўленнямі. 

Вядомы гродзенскі фотажурналіст Уладзімір Выдзерка, звярнуў увагу на здымак пад назвай «Натхненне». На ім дзяўчынка апантана размахвае рукамі, быццам дырыжыруе. «Такім чынам яна выказвае нейкія эмоцыі, — заўважае гродзенец. — Падобны момант вельмі складана захапіць, таму такія кадры асабліва каштоўныя». Таксама ён адзначыў шэраг «чыста маскоўскіх карцінак», якія датычаць гарадскога асяроддзя. Уразіў яго і здымак пад назвай «Чылі». Дзякуючы граматна пабудаванай кампазіцыі, позірк не стамляецца разглядаць дзіўнага колеру ландшафт. Вельмі важна, кажа гродзенец, каб фотаздымак трымаў погляд, як і любы мастацкі твор.

Сам Уладзімір Выдзерка займаецца фатаграфіяй больш за 60 гадоў. Ён актыўны член фотаклуба «Гродна», аўтар калектыўных і персанальных выстаў. Зараз здымае ў асноўным «для душы» і апрацоўвае свае работы па-мінімуму. Хаця пагаджаецца, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць з любога фотаздымка зрабіць сапраўдную карціну. Сам ён аддае перавагу кадрам, якія могуць быць цікавымі і праз 10-20 гадоў. А для гэтага яны павінны адлюстроўваюць сутнасць той ці іншай падзеі ці з’явы. Менавіта такія здымкі складаюць і аснову маскоўскай экспазіцыі, кажа гродзенец. 

А вось мастака-дызайнера Марыю Кудынюк больш захапілі формы. І сапраўды, такіх «геаметрычных» здымкаў тут нямала. Таксама ёй спадабаліся сюжэтныя фота, на якіх можна «прачытаць» стан прыроды альбо чалавека. На яе думку, фатаграфія заўсёды цесна звязана з мастацтвам. Творчы погляд аўтара многае можа расказаць. Вось і на гэтай выставе нямала асобаў, у якіх ёсць сваё бачанне наваколля — і ў колеры і ў кампазіцыі. А наогул, кожны сапраўдны фотаздымак павінен выклікаць пачуцці, эмоцыі, адгукнуцца нечым патаемным і важным ў душы, лічыць дызайнер. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».