Вы тут

Разглядваем насычаную пазаконкурсную праграму «Лістапада»


Сёлетняя восень — сапраўдная пара мастацтва, што не можа не радаваць. Нарэшце адбыўся XXVIII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» — чаканая падзея для дзеячаў і аматараў кіно. Гледачам, акрамя асноўнай праграмы, была прапанавана насычаная пазаконкурсная. І тут таксама можна знайсці шмат цікавага.


Кадр з фільма «Міжсезонне».

Серыі спецыяльных паказаў далі назву «Залатая калекцыя СНД». Складалася яна з фільмаў, якія выпускалі студыі краін былога СССР: «Месяцавы тата» (Таджыкістан, 1999), «Любімая песня» (Азербайжан, 1955), «Прызнанне ў каханні» (Расія, 1977), «Неба нашага дзяцінства» (Кыргызстан, 1966), «Дзяўчына-джыгіт» (Казахстан, 1955), «Закаханыя» (Узбекістан, 1969), «Чырвонае курце» (Туркменістан, 1922). Асобна прайшоў паказ фільма «Зімародак» (Беларусь, 1972) у межах творчага вечара, прысвечанага юбілею В. А. Нікіфарава. Восенню ў некаторых людзей здараецца настрой панастальгіраваць, нават па тым часе, у якім не жылі. Паглядзець фільм у сябе дома і ў кінатэатры — зусім розныя адчуванні. Менавіта вялікі экран, выключанае святло, секунда перад першымі кадрамі ствараюць сапраўдны цуд кіно.

Пазаконкурсная праграма была падзелена таксама на спецыяльныя дні, прысвечаныя кіно якой-небудзь з краін. Так сёмага лістапада прайшоў «Дзень расійскага кіно» ў кінатэатры «Беларусь». Гледачам прапанавалі фільмы «Міжсезонне» (рэж. Аляксандр Хант, 2021), «Бацькі строгага рэжыму» (рэж. Мікіта Уладзіміраў, 2022), «Ніка» (рэж. Васіліса Кузьміна, 2022), «Краіна Саша» (рэж. Юлія Трафімава, 2022). Даволі цікава склалася, што большасць кінакарцін расказваюць пра моладзь. Пра іх праблемы, пошук месца ў жыцці, у вялікім свеце, які часцяком не такі добры і адкрыты, як хацелася б. І пра вечнае супрацьстаянне «старога» і «новага».

«Міжсезонне» — гісторыя пра сучасных пераасэнсаваных Боні і Клайда. Толькі ў расійскіх рэаліях. Галоўныя героі — падлеткі. Яны ўцякаюць з дому, каб нарэшце адчуць свабоду, і кідаюць выклік усяму свету, які іх не прымае. І, канешне, па законах жанру, кахаюць адно аднаго. Гісторыя «Бацькі строгага рэжыму» даволі незвычайная: шмат гаворыць назва, бо для галоўнага героя дом ператвараецца літаральна ў турму. Бацькі замыкаюць яго на перавыхаванне, а сыну, на хвілінку, ужо 38 гадоў, і ён з’яўляецца мэрам. Фільм «Ніка» пра пошукі натхнення. Ніка Турбіна была тым самым таленавітым дзіцем, геніем, вундэркіндам. Яна пісала вершы, была вельмі паспяховай у творчасці: разам з маці гастралявала па Савецкім Саюзе. Дзяўчынцы было на той момант восем, зараз ужо 27: СССР разваліўся, аглушальная слава прайшла, ды яшчэ і натхненне канчаткова знікла. Ніка спрабуе разабрацца, куды рухацца далей, дзе шукаць той самы ўнутраны агонь, з-за якога нараджалася паэзія. Дзе зараз яе сапраўднае шчасце? Сітуацыя героя фільма «Краіна Саша», здаецца, знаёмая многім падлеткам: Сашы сямнаццаць, ён не можа вызначыцца, куда паступаць. І з дзяўчатамі адносіны не складваюцца: перашкаджае нерашучасць. Бацька сышоў з сям’і, калі Саша быў яшчэ зусім малым. Але лёс зноў зводзіць іх разам, адбываецца знаёмства з дзяўчынай Жэняй. «Краіна Саша» — пра сталенне, пра змены, праз якія праходзіць кожны чалавек, калі становіцца дарослым.

У рамках Дня кітайскага кіно адбыліся паказы фільмаў «Сястра» (2021, рэж. Жосінь Інь) і «Даглядчык вострава» (2021, рэж. Чэнь Лі). Апошні адзначаны як «Найлепшы фільм 2021» Кітайскай прэміяй «Залаты певень». Гісторыя распавядае пра сямейную пару, якая 32 гады пражыла на востраве Кайшань (правінцыя Цзянсу). Яны сваімі сіламі наладжваюць і ахоўваюць жыццё на востраве, бо гэтая зямля сапраўды стала іх домам. У Дзень таджыкскага кіно гледачам прапанавалі «Малодшы брат анёлаў» (рэж. Умедшо Мірзашырынаў) і «Апошняя здабыча паляўнічага» (рэж. Мухамадрабі Ісмаілаў). На Дні ўзбекскага кіно прадставілі фільм «101 рэйс» (2022, рэж. Акром Шахназараў) — напружаная гісторыя, якая разгортваецца падчас трагедыі 11 верасня 2001 года. Арганізавалі нават Дзень індыйскага кіно з фільмам «Барфі!» (рэж. Анураг Басу).

Пазаконкурсную праграму дапоўнілі «Балканскі рубеж» (2019, Расія, Сербія, рэж. Андрэй Волгін) і прэзентацыі фільмаў «Аліўе» (Беларусь, Расія, рэж. Андрэй Нікіфараў, Ігар Чацверыкоў) і «Ключ часу» (2020, Расія, рэж. Аляксей Цяльноў) — фэнтэзі-гісторыя, амаль казка. Усе падзеі адбываюцца ў Санкт-Пецярбургу, дакладней адразу ў двух гарадах на Няве — звычайным, рэальным і «цёмным», змрочным. Жывуць там розныя крыважэрныя чалавекападобныя істоты, і кіруе ўсім злая ведзьма. Час спыніўся роўна апоўначы, і калі не завесці гадзіннік на вежы, усё патоне ў цемры. Прыгожы Пецярбург знікне, а людзі ператворацца ў пачвар. І адказнасць за ратаванне горада лягла на галоўную гераіню — маленькую Ксюшу, якая стала ахоўніцай часу.

Кінафестываль «Лістапад» скончыўся. Чакаем яго ў наступным годзе з новымі фільмамі і ўражаннямі.

Арына ПРАНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».