Вы тут

Першы рэспубліканскі форум працаўніц сяла праходзіць у Мінску


Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Беларусі адкрыўся першы рэспубліканскі форум працаўніц вёскі. Форум двухдзённы і з насычанай праграмай. У пятніцу вечарам у Вялікім тэатры сабраліся прадстаўніцы розных прафесій сферы сельскай гаспадаркі з усіх рэгіёнаў краіны — жывёлаводы, заатэхнікі, лабаранты, аператары машыннага даення, кіраўнікі малочнатаварных комплексаў. Форум аб’яднаў 1 тысячу ўдзельніц. Ключавая мэта з’езда — ушаноўванне працаўніц, якія штодня клапоцяцца аб харчовай бяспецы нашай краіны.


«Мы вырашылі ўсіх гэтых жанчын сабраць разам, каб яны пазнаёміліся, пашырылі круг зносін, пагаварылі, даведаліся, чым жыве канкрэтны раён, вобласць. Яшчэ раз адчулі плячо адна адной. Каб яны разумелі, што такіх, як мы, шмат і гэта сапраўды патрыёты сваёй краіны. Па-другое, хацелася, каб яны адцягнуліся ад паўсядзённых клопатаў і адпачылі», — распавяла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.

У культурнай праграме форуму наведванне храма-помніка ў гонар Усіх Святых і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

«У сельскай гаспадарцы вельмі шмат залежыць ад жанчын. Дарэчы, у гэтай сферы ў Беларусі іх працуе шмат. Сярод іх аператары машыннага даення, жывёлаводы, кіраўнікі прадпрыемстваў, а таксама кіраўнікі брэндавых перапрацоўчых заводаў, такіх як „Малочны свет“, „Азярыцкі- Агра“ і Віцебская бройлерная птушкафабрыка», — сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, выступаючы на адкрыцці форуму.

Міністр адзначыў, што для жанчын у аграрным сектары створаны ўсе ўмовы для якаснай працы. «Нашы жанчыны сёння могуць працаваць усюды. Ім прадастаўляюцца вялікія магчымасці для рэалізацыі і ўсе ўмовы для якаснай і эфектыўнай працы незалежна ад месца работы — малочнатаварны гэта комплекс, малочнатаварная ферма, свінагадоўчы комплекс або птушкагадоўчае прадпрыемства», — падкрэсліў Ігар. Брыло.

Вітала ўдзельнікаў першага форуму працаўніц вёскі і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. «Упэўнена, што гэта стане добрай традыцыяй — напярэдадні прафесійнага свята збірацца ўсім разам, каб сказаць добрыя словы ў адрас нашых цудоўных жанчын, — сказала яна. — Я хачу падзякаваць Беларускі саюз жанчын за гэтую цудоўную ідэю. Успамінаючы 2020 год, трэба сказаць, што тады мы выдужалі шмат у чым дзякуючы вам — працаўнікам сяла, таму што вы сапраўды рабілі сваю справу. Сёння Аляксандр Рыгоравіч, віншуючы працаўнікоў сяла, вельмі дакладна сказаў: „Вы такія сціплыя, такія надзейныя“. І гэта праўда. Для мяне вялікі гонар віншаваць сёння вас з прафесійным святам, з паспяховым завяршэннем сельскагаспадарчага года».

Спікер нагадала: упершыню ў нашай краіне атрыманы такі ўраджай — 10,5 млн т. «Па тоне на кожнага жыхара, і гэта выдатна. Вы працуеце не пакладаючы рук на сельскагаспадарчай ніве, свінакомплексах, малочнатаварных фермах, у школах, дзіцячых садах. Вы выхоўваеце дзяцей, актыўна ўдзельнічаеце ў грамадскім жыцці, вы — гонар нашай краіны! Мы вамі ганарымся. Мы вас цэнім і любім. Вы павінны гэта ведаць», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

«Прэзідэнт калісьці зрабіў стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі, і сёння яна абсалютна апраўдана. Мы забяспечваем харчовую бяспеку краіны, умацоўваем эканоміку. Прадукты, якія мы пастаўляем на экспарт, сталі сапраўднымі брэндамі. Мы ганарымся гэтым. А жанчыны, як заўсёды, на перадавой, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Мілыя жанчыны, складана ўявіць, што на вашых далікатных плячах ляжыць такая няпростая праца. Але калі бываеш на сельскагаспадарчых прадпрыемствах і бачыш, якія вы прыгожыя, разумныя, надзейныя, адданыя сваёй роднай краіне і свайму народу, то разумееш, што наша зямля ў надзейных руках».

Спікер павіншавала працаўніц сяла з прафесійным святам, з дасягненнямі і поспехамі. «Дзякую вам ад усёй душы, ад сябе асабіста, ад Савета Рэспублікі, ад усяго дэпутацкага корпуса за гэтую няпростую, але такую патрэбную нашаму народу і нашай краіне працу. Са святам! Шчасця, здароўя, міру і дабра вам, вашым родным і вашым сем’ям », - дадала старшыня Савета Рэспублікі.

Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская адзначыла: «Устойлівыя характарам, гарачыя сэрцам, з прыгожай постаццю, вы заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу і паклапаціцца аб блізкім. А галоўнае — вы тыя, хто разумее, што такое зямля-карміцелька, што такое родны край і сапраўдная любоў да Беларусі».

Такімі заўсёды былі і застаюцца беларускія жанчыны, адзначыла старшыня БСЖ. «Усё нялёгка. Няма ў нас такіх прыродных багаццяў, як нафта і газ, якія могуць прынесці хуткія, шальныя грошы. Зямля не народзіць сама. Каб атрымаць добры ўраджай, трэба вельмі пастарацца на працягу ўсяго года. Але ў нас ёсць незвычайныя людзі, якія сваёй працай забяспечваюць не толькі харчовую бяспеку краіны, але і скараюць космас, — дапоўніла яна. — У нас ёсць кіраўнік, Бацька, які беражэ і захоўвае нашу зямлю і нас як зрэнку вока. Але, на жаль, ёсць і тыя, каму вельмі хочацца забраць у нас і нашу незалежнасць, і нашу зямлю, і, паверце, зусім не для таго, каб зрабіць шчаслівай будучыню нашых дзяцей. Таму сёння так трэба і важна збірацца разам, каб паказаць усяму свету, што мы адзіная краіна, адзіны народ і сваю любімую нікому не аддадзім».

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.